Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў (Баруны)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў
| |
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Баруны |
Каардынаты | 54°18′59.15″ пн. ш. 26°08′20.64″ у. д. / 54.3164306° пн. ш. 26.1390667° у. д.Каардынаты: 54°18′59.15″ пн. ш. 26°08′20.64″ у. д. / 54.3164306° пн. ш. 26.1390667° у. д. |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | віленскае барока |
Аўтар праекту | Аляксандар Асікевіч |
Дата заснаваньня | 1692 |
Статус | Ахоўная зона |
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў | |
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў на Вікісховішчы |
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Барунах. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс складаецца з царквы, капліцы, манастырскага корпуса, мура і брамаў. Ад 1922 году ў будынку царквы дзее касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, манастырскі корпус з савецкіх часоў знаходзіцца ў занядбаным стане.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1692 годзе намаганьнямі сьвятара Мікалая Песьляка ў Барунах пачалося будаваньне царквы. У 1700 годзе зь мястэчка Вішнева сюды перавезьлі базылянскую школу, якая сьпярша была 3-гадовай, а з 1780 году — 6-гадовай. Базыляне прывезьлі з сабой цудоўны абраз Маці Божай і пачалі будаваць мураваную царкву, якая згарэла разам з усім мястэчкам у 1707 годзе. Пастановай Варшаўскага сойму ў 1710 годзе выдзяляліся сродкі на аднаўленьне пабудоваў, аднак работы спыніліся ў 1711 годзе — з прычыны маравой пошасьці. Новая фундацыя ў 1715 годзе належыць мітрапаліту кіеўскаму і галіцкаму Льву Кішку.
Існую мураваную царкву збудавалі ў 1747—1753 гадох паводле праекту архітэктара Аляксандра Асікевіча. Дзеля афармленьня інтэр’еру, якое працягвалася да 1770 году, базыляне запрашалі найлепшых майстроў зь Вільні і Менску. У 1778—1793 гадох будаваўся мураваны манастырскі корпус[1].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Баруны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква і манастыр працягвалі дзеяць. У XIX ст. базылянская школа стала знакамітай дзякуючы сваім выхаванцам, сярод якіх вядомыя пісьменьнікі, сябры Адама Міцкевіча — Антоні Эдвард Адынец і Ігнаці Ходзька.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1833 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі царкву і манастыр у Сьвятога Пасаду і перадалі Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве), з 1845 году ў манастыры разьмяшчалася духоўная вучэльня. Манастыр перастаў існаваць самастойна ў 1874 годзе, калі яго прыпісалі да Віленскага манастыра Сьвятога Духа. 22 верасьня 1881 году царкву пераасьвяцілі пад тытулам Покрыва Багародзіцы.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1920—1922 гадох у былым манастыры дзеяла беларуская настаўніцкая сэмінарыя, дырэктарам якой быў вядомы дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху Сымон Рак-Міхайлоўскі. У 1922 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі пераасьвяцілі царкву пад касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Царква
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Царква — 3-нэфавая базыліка з кампактавым каталіконам і выцягнутай алтарнай апсыдай зь вялікімі закрысьціямі з бакоў вімы. Шырокі галоўны фасад інтэнсіўна падзяляецца на асобныя вэртыкальныя часткі. Цэнтральны нэф закрываеца рызалітам, завершаным фігурным атыкавым франтонам з масіўнымі валютамі. З вуглоў бакавых нэфаў узвышаюцца адносна невялікія чацьверыковыя вежы, дыяганальны разварот якіх надае ўсяму фасаду хвалістую прасторавую структуру. Адна зь вежаў мае тэлескапічную 3-ярусную будову, завяршэньне другой не захавалася або ўвогуле не існавала. Побач зь ёй, праз браму, асобна стаіць 2-ярусная вежа-званіца. Вэртыкальны рытм фасаду мае пэўную адвольнасьць і асымэтрыю, але не страчвае мастацкай гармоніі.
Усярэдзіне цэнтральны нэф, апсыда і закрысьціі перакрываюцца цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі, бакавыя нэфы — крыжовымі. Завяршае магутную пэрспэктыву інтэр’еру стукавы алтар у выглядзе карынцкай калянады з разарваным і інтэнсіўна падзеленым антаблемэнтам. Над ім чатыры скульптуры арханёлаў. Больш аблегчаная кампазыцыя другога ярусу алтара разгортваецца вакол круглага акна-люкарны, аздобленага шчытом з выявамі Тройцы, анёлаў і ляпной кампазыцыяй «Глёрыя» ў завяршэньні. У інтэр’еры сем высокамастацкіх разьбяных алтароў, славуты абраз Маці Божай Барунскай. Пад царквой знаходзіцца крыпта-пахавальня.
Капліца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Капліца — скразная вежа з чатырма лучковымі прасьветамі на 8-граннай аснове. Вежа завяршаецца невялікай 2-яруснай цыліндрычнай вежачкай з крыжам над гранёным шатровым дашкам і аздабляецца скульптурай Хрыста.
Манастыр
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Манастырскі корпус — 2-павярховы Т-падобны ў пляне будынак з рэгулярным рытмам фасадаў, які ствараюць прастакутныя аконныя праёмы ў простых ліштвах і лапаткі ў прасьценках.
Перакрытыя цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі памяшканьні аб’ядноўваюцца галерэямі з ажурнымі крыжовымі скляпеньнямі.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Паводле Н. Орды, 1879 г.
-
Па маскоўскай перабудове, 1915—1918 гг.
-
В. Віхман, 1916 г.
-
Я. Драздовіч, 1929 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1896 г.
-
каля 1900 г.
-
Па маскоўскай перабудове, 1915—1918 гг.
-
1915—1918 гг.
-
1915—1918 гг.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1917 г.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1930 г.
-
1930 г.
-
Ю. Клос, 1930 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад
-
З боку вежы-званіцы
-
З боку апсыды
-
Інтэр’ер
-
Алтар
-
Манастыр
-
Манастыр усярэдзіне
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Савецкая, 45
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 69.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000062 |