Мілаславічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мілаславічы
трансьліт. Milaslavičy
Ушэсьценская царква-мураўёўка
Ушэсьценская царква-мураўёўка
Першыя згадкі: 1604
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Клімавіцкі
Сельсавет: Мілаславіцкі
Насельніцтва: 702 чал. (2007)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2244
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°41′23″ пн. ш. 32°15′22″ у. д. / 53.68972° пн. ш. 32.25611° у. д. / 53.68972; 32.25611Каардынаты: 53°41′23″ пн. ш. 32°15′22″ у. д. / 53.68972° пн. ш. 32.25611° у. д. / 53.68972; 32.25611
Мілаславічы на мапе Беларусі ±
Мілаславічы
Мілаславічы
Мілаславічы
Мілаславічы
Мілаславічы
Мілаславічы
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Міласла́вічы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Іпуці, каля Мілаславіцкага вадасховішча. Цэнтар сельсавету Клімавіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2007 год — 702 чалавекі. Знаходзяцца за 23 км на паўночны ўсход ад Клімавічаў, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Шасьцёраўка (лінія МагілёўРослаў); на аўтамабільнай дарозе Клімавічы — Макеевічы.

Мілаславічы — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны, таксама вядомае пад назвай Ганна ў гонар Ганны Кацярыны Радзівіл з князёў Сангушкаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Мілаславічы ўпамінаюцца ў 1604 годзе як скарбовая вёска ва Ўглянскім войтаўстве Крычаўскага староства Амсьціслаўскага ваяводзтва.

У 1725 годзе, відаць, Ганна Кацярына Радзівіл з Сангушкаў заснавала каля вёскі мястэчка, якое атрымала назву Ганна — у гонар заснавальніцы[2]. Тэрмін слабады мястэчку вызначылі на 15 гадоў. Паводле інвэнтару Крычаўскага староства 1727 году, у мястэчку было 87 дымоў, млын і фолюш. У 1737 годзе тут існавала царква. Згодна з інвэнтаром староства 1747 году, мястэчка мела другую назву — Мілаславічы. Тут было 44 жылыя дамы, Рынак плошчай каля 1500 м², зь якога выходзілі Шумяцкая, Ганчарная, Старэцкая і Ладзяшанская вуліцы, над Іпуцьцю ішла вуліца Лагавая[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Мілаславічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1773 годзе расейскія ўлады афіцыйна перайменавалі Ганну ў Мілаславічы і надалі паселішчу статус места, цэнтру павету Магілёўскай губэрні. Аднак ужо ў 1777 годзе Мілаславічы ня значыліся ў ліку местаў і ўваходзілі ў склад Клімавіцкага павету, дзе былі цэнтрам воласьці. На 1779 год у мястэчку быў 51 двор, на 1784 год — 54.

Царква, 1943 г.

На 1830 год у Мілаславічах працавалі 3 вадзяныя млыны, маслабойня, 4 карчмы і хлабазапасны магазын, двойчы на год праводзіліся кірмашы. На 1858 год у мястэчку было 88 двароў, працавала вінакурня. У красавіку 1884 году ў выніку пажару згарэла каля 70 двароў, царква, будынак валасной управы, народная вучэльня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Мілаславічах было 205 двароў, дзейнічалі царква і малітоўны дом, працавалі 2-клясная і царкоўна-прыходзкая школы, хлебазапасны магазын, карчма і 23 крамы. 8 лістапада 1905 году жыхары Мілаславічаў і навакольных вёсак у час хваляваньняў зьнесьлі млын і плаціну ў Макеевічах. На 1909 год існавалі аднайменныя мястэчка (199 двароў) і фальварак (3 двары).

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мілаславічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня Мілаславічы вярнулі БССР, дзе яны 20 жніўня сталі цэнтрам раёну Калінінскай акругі. У пачатку 1920-х гадоў у Мілаславічах утварыліся крэдытнае таварыства, масларобчая арцель, пункт ліквідацыі непісьменнасьці (1923 год), хата-чытальня (1924 год), лекарскі участак (1926 год), таварыства супольнай апрацоўкі зямлі. Яшчэ 16 жніўня 1921 году пачало працаваць сельскагаспадарчае таварыства «Ўсход» (у 1925 годзе мела 95 га зямлі), у 1925 годзе значыліся таксама сельскагаспадарчыя прадпрыемствы «Векер» і «Вызваленьне». 14 кастрычніка 1925 году ў Мілаславічах адбылася сельскагаспадарчая выстава, у час якой дэманстраваліся дасягненьні ў разьвіцьці сельскагаспадарчай вытворчасьці. На 1926 год тут было 224 двары, працавалі сямігадовая школа, пошта, лясьніцтва, 2 каапэратыўныя крамы. 9 чэрвеня 1927 году ў зьвязку зь ліквідацыяй Мілаславіцкага раёну мястэчка перадалі ў Клімавіцкі раён Магілёўскай акругі. У 1928 годзе для Мілаславіцкай сямігадовай школы, дзе працавалі 10 настаўнікаў, збудавалі новае памяшканьне, існаваў інтэрнат. У 1929 годзе ў мястэчку пачала працаваць шавецкая арцель «Новая Праца», адкрылася амбуляторыя і аптэка, працавалі 3 кузьні.

8 траўня 1930 году савецкія ўлады стварылі ў Мілаславічах «калгас імя Сталіна», які паводле зьвестках 1932 году аб’ядноўваў 141 гаспадарку, меў 630 га ворнай зямлі. У 1937 годзе ў мястэчку зьявілася МТС. У 1938 годзе статус Мілаславічаў панізілі да вёскі. Таго ж году тут збудавалі новую школу. На 1940 год у вёсцы быў 121 двор. У Другую сусьветную вайну з жніўня 1941 да 27 верасьня 1943 году Мілаславічы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У верасьні 1943 году нацысты забілі 116 жыхароў вёскі.

У 1956 годзе да Мілаславічаў далучылі вёску Атрашэнкава. На 1986 год у Мілаславічах было 293 двары, працавалі дзіцячы сад-ясьлі, сярэдняя школа імя М. Старавойтава, лякарня, бібліятэка, дом культуры, пошта, фэрма буйной рагатай жывёлы, рамонтныя майстэрні, камбінат побытавага абслугоўваньня насельніцтва, гандлёвы цэнтар, аптэка.

На 1998 год у Мілаславічах было 262 двары, на 1999 год — 285, на 2007 год — 258, на 2015 год — 225, на 2020 год — 215. У 2004 годзе па рэстаўрацыі зноў пачала дзейнічаць царква. У 2007 годзе Мілаславічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку». У 2008 годзе тут знайшлі манэтны скарб, датаваны XVIII—XIX стагодзьдзямі (больш за 150 манэт), які перадалі Клімавіцкі краязнаўчы музэй[4].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мілаславічы знаходзяцца на ўсходзе Магілёўскай вобласьці, за 136 км ад Магілёва. Непадалёк праходзіць граніца з Расеяй. Празь вёску цячэ рака Іпуць, прыток Сажа (басэйн Дняпра). Рэльеф раўнінны.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1779 год — 382 чал.; 1784 год — 355 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1858 год — 422 чал.; 1885 год — 490 чал., зь іх 115 юдэяў[5]; 1897 год — 1403 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1561 чал. у мястэчку Мілаславічах і 21 чал. у фальварку Мілаславічах; 1926 год — 1119 чал.[6]; 1940 год — 553 чал.; 1986 год — 767 чал.[7]; 1998 год — 762 чал.[8]; 1999 год — 775 чал.[9]
  • XXI стагодзьдзе: 2007 год — 702 чал.[10]; 2015 год — 632 чал.; 2019 год — 565 чал.; 2020 год — 558 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Мілаславічах працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя школа, лякарня, амбуляторыя, бібліятэка, дом культуры, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект плянаваньня і забудовы Мілаславічаў распрацавалі ў 1985 годзе. Плян прастакутны. Рака падзяляе вёску на паўночную і паўднёвую часткі. У паўночнай частцы ад галоўнай просталінейнай вуліцы на паўночны захад адыходзяць 2 просталінейныя кароткія вуліцы, злучаныя на поўначы крывалінейнай вуліцай з завулкамі. У паўднёвай частцы 2 крывалінейныя вуліцы амаль шыротнай арыентацыі злучаюцца ў цэнтры плыўна выгнутай вуліцай з завулкамі. Забудова двухбаковая, шчыльная, пераважна драўляная сядзібнага тыпу. На галоўнай вуліцы разьмяшчаюцца асноўныя мураваныя грамадзкія будынкі. Частку забудовы складаюць 2-павярховыя 4-кватэрныя дамы. Гаспадарчы сэктар месьціцца на паўночнай і ўсходняй ускраінах.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працуе філія Клімавіцкай лясной гаспадаркі — Мілаславіцкае лясьніцтва.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дом сьвятара

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сядзіба Мяшчэрскіх (XIX — пачатак ХХ ст.)

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu)
  2. ^ Мяцельскі А. Ганна // ВКЛ. Энцыкл. Т. 3. — Менск, 2010. С. 155.
  3. ^ Мяцельскі А. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 23, 2008.
  4. ^ В огороде откопали клад // 7 дней. — 2008. — № 30. — С. 2.
  5. ^ Krzywicki J. Miłosławicze // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 440.
  6. ^ Бянько У. Мілаславічы // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 143.
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 117.
  8. ^ Бянько У. Мілаславічы // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 142.
  9. ^ Бянько У. Мілаславічы // БЭ. Т. 10. — Менск, 2000. С. 369.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 116.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Мілаславічысховішча мультымэдыйных матэрыялаў