Перайсьці да зьместу

Забычаньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Забычаньне
лац. Zabyčańnie
Ушэсьценская царква-мураўёўка
Ушэсьценская царква-мураўёўка
Першыя згадкі: 1552
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Касьцюковіцкі
Сельсавет: Забычанскі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2245
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°25′29″ пн. ш. 31°52′54″ у. д. / 53.42472° пн. ш. 31.88167° у. д. / 53.42472; 31.88167Каардынаты: 53°25′29″ пн. ш. 31°52′54″ у. д. / 53.42472° пн. ш. 31.88167° у. д. / 53.42472; 31.88167
Забычаньне на мапе Беларусі ±
Забычаньне
Забычаньне
Забычаньне
Забычаньне
Забычаньне
Забычаньне
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Забыча́ньне[1], Міхалаў — вёска ў Беларусі, на рацэ Жадуньцы. Цэнтар сельсавету Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2007 год — 390 чалавек. Знаходзіцца за 19 км на паўночны захад ад Касьцюковічаў, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Крычаў — Сураж); каля аўтамабільнай дарогі Краснапольле — Хоцімск.

Забычаньне — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны, таксама вядомае пад назвай Міхалаў ў гонар Міхала Казімера Радзівіла.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Забычаньне як сяло ў Крычаўскай воласьці Амсьціслаўскага намесьніцтва датуецца 1552 годам. Паводле інвэнтару Крычаўскага староства 1713 году, у сяле было 3 дымы і 2 валокі зямлі.

14 сакавіка 1714 году канцлер Караль Станіслаў Радзівіл заснаваў у Алучыцкім войтаўстве Крычаўскага староства Амсьціслаўскага ваяводзтва, насупраць Забычаньня мястэчка Міхалаў, названае ў гонар Міхала Казімера Радзівіла, свайго бацькі[2]. Паводле інвэнтару 1727 году, Міхалаў меў Рынак і 2 вуліцы — Крычаўскую і Касцюкоўскую, на якіх разам было 37 дымоў. Існаваў агульны зь вёскай Забычаньнем млын. Такую ж колькасьць дымоў фіксуе інвэнтар мястэчка 1747 году. Апроч таго, у Міхалаве дзеялі царква і сынагога, працавалі 2 бровары; жылі каваль, шавец, 3 краўцы, пекар, 2 бондары, віньнік, шынкар, 3 купцы, 2 пастухі і 2 пушкары[3].

У час Крычаўскага антыфэўдальнага паўстаньня 1743—1744 гадоў у Забычаньні знаходзіўся цэнтар выступленьня. На 1747 год у сяле было 10 двароў, дзеяла царква.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Забычаньне і Міхалаў апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губэрні. Расейскія ўлады перайменавалі мястэчка паводле назвы разьмешчанай побач вёскі. У гэты час тут было 34 двары.

На 1779 год у Забычаньні было 47 двароў, на 1858 год — 52. У 1865 годзе ў мястэчку пачаў працаваць бровар, у 1880 годзе — сукнавальня. Дзеяла расейская школа граматы (у 1893 годзе 17 вучняў). 30 сьнежня 1905 году ў Забычаньні адбыліся сутычкі сялянаў з паліцыяй. У 1909 годзе ў мястэчку 3 разы на год праводзіліся кірмашы.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Забычаньне абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня Забычаньне вярнулі БССР, дзе 20 жніўня яно стала цэнтрам сельсавету ў Касьцюковіцкім раёне. У 1933 годзе ў мястэчку пачала працаваць дашкольная ўстанова. У 1935 годзе Забычаньне электрафікавалі. У 1938 годзе статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з жніўня 1941 да 30 верасьня 1943 году Забычаньне знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

На 1971 год у Забычаньні было 123 двары, на 1997 год — 175, на 2007 год — 154.

  • XVIII стагодзьдзе: 1772 год — 174 чал.; 1779 год — 208 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1858 год — 157 чал.; 1880 год — 276 чал.[4], зь іх 142 праваслаўныя і 134 юдэі[5]
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 322 чал. у мястэчку Забычаньні і 65 чал. у фальварку Забычаньні; 1959 год — 470 чал.; 1971 год — 415 чал.; 1997 год — 442 чал.[6]
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 445 чал.[7]; 2007 год — 390 чал.[8]

У Забычаньні працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя школа, лякарня, бібліятэка, дом культуры, пошта.

Рака падзяляе Забычаньне на заходнюю і ўсходнюю часткі. Плян заходняй часткі складаецца з крывалінейнай вуліцы і завулкаў амаль мэрыдыянальнай арыентацыі. Ува ўсходняй частцы Г-падобны плян. Забудова двухбаковая, шчыльная, драўляная сядзібнага тыпу. Грамадзкія будынкі месьцяцца ў цэнтры ўсходняй часткі. Тут жа знаходзяцца 12 аднапавярховых аднакватэрных мураваных дамоў.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сынагога
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu).
  2. ^ Мяцельскі А. Міхалаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 355.
  3. ^ Мяцельскі А. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Менск, 2008. № 23.
  4. ^ ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 391.
  5. ^ Krzywicki J. Zabyczanie // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 211
  6. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 491.
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 671.
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 670.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]