Перайсьці да зьместу

Гісторыя Міру

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Агульны выгляд Міру і замка. Н. Орда, 1876 г.
Панарама мястэчка. Я. Драздовіч, 1927 г.

Мір — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся знакаміты замак Ільлінічаў і Радзівілаў — аб’ект Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Сярод іншых славутасьцяў мястэчка вылучаюцца касьцёл Сьвятога Мікалая і царква Сьвятой Тройцы, помнікі архітэктуры XVI ст., што пацярпелі ад маскоўскіх перабудоваў у XIX ст., замкавы парк, некалькі капліцаў, забудова Рынку і Сынагогальнага двара.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць]
Рог Рынку і Віленскай. Касьцёл Сьвятога Мікалая, 1882 г.
Драўляны дом. Малюнак Ю. Смалінскага, 1907 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Мір датуецца 1434 годам, калі вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч перадаў паселішча свайму паплечніку, кашталяну віленскаму Сеньку Гедыгольдавічу[1].

З 1486 году Мір знаходзіўся ў валоданьні Ільлінічаў, якія абнесьлі ўласны двор землянымі валамі. Таксама яны ўмацавалі і само паселішча, што мела чатыры брамы ў кірунках асноўных дарогаў: Замкавая, Віленская, Менская і Слонімская. У 1520-я гады Юры Ільлініч заклаў Мірскі замак, першы пісьмовы ўпамін пра які датуецца 1527 годам. У 1553 годзе мястэчка стала сталіцай Мірскага графства. Ільлінічы атрымалі графскі тытул ад імпэратара Фэрдынанда I[2]. У 1569 годзе, паводле тэстамэнту Ю. Ільлініча (малодшага), Мір перайшоў да М. К. Радзівіла «Сіроткі», які заснаваў тут Мікалеўскі касьцёл (1585 год) і Траецкую царкву (1595 год).

27 сьнежня 1579 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Міру Магдэбурскае права (няпоўнае). З 1589 году места знаходзілася ў складзе Нясьвіскай ардынацыі Радзівілаў, якія ў канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў узьвялі з трох бакоў тутэйшага замка бастыёны, з паўднёвага боку зрабілі сажалку, на поўнач ад бастыённых умацаваньняў заклалі рэгулярны італьянскі парк. У замку да ўяздной вежы дабудавалі перадбрам'е, на дзядзінцы пры паўночных і ўсходніх мурах у стылі Рэнэсансу ўзьвялі 3-павярховыя палацавыя карпусы, над замкавымі сьценамі надбудавалі галерэі з байніцамі[3].

За часамі вайны Маскоўская дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе казакі І. Залатарэнкі зруйнавалі Мір[2]. Па ваенных спусташэньнях на канец XVII ст. тут было 478 двароў, 4 рамесныя цэхі, працавалі рамесьнікі 49 спэцыяльнасьцяў[2]. У 1705 годзе пры Траецкай царкве Караль Станіслаў Радзівіл заснаваў базылянскі манастыр. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) места пэўны час займалі войскі караля Швэцыі Карла XII. У 1-й палове XVIII ст. Радзівілы заснавалі тут палатняныя, суконныя і ткацкія майстэрні.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць]
Вуліца Завальная. Праект юдэйскай школы, 1893 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Мір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Наваградзкім павеце Менскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1828 годзе расейскія ўлады падаравалі яго Вітгенштэйнаў, з 1891 году — у валоданьні Сьвятаполк-Мірскіх.

На 1886 год у Міры дзеялі 2 царквы, 7 сынагогаў і мячэт, працавалі павятовая вучэльня, школа, паштовая станцыя, заезны дом і 74 крамы[4]. У 1893 годзе тут збудавалі вінакурны завод. У канцы ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў у мястэчку праводзілася 2 буйныя кірмашы (у лютым і ў траўні), куды зьяжджаліся сяляне нават зь вёсак навакольля Менску[5].

Найноўшы час

[рэдагаваць | рэдагаваць]
Сябры гуртка ТБШ зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і Пагоняй, 1930 г.
Гурток ТБШ, 1930-я гг.: стаіць крайняя справа Алёна Дземідовіч; у цэнтры крайняя зьлева сядзіць Надзея Ермаковіч, справа ад яе Ганна Сташэўская; унізе сядзіць крайні зьлева Іван Шуліцкі, крайні справа Леанід Сташэўскі (з калекцыі Гальяша Чарняўскага)

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мір абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[6]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Мір увайшоў у склад Беларускай ССР[7]. 1—4 красавіка 1919 году адбылося антыбальшавіцкае паўстаньне, у выніку якога загінула 25 паўстанцаў і 30 бальшавіцкіх карнікаў[8]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Мір апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Стаўпецкага павету Наваградзкага ваяводзтва. За польскім часам тут былі паштовая ўправа, мескі суд, 7-клясная школа.

Ешыбот. А. Наліваеў, 1956 г.

У 1939 годзе Мір увайшоў у склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам пасялковага савету і раёну Баранавіцкай, з 1954 году — Гарадзенскай вобласьці. 17 сьнежня 1956 году Мірскі раён скасавалі. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 2000 годзе Мірскі замак улучылі ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. У 2002 годзе тут прайшло сьвята «Дзень беларускага пісьменства». З 2003 году штогод пачаў праводзіцца Рэгіянальны фэст мастацтваў «Мірскі замак». 24 сьнежня 2008 году на аснове пасёлку гарадзкога тыпу ўтварылі «аграгарадок»[9]. 16 студзеня 2014 году Мірскі пасялковы савет рэарганізаваны ў сельсавет[10].

Замак Ільлінічаў і Радзівілаў

[рэдагаваць | рэдагаваць]

Касьцёл Сьвятога Мікалая

[рэдагаваць | рэдагаваць]

Вуліца Віленская

[рэдагаваць | рэдагаваць]

Сынагогальны двор

[рэдагаваць | рэдагаваць]
  1. ^ Лицкевич О. В. К вопросу о первом упоминании Мира в письменных источниках // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV–XVIII стст.); Пад рэд. А. М. Янушкевіча. ‒ Мн: 2014. С. 14‒22.
  2. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 352.
  3. ^ Калнін В. Мірскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 314.
  4. ^ Гурын М. Мір // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 205.
  5. ^ Улашчык М. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 86.
  6. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. — Вільня: Gudas, 2007.
  9. ^ Решение Кореличского районного Совета депутатов от 24.12.2008 № 92 «О преобразовании деревни Оюцевичи и городского поселка Мир Кореличского района в агрогородки»
  10. ^ «О некоторых вопросах административно-территориального устройства Кореличского района Гродненской области». Решение Гродненского областного Совета депутатов от 26 декабря 2013 г. № 277(недаступная спасылка) (рас.)