Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква
Каардынаты: 40°41′13″ пн. ш. 73°59′4″ з. д. / 40.68694° пн. ш. 73.98444° з. д.
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква | |
---|---|
Япіскап | Сьвятаслаў |
Катэдральны горад | Нью-Ёрк, ЗША |
Катэдральны сабор | Сабор Кірылы Тураўскага |
Белару́ская аўтакефа́льная правасла́ўная царква́ (скарочана БАПЦ) — незалежная праваслаўная царква беларускага народу, заснаваная ў 1922 годзе ў выніку адасабленьня беларускіх япархіяў ад Расейскай праваслаўнай царквы. У 1927 годзе абвясьціла аўтакефалію[1]. У 1945—1950 гадах займела прыходы ў Аўстраліі, Заходняй Эўропе (Ангельшчына, Бэльгія, Нямеччына, Францыя) і Паўночнай Амэрыцы (ЗША, Канада). Набажэнствы вядуцца на беларускай мове. Дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную спадчыну. Мае друкаваныя выданьні «Голас царквы» і «Царкоўны пасланец»[2]. Дзейнасьць у штаце Нью-Ёрк парадкуецца Артыкулам 18 (Цэрквы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Амэрыцы, Сэкцыі 336—352) Закону аб рэлігійных аб’яднаньнях 2006 году[3][4]. З 11 траўня 2008 году прадстаяцелем БАПЦ зьяўляецца япіскап Сьвятаслаў (Логін).
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царкоўны Сабор. Склікаецца аднойчы на 10 гадоў. Складаецца са сьвятароў, 2 прадстаўнікоў ад кожнага прыходу, сябраў Кансысторыі, Рады і Рэвізійнай камісіі, рэдактара выдавецтва Кансысторыі і кіраўніка епархіяльнай школы. Правамоцны пры ўдзеле звыш паловы прыходаў і япіскапаў. Абірае першагерарха (пажыцьцёва 2/3 галасоў), Раду і Рэвізійную камісію. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў пры адабрэньні прысутнага япіскапа на падставе канонаў.
- Япіскапскі Сабор. Склікаецца двойчы на год. Узначальваецца першагерархам. Ухваляе пастановы большасьцю галасоў прысутных. Зацьвярджае царкоўныя правілы і новыя малітвы, хіратонію япіскапа, беларускі пераклад Бібліі, набажэнстваў і сьпеваў, падручнікаў і казаньняў. Вызначае кіраўнікоў прыходаў, камісію для праверкі вылучэнца на япіскапа, пазбаўляе сьвятарскага сану і прымае сьвятароў зь іншых праваслаўных цэркваў.
- Рада. Склікаецца двойчы на год. Складаецца зь япіскапа, да 7 сьвятароў (ярэяў і дыяканаў) і 8 прыхаджанаў, абраных Царкоўным Саборам. Узначальваецца першагерархам. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Зацьвярджае каштарыс, выданьне падручнікаў і часопісаў, набыцьцё зямлі і будынкаў прыходамі. Абірае Кансысторыю зь 5 асобаў (япіскап, 2 ярэі і 2 прыхаджаніны), прынамсі 3-ох зь якіх са свайго складу. Прызначае Царкоўны Суд з 3 прыхаджанаў пад старшынствам ярэя для разгляду разводу прыхаджанаў.
- Кансысторыя. Улучае старшыню (япіскапа), сакратара і скарбніка. Пастановы падпісваюць старшыня і сакратар. Чэкі — сакратар і скарбнік. Выконвае пастановы Царкоўнага Сабору, Япіскапскага Сабору і Рады. Зьбірае ахвяраваньні і выконвае каштарыс. Вядзе ўлік маёмасьці і сьвятароў.
- Рэвізійная камісія. Складаецца з 3 абраных Царкоўным Саборам асобаў: старшыні, яго намесьніка і сакратара. Штогод правярае грашовае справаводзтва Кансысторыі, епархіяльнай управы і прыходаў[5].
Прыходы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2017 год БАПЦ налічвала 9 прыходаў у 5 краінах:
- Беларусь: Менск, вул. Заходняя, д. 13 (прыход Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, заснаваны 28 лістапада 2010 году; пратаярэй Леанід Акаловіч)[6];
- Ангельшчына: Манчэстэр (прыход Сьвятой Жыровіцкай іконы Багародзіцы);
- Аўстралія (3): Адэлаіда, штат Паўднёвая Аўстралія (гарадзкі раён Кілкэні(en), праезд Торэнса, д. 420; царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваная ў 1958—1963 гадах на ахвяраваньні 70 беларусаў)[7] (згодна запісам Уладзімера Акавітага[8]) ці 231 асобы[9] (згодна паведамленьню айца Міхаіла (Шчурко) 29-12-1963[10] ; Мэльбурн, штат Вікторыя (гарадзкі раён Яравіл(en), вул. Ўіліса, д. 8; царква Сьвятых Трох Віленскіх мучанікаў, пабудаваная ў 1978—1983 гадах на 25 тыс. аўстралійскіх даляраў ад 110 беларусаў, у тым ліку 6-га прадстаяцеля БАПЦ мітрапаліта Андрэя)[11]; Пэрт, штат Заходняя Аўстралія (гарадзкі раён Бэйсвотэр(en), вул. Дрынан, д. 43; капліца Сьвятой Жыровіцкай іконы Багародзіцы);
- ЗША (3): горад Нью-Ёрк (гарадзкі раён Бруклін, Атлянтычны праспэкт(en), д. 401; катэдральны сабор Сьвятога Кірылы Тураўскага, дабудаваны ў чэрвені — лістападзе 1957 году)[12]; Гайлэнд-Парк(en), акруга Мідлсэкс(en), штат Нью-Джэрзі (царква Сьвятой Жыровіцкай іконы Багародзіцы); Кліўлэнд, штат Агаё (царква Сьвятой Жыровіцкай іконы Багародзіцы);
- Канада: Таронта, правінцыя Антарыё (вул. Сьвятога Кларэнса, д. 524; царква Сьвятога Кірылы Тураўскага, заснаваная ў 1954 годзе)[13].
Таксама ў ЗША працавалі 2 місіі ў штатах Нью-Джэрзі (капліца Сьвятога Яна Максімовіча) і Арызона (Фінікс, вул. 17-я Паўночная, д. 2026; капліца Сьвятых Сэрбскіх мучанікаў).
На 2017 год пад кіраўніцтвам першагерарха япіскапа Сьвятаслава служылі 8 сьвятароў з 3-ох краінаў: 2 мітрафорныя пратаярэі, 4 пратаярэі і 2 дыяканы. У Беларусі — пратаярэй Леанід Акаловіч (Менск) і дыякан Мікола Бамбіза. У Аўстраліі — пратаярэй Уладзімер Зайко (Пэрт). У ЗША — мітрафорныя пратаярэі Мілан Алексіч (Фінікс, шт. Арызона) і Зінові Жалабак (Гайлэнд-Парк, шт. Нью-Джэрзі), пратаярэі Павал Эмік (поўдзень шт. Нью-Джэрзі) і Іван Кухар (Нью-Ёрк), дыякан Мікола Шчэрба (Нью-Ёрк)[14].
Перадумовы аўтакефаліі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 992 годзе Канстантынопальскі патрыярхат (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) заснаваў праз Кіеўскую мітраполію Полацкую япархію, якая стала першай хрысьціянскай япархіяй на землях Беларусі. У 1317 годзе ў Наваградку (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Беларусь) Канстантынопальскі патрыярхат заснаваў Літоўскую мітраполію. Пасьля Берасьцейскай уніі 1596 году праваслаўныя япіскапы перападпарадкавалі Літоўскую мітраполію рымскаму папу ў выглядзе Рускай уніяцкай царквы. У выніку адбыўся раскол праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1620 годзе ерусалімскі патрыярх Тэафан ІІІ на даручэньне канстантынопальскага патрыярха Цімафея II аднавіў Полацкую праваслаўную япархію і высьвяціў на полацкага архіяпіскапа Мялеція Сматрыцкага. 8 лістапада 1685 году новаабраны кіеўскі мітрапаліт Гедэон Сьвятаполк-Чацьвярцінскі, якому падпарадкоўваліся і праваслаўныя прыходы на землях Беларусі, прысягнуў маскоўскаму патрыярху Ёакіму. Тым часам 8-е правіла Этэскага сабору 431 году (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) патрабуе, «каб ніхто з богаласкавых япіскапаў не пашыраў сваю ўладу на чужую япархію, якая раней і спачатку не была пад яго рукой, або яго папярэднікаў»[16].
У 1721 годзе праваслаўныя прыходы на землях Беларусі падпарадкавалі «Найсьвяцейшаму ўрадаваму сыноду», які разам з урадавым сэнатам належаў да сыстэмы найвышэйшых органаў дзяржаўнага кіраваньня Расейскай імпэрыі[17]. На практыцы ўрадавым сынодам з волі маскоўскага гаспадара кіравалі сьвецкія обэр-пракуроры[18]. Каб скасаваць залежнасьць Праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай ад уладаў Расейскай імпэрыі Пінская кангрэгацыя ў 1791 годзе і Чатырохгадовы сойм у 1788—1792 гадох пастанавілі стварыць у межах Рэчы Паспалітай асобную праваслаўную мітраполію ў юрысдыкцыі Канстантынопалькага патрыярхату. Ажыцьцявіць гэтую пастанову ня далі падзелы Рэчы Паспалітай[19].
12 лютага 1839 году праведзены расейскімі ўладамі Полацкі царкоўны сабор (Віцебская губэрня; цяпер Беларусь) Рускай уніяцкай царквы зацьвердзіў «Акт аб узьяднаньні з Праваслаўнай царквой», аднак не з Канстантынопальскай, а з Расейскай. Першы пункт Акта пастанаўляў: «Прызнаць зноў адзінства нашай Царквы з Праваслаўна-кафалічнай усходняй царквой, і таму знаходзіцца з гэтага часу, разам з даручанымі нам паствамі, у аднадумстве са сьвяцейшымі ўсходнімі праваслаўнымі патрыярхамі і ў паслушаньні Сьвяцейшага ўсерасейскага сынода»[20]. У выніку да ліку прыхаджанаў Расейскай праваслаўнай царквы далучылі каля 80% жыхароў Беларусі[21].
25 сакавіка 1918 году Беларуская Народная Рэспубліка абвясьціла незалежнасьць, паводле Трэцяй Устаўной граматы, што паклала пачатак утварэньню беларускай дзяржавы. 1 студзеня 1919 году ў Смаленску Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі зацьвердзіў Маніфэст аб стварэньні Беларускай ССР[22], у межах якой пазьней узьнікла Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]23 ліпеня 1922 году менскі япіскап Мэльхісэдэк (Паеўскі) склікаў зьезд япархіі, які абвясьціў у катэдральным саборы аб стварэньні незалежнай ад Маскоўскай патрыярхіі Беларускай мітраполіі (Менск, Беларуская ССР)[23]. Мітрапалітам абралі япіскапа Мэлхісэдэка. Адначасна высьвяцілі трох новых япіскапаў: 1) бабруйскага Філарэта — былога прафэсара Менскай духоўнай сэмінарыі Хвядоса Раменскага, 2) мазырскага Яна, 3) слуцкага Мікалая — былога настаяцеля Слуцкага сабору Мікалай Шамяціла. У 1923 годзе кананічнасьць царквы прызнаў маскоўскі патрыярх Ціхан(en).
9 жніўня 1927 году бабруйскі япіскап Філарэт склікаў зьезд Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) з удзелам прадстаўнікоў 333 прыходаў Бабруйскай, Барысаўскай, Мазырскай, Менскай і Слуцкай япархіяў і адной акругі (благачыньня) Аршанскай япархіі. Сабор абвясьціў аўтакефалію і абраў самастойнае кіраўніцтва. На 1 студзеня 1928 году 399 сьвятароў БАПЦ несьлі службу ў 344 прыходах, зь якіх 24 знаходзіліся ў Гомельскай акрузе Беларускай ССР, 12 — у Полацкай і 10 — Аршанскай. У выніку пашыраных з 1935 году рэпрэсіяў супраць сьвятарства на 24 чэрвеня 1938 году працягвалі дзейнічаць толькі 2 царквы — у Воршы і Мазыры[24]. У выніку перасьледу сьвятароў да 22 чэрвеня 1941 году ў БССР не засталося легальна адчыненых цэркваў[25]. Сьвятары Антон Севярын, Фёдар Альхімовіч, Рыгор Мядзьведзяў, Мікалай Сяўрук, Іван Савіцкі, а таксама вернікі Зьміцер Маеўскі, Іван Сьвірскі і скарбнік БАПЦ Раман Сокур працягвалі ладзіць набажэнствы падпольна[26].
3 кастрычніка 1941 году нямецкі Генэральны камісарыят Беларусі дазволіў аднавіць Беларускую праваслаўную царкву пры ўмове яе аўтакефальнага кіраваньня. У сакавіку 1942 году Сабор япіскапаў падзяліў Беларускую мітраполію на 6 япархіяў[27]. 30 жніўня — 2 верасьня адбыўся Ўсебеларускі царкоўны сабор з удзелам 3 япіскапаў, 65 сьвятароў і 65 прадстаўнікоў ад вернікаў, які неадкладна абвясьціў аўтакефалію БПЦ 128-мю галасамі пры 3-х устрыманых[28].
У 1944 годзе магілёўскі архіяпіскап Філафей разам зь віцебскім япіскапам Апанасам высьвяцілі ярэя Аляксандра Караткевіча ў япіскапы для кіраваньня царквой у падсавецкай Беларусі. У 1945—1974 гады царква налічвала ў Беларусі каля 35 высьвячаных сьвятароў і каля 15 абраных вернікамі выканаўцаў сьвятарскіх абавязкаў. У 1967 годзе Менскі мітрапаліт РПЦ Антон (Мельнікаў) правёў хіратонію айца Макара Хараненкі ў полацкага япіскапа БАПЦ. На 1990 год у Беларусі налічвалася 5 прыходаў царквы[29].
У 1991 годзе саратаўскі архіяпіскап РПЦ Пімен (Хмялеўскі) пры саслужэньні яшчэ аднаго япіскапа зьдзейсьніў у саборы Сьвятой Тройцы хіратонію айца Пятра Гушчы ў Полацкага япіскапа БАПЦ. У вёсцы Строчыцах (Менскі раён) набажэнствы ладзіліся ў царкве на тэрыторыі Музэю народнага дойлідзтва, якім кіраваў Георгі Ткацэвіч, да забароны міністрам культуры Аляксандрам Сасноўскім (1996—2000). У 1996—1998 гадох прыход сьвятога Панцеляймона на чале з айцом Васілём Мялешкам у Лідзе (Гарадзенская вобласьць) яднаў амаль усіх праваслаўных вернікаў гораду і ваколіцаў.
Улетку 1996 году 2 сьвятары Аляксандар Шымбалёў і Аляксандар Шчагалюцін пачалі рэстаўрацыю Царквы Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Сёмкаў Гарадок (Менскі раён)[30] і працягвалі яе прынамсі 5 год[31]. На 21 лістапада 2001 году сьвятар Ян Спасюк пачаў будоўлю першай царквы ў Рэспубліцы Беларусь у пасёлку Пагранічным (Бераставіцкі раён, Гарадзенская вобласьць)[32]. У пачатку жніўня 2002 году на загад мясцовых уладаў узьведзены храм, і дом сьвятара разбурылі[33].
На 2004 год царква налічвала 12 прыходаў у Беларусі[34]. На 2009 год існавалі прыходы ў беларускіх гарадах Вялейцы (Менская вобласьць), Віцебску, Гомелі, Горадні, Магілёве, Менску і Слуцку (Менская вобл.)[35].
6 верасьня 2014 году на Крапівенскім полі (Аршанскі раён, Віцебская вобласьць) ў гонар 500-й гадавіны бітвы пад Воршай япіскап Сьвятаслаў адслужыў малебен за палеглых у бітве абаронцаў Айчыны[36]. 25 верасьня япіскап Сьвятаслаў правёў у Менску набажэнства для прыходу Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай[37]. 15-16 ліпеня 2017 г. архіяпіскап Сьвятаслаў паўторна наведаў Менск для ўдзелу ў 7-м зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ў якасьці сябра яго Вялікай рады[38].
За мяжой
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]5 чэрвеня 1948 году ў Канстанцы (Паўднёвы Бадэн(en), Француская зона акупацыі Нямеччыны; цяпер зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына) Сабор БАПЦ абраў архіяпіскапа Сяргея (Ахатэнку) зьверхнікам БАПЦ[39]. У 1950 годзе архіяпіскап Сяргей перасяліўся ў Аўстралію, дзе кіраваў мясцовымі прыходамі БАПЦ у Адэлаідзе (штат Паўднёвая Аўстралія) і Мэльбурне (штат Вікторыя). У 1951 годзе япіскап Васіль (Уладзімер Тамашчык; 1900—1970) перасяліўся ў ЗША, адкуль кіраваў прыходамі БАПЦ у Паўночнай Амэрыцы (Гайлэнд-Парк, Дэтройт, Кліўлэнд, Нью-Ёрк, Таронта) і Заходняй Эўропе (Брэдфард, Манчэстэр)[40].
Мітрапаліт Ізяслаў быў надзелены санам япіскапа 22 лютага 1981 году Мітрапалітам Андрэем, разам з патрыярхам Скрыпныкам і архібіскупам Арэстам Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Стаў наступнікам мітрапаліта Андрэя, які памёр у траўні 1983 году. Мітрапаліт Ізяслаў быў абраны кіраўніком царквы на Трэцім Саборы БАПЦ за мяжою ў траўні 1984 году ў Манчэстэры (Вялікабрытанія).
На 1996 год за мяжой было каля 20 зарэгістраваных прыходаў, зь якіх 10 (абсалютная большасьць) у ЗША[2].
Прадстаяцелі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мэльхісэдэк (Мітрапаліт Менскі), 1922—1931
- Філарэт (Япіскап Бабруйскі), 1931 — 1 лістапада 1937
- Панцеляймон Ражноўскі (Мітрапаліт Менскі, у 1946 годзе перайшоў у РПЦЗ), 1942—1946
- Аляксандар Іназемцаў (Мітрапаліт Пінскі і Палескі, апекаваў БАПЦ пасьля пераходу япіскапату да РПЦЗ), 1946 — 9 лютага 1948
- Сяргей (Мітрапаліт Менскі; Рыгор Ахатэнка), 1948 — 2 кастрычніка 1971
- Андрэй (Мітрапаліт Гарадзенскі; Аляксандар Крыт), 1972 — 21 траўня 1983
- Ізяслаў (Мітрапаліт Полацкі), травень 1984 — 26 лістапада 2007
- Сьвятаслаў (Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі), з 11 траўня 2008
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Антонаў В. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 406.
- ^ а б Языковіч Л. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 406.
- ^ Цікава ведаць // Юрась Зянковіч, 13 траўня 2012 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
- ^ Нью-Ёрскі Закон пра рэлігійныя аб’яднаньні 2006 году: (336-352) Цэрквы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Амэрыцы // Кампанія «Джастыя» Праверана 29 сакавіка 2013 г.
- ^ Архіяпіскап Сьвятаслаў, Сяргей Трыгубовіч. Статут Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы ад 28 траўня 1972 г. (Гайлэнд-Парк, штат Нью-Джэрзі; папраўленая 21 ліпеня 2012 г., Нью-Ёрк) // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 31 ліпеня 2012 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
- ^ Леанід Акаловіч, Мікола Бамбіза. Статут Праваслаўнай аўтакефальнай рэлігійнай суполкі Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай горада Менска ад 28 лістапада 2010 г. // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
- ^ Гісторыя царквы сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Адэлаідзе (Сьпіс асобаў, якія склалі ахвяры на будову Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы ў 1958—1963 гг.) // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
- ^ http://www.geocities.ws/viktor_au/bel/SponsorsByAkawity.html
- ^ http://www.geocities.ws/viktor_au/bel/SponsorsBySzczurko.html
- ^ Як падаў айцец Шчурко пад час адкрыцьця БАПЦ у Адэлайдзе: Імёны ўпісаныя будаўнікоў сьвятыні Хрыстовай, Сьвятыні вернага беларускага народа і ўсіх верных праваслаўных хрысьціян, тружанікоў па будове Сьвятога храма і дарыцелей на будову Сьвятыні Хрыстовай. Віктар Кавалеўскі. 7-7-2020. Беларускае Гістарычнае Згуртаваньне ў Аўстраліі.
- ^ Гісторыя царквы сьвятых Віленскіх мучанікаў у Мэльбурне (Сьпіс ахвярадаўцаў на куплю й рамонт храму БАПЦ у 1978 – 1981 гг.) // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
- ^ Гісторыя катэдральнага сабору сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
- ^ Цакрва сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
- ^ Япіскапат і сьвятарства // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2017 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
- ^ Марозава С. Наваградак — царкоўная сталіца Вялікага Княства Літоўскага (ХIV — XV стст.) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) і інш. — Гродна: ГрДУ, 2007.
- ^ Правілы Этэскага сабору 431 г. (рас.) // Бібліятэка Якава Кротава, 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Рубльова Н. С. Синод // Енциклопедія історії України: Т. 9. Прил — С / Редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. НАН України. Інститут історії України. — К.: В-во «Наукова думка», 2012. С. 565.
- ^ Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
- ^ Пазднякоў В. Кіеўская мітраполія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 92.
- ^ Саборны акт аб узьяднаньні Ўніяцкай царквы з Праваслаўнай у Полацку 12 лютага 1839 г. (рас.) // Энцыкляпэдыя «Антымадэрнізм», 15 кастрычніка 2010 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 140.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 260.
- ^ Навіцкі Ў. Палітыка расколу Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1920-я гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. — 2003. — № 2-3 (46-47). — С. 40-48; 18-24. — ISSN 1993-1999.
- ^ Пазьняк З. Аўтакефалія // Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Варшава: Беларускія ведамасьці, 2003. — С. 104-107. — 144 с. — 1150 ас. — ISBN 9955-9337-8-X
- ^ Часопіс «Голас Царквы беларускай» (2006 г., №24). Да гісторыі Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі (ч.2) // Грамадазнаўчы сайт «Беларусь — наша зямля», 28 траўня 2006 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
- ^ Мітрапаліт Панцеляймон. № 16. Зварот герархаў Беларускай праваслаўнай царквы да Канстанцінопальскага патрыярха, прыняты на Ўсебеларускім праваслаўным саборы ў верасьні 1942 г. у Менску // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. / Юрась Гарбінскі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — ISBN 985-6318-65-3
- ^ Данілюк Б. Усебеларускі праваслаўны царкоўны сабор 1942 г. у Менску // Беларуская аўтакефалія : часопіс. — 2009. — № 1 (1). — С. 15-17.
- ^ Часопіс «Голас Царквы беларускай» (2006 г., №24). Да гісторыі Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі (ч.3) // Грамадазнаўчы сайт «Беларусь — наша зямля», 29 траўня 2006 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
- ^ Вадзім. Паважаная рэдакцыя // Наша ніва : газэта. — 17 лістапада 1997. — № 33 (94). — С. 2. — ISSN 1819-1614.
- ^ Вахрамееў А. У імя Айца, Сына і Сьвятога Духа // Наша ніва : газэта. — 26 чэрвеня 2000. — № 26 (183). — С. 8. — ISSN 1819-1614.
- ^ Альгерд Невяроўскі.. Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы можа быць пазбаўлены сану герархіяй РПЦ // Радыё «Свабода», 21 лістапада 2001 г. Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ Радыё «Рацыя». Рыхтуецца чарговая правакацыя // Tut.by, 4 верасьня 2002 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
- ^ Часопіс «Голас Царквы беларускай» (2006 г., №24). Да гісторыі Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі (ч.4) // Грамадазнаўчы сайт «Беларусь — наша зямля», 29 траўня 2006 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
- ^ Валахановіч А. Леаніду Акаловічу — 70 // Наша ніва : газэта. — 11 лістапада 2009. — № 42 (640). — С. 10. — ISSN 1819-1614.
- ^ Аляксандра Дынько. Сьвятар мае права браць зброю // Радыё «Свабода», 8 верасьня 2014 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
- ^ Старэйшым парафіянам аўтакефальнай парафіі Менску ўручылі нагародныя граматы // Партал «Крыніца.info», 25 верасьня 2014 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
- ^ Архіяпіскапу Логіну дазволілі ўехаць у Беларусь // Тэлеканал «Белсат», 15 ліпеня 2017 г. Праверана 26 лістапада 2017 г.
- ^ Ганько М. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква // Каб сьведчылі пра Беларусь / Марыя Ганько, уклад. Вольга Іпатава. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2004. — С. 153-158. — 200 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны). — 500 ас. — ISBN 985-504-006-6
- ^ Ганько М. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква ў нашым жыцьці // Каб сьведчылі пра Беларусь / уклад. Вольга Іпатава. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2005. — С. 56-67. — 192 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны). — 500 ас. — ISBN 985-504-006-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт
- БАПЦ // Партал «Крыніца.info», 9 кастрычніка 2017 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
|