Касьцёл Сьвятога Мікалая (Мір)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Мікалая
| |
Касьцёл Сьвятога Мікалая
| |
Краіна | Беларусь |
Мястэчка | Мір |
Каардынаты | 53°27′10.04″ пн. ш. 26°27′55.75″ у. д. / 53.4527889° пн. ш. 26.4654861° у. д.Каардынаты: 53°27′10.04″ пн. ш. 26°27′55.75″ у. д. / 53.4527889° пн. ш. 26.4654861° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | рэнэсансная архітэктура[d] і барокавая архітэктура[d] |
Аўтар праекту | Ян Марыя Бэрнардоні |
Заснавальнік | Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» |
Дата заснаваньня | XVI ст. |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Сьвятога Мікалая | |
Касьцёл Сьвятога Мікалая на Вікісховішчы |
Фарны касьцёл Сьвято́га Мікала́я — помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя ў Міры. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Дзее. Твор архітэктуры рэнэсансу і барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы драўляны касьцёл у Міры збудавалі ў пачатку XVI ст. з фундацыі Ільлінічаў. Потым на яго месцы ў 1585 годзе збудавалі новую драўляную сьвятыню, асьвечаную 18 кастрычніка 1587 году біскупам віленскім Ю. Радзівілам пад тытулам Сьвятога Мікалая. У 1599 годзе з фундацыі князя Мікалая Радзівіла «Сіроткі» пачалося будаваньне мураванага касьцёла, скончанае ў 1605 годзе. 21 жніўня 1605 году новы касьцёл асьвяціў біскуп віленскі Б. Война. Аўтарства помніка прыпісваюць архітэктару Я. М. Бэрнардоні[1]. У 1604—1609 гадох побач з касьцёлам, налева ад уваходнай брамы, збудавалі 2-павярховую плябанію.
У 1710 годзе з ініцыятывы князя Караля Станіслава Радзівіла будынак касьцёла капітальна адрамантавалі. Пры касьцёле з XVIII ст. існавалі парафіяльная школа і шпіталь.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Мір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1845 годзе праводзіўся рамонт будынка на ганарары, сабраныя ў выніку абвешчанай у 1846 годзе Ўладзіславам Сыракомлем акцыі перакладу лацінскіх паэтаў на польскую мову.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) 7 кастрычніка 1865 году расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл і перарабілі яго пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1876 годзе ў час рамонту ніжні ярус будынка перакрылі жалезам. У 1888 годзе расейскія ўлады перабудавалі касьцёл ў маскоўскім стылі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1921 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынак касьцёла каталікам. У 1940-я гады савецкія ўлады зачынілі касьцёл, пазьней яны зруйнавалі два верхнія ярусы вежы і дзьве бакавыя круглыя вежачкі.
У 1990 годзе касьцёл вярнулі каталікам, у 2001 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя працы.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры барока з рысамі рэнэсансу і элемэнтамі абарончага дойлідзтва. Гэта 3-нэфавая 3-вежавая базыліка. Цэнтральны нэф з паўкруглым прэзьбітэрыюмам завяршаецца на галоўным фасадзе вялікай квадратнай у пляне 4-яруснай вежай з шатровым дахам. Вежа падзяляецца прафіляванымі карнізамі на ярусы, аздобленыя глыбокімі нішамі. Бакавыя нэфы на галоўным фасадзе завяршаюцца круглымі ў пляне вежачкамі зь вітымі ўсходамі, з боку алтарнай часткі — закругленымі ў пляне закрысьціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб’ёмы, што напамінаюць трансэпт. Бакавыя фасады, пазбаўленыя дэкору, праразаюцца высокімі аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэньнем. Дзьверы аздаблае мастацкая акоўка[2].
Усярэдзіне цэнтральны нэф перакрываецца цыліндрычным з распалубкай, бакавыя — крыжовымі скляпеньнямі. На другім ярусе вежы знаходзяцца хоры для аргана. Пад апсыдай разьмяшчалася прасторная скляпеністая крыпта, у якой знаходзілася каля 30 пахаваньняў (у 1866 годзе расейскія ўлады засыпалі крыпту).
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1882 г.
-
1898 г.
-
каля 1900 г.
-
да 1918 г.
-
1930-я гг.
-
1930-я гг.
-
1938 г.
-
да 1939 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
З боку апсыды
-
Інтэр’ер
-
Брама
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Чырвонаармейская
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Габрусь Т. Мірскі Мікалеўскі касцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 353.
- ^ Габрусь Т. Мірскі Мікалаеўскі касцёл // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 348.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 411Г000319 |