Перайсьці да зьместу

Мікола Ганько

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікола Ганько
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся23 траўня 1923
в. Калядзіна, Вялейскі павет, Віленскае ваяводзтва
Памёр16 траўня 1999 (75 гадоў)
Таронта, Канада
Адукацыя

Мікола Ганько (23 траўня 1923, в. Каледзіно, Вялейскі павет, сёньня Маладэчанскі раён — 16 траўня 1999, Таронта), беларускі грамадзка-культурны дзяяч. Малодшы брат лідэра Саюзу Беларускай Моладзі Міхася Ганько.

Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школе, скончыў курсы сярэдніх кіраўнікоў СБМ у Альбэртыне. У 1943—1944 г. працаваў ў Кіраўнічым штабе Саюзу Беларускай Моладзі.

Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. Жыў у Зальцбургу (Аўстрыя), разам з Уладзімерам Дудзіцкім, Алесем Салаўём і Аляксандрам Грыцуком выпускаў газэту «Зь беларускага жыцьця».

Улетку 1948 г. выехаў у Канаду, жыў у Таронта, быў шматгадовым кіраўніком Згуртаваньня беларусаў Канады, працаваў майстрам па будове дарог. У Канадзе Мікола знайшоў землякоў: Міхася Пашкевіча, Кастуся Акулу (Аляксандар Качан), Міхала Мацукевіча, Валянціна Навіцкага, — якія вырашылі стварыць згуртаваньне беларусаў у Канадзе. Зь лістапада 1948 году пачынае працаваць арганізацыя — зь яе плянамі на будучыню, з выданьнем першай у Канадзе беларускай газэты «Беларускі эмігрант». Яе адказным сакратом адразу ж робіцца Мікола Ганько.

Ганько спрычыніўся да заснаваньня парафіі БАПЦ сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта. Адзін з заснавальнікаў дабрачыннага таварыства дапамогі дзецям-ахвярам чарнобыльскай катастрофы. У 1993 годзе прыяжджаў у Беларусь, як прадстаўнік Згуртаваньня беларусаў Канады на першы зьезьдзе беларусаў сьвету, і прывёз лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня на некалькі мільёнаў даляраў — для лекаваньня хворых дзяцей.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]