Студзянец (Касьцюковіцкі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Студзянец
трансьліт. Studzianiec
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Касьцюковіцкі
Сельсавет: Беладубраўскі
Насельніцтва: 197 чал. (2007)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2245
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°18′09″ пн. ш. 32°01′57″ у. д. / 53.3025° пн. ш. 32.0325° у. д. / 53.3025; 32.0325Каардынаты: 53°18′09″ пн. ш. 32°01′57″ у. д. / 53.3025° пн. ш. 32.0325° у. д. / 53.3025; 32.0325
Студзянец на мапе Беларусі ±
Студзянец
Студзянец
Студзянец
Студзянец
Студзянец
Студзянец

Студзяне́ц[1]вёска ў Беларусі, на рацэ Жадуньцы. Уваходзіць у склад Беладубраўскага сельсавету Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2007 год — 197 чалавек. Знаходзіцца за 5 км на поўдзень ад Касьцюковічаў і чыгуначнай станцыі Камунары (лінія КрычаўСураж); на аўтамабільнай дарозе Саматэвічы — Касьцюковічы.

Студзянец — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Студзянец упамінаецца ў XVI ст. У 1527 годзе ён увайшоў у склад Крычаўскага староства Амсьціслаўскага намесьніцтва.

У 1738 годзе на месцы вёскі заснавалі мястэчка, якое ўваходзіла ў склад Алучыцкага войтаўства. Узьнікненьню мястэчка спрыяла разьмяшчэньне на разгалінаваньні шляхоў з Амсьціслава ў Расею. Студзянец быў аднавулічным мястэчкам, выцягнутым уздоўж дарогі. Яго ядром быў Рынак плошчай каля 1,9 тыс. м², зь якога выходзілі 2 вуліцы — Касьцюковіцкая і Старадубская. Паводле інвэнтару 1747 году, тут было 48 жылых дамоў, млын на 2 колы, фолюш і карчма[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Студзянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губэрні. Паводле рэвіскай сказкі 1779 году, у мястэчку было 30 хрысьціянскіх і 5 юдэйскіх дамоў, дзейнічала царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла[3]. На 1785 год у Студзянцы было 62 двары, на 1799 год — 42 двары, побач знаходзілася Студзянецкая Гута (3 двары). У мястэчку штогод праводзіўся кірмаш.

У 1846 годзе ў Студзянцы працавалі дзягцярнае смаляное прадпрыемства, паташны завод, 2 сукнавальні і 3 вінакурні, 7 вадзяных і валовы млыны, 2 заезныя дамы. У аднайменным фальварку былі маслабойня (з 1850 году), народная вучэльня (з 1864 году), канатна-льнотрапальнае прадпрыемства (з 1879 год), лякарня. На 1880 год мястэчка знаходзілася ў валоданьні Цярэшчанкі, тут было 130 дамоў (111 хрысьціянскіх і 19 юдэйскіх), дзейнічалі 2 царквы і малітоўны дом, працавала валасная ўправа, штогод праводзіліся 2 кірмашы. Частка жыхароў займаліся кавальскім і сталярным промыслам. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі аднайменныя мястэчка (77 двароў, 6 крамаў і фэльчарскі ўчастак), сяло (90 двароў, карчма) і фальварак. На 1909 год у мястэчку было 203 двары.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Студзянец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня Студзянец вярнулі БССР, дзе 20 жніўня ён стаў цэнтрам сельсавету Касьцюковіцкага раёну Калінінскай, з 9 чэрвеня 1927 году — Магілёўскай акругі. На 1926 год у мястэчку было 245 двароў, працавалі сукнавальня, воўначасальня, вадзяны млын, 2 кузьні, аўчынная, шавецкая і капялюшная майстэрні. У лютым 1930 году савецкія ўлады стварылі ў Студзянцы калгас. У Другую сусьветную вайну з жніўня 1941 да 28 верасьня 1943 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

8 студзеня 1959 году ў зьвязку зь ліквідацыяй Студзянецкага сельсавету вёску перадалі ў склад Беладубравіцкага сельсавету. На 1986 год у Студзянцы было 156 двароў, на 2000 год — 123, на 2002 год — 115, на 2007 год — 92.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1779 год — 168 чал., зь іх 149 хрысьціянаў і 19 юдэяў; 1785 год — 291 чал.; 1799 год — 168 чал. у мястэчку Студзянцы і 13 чал. у Студзянецкай Гуце
  • XIX стагодзьдзе: 1880 год — 1571 чал. (780 муж. і 791 жан.), зь іх 1392 праваслаўныя і 179 юдэяў[4]; 1897 год — 621 чал. у мястэчку Студзянцы і 510 чал. у сяле Студзянцы
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1531 чал.[5]; 1926 год — 1039 чал.; 1959 год — 551 чал.; 1970 год — 480 чал.; 1986 год — 370 чал.; 2000 год — 256 чал.[6]
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 242 чал.[7]; 2007 год — 197 чал.[8]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Студзянцы працуюць сярэдняя школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян Студзянца складаецца з працяглвай просталінейнай, амаль мэрыдыянальнай арыентацыі вуліцы, ад якой на захад і усход адыходзяць кароткія крывалінейныя вуліцы. На паўднёвым усходзе, каля ракі невялікі адасоблены П-падобны пляц забудовы. Будынкі пераважна драўляныя сядзібнага тыпу. Грамадзкія будынкі на галоўнай вуліцы сярод жылой забудовы. На паўднёвым усходзе, каля ракі месьціцца парк.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (XVIII ст.)

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu)
  2. ^ Мяцельскі А. Студзянец // ВКЛ. Энцыкл. Т. 3. — Менск, 2010. С. 399.
  3. ^ Мяцельскі А. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Менск, 2008. № 23.
  4. ^ Krzywicki J. Studzieniec // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 503
  5. ^ БЭ. Т. 15. — Менск, 2002. С. 220.
  6. ^ Віталёва В. Студзянец // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 436.
  7. ^ БЭ. Т. 15. — Менск, 2002. С. 219.
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 690.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]