Філарэт (Раменскі)
Япіскап Філарэт | |
2-і Прадстаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы | |
---|---|
1931 — 1 лістапада 1937 | |
Царква | Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква |
Папярэднік | Мэльхісэдэк |
Наступнік | Панцеляймон(be) |
Адукацыя | Маскоўскі ўнівэрытэт(be) (1911) |
Прафэсія | Выкладнік |
Дзейнасьць | сьвятар |
Сапраўднае імя | Феадосі Яўграфавіч Раменскі |
Нарадзіўся | 25 сакавіка 1880 вёска Старая Рудня, Рагачоўскі павет, Магілёўская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская Імпэрыя |
Памёр | 1 лістапада 1937 Менск, Беларуская ССР, СССР |
Бацька | Яўграф Раменскі |
Прыняцьце сьвятога сану | 1921 |
Прыцяцьце манаства | 1921 |
Япіскапская хіратонія | сакавік 1923 |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Філарэт (Феадосі Яўграфавіч Раменскі; 25 сакавіка 1880, в. Старая Рудня, Рагачоўскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць — 1 лістапада 1937, Менск, турма НКВД) — беларускі рэлігійны й грамадзкі дзеяч.
Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту (1911). Служыў сакратаром епархіяльнае вучыльнае рады ў Менску. У 1916—1917 гадах памочнік Аляксандра Панова, інспэктара Менскае духоўнае сэмінарыі. З 1918 году выкладаў у Менскай чыгуначнай гімназіі, іншых навучальных установах. У 1921 годзе пастрыжаны ў манашаскі сан зь імем Філарэт і рукапаложаны ў іераманаха. Служыў у Аляксандра-Неўскім храме ў Менску. Узнагароджаны санам протаіерэя.
У сакавіку 1923 мітрапалітам Мелхіседэкам (Паеўскім) хіратанісаны ў епіскапа Бабруйскага. Старшыня зьезду прадстаўнікоў духавенства і вернікаў Беларускай праваслаўнай епархіі (9—10 жніўня 1927; прынялі ўдзел прадстаўнікі 333 прыходаў), на якім было абвешчана аб стварэньні аўтакефаліі Беларускай царквы. Да 1930 году служыў у Мікалаеўскім саборы ў Бабруйску. Потым у Екацярынінскім саборы на Нямізе ў Менску, Сьвята-Іаанаўскай царкве в. Вялікая Сляпянка (цяпер у межах Менску). З 1934 году ў храме сьв. Марыі Магдаліны на вул. Старажоўскай. У сярэдзіне 1935 году даў згоду архіепіскапу Магілёўскаму Паўліну (Крошачкіну) на аб’яднаньне з кананічнай Царквой, прынёс пакаяньне і мітрапалітам Сергіем (Страгародзкім) прыняты ў зносіны з РПЦ. Пасьля закрыцьця вясной 1937 году ў Менску апошняга каталіцкага храма дазволіў вернікам-каталікам маліцца ў царкве сьв. Марыі Магдаліны.
Арыштаваны 28 ліпеня 1937 году ў Менску па адрасе: вул. Пажарная, д. 8. 3 верасьня 1937 году тамасама была арыштаваная ягоная сястра Марыя (нарадзілася 24 кастрычніка 1882). Асуджаныя 25 кастрычніка 1937 году разам з шэрагам сьвята- і царкоўнаслужыцелей і актыўных прыхаджанаў тройкай НКВД за «антысавецкую дзейнасьць» да вышэйшае меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Расстраляныя 1 лістапада 1937 году. Сястра рэабілітаваная 11 сакавіка 1958 году трыбуналам БВА, сам япіскап — 31 сакавіка 1989 году пракуратурай БВА.