Перайсьці да зьместу

Канічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Канічы
лац. Kaničy
Руіны касьцёла
Руіны касьцёла
Першыя згадкі: 1511
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Касьцюковіцкі
Сельсавет: Бялынкавіцкі
Насельніцтва: 274 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2245
Паштовыя індэксы: 213685, 213657
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°17′28″ пн. ш. 32°10′22″ у. д. / 53.29111° пн. ш. 32.17278° у. д. / 53.29111; 32.17278Каардынаты: 53°17′28″ пн. ш. 32°10′22″ у. д. / 53.29111° пн. ш. 32.17278° у. д. / 53.29111; 32.17278
Канічы на мапе Беларусі ±
Канічы
Канічы
Канічы
Канічы
Канічы
Канічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ка́нічы[1] — вёска ў Беларусі, пры ўтоку ракі Сурава ў Беседзь[2]. Уваходзяць у склад Бялынкавіцкага сельсавету Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 274 чалавекі. Знаходзяцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад Касьцюковічаў, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Бялынкавічы (лінія Крычаў — Сураж).

Канічы — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны. Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Сьвятых Анёлаў-Ахоўнікаў і фальварак Цеханавецкіх, помнікі гісторыі і архітэктуры, часткова зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 2 км на ўсход ад Канічаў, на правым беразе ракі Бесядзі, захавалася гарадзішча, якое сьведчыць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці. Першы пісьмовы ўпамін пра Канічы (пад назвай Конічы) у якасьці месца правядзеньня кірмашу коней датуецца 1511 годам[3]. У гэты час вёска ўваходзілася ў склад Алучыцкай воласьці, Амсьціслаўскага княства.

Пад 1708 годам Канічы ўпамінаюцца пад сучаснай назвай. У гэты час яны ўваходзілі ў склад Крычаўскага староства Амсьціслаўскага ваяводзтва. У студзені 1744 году хослаўскі староста Цеханавецкі, якому належалі Канічы, «выганяў 300 людзей» зь вёскі ў дапамогу сялянам, якія штурмавалі Крычаўскі замак (Крычаўскае паўстаньне 1743—1744 гадоў)[2]. У 1756 годзе Канічы ўпамінаюцца ў якасьці мястэчка, што мела забудову з дамамі паабапал вуліцы. У 1783—1786 гадох тут было 16 дамоў. Ужо тады драўляная вуніяцкая царква была настолькі старой, што набажэнствы ў ёй спынілі[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Канічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Амсьціслаўскай правінцыі[4], пазьней у Касьцюковіцкай воласьці Клімавіцкага павету Магілёўскай губэрні[5]. На 1799 год тут было 22 двары.

У 1810 годзе зямянін І. Цеханавецкі заснаваў у фальварку Канічах сукнавальню. Сукно выраблялі з воўны авечак, завезеных на разьвядзеньне з Гішпаніі. У вайну 1812 году францускія войскі разбурылі сукнавальню. У 1828 годзе на адноўленай сукнавальні працавалі 7 майстроў і 38 работнікаў, якія выраблялі ўсё сукно з воўны першага і другога гатункаў на продаж. На 1834 год існавалі аднайменныя мястэчка (50 двароў) і сяло (69 двароў), на 1848 год — 142 двары. У 1850 годзе ў фальварку заснавалі вінакурню, дзе вырабілі 120 704 вядры віна (даход 6705 руб); у 1895 годзе пачала працаваць паравая машына), на 1900 год было 14 работнікаў. У сярэдзіне XIX ст. у Канічах дзеялі мураваны касьцёл і 2 драўляныя царквы. На 1855 год маёнтак быў у валоданьні Ўладзіслава Ціханавецкага (1860—1910) і складаўся з 13 вёсак: 6027 дзесяцінаў зямлі, 2 сукнавальні, 2 карчмы, 2 вадзяныя млыны, 94 крамы і вінакурня.

У 1863 годзе ў Канічах збудавалі драўляную царкву Раства Багародзіцы. На 1880 год у сяле было 128 двароў, дзеялі царква і каталіцкая капліца. 31 двор займаўся адыходным промыслам, прыбытак зь якога складаў 20—40 рублёў. На 1886 год Канічы перасталі быць прыватным уладаньнем і налічвалі 118 двароў. У 1893 годзе ў ходзе хваляваньня сяляне разграмілі маёнтак[2]. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 54 двары, царква, царкоўна-прыходзкая школа, хлебазапасны магазын і карчма, у сяле — 19 двароў, у фальварку — 2 двары, вінакурны завод, вадзяны млын і сунавальня.

3 студзеня 1906 году, у час рэвалюцыі, сяляне зноў разграмілі маёнтак Платона Цеханавецкага[6]. На 1909 год у мястэчку і сяле было 204 двары і 1302 дзесяціны зямлі, працавалі расейскія народная вучэльня і царкоўнапрыходзкая школа, у фальварку — адзін двор. Апошнім уладальнікам фальварку быў Станіслаў Цеханавецкі, які меў 1320 дзесяцінаў зямлі. Працавалі бровар і скарбовая вінная крама[2]. На 1910 год да прыходу царквы Раства Багародзіцы належалі суседнія вёскі Вітунь (цяпер Дзямідавіцкі сельсавет), Геранімаўка, Дзямідавічы, Жабыкі, Малая Антонаўка і Мухаўка (цяпер у складзе вёскі Вітуні)[7].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Канічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня Канічы вярнулі БССР, дзе 20 жніўня яны сталі цэнтрам сельсавету Бялыніцкага раёну Калінінскай акругі. На 1926 год тут было 227 двароў. 4 жніўня 1927 году Канічы ўвайшлі ў склад Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай акругі. У гэты час тут стварылі саўгас, які ўлучылі ў Аршанскі сьвінагадоўчы трэст. Працавалі кузьня, вадзяны млын на рацэ, цагельня, валюшня і вапнавы завод. У 1930 годзе савецкія ўлады стварылі калгас «Чырвоны Кастрычнік»[2]. Таксама да вайны працавалі бровар і 4-клясная школа. Да зьняцьця бальшавікамі купалоў дзеялі касьцёл і царква[8].

У Другую сусьветную вайну ў 1943 годзе нацысты расстралялі ў Канічах 12 мірных жыхароў. Агулам за часамі акупацыі Трэцяга Райху загінулі 145 вяскоўцаў, на ўшанаваньне памяці якіх у 1957 годзе ў сквэры паставілі абэліск. Таксама ў 1956 годзе на вясковых могілках паставілі абэліск пры брацкай магіле савецкіх воінаў і ахвяраў нямецкай акупацыі[2].

На 1986 год у Канічах быў 151 двор, на 2002 год — 186. На 2005 год у вёсцы было 100 двароў, працавалі 2 кароўнікі[9]. На 2011 год у Канічах існавалі аддзел калгасу «Прагрэс», 2 крамы, аўтаматычная тэлефонная станцыя, пошта, клюб, бібліятэка, школа і фэльчарска-акушэрскі пункт[2]. Большасьць вяскоўцаў складалі людзі сталага веку[3].

  • XVIII стагодзьдзе: 1783 год — 86 чал.; 1799 год — 154 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1834 год — 206 чал. у мястэчку Канічах і 380 чал. у сяле Канічах; 1880 год — 902 чал.; 1886 год — 804 чал.; 1897 год — 419 чал. у мястэчку Канічах, 864 чал. у сяле Канічах і 32 чал. у маёнтку Канічах
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1130 чал. (з фальваркам); 1959 год — 714 чал.; 1970 год — 513 чал.; 1986 год — 276 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 441 чал.[10]; 2007 год — 366 чал.[11]; 2010 год — 274 чал.

У Канічах працуюць аддзел мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства, 2 крамы, аўтаматычная тэлефонная станцыя, пошта, клюб, бібліятэка, школа і фэльчарска-акушэрскі пункт[2].

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Раства Багародзіцы (1863 год, драўляная; згарэла ў 2019 годзе)
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu). С. 162.
  2. ^ а б в г д е ё ж Паходжаньне вёсак Касьцюковіцкага раёна і іх гістарычная даведка // Магілёўская абласная бібліятэка, 2011 г. Праверана 29 ліпеня 2015 г.
  3. ^ а б Іванова І. Вёска на палове тысячагодзьдзя // Зьвязда : газэта. — 7 верасьня 2011. — № 170 (27033). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б Мяцельскі А. Канічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 257.
  5. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 803
  6. ^ Данясеньне начальніка Магілёўскага губэрнскага жандармскага ўпраўленьня ў дэпартамэнт паліцыі аб разгроме памешчыцкіх маёнткаў сялянамі ў Касьцюковіцкай воласьці Клімавіцкага павета // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Касьцюковіцкага раёна / рэд. М. Р. Барысаў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Вышэйшая школа, 2000. — С. 83. — 524 с. — 3000 ас. — ISBN 985-06-0588-X
  7. ^ Канічы — царква і праваслаўны прыход Нараджэньня Божай Маці // Radzima.net, 2009 г. Праверана 29 ліпеня 2015 г.
  8. ^ а б Васіль Хомчанка. Крэсла зь гербам і розныя крымінальныя гісторыі // Беларуская Палічка, 2014 г. Праверана 29 ліпеня 2015 г.
  9. ^ а б Ягор Маёрчык. Канічы (фота) // Радыё «Свабода», 27 кастрычніка 2005 г. Праверана 29 ліпеня 2015 г.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 677.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 676.
  12. ^ Юрась Каласоўскі. Вандроўка Магілёўскага ТБМ на крайні ўсход Беларусі // Таварыства беларускай мовы ў Магілёве, 8 сьнежня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2015 г.
  13. ^ Канічы — парафія Анёлаў Ахоўнікаў // Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі, 2012 г. Праверана 29 ліпеня 2015 г.
  14. ^ Ёсьць на Магілёўшчыне касьцёл без імя // Магілёўскі дэканат Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 8 траўня 2014 г. Праверана 29 ліпеня 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]