Чачэрск
Чачэрск | |||||
Меская ратуша | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1159 | ||||
Магдэбурскае права: | 1510 | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Чачэрскі | ||||
Насельніцтва: | 7991[1] (2009) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2332 | ||||
Паштовы індэкс: | 247150 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°55′ пн. ш. 30°55′ у. д. / 52.917° пн. ш. 30.917° у. д.Каардынаты: 52°55′ пн. ш. 30°55′ у. д. / 52.917° пн. ш. 30.917° у. д. | ||||
Чачэрск на мапе Беларусі Чачэрск | |||||
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons |
Чачэ́рск — места ў Беларусі, пры ўтоку рэчкі Чачора ў Сож. Адміністрацыйны цэнтар Чачэрскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва 7991[1] чал. (2009). Знаходзіцца за 65 км ад Гомелю, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (лінія Гомель — Жлобін). Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Кармой, Буда-Кашалёвам і Веткай. Прыстань на Сажы.
Чачэрск — магдэбурскае места гістарычнага рэгіёну Панізоўе.
Назва
Тапонім «Чачэрск» утварыўся ад назвы рэчкі Чачора. У старажытнасьці слова «чачор» пазначала «воск». Далёкія продкі цяперашніх жыхароў Чачэрску выраблялі яго ў вялікай колькасьці, зьбіраючы ў лясох мёд дзікіх пчолаў, і адпраўлялі па Сажы і Дняпры для абмену на іншыя тавары. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць рэшткі суднаў, гружаных воскам, якія выявілі археолягі ў даўніх рэчышчах[2].
Гісторыя
Паводле археалягічных зьвестак, Чачэрск узьнік у кан. X ст. на месцы гарадзішча Замкавая Гара, на беразе Чачоры пры ўтоку яе ў Сож. Першы пісьмовы ўспамін пра горад радзімічаў Чичерск, які князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч вярнуў разам з Мазыром князю чарнігаўскаму Сьвятаполку Алегавічу, зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1159 годам. Цягам XII—XIII стагодзьдзяў паселішча ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства.
У сяр. XIV ст. Чачэрск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе зрабіўся цэнтрам воласьці. Цягам 1387—1390 ён знаходзілася ў валоданьні Скіргайлы, потым местам кіравалі намесьнікі вялікага князя. У гэты час на месцы дзядзінца летапіснага гораду збудавалі замак. Цягам 1501—1518 Чачэрск належаў вялікай княгіні Алене Іванаўне, потым кіраваўся дзяржаўцамі з буйных фэўдалаў (Чартарыйскімі, Дашковічамі, Зяновічамі, Львом Сапегам і інш.).
У 1509 Чачэрск згадваецца як мястэчка Віленскага ваяводзтва[3]. У 1510 ён зрабіўся цэнтрам Чачэрскага староства і атрымаў Магдэбурскае права[4]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Чачэрск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 1629 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту прывілей на штотыднёвы гандаль і на 2 рэгулярныя двухтыднёвыя кірмашы. Пад 1765 у попісе Чачэрску згадваюцца замак і мескія ўмацаваньні.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Чачэрск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам павету Рагачоўскай правінцыі, пазьней — цэнтрам воласьці Рагачоўскага павету. У 1774 расейскія ўлады перадалі места ў валоданьні генэрала Чарнышова. У 2-й пал. XVIII ст. у Чачэрску існавалі царква, мураваная ратуша, парк, працавала шкляная мануфактура, дзьве лякарні, прыстань. Апроч таго, тут збудавалі 3 царквы, касьцёл і палац.
Станам на 1880 у Чачэрску было 266 двароў, працавалі дзьве вучэльні. У пач. ХХ ст. у месьце дзейнічалі 4 цэрквы, касьцёл, 4 габрэйскія малітоўныя школы, 2 школы, лякарня, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленьне; працавала прыстань на рацэ Сож, зь якой у 1900 адправілі 21 судна і 48 плытоў з грузам 1530 тыс. пудоў[5].
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Чачэрск увайшоў ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён зрабіўся цэнтрам раёну. У 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку.
У Другую сусьветную вайну з жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 Чачэрск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Цягам 1962—1965 мястэчка ўваходзіла ў слкад Буда-Кашалёўскага раёну. У 1971 Чачэрск атрымаў статус места.
Насельніцтва
- XIX стагодзьдзе: 1880 — 1,7 тыс. чал.
- XX стагодзьдзе: 1939 — 5,1 тыс. чал.[6]; 1991 — 8,1 тыс. чал.[7]
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 7,7 тыс. чал.; 2006 — 7,9 тыс. чал.; 2008 — 7,7 тыс. чал.; 2009 — 7991[1] чал. (перапіс)
Адукацыя
У Чачэрску працуюць 2 сярэднія, мастацкая, спартовая школы.
Культура
Дзейнічаюць 3 бібліятэкі, дом культуры, гістарычна-этнаграфічны музэй.
Выдаецца раённая газэта «Чачэрскі весьнік».
Забудова
У цэнтры Чачэрску канцэнтруюцца 2—5-павярховыя будынкі. Заснаваны новы мікрараён з 3—5-павярховых жылых дамоў. Пераважае індывідуальная сядзібная забудова.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Чачэрску |
---|
|
Турыстычная інфармацыя
Дзейнічае Чачэрскі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[8].
Выдатныя мясьціны
- Гістарычная забудова (ХІХ — пач. ХХ стагодзьдзяў; фрагмэнты)
- Замкавая Гара (археалягічны помнік, на паўночна-ўсходняй ускраіне места) — старажытнае гарадзішча, колішні Чачэрскі замак
- Палацава-паркавы комплекс Чарнышовых (пач. ХІХ ст.)
- Ратуша (XVIII—XIX стагодзьдзі)
- Сынагога
- Царква Праабражэньня Гасподняга (1783)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1784)
- Царква Нараджэньня Божай Маці (1780)
- Царква Ўшэсьця Гасподняга (1780-я)
Галерэя
-
Ратуша
-
Царква Праабражэньня Гасподняга
-
Царква, з боку апсіды
-
Вінны завод
Вядомыя асобы
Ураджэнцы
- Надзея Міхалкова — чалец нацыянальнай каманды Беларусі па вольнай барацьбе
- Сяргей Пернікаў (нар. 1980) — беларускі атлет, чалец нацыянальнай каманды Беларусі па вольнай барацьбе, чэмпіён Беларусі 2005, 2007
Жыхары
- Аксана Бязьлепкіна (нар. 1981) — беларуская пісьменьніца і літаратуразнаўца
- Інэса Драбышэўская (нар. 1947) — міністар аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (1994—1997)
- Зінаіда Ключынская — чэмпіёнка сьвету па акадэмічнай грэблі
- Людміла Корхава (нар. 1946) — народная артыстка Беларусі
- Аляксандр Новікаў — доктар біялягічных навук
- Мікалай Саўчанка (1922—2001) — акадэмік НАН Беларусі, міністар аховы здароўя БССР ў 1966—1986
- Васіль Секуноў — чэмпіён сьвету сярод студэнтаў па грэка-рымскай барацьбе (1957)
- Сьцяпан Скарапанаў (1910—1999) — беларускі навуковец у вобласьці земляробства і мэліярацыі, акадэмік НАН Беларусі
- Тацяна Сьцепчанкава — чалец нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па дзюдо і самба
- Любоў Хатылёва (нар. 1928) — беларускі генэтык, акадэмік НАН Беларусі
Крыніцы
- ^ а б в Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Чачэрск // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
- ^ Грынявецкі В. Чачэрск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 744.
- ^ Ляўковіч А. «Я не ганю землі чужыя, хай іх сонца не абміне, толькі дзе б за морам ні быў я, Беларусь мая снілася мне…» // «Народная Газета» № 121 (4536), 16 чэрвеня 2007.
- ^ Чечерск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ г. Чечерск на Belarus.by
- ^ Чечерск // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Чечерск // Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Ткачоў М. Чачэрск // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац, 2002. — 421 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Czeczersk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 782.
Вонкавыя спасылкі
Чачэрск — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|