Перайсьці да зьместу

Шчучын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Red Winged Duck (гутаркі | унёсак) у 14:46, 12 кастрычніка 2018. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Шчучын
трансьліт. Ščučyn
Вежа з гадзіньнікам на гістарычным Рынку
Вежа з гадзіньнікам на гістарычным Рынку
Герб Шчучыну Сьцяг Шчучыну
Першыя згадкі: 1436
Магдэбурскае права: 23 траўня 1761
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Шчучынскі
Вышыня: 176 м н. у. м.
Насельніцтва: 15 475 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1514
Паштовыя індэксы: 231511, 231513
СААТА: 4258501000
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°36′16″ пн. ш. 24°44′33″ у. д. / 53.60444° пн. ш. 24.7425° у. д. / 53.60444; 24.7425Каардынаты: 53°36′16″ пн. ш. 24°44′33″ у. д. / 53.60444° пн. ш. 24.7425° у. д. / 53.60444; 24.7425
Шчучын на мапе Беларусі ±
Шчучын
Шчучын
Шчучын
Шчучын
Шчучын
Шчучын
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Шчу́чынместа ў Беларусі, на рацэ Тураўцы. Адміністрацыйны цэнтар Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 475 чалавек[1]. Знаходзіцца за 57 км на ўсход ад Горадні, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка (лінія Ваўкавыск — Ліда).

Шчучын — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), лякальны цэнтар асьветы, навукі і дабрачыннасьці[2]. Да нашага часу тут захаваліся клясыцыстычныя комплекс кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, могілкавая капліца і палац Друцкіх-Любецкіх, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя, а таксама эклектычная забудова гістарычнага Рынку.

Назва

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Шчучын» утварыўся ад прозьвішча Шчука[3].

У розныя часы дзеля адрозьненьня ад аднайменнага места на Падляшшы насіў прыдомкі Шчучын Літоўскі[4], Шчучын Лідзкі, Шчучын Наваградзкі.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Шчучын датуецца 1436 (або 1430[5]) годам, калі ваявода троцкі Пётар Лелюш разам з А. Вязовічам і І. Прасьціловічам заснаваў тут драўляны касьцёл Сьвятога Якуба. У XV—XVIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва.

У 2-й палове XV—XVI стагодзьдзях Шчучын знаходзіўся ў валоданьні Кучукаў, Кішкаў, Радзівілаў, з пачатку XVII ст. — Лімантаў[5]. У 1-й трэці XVI ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У 1537 годзе Шчучын упамінаецца ў Літоўскай мэтрыцы ў зьвязку з тым, што мясцовы жыхар Станіслаў Альшанскі пераехаў у Масты, якія ў той час знаходзіліся ў валоданьні вялікай княгіні Боны Сфорцы. Мястэчка значна пацярпела ад маскоўскіх войскаў І. Хаванскага і казацкіх загонаў В. Залатарэнкі ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667)[5], а таксама ад войскаў Карла XII у Вялікую Паўночную вайну (1700—1721).

У XVIII ст. Шчучын перайшоў у валоданьне маршалка дворнага Юзэфа Сцыпіёна. 23 траўня 1761 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў паселішчу Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная манаграма I(gnatus) S(cipion) пад залатой каронай»[6]. У 1726 годзе ў Шчучыне адкрыўся калегіюм манаскага ордэну піяраў. Заснавальнікам навучальнай установы лічыцца полацкі войт Юры Хлябніцкі-Юзэфовіч. Некаторы час тут працавала сэмінарыя для ордэнскай моладзі (ці навіцыят), дзе выкладалі ў тым ліку ўсходнія мовы. У 1755 годзе калегіюм узначальваў рэктар Лукаш Расоцкі, выкладалі Кант Выкоўскі (прафэсар усходніх моваў і гісторыі), Юзэф Шаняўскі (тэалёгія), Яўстах Куроўскі (філязофія і этыка), Вінцэнт Клос (прыродазнаўчыя дысцыпліны), Юзэф Кентржынскі (лёгіка і мэтафізыка), Войцех Камароўскі (паэзія і красамоўства). У 1773—1775 гадох з утварэньнем у Рэчы Паспалітай Адукацыйнай камісіі, што праводзіла рэфармаваньне сыстэмы асьветы, Шчучынскую піярскую навучальную ўстанову рэарганізавалі ў 3-клясную падакруговую школу. У 1782—1783 гадох яна налічвала 119 вучняў, 5 настаўнікаў. У 1785—1786 гадох у школе выкладаў Станіслаў Юндзіл, пазьней доктар філязофіі, прафэсар батанікі і заалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту. У 1742 годзе ў Шчучыне адкрыўся шпіталь, а ў 1773 годзе — аптэка. У 2-й палове XVIII ст. на паўночнай ускраіне мястэчка збудавалі палац. У 1785 годзе Станіслаў Юндзіл заклаў школьны батанічны сад, адзін зь першых на Беларусі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шчучын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сьпярша ўваходзіў у склад Лідзкага павету Літоўскай, потым Гарадзенскай (з 1801), а з 1843 году — Віленскай губэрняў. У 1803 годзе ў выніку чарговай рэарганізацыі тутэйшая школа піяраў атрымала статус 6-кляснай павятовай з гімназічным курсам навук і ўвайшла ў Віленскую навучальную акругу. У 1822—1828 гадох (паводле іншых зьвестак у 1826—1829) у мястэчку збудавалі мураваны касьцёл Сьвятой Тэрэзы. На 1829 год у Шчучыне было 47 будынкаў (17 хрысьціянскіх і 30 юдэйскіх). Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі школу разам зь іншымі піярскімі навучальнымі ўстановамі. На 1833 год у мястэчку было 40 будынкаў, на 1863 год — 94, на 1866 год — 123 двары, валасная ўправа, касьцёл, капліца, царква, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, 2-клясная школа (адкрылася ў 1833 годзе; у 1885 годзе навучаліся 78 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак), вінакурня, цагельня і прадпрыемства вырабу вапны, 29 крамаў, 5 піцейных дамоў. Праз Шчучын праходзілі гандлёвыя шляхі на Наваградак і Ліду. У 1888 годзе пачаў працаваць дрэваапрацоўчы завод, які вырабляў паркет, фанэру, шпон (на 1890 год — 30 работнікаў, зьявілася паравая машына). У Першую сусьветную вайну ў жніўні 1915 году Шчучын занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час

Марка зь мескім гербам

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шчучын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[7].

Увосень 1918 году сфармавалася Шчучынская самаабарона — мясцовая вайсковая арганізацыя, якой мэтай была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Арганізаваў яе старшы лейтэнант Баляслаў Лісоўскі[8]. Самаабарона пасьпяхова зьнішчала бальшавіцкую актыўнасьць у навакольлі Шчучына. Хоць у пачатку 1919 году мястэчка занялі бальшавікі, аднак неўзабаве яго адбіла польскае войска. 7 чэрвеня 1919 году Шчучын увайшоў у склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[a]. Улетку 1920 году мястэчка зноў занялі бальшавікі, але ўжо ў верасьні яго зноў адбілі польскія войскі. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Шчучын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 239 будынкаў, побач знаходзіўся фальварак Шчучынак (5 пабудоваў). У 1931 годзе Шчучын атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету, у гэты час тут працавалі лякарня, настаўніцкая сэмінарыя і пошта.

Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР (1939 год) Шчучыну скасавалі статус места, а 15 студзеня 1940 году ён стаў цэнтрам раёну Гарадзенскай вобласьці. У гэты час працавалі электрастанцыя (магутнасьць 36 кВт), паравы млын, фабрыкі вырабу крупы і фанэры, лесапільны завод (тартак), лякарня на 70 ложкаў, радзільня на 25 ложкаў, амбуляторыя, вэтэрынарны пункт, аптэка, кінатэатар, пошта і тэлеграф, гімназія, ліцэй, 3 няпоўныя сярэднія школы. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 31 жніўня 1962 году Шчучын зноў атрымаў статус места.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1829 год — 190 чал., у тым ліку 70 хрысьціянаў і 120 юдэяў[9]; 1833 год — 327 чал.[10]; 1860 год — 570 чал.[11]; 1863 год — 575 чал.; 1866 год — 1088 чал.[4][12]; 1897 год — 1742 чал.[12], у тым ліку 1356 юдэяў
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 3815 чал.; 1921 год — 1539 чал.[12]; 1940 год — 3,5 тыс. чал.[13]; 1959 год — 6,5 тыс. чал.[12]; 1970 год — 10,3 тыс. чал.[12]; 1991 год — 14,4 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 16,3 тыс. чал.[14]; 2006 год — 15,8 тыс. чал.; 2009 год — 15 042 чал. (перапіс)[15]; 2016 год — 15 538 чал.[16]; 2017 год — 15 511 чал.[17]; 2018 год — 15 475 чал.[1]

Адукацыя

У Шчучыне працуюць 3 сярэднія школы, 6 дашкольных установаў.

Культура

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, 2 дамы культуры.

Выдаецца раённая газэта «Дзянніца».

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва
17 верасьня вуліца Ражанкаўская вуліца
Гастэлы вуліца Чыгуначная вуліца
Камсамольская вуліца Віленская вуліца
Свабоды плошча Рынак пляц
Фрунзэ вуліца Гарадзенская вуліца[18]

Эканоміка

Прадпрыемствы машынабудаваньня, сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудаваньня, харчовай прамысловасьці.

  • ААТ «Аўтапровад»
  • ААТ «Шчучынскі масласырзавод»

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Шчучын уваходзіць у турыстычна-экскурсійны маршрут «Літаратурныя шпацыраваньні над Нёманам»[19]. Працуе музэй баявой славы (у будынку ПТВ № 198).

Славутасьці

Страчаная спадчына

  • Сынагога (XVII/XVIII ст.)

Галерэя

Месты-сябры

Шчучын мае 3 месты-сябры ў некалькіх краінах.

Асобы

Заўвагі

  1. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.

Крыніцы

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 261.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 415.
  4. ^ а б Krzywicki J. Szczuczyn // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 864.
  5. ^ а б в Баравы Р. Шчучын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 764.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 47—48.
  9. ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
  10. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  11. ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  12. ^ а б в г д Баравы Р., Мальцаў У. Шчучын // ЭГБ. — Мн.: 2003 Т. 6. Кн. 2.
  13. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн., 2001.
  14. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 502.
  15. ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Каспярчук А. Не дзеля славы, а ў імя жыцця! // «Дзянніца», 22 чэрвеня 2010.
  19. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Шчучынсховішча мультымэдыйных матэрыялаў