Перайсьці да зьместу

Барыс Данілюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Барыс Данілюк
Імя пры нараджэньні Барыс Хведаравіч Данілюк
Род дзейнасьці дырыгент, рэдактар
Дата нараджэньня 5 красавіка 1923
Месца нараджэньня вёска Старыя Дзявяткавічы, Слонімскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Польская рэспубліка
Дата сьмерці 28 студзеня 2011
Месца сьмерці Нью-Ёрк, ЗША
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак інжынэр, настаўнік
Навуковая сфэра сацыяльная ангажаванасьць[d][1] і цывільная інжынэрыя[d][1]
Бацька Хведар Данілюк (1887—1960)
Жонка Марыя Дземідовіч

Барыс Данілюк (1923, Старыя Дзявяткавічы, цяпер Слонімскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 2011, Саўт Рывэр, ЗША) — беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і сьвятара, ўдзельніка Слуцкага паўстаньня 1920 году Хведара Данілюка.

З 1933 году вучыўся ў пачатковай школе ў Слоніме, а з восені 1935 і да канца 1939 году — у польскіх гімназіях у Слоніме і ў Баранавічах. У 1940 годзе пакінуў навуку ў дзесяцігодцы і пачаў дапамагаць бацьку на гаспадарцы.

У Другую сусьветную вайну працаваў сакратаром і школьным інспэктарам у Слоніме, у беларускай Самапомачы, кіраваў мастацкай самадзейнасьцю ў Слоніме, быў спартовым інструктарам у Саюзе беларускай моладзі, служыў перакладчыкам пры 48-м Беларускім батальёне, браў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе. Акрамя гэтага сьпяваў у хоры Антона Валынчыка, быў танцорам у танцавальным гуртку, а таксама ўдзельнічаў у драматычным гуртку, які існаваў пры Слонімскім Народным Доме[2].

У лістападзе 1943 году ажаніўся з Марыяй Дземідовіч. У ліпені 1944 году разам зь сям’ёю зьехаў на Захад.

Да 1950 году жыў у францускай акупацыйнай зоне ў Нямеччыне, вучыўся на інжынэра-будаўніка ва ўнівэрсытэце ЮНРРА ў Мюнхене, быў сябрам Беларускага студэнцкага згуртаваньня. Браў удзел у Зьезьдзе беларускіх студэнтаў, што прайшоў у кастрычніку 1947 году ў Марбургу. Сябра рэдакцыйнай калегіі часопісу «Крывіцкі Сьветач». З 1948 году — сябра Рады БНР у Остэргофэне. Падтрымаў аднаўленьне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў чэрвені 1948 году.

Пасьля пераезду ў ЗША браў актыўны ўдзел у арганізацыі беларускага царкоўнага і грамадзкага жыцьця ў Амэрыцы.

Уваходзіў у Раду і Кансісторыю Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, кіраваў царкоўным хорам у царкве сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, зьяўляўся рэдактарам і выдаўцом часопіса «Царкоўны Пасланец».

Падчас расколу ў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве ў пачатку 1980-х узяў бок прыхільнікаў мітрапаліта Ізяслава і быў актыўным прыхільнікам гэтага кірунку ў беларускім грамадзкім жыцьці.

Аўтар грунтоўных успамінаў, надрукаваных у №33 «Запісаў» Беларускага інстытуту навукі і мастацтва[3].

Пахаваны ў штаце Нью-Джэрзі (ЗША) на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку.

Пасьмяротна ў 2012 г. у Менску выйшла яго кніга ўспамінаў «Азіраючыся расой выетымі вачыма».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]