Вялікі тэатар Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікі тэатар Беларусі

Будынак тэатру
Дата ўтварэньня 25 траўня 1933 (90 гадоў таму)
Тып Тэатар
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск, пл. Парыскай Камуны, 1
Каардынаты 53°54′37″ пн. ш. 27°33′41″ у. д. / 53.910286° пн. ш. 27.561387° у. д. / 53.910286; 27.561387Каардынаты: 53°54′37″ пн. ш. 27°33′41″ у. д. / 53.910286° пн. ш. 27.561387° у. д. / 53.910286; 27.561387
Генэральны дырэктар Кацярына Дулава
Мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар’еў
Галоўны хормайстар Ніна Ламановіч
Сайт bolshoibelarus.by
Колішняя назва Дзяржаўны тэатар опэры і балету

Нацыяна́льны акадэмі́чны Вялі́кі тэа́тар о́пэры і бале́ту — галоўны опэрны і балетны тэатар Беларусі.  

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя тэатру распачалася ў 1920-я гады на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), які меў у сваім складзе салістаў опэры, харавую і балетную групы і невялікі сымфанічны аркэстар. Ужо тады ставіліся музычна-драматычныя спэктаклі, урыўкі з опэраў і балетаў, гучала народная музыка. У 1920-я гады будучыя зоркі беларускага опэрнага і балетнага мастацтва навучаліся ў музычных тэхнікумах Менску, Віцебска, Гомелю, а таксама ў створанай у 1930 годзе Дзяржаўнай студыі опэры і балету, якую ўзначальваў вядомы сьпявак Антон Баначыч. За тры гады ў студыі былі падрыхтаваныя прафэсійныя артысты і пастаўлены опэры «Залаты певень», «Кармэн», «Яўген Анегін», «Царская нявеста»[1].

Урачыстае адкрыцьцё самастойнага тэатру опэры і балету адбылося на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра 25 траўня 1933 году спэктаклям «Кармэн»[1].

У Савецкім Саюзе тэатар меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыцьцяздольных опэрных і балетных калектываў. Яго высокі мастацкі ўзровень у розны час вызначалі такія вядомыя дырыжоры, як Анісім Брон, Уладзімер Пірадаў, Леў Любімаў, Тацьцяна Каламійцава, Яраслаў Вашчак, Уладзімер Машэнскі, Генадзь Праватораў, Аляксандар Анісімаў; рэжысэры Алег Маралеў, Дзьмітрый Смоліч, Юры Ужанцаў, Сямён Штэйн, Вячаслаў Цюпа, Маргарыта Ізворска-Елізар’ева; балетмайстры Леў Крамарэўскі, Канстанцін Мулер, Сямён Дрэчын, Аляксей Андрэеў, Атар Дадышкіліяні, Валянцін Елізар’еў; мастакі Сяргей Мікалаеў, Яўген Чамадураў, Эрнст Гейдэбрэхт, Яўген Ждан, Вячаслаў Вокунеў[1].

У 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатар падзяліўся на дзьве самастойныя структуры: опэры і балету. У 2009 годзе пасьля завяршэньня капітальнае рэканструкцыі будынку тэатру было прынятае рашэньне зноў аб’яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету[1].

Будынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак, у якім месьціцца тэатар — помнік архітэктуры канструктывізму міжваеннага пэрыяду аўтарства Георгія Лаўрова і Ёсіфа Лянгбарда.

Паводле аднаго з кіраўнікоў рэканструкцыі тэатра 2008 году, на месцы будынка тэатра некалі знаходзіўся манастыр. Пад час рэканструкцыі быў выяўлены стары фундамэнт на вапнавым растворы[2].

У 1934 годзе[3] (паводле іншых зьвестак у 1935) на Траецкай плошчы заклалі масіўнае збудаваньне ў духу савецкага канструктывізму — новы тэатар опэры і балету. У 1937 годзе першапачатковы плян быў перапрацаваны ў бок памяншэньня выдаткаў і адпаведна памераў збудаваньня. Будаўніцтва тэатра завяршылася ў 1938[3] годзе (паводле іншых зьвестак — у 1937).

У час нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў тэатар быў пераўтвораны ў стайню. Інтэр’еры і ўпрыгожваньні былі разрабаваны і вывезены ў Нямеччыну. Пасьля выгнаньня захопнікаў тэатар быў грунтоўна рэканструяваны, у прыватнасьці зьявіліся ярусныя бальконы ў глядацкай залі. Пры аднаўленьні інтэр’ераў выкарыстоўваліся эскізы Андрэя Бэмбеля. Рэканструкцыя доўжылася тры гады і скончылася ў 1948 годзе. Навокал тэатру быў разьбіты парк, спраектаваны Ё. Лянгбардам.

У 1967 годзе адбылася рэканструкцыя завяршэньня тэатру, у выніку чаго апошні атрымаў нізкі шаломападобны дах. У 1978 годзе адбылася наступная рэканструкцыя. У 2006 годзе будынак менскай опэры ізноў быў зачынены на капітальную рэканструкцыю, якая закончылася ў 2009 годзе.

Бібліяграфі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь вэб-старонка тэатру Праверана 28 кастрычніка 2012 г.
  2. ^ Волкова, С. Сердце театра // 7 дней. — 2008. — № 47. — С. 31.
  3. ^ а б Беларусы: У 13 т.  Т. 2. — Менск, 1997. С. 320

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  711Г000210