Перайсьці да зьместу

Народ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Наро́днасельніцтва краіны, якое ўтварае грамадзтва і валодае здольнасьцю да самакіраваньня. Зьяўляецца носьбітам супольных правоў (самабытнасьць, самавызначэньне, сувэрэнітэт)[1].

Сучасныя народы пачалі ўтварацца з XV—XVII ст. разам з пашырэньнем капіталізму. У выніку складваньня таварнай вытворчасьці і гандлю на ўзроўні агульнакраёвых рынкаў пераадольвалася адасобленасьць насельніцтва, якое размаўляла на адной мове. Утварэньне адзінай нацыянальнай мовы спрыяла ўтварэньню агульнанароднай культуры, асаблівасьцяў народнага характару і мэнталітэту, нацыянальнай самасьвядомасьці. Народныя дзяржавы часта складваліся на аснове аб’яднаньня блізкіх паводле мовы і культуры народнасьцяў (амэрыканцы, італьянцы, немцы, французы) і іх вылучэньня зь імпэрыяў (Асманская, Аўстра-Вугорская, Расейская). Іншыя ўзьнікалі на аснове адной самастойнай народнасьці. У краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі утварэньне народаў суправаджалася распадам каляніялізму і стварэньнем новых незалежных дзяржаваў[2].

Існуюць розныя народы, якія размаўляюць на адной мове — напрыклад, немцы і аўстрыйцы размаўляюць на нямецкай мове, ангельцы і амэрыканцы — на ангельскай мове. Таксама існуюць народы якія размаўляюць на розных мовах — напрыклад швайцарцы размаўляюць на нямецкай, францускай, італьянскай і рэтараманскай, беларусы — на беларускай і расейскай. Некаторыя народы выводзяць сваё паходжаньне ад нейкага агульнага, звычайна мітычнага, продка. Як напрыклад палякі ад Леха.

Навука, прадметам вывучэньня ў якой ёсьць побыт і культура розных народаў (ці дакладней — этнасаў), ёсьць этнаграфія (народазнаўства).

Беларускі народ утварыўся на аснове беларускай народнасьці, што ўзьнікла за часам фэадалізму. Беларуская народнасьць у Вялікім Княстве Літоўскім дасягнула агульнакраёвага ўзроўню гандлёвых сувязяў і ўсьведамленьня прыналежнасьці да сваёй агульнай Бацькаўшчыны ва ўмовах адзінай моцнай дзяржавы. Пасьля далучэньня ў канцы XVIII ст. земляў Беларусі да Расейскай імпэрыі ўтварэньне беларускага народу стрымлівалася адсутнасьцю краёвага самакіраваньня. Да канца XIX — пачатку XX ст. канчаткова зьнікла гаспадарчая адасобленасьць усіх вобласьцяў Беларусі і ўзьнік мясцовы агульнакраёвы рынак, што прывяло да ўтварэньня асноўных прыкметаў беларускага народу — адзінства гаспадарчага жыцьця, беларускай літаратурнай мовы, беларускай народнай тэрыторыі і культуры. Згуртаваньне беларускага народу выявіла патрэбу ў народаўладзьдзі, дасягненьні сувэрэнітэту і права на самастойнае дзяржаўнае і культурнае разьвіцьцё. 25 сакавіка 1918 году ў Менску Беларуская Народная Рэспубліка абвясьціла незалежнасьць. 1 студзеня 1919 году ў Смаленску аб сваім утварэньні абвясьціла Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. 28 кастрычніка 1939 году ў Беластоку Народны сход Заходняй Беларусі ухваліў пастанову аб далучэньні да БССР, што прывяло да ўзьяднаньня беларускага народу ў адзінай дзяржаве. 25 жніўня 1991 году Рэспубліка Беларусь стала сувэрэннай незалежнай дзяржавай. У выніку згуртаваньне беларускага народу аднавілася на аснове народаўладзьдзя, народных культурных каштоўнасьцяў, выкарыстаньня ўласнай культурнай спадчыны і разьвіцьця дзяржавы ў якасьці самастойнай удзельніцы міжнароднай супольнасьці[2].

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 году зьмяшчала 9 згадак слова «народ» у прэамбуле («Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі), ... прымаем гэтую Канстытуцыю») і 7 артыкулах:

Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ. Народ ажыцьцяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй. ...

Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь зьяўляецца натуральнай умовай існаваньня і прасторавай мяжой самавызначэньня народу, асновай яго дабрабыту і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. ...

Артыкул 64. Выбары дэпутатаў і іншых асобаў, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, зьяўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. ...

Артыкул 67. ... Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах. ...

Артыкул 97. Прэзыдэнт выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь. ...

Артыкул 99. Прэзыдэнт заступае на пасаду пасьля прынясеньня Прысягі наступнага зьместу: «Заступаючы на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся служыць народу Рэспублікі Беларусь, выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Артыкул 100. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь: ... 7) зьвяртаецца з пасланьнямі да народу Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнага Савету;[3]

  1. ^ Віктар Боўш. Народ // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 164. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
  2. ^ а б Станіслаў Дубянецкі. Нацыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 220. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
  3. ^ Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя 1994 году // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2011 г. Праверана 17 верасьня 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Народсховішча мультымэдыйных матэрыялаў