Перайсьці да зьместу

Палестына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Палесты́на — гістарычная тэрыторыя ў Заходняй Азіі. Назоў «Палестына» паходзіць ад філістымлянаў. Першапачаткова Палестынай звалі тэрыторыю расьсяленьня філістымлянаў, але пасьля таго, як рымскі імпэратар Тытус разбурыў у 73 годзе Ерусалім, ён загадаў усю тэрыторыю паміж Міжземным морам і ракой Ярдан зваць Палестынай, каб сьцерці памяць аб існаваньні Юдэйскага царства.

Палестына гістарычна дзеліцца на чатыры геаграфічныя тэрыторыі: Узьбярэжная (да Міжземнага мора) раўніна, Галілея (паўночная частка), Самарыя (цэнтральная частка, паўночней за Ерусалім) і Юдэя (паўднёвая частка, уключаючы Ерусалім). Гэтымі геаграфічнымі паняцьцямі апэруе Біблія. У цяперашні час тэрыторыю Самарыі і Юдэі прынята зваць «Заходні Бераг ракі Ярдан». Галілея, Самарыя і Юдэя складаецца з шэрагу горных куп, долаў і пустэльняў.

Горы на поўдні — Юдэйскае плята, у сярэдзіне Самарыйскія горы (Грызін, Гевал), далей Фавор (562 мэтры над узроўнем мора), Малы Хэрмон (515 м), Кармэль (551 м), на поўначы Хэрмон (2224 м). У глыбокіх западзінах значна ніжэй за ўзровень мора знаходзяцца Тывэрыадзкае возера (212 мэтраў ніжэй за ўзровень мора), Мёртвае мора (найглыбейшая западзіна на зямным шары, на 400 м ніжэй за ўзровень мора).

У 3 тысячагодзьдзі да н. э. Палестына была заселеная плямёнамі ханаанэяў. З 13 стагодзьдзя да н. э. пачалася заваёва тэрыторыі Палестыны старажытнагабрэйскімі плямёнамі.

У 11 стагодзьдзі да н. э. старажытнагабрэйскія плямёны заснавалі Юдэйскае царства, распалае ў 928 годзе да н. э. на два: Ізраільскае царства (існавала да 722 году да н. э.) і ўласна Юдэйскае царства (да 586 году да н. э.). Пасьля Палестына была заваяваная старажытнапэрсыдзкай дзяржавай Ахемэнідаў, затым уваходзіла ў склад эліністычных дзяржаваў Пталемэеў і Сэлеўкідаў (у 3—2 стагодзьдзях да н. э.).

З 63 году да н. э. Палестына зьяўлялася рымскай правінцыяй і падзялялася на Юдэю, Самарыю і Галілею Пэтрэю (Заярданьне). З 395 году — у складзе Бізантыі. У 636 годзе Палестына была заваяваная арабамі, з 1099 па 1187 годы крыжакамі, якія заснавалі тут Ерусалімскае каралеўства. У 1516 годзе падпала пад уладу туркаў.

З канца XIX стагодзьдзя пачалося засяленьне Палестыны габрэямі, пасьлядоўнікамі ідэалёгіі сіянізму. У 1900 годзе было 34 габрэйскіх сельскагаспадарчых паселішча з 28176 гектарамі зямлі і 5300 чалавек. У пачатку XX стагодзьдзя насельніцтва складала каля 190 тыс. арабаў і 80 тыс. габрэяў.

У выніку Першай сусьветнай вайны у красавіку 1920 году на канфэрэнцыі ў Сан-Рэма Вялікабрытанія дамаглася мандату на кіраваньне тэрыторыяй Палестыны (быў зацьверджаны Лігай Нацыяў у ліпені 1922 году). Вялікабрытанская падмандатная тэрыторыя Палестына ўключала ў сябе таксама тэрыторыю, зараз занятую Ярданіяй. 2 лістапада 1917 году ўрад Вялікабрытаніі апублікаваў так званую Дэклярацыю Бальфура, у якой утрымоўвалася абяцаньне садзейнічаць стварэньню ў Палестыне «нацыянальнага агменю для габрэйскага народа». У 1921 годзе быў вылучаны асобны мандатны эмірат Ярданія, зь якога пасьля (у 1946 годзе) было ўтворанае незалежнае каралеўства Ярданія.

14 траўня 1948 году на астатняй частцы тэрыторыі падмандатнай Палестыны была абьвешчаная Дзяржава Ізраіль. У сярэдзіне 20 стагодзьдзя быў утвораны назоў «палестынцы» («палестынскі народ», «арабскі народ Палестыны»).

Стварэньне Дзяржавы Ізраіль зьявілася вынікам доўгага і складанага працэсу, барацьбы, якую вялі дзеячы сіянісцкага руху за стварэньне нацыянальнага агменю на сваёй гістарычнай радзіме, а таксама перамозе ў вайне за незалежнасьць у 1948—1949 гадох.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палестынасховішча мультымэдыйных матэрыялаў