Мір (мястэчка)
Мір лац. Mir | |||||
Замак Ільлінічаў — Радзівілаў | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1345 | ||||
Магдэбурскае права: | 27 сьнежня 1579 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Карэліцкі | ||||
Сельсавет: | Мірскі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 170 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 2339 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1596 | ||||
Паштовы індэкс: | 231444 | ||||
СААТА: | 4233857906 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°27′17″ пн. ш. 26°28′0″ у. д. / 53.45472° пн. ш. 26.46667° у. д.Каардынаты: 53°27′17″ пн. ш. 26°28′0″ у. д. / 53.45472° пн. ш. 26.46667° у. д. | ||||
± Мір | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Мір — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Міранцы. Цэнтар сельсавету Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 2339 чалавек[1]. Знаходзіцца за 26 км на паўднёвы ўсход ад Карэлічаў, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея; на аўтамабільнай дарозе Менск — Наваградак.
Мір — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся знакаміты замак Ільлінічаў і Радзівілаў — аб’ект Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Сярод іншых славутасьцяў мястэчка вылучаюцца касьцёл Сьвятога Мікалая і царква Сьвятой Тройцы, помнікі архітэктуры XVI ст., што пацярпелі ад маскоўскіх перабудоваў у XIX ст., замкавы парк, некалькі капліцаў, забудова Рынку і Сынагогальнага двара.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Мір. Географ Вадзім Жучкевіч лічыў, што гэтая назва, імаверна, утварылася ад слова сацыяльнага значэньня мір — 'калектыў удзельнікаў грамадзтва', часам раўназначнага паняцьцю грамады[2]. На думку Валянціна Калніна, тапонім мае зьвязкі з словам эмір (паводле найменьня вайскавода аддзелу ваяроў-татараў, што месьціліся тут). Згодна зь меркаваньнем Уладзіслава Сыракомлі, паселішча атрымала сваю назву паводле простага значэньня слова мір (у гэтай мясцовасьці магла праходзіць мяжа паміж Русьсю і Літвою, аднак невядомым застаецца факт складаньня тут хоць-якой мірнай дамовы)[3]. На думку некаторых дасьледнікаў, назва паселішча пайшла ад лацінскага слова mirum, што перакладаецца як 'цуд'[4].
Таксама вядома, што паселішчы вясковага тыпу ў X—XI стагодзьдзях у гістарычных хроніках (напрыклад Аповесьць мінулых часоў) завуцца пагостамі або мірамі (у лясной паласе)[5].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Мир… Меръ (1553 год)[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Мір датуецца 1395 годам[7], калі крыжакі на чале з Конрадам фон Юнгінгенам зруйнавалі паселішча. Па нападзе вялікі князь Вітаўт надаў двор Мір свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, які ў 1434 годзе будучы ўжо вялікім князем перадаў паселішча свайму паплечніку, кашталяну віленскаму Сеньку Гедыгольдавічу.
З 1486 году Мір знаходзіўся ў валоданьні Ільлінічаў, якія абнесьлі ўласны двор землянымі валамі. Таксама яны ўмацавалі і само паселішча, што мела чатыры брамы ў кірунках асноўных дарогаў: Замкавая, Віленская, Менская і Слонімская. У 1520-я гады Юры Ільлініч заклаў Мірскі замак, першы пісьмовы ўпамін пра які датуецца 1527 годам. У 1553 годзе мястэчка стала сталіцай Мірскага графства. Ільлінічы атрымалі графскі тытул ад імпэратара Фэрдынанда I[8]. У 1569 годзе, паводле тэстамэнту Ю. Ільлініча (малодшага), Мір перайшоў да М. К. Радзівіла «Сіроткі», які заснаваў тут Мікалеўскі касьцёл (1585 год) і Траецкую царкву (1595 год).
27 сьнежня 1579 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Міру Магдэбурскае права (няпоўнае). З 1589 году места знаходзілася ў складзе Нясьвіскай ардынацыі Радзівілаў, якія ў канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў узьвялі з трох бакоў тутэйшага замка бастыёны, з паўднёвага боку зрабілі сажалку, на поўнач ад бастыённых умацаваньняў заклалі рэгулярны італьянскі парк. У замку да ўяздной вежы дабудавалі перадбрам'е, на дзядзінцы пры паўночных і ўсходніх мурах у стылі Рэнэсансу ўзьвялі 3-павярховыя палацавыя карпусы, над замкавымі сьценамі надбудавалі галерэі з байніцамі[9].
За часамі вайны Маскоўская дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе казакі І. Залатарэнкі зруйнавалі Мір[8]. Па ваенных спусташэньнях на канец XVII ст. тут было 478 двароў, 4 рамесныя цэхі, працавалі рамесьнікі 49 спэцыяльнасьцяў[8]. У 1705 годзе пры Траецкай царкве Караль Станіслаў Радзівіл заснаваў базылянскі манастыр. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) места пэўны час займалі войскі караля Швэцыі Карла XII. У 1-й палове XVIII ст. Радзівілы заснавалі тут палатняныя, суконныя і ткацкія майстэрні.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Мір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Наваградзкім павеце Менскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1828 годзе расейскія ўлады падаравалі яго Вітгенштэйнаў, з 1891 году — у валоданьні Сьвятаполк-Мірскіх.
На 1886 год у Міры дзеялі 2 царквы, 7 сынагогаў і мячэт, працавалі павятовая вучэльня, школа, паштовая станцыя, заезны дом і 74 крамы[10]. У 1893 годзе тут збудавалі вінакурны завод. У канцы ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў у мястэчку праводзілася 2 буйныя кірмашы (у лютым і ў траўні), куды зьяжджаліся сяляне нават зь вёсак навакольля Менску[11].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Мір занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Замак. Літаграфія з малюнка Ф. М. Сабешанскага, 1849 г.
-
Замак. К. Русецкі, 1853 г.
-
Замак. Н. Орда, 1876 г.
-
Замак. Літаграфія з акварэлі Н. Орды, 1880 г.
-
Замак. К. Памяноўскі, 1877 г.
-
Замак. Ф. Бжазоўскі, 1882 г.
-
Касьцёл. Ф. Бжазоўскі,
1882 г. -
Драўляны дом. Ю. Смалінскі, 1907 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мір абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[12]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Мір увайшоў у склад Беларускай ССР[13]. 1—4 красавіка 1919 году адбылося антыбальшавіцкае паўстаньне, у выніку якога загінула 25 паўстанцаў і 30 бальшавіцкіх карнікаў[14]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Мір апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Стаўпецкага павету Наваградзкага ваяводзтва. За польскім часам тут былі паштовая ўправа, мескі суд, 7-клясная школа.
У 1939 годзе Мір увайшоў у склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам пасялковага савету і раёну Баранавіцкай, з 1954 году — Гарадзенскай вобласьці. 17 сьнежня 1956 году Мірскі раён скасавалі. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 2000 годзе Мірскі замак улучылі ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. У 2002 годзе тут прайшло сьвята «Дзень беларускага пісьменства». З 2003 году штогод пачаў праводзіцца Рэгіянальны фэст мастацтваў «Мірскі замак». 24 сьнежня 2008 году на аснове пасёлку гарадзкога тыпу ўтварылі «аграгарадок»[15]. 16 студзеня 2014 году Мірскі пасялковы савет рэарганізаваны ў сельсавет[16].
-
Агульны выгляд
-
Замак
-
Ратуша
-
Рог Рынку і Віленскай. Касьцёл
-
Вуліца Менская. Царква
-
Сынагогальны двор
-
Мячэт
-
Руіны палаца Сьвятаполк-Мірскіх
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 1664 муж., зь іх шляхты 6, духоўнага стану 3, мяшчанаў-юдэяў 763, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 886, жабракоў 16[17]; 1885 год — 4 тыс. чал.[18]; 1886 год — 5,4 тыс. чал.; 1897 год — 5401 чал.
- XX стагодзьдзе: 1936 год — 6 тыс. чал.; 1998 год — 2,6 тыс. чал.[19][20]
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 2,5 тыс. чал.; 2007 год — 2,5 тыс. чал.; 2008 год — 2,4 тыс. чал.; 2009 год — 2310 чал. (перапіс)[21]; 2015 год — 2237 чал.[22]; 2016 год — 2250 чал.[23]; 2017 год — 2305 чал.[24]; 2018 год — 2339 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Міры працуюць сярэдняя школа і дзіцячы садок.
У зьвязку зь міжнароднымі патрабаваньнямі да якасьці рэстаўрацыі замка тут адкрылася адзіная ў Беларусі вучэльня рэстаўратараў: Мірская дзяржаўная мастацкая прафэсійна-тэхнічная вучэльня № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных працаў.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 мая вуліца | Слонімская вуліца Жухавіцкая вуліца |
|
17 верасьня вуліца | Менская вуліца Мірская вуліца |
|
17 верасьня плошча | Рынак пляц | |
Кірава вуліца | Высокая вуліца | |
Ленінградзкая вуліца | Завальная вуліца | |
Ленінградзкі завулак | Гуменная вуліца | |
Маскоўская вуліца | Глухая вуліца | |
Піянэрская вуліца | Падольная вуліца Падол вуліца Бровары вуліца |
|
Савецкая вуліца | Фальваркавая вуліца | |
Танкістаў вуліца | Татарская вуліца[25] | |
Чырвонаармейская вуліца | Віленская вуліца Нясьвіская вуліца[26] |
Касьцельная вуліца[27] |
Мясцовасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя мясьцовасьці Міру: Старое Места, Менскае і Слонімскае прадмесьці.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
- РУП «Мірскі сьпіртзавод»
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У мястэчку працуе філія Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі «Замкавы комплекс Мір». Частку замка прыстасавалі пад разьмяшчэньне гасьцініцы (10 нумароў, зь іх 4 — двухмясцовых, 1 — апартамэнты). Памяшканьні абсталявалі сыстэмамі інтэлектуальнага дому, што дазваляе праводзіць на базе замка мерапрыемствы на найвышэйшым узроўні.
Сіламі энтузіяста-аматара таксама створаны прыватны музэй — сядзіба-музэй «Мірскі пасад», якая разьмяшчаецца, паводле ўладальніка, у будынку той самай карчмы, дзе Ўладзіслаў Сыракомля напісаў свой верш «Паштальён» (1844 год) на падставе пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі»). Пераклад «Паштальёна» на расейскую мову паэтам Л. Трэфалевым стаў папулярнай у Расеі народнай песьняй «Когда я на почте служил ямщиком…». Экспазыцыя музэю прадстаўляе гісторыю мястэчка, сапраўдную мэблю з замка, а таксама побытавую культуру мірскіх насельнікаў розных канфэсіяў.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Забудова гістарычная (канец XIX — 1-я палова XX ст.; фрагмэнты)
- Замак (XVI—XVII стагодзьдзі)
- Капліца-пахавальня Сьвятаполкаў-Мірскіх (1904)
- Капліца Заслаўскіх (1909)
- Капліца Сьвятой Тройцы (XIX ст.)
- Касьцёл Сьвятога Мікалая (1599—1604)
- Могілкі: каталіцкія, праваслаўныя, татарскія (Мізар), юдэйскія
- Парк (XIX ст.)
- Сынагогальны двор (XVIII—ХІХ стагодзьдзі)
- Царква Сьвятога Георгія; могілкі старыя праваслаўныя (1910; мураўёўка)
- Царква Сьвятой Тройцы (1533—1550; пацярпела ад маскоўскай перабудовы)
- Фальварак «Замір’е» (XVII ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мячэт (XVIII ст.)
- Палац Сьвятаполкаў-Мірскіх (XIX ст.)
- Ратуша
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Замак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Выгляд з боку става
-
Выгляд з боку става
-
Уязная вежа
-
Унутраны дворык
-
Студня
-
Мур
-
Уязная брама
Помнікі сакральнай архітэктуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл, інтэр’ер
-
Капліца-пахавальня Сьвятаполк-Мірскіх
-
Галоўная сынагога
-
Сынагога
-
Юдэйскія могілкі. Брама
Іншае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Мост
-
Камяніцы на Рынку
-
На гістарычнай Віленскай вуліцы
-
Будынак гміны
-
Колішні Сынагогальны двор
-
Ешыбот
-
Татарскія могілкі
-
Прыватны музэй
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Флярыян Бохвіц (1799—1856) — асьветнік, філёзаф, пісьменьнік
- Янка Запруднік (1926—2022) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, гісторык, палітоляг
- Аляксандар Ільлінскі (1903—1967) — актор тэатру і кіно, народны артыст СССР
- Вольга Іпатава (нар. 1945) — беларуская пісьменьніца, грамадзкая дзяячка
- Ісэр Залман Мэлцэр (1870—1953) — рабін, алахічны аўтарытэт у Беларусі і Палестыне
- Раман Тармола-Мірскі (1936—2011) — беларускі паэт, сцэнарыст
- Зальман Шазар (1889—1974) — трэці прэзыдэнт Ізраілю
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 234—235.
- ^ О происхождении названия поселка Мир (рас.). Исторический проект Мир-Несвиж.com. Праверана 5 кастрычніка 2010 г.
- ^ Кузьміч М. Няхай яблыні ў Міры цвітуць! // Народная газета. № 159 (4827), 26 жніўня 2008 г.
- ^ Александровіч Р. Татарскі след у назвах зямлі беларускай // Беларусь у ХХ стагоддзі. Вып. 3. — Менск: 2004.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 168, 172.
- ^ Решение Кореличского районного Совета депутатов от 22 декабря 2006 г. №125 «Об утверждении программ социально-экономического развития поселков городского типа Кореличи и Мир на 2006—2010 годы»
- ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 352.
- ^ Калнін В. Мірскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 314.
- ^ Гурын М. Мір // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 205.
- ^ Улашчык М. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 86.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. — Вільня: Gudas, 2007.
- ^ Решение Кореличского районного Совета депутатов от 24.12.2008 № 92 «О преобразовании деревни Оюцевичи и городского поселка Мир Кореличского района в агрогородки»
- ^ «О некоторых вопросах административно-территориального устройства Кореличского района Гродненской области». Решение Гродненского областного Совета депутатов от 26 декабря 2013 г. № 277(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
- ^ Jelski A. Mir // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 485
- ^ Гурын М. Мір // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 204.
- ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С. 460.
- ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Раманава І., Махоўская І. Мір: Гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. — Вільня: ЕГУ, 2009. С. 17.
- ^ Трафімовіч А. У Міры ўсталёўваюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц // Радыё Свабода, 24 жніўня 2016
- ^ Раманава І., Махоўская І. Мір: Гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. — Вільня: ЕГУ, 2009. С. 142.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 2 / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2016. — 848 с.: іл. ISBN 978-985-11-0908-7. — С. 648—653.
- Краўцэвіч А., Якшук Г. Стары Мір — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 85 с.: іл. ISBN 5-343-01107-1.
- Раманава І., Махоўская І. Мір: Гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. — Вільня: ЕГУ, 2009. — 248 с.: іл. ISBN 978-9955-773-20-7.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|