Сьвятаслаў (Логін)
Япіскап Сьвятаслаў | |
8-ы Прадстаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы | |
---|---|
11 траўня 2008 — | |
Абраньне | 11 траўня 2008 |
Царква | Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква |
Папярэднік | Ізяслаў |
Адукацыя | Праваслаўны калегіюм сьвятога апостала Андрэя (Вініпэг, правінцыя Манітоба, Канада; 2000) |
Прафэсія | інжынэр (1986) |
Дзейнасьць | сьвятар, інжынэр |
Сапраўднае імя | Вячаслаў Вячаслававіч Логін |
Нарадзіўся | 26 лістапада 1964 (60 гадоў) Чарнігаў, Украінская ССР, СССР |
Бацька | Вячаслаў Логін |
Маці | Людміла Сіз |
Прыняцьце сьвятога сану | 27 жніўня 2000 |
Прыцяцьце манаства | люты 2008 |
Япіскапская хіратонія | 11 траўня 2008 |
Узнагароды |
Япіскап Сьвятаслаў (сьвецкае імя — Вячаслаў Логін; нарадзіўся 26 лістапада 1964 году, Чарнігаў) — беларускі рэлігійны дзяяч, япіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы; з 11 траўня 2008 году — Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі, прадстаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 26 лістапада 1964 году ў Чарнігаве (Украіна) у сям’і інжынэраў Вячаслава Логіна і Людмілы Сіз. Радавод паходзіць з Наваградчыны. Дзед Андрэй Логін і ягоны брат Язэп былі беларускімі фальклярыстамі, расстраляныя ў 1930-я гады. Дзед па лініі маці — Даніла Сіз у 1930-я гады скончыў Гомельскі чыгуначны тэхнікум.
З 1986 году пасьля сканчэньня Кіеўскага політэхнічнага інстытуту працаваў інжынэрам.
Сьвятарская дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1994—1999 гады навучаўся ў Кіеўскай духоўнай сэмінарыі, пасьля сканчэньня яе, у 1999—2000 гадах навучаўся на Тэалягічным факультэце Манітобскага ўнівэрсытэту (Праваслаўны Калегіюм Сьв. Ап. Андрэя ў Вініпэгу, Канада).
27 жнівеня 2000 году рукапакладзены ў сан дыякана, а 17 сьнежня 2000 году — у сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта (Канада) і прызначаны на гэтую ж парафію. У 2002—2007 гадах служыў настаяцелем Парафіі Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці БАПЦ у г. Гайлэнд Парк (штат Нью-Джэрзі, ЗША). У 2005—2006 гадах выконваў абавязкі настаяцеля Катэдры Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Нью-Ёрку. З 2007 году — настаяцель Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У кастрычніку 2006 году Царкоўнаю Радаю БАПЦ аднагалосна абраны кандыдатам у япіскапы. У лютым 2008 году прымае манашы пострыг зь імем Сьвятаслаў у манастыры Сьв. Чатырох Эвангелістаў (УАПЦ у ЗША) у г. Г’юстан (штат Тэхас, ЗША). 24 лютага 2008 году ў Катэдры Сьв. Ап. Андрэя Першазванага ў Дэтройце (штат Мічыган, ЗША) архіяпіскапам Аляксандрам (УАПЦ у ЗША) узьведзены ў сан ігумена і архімандрыта.
11 травеня 2008 году герархамі Ўкраінскае аўтакефальнае праваслаўнае царквы ў ЗША (радавод хіратоніяў якое ідзе ад УАПЦ у часе 2-е сусьветнае вайны) — арх. Аляксандрам і яп. Макарыясам, з удзелам яп. Паісія (УПЦ Кіеўскі Патрыярхат) хіратанізаваны на япіскапа Наваградзкага і Паўночна-Амэрыканскага БАПЦ за Боскаю літургіяй на парафіяльнае сьвята ў Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Нью-Ёрку, і Царкоўнаю Радаю БАПЦ абраны Адміністратарам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.