Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў (Амсьціслаў)
| Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў | |
| Краіна | Беларусь |
| Места | Амсьціслаў |
| Каардынаты | 54°01′19″ пн. ш. 31°43′49″ з. д.HGЯO |
| Канфэсія | Каталіцкая царква і каталіцтва |
| Эпархія | Менска-Магілёўская архідыяцэзія |
| Архітэктурны стыль | барока |
| Дата заснаваньня | XVII ст. |
| Дата скасаваньня | 1937 |
| Статус | Ахоўная зона |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі ± Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў у Амсьціславе. Знаходзіцца ў цэнтры места, на Кармэліцкай вуліцы. Твор архітэктуры барока, часткова зруйнаваны расейскімі і савецкімі ўладамі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс Амсьціслаўскага езуіцкага калегіюму складаецца з касьцёла, будынкаў калегіюма і аптэкі. З савецкіх часоў касьцёл знаходзіцца ў занядбаным стане і патрабуе неадкладнай рэстаўрацыі, у будынку калегіюма месьціцца школа-інтэрнат.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У 1690 годзе ў Амсьціславе на сродкі мясцовай шляхты ўтварылася езуіцкая місія, пераўтвораная ў 1711 годзе ў рэзыдэнцыю[1]. У 1691 годзе пры місіі адкрылася школа. Першы касьцёл быў драўляным, у 1707 годзе на яго месцы збудавалі новы драўляны касьцёл. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе швэдзкія войскі зруйнавалі езуіцкую камяніцу.
У 1725 годзе пры школе адкрылася музычная бурса. У 1730 годзе адбылося ўрачыстае асьвячэньне нарожнага каменя мураванага касьцёла, будаваньне якога скончылася ў 1738 годзе. У 1740 годзе пачала працаваць аптэка. У сярэдзіне XVIII ст. у школе выкладаліся філязофія, матэрыяльная тэалёгія, матэматыка, гісторыя. У 1764—1779 гадох збудавалі новую камяніцу для езуіцкай місііі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, комплекс працягваў дзеяць. У 1779 годзе езуіцкую місію пераўтварылі ў калегіюм. У 1785 годзе пры школе зьявіўся канвікт. У 1796 годзе комплекс рэканструявалі. Пры калегюіме існавала вялікая бібліятэка.
Па скасаваньні ордэна езуітаў у Расейскай імпэрыі (1820 год) касьцёл стаў парафіяльным. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл і ў 1842 годзе перабудавалі яго пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]За савецкім часам царкву зачынілі, зруйнавалі вежы. Помнік прыйшоў ў заняпад.
У сьнежні 2017 году абрынулася адна зь сьценаў касьцёлу, а раней дзьве калёны галоўнага нэфу[2].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з трансэптам. Цэнтральны нэф завяршаецца масіўнай паўкруглай алтарнай апсыдай. 2-ярусныя крылы трансэпту ўразаюцца ў высокія бакавыя нэфы. Галоўны фасад падзяляецца на два ярусы вузкім карнізам і завяршаецца разьвітым антаблемэнтам з ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацьверыковымі вежамі з бакоў. Сьцены аздабляюцца шырокімі пілястрамі. Праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі завяршэньнямі.

Унутры магутныя калёны зь пілястрамі злучаюцца папружнымі аркамі. У паўночна-заходняй частцы разьмяшчаюцца высокія хоры. Памяшканьне над хорамі, нэфы і бакавыя алтары перакрываюцца крыжовымі скляпеньнямі, у апсыдзе — конха з распалубкамі.
Калегіюм
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Калегіюм — 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак. Далучаецца да касьцёла з паўднёвага боку каля апсыды. Два куты і сярэдзіну паўночна-ўсходняй сьцяны калегіюма ўмацоўваюць магутныя контрфорсы. Плян калідорны з аднабаковым разьмяшчэньнем памяшканьняў. Калідор і пакоі першага паверху перакрываюцца крыжовымі скляпеньнямі, другога — роўнай стольлю, ува ўсходнім куце разьмяшчаюцца вузкія 2-маршавая сходы[3].
Аптэка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Аптэка — 1-павярховы прастакутны ў пляне будынак. Далучаецца з паўночнага боку да галоўнага фасаду касьцёла.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старая графіка
- 1836 г.
- 1872 г.
- 1882 г.
- М. Астанковіч, 1890-я гг.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старыя здымкі
- М. Астанковіч, 1890-я гг.
- 1905 г.
- 1910 г.
- 1910 г.
- 1912 г.
- да 1918 г.
- да 1918 г.
- 1932 г.
- 1940 г.
- 1941 г.
- 1942 г.
- 1942 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сучасны стан
- Галоўны фасад
- Бакавы фасад
- З боку апсыды
- Інтэр'ер
- Фрагмэнт
- Хоры
- Калегіюм
- Аптэка
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Ярашэвіч А. Мсціслаўскі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 322.
- ↑ Чаму ў Мсьціславе абрынулася сьцяна касьцёла ХVII стагодзьдзя
- ↑ Ярашэвіч А. Мсціслаўскі Міхайлаўскі касцёл і калегіум езуітаў // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 353.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 512Г000510 |