Перайсьці да зьместу

Вялікая Мядзьвядка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікая Мядзьвядка, трансьліт. Vialikaja Miadźviadka
Населены пункт
Краіна Беларусь
Вобласьць Гарадзенская
Раён Карэліцкі
Сельсавет Мірскі
Першыя згадкі 8 траўня 1636
Часавы пас
Каардынаты 53°22′46″ пн. ш. 26°21′48″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 156 чал. (2010)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 1596
Паштовы індэкс 231448
СААТА 4233857016
Нумарны знак 4
Вялікая Мядзьвядка на мапе Беларусі ±
Вялікая Мядзьвядка
Вялікая Мядзьвядка
Вялікая Мядзьвядка
Вялікая Мядзьвядка
Вялікая Мядзьвядка
Вялікая Мядзьвядка

Вялі́кая Мядзьвя́дка[1]вёска ў Мірскім сельсавеце Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Найранейшую пісьмовую згадку пра Мядзьвядку зьмяшчае рэестар дакумэнтаў па маёнтку, складзены 20 верасьня 1769 году. Першым у ім зафіксаваны «Падзел грунтоў маёнткаў Мядзьвядка і Астраўкі» паміж роднымі братамі Марцінам і Адамам Пратасовічамі, які адбыўся 8 траўня 1636 году.

9 красавіка 1679 году быў складзены акт перадачы маёнтку ў спадчыннае ўладаньне ад Яна і Соф’і (з Касакоўскіх) Пратасовічаў і пана Дуброва родным братам Мікалаю і Самуэлю Пратасовічам. У візытацыі ўніяцкай царквы ў вёсцы Астраўкі ад 12 сьнежня 1680 году ўпершыню дакумэнтальна фіксуецца існаваньне дзьвюх асобных вёсак — Вялікай і Малай Мядзьвядак.

У кастрычніку 1692 году маёнтак Малая Мядзьвядка быў набыты Тэафілам Рымшам і ягонай жонкай Тэадорай Цэдроўскай у Мікалая Пратасовіча за 14 тысячаў злотых. Паводле тагачаснага інвэнтару, двор меў вялікі дом зь сенцамі і ганкам, бровар, сырніцу і два гумны, а ў вёсцы налічвалася 20 хатаў.

На працягу XVIII ст. асобныя часткі маёнтку арандаваліся або знаходзіліся ў заставе Ваяводзкіх, Бачынскіх і Вольскіх. У 1761 годзе Мядзьвядку набыў Гіпаліт Корсак, а ў 1769 годзе — Францішак Ябланскі, чашнік наваградзкі. Пасьля 1769 году Ябланскі збудаваў у вёсцы брусаваную ўніяцкую капліцу Ўшэсьця Гасподняга з двума жалезнымі купаламі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай маёнтак перайшоў да роду Дамейкаў. Тут 31 ліпеня 1802 году нарадзіўся сусьветна вядомы навуковец і нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка. Пасьля сьмерці ягонага бацькі Антонія Гіпаліта ў 1809 годзе маёнткам валодалі браты Адам (Малая Мядзьвядка) і Казімер (Вялікая Мядзьвядка).

Пасьля паразы паўстаньня 1830—1831 гадоў, у якім актыўна ўдзельнічаў Ігнат Дамейка, маёнтак быў канфіскаваны расейскімі ўладамі. Уніяцкая капліца, дзе Ігнат у 9-гадовым узросьце прымаў першае прычасьце, была зачыненая, а мясцовых жыхароў прымусова перавялі ў праваслаўе.

У жніўні 1884 году Ігнат Дамейка вярнуўся ў родную вёску пасьля 53 гадоў выгнаньня. Ён амаль не пазнаў бацькоўскую сядзібу: пабудовы былі разбураныя альбо перабудаваныя, а на месцы старога саду разросся парк.

У 1921—1939 гадох вёска знаходзілася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі (Наваградзкае ваяводзтва, Стаўпецкі павет, гміна Жухавічы). У ліпені 1944 году падчас адступленьня нямецкіх войскаў у вёсцы адбыўся буйны пажар, у якім згарэла прыкладна палова хатаў.

У 1997 годзе ў вёсцы быў усталяваны памятны знак у гонар Ігната Дамейкі, а ў мясцовай школе адкрыты музэй, прысьвечаны ягонаму жыцьцю і дзейнасьці.

  • 2010 год — 156 чалавек
  • 1999 год — 234 чалавекі
  • 1921 год — 528 чалавек
  • 1793 год — 80 чалавек
  • 1784 год — 110 чалавек
  • Ігнат Дамейка (1802—1889) — навуковец, геоляг, мінэроляг, рэктар Чылійскага ўнівэрсытэту.
  • Свята-Ушэсцеўская царква (Вялікая Мядзвядка) (XIX ст.) — пабудаваная на аснове ўніяцкай капліцы Ушэсьця Гасподняга.
  • Мядзвядкаўская сядзіба (XIX ст.).
  • Мэмарыяльны камень і помнік Ігнату Дамейку (адкрыты ў 1997 годзе).
  • Музэй Ігната Дамейкі ў школе (не працуе).
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 242