Тупічэўскі манастыр
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Тупічэўскі манастыр
| |
Тупічэўскі манастыр, аўтэнтычны выгляд
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Амсьціслаў |
Каардынаты | 54°01′16″ пн. ш. 31°44′40″ у. д. / 54.02111° пн. ш. 31.74444° у. д.Каардынаты: 54°01′16″ пн. ш. 31°44′40″ у. д. / 54.02111° пн. ш. 31.74444° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Магілёўская |
Архітэктурны стыль | барока |
Першае згадваньне | 1641 |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Дата скасаваньня | 1918 |
Тупічэўскі манастыр | |
Тупічэўскі манастыр на Вікісховішчы |
Манастыр Сьвятога Духа — помнік архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў у Амсьціславе. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне места, у прадмесьці Тупічэўшчыне. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока. У 1930-я гады савецкія ўлады зруйнавалі манастырскі комплекс.
Комплекс Амсьціслаўскага Тупічэўскага манастыра складаўся з Духаўскай, Мікольскай, Увядзенскай і Прачысьценскай цэркваў, жылых і гаспадарчых пабудоваў. Да нашага часу захаваліся падмуркі, фрагмэнты агароджы, брамаў і капліцаў. Частку тэрыторыі манастыра займаюць будынкі маслазавода.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1641 годзе каля Амсьціслава, ва ўрочышчы Тупічэўшчыне, браты Маскевічы заснавалі мужчынскі манастыр. 1 кастрычніка 1645 году адбылося асьвячэньне драўлянай царквы Зыходжаньня Сьвятога Духа. У манастыры захоўваўся цудоўны абраз Тупічэўскай Маці Божай.
Манастыр падтрымлівалі маскоўскія гаспадары — Пётар I і Ганна Іванаўна далі яму ахоўныя граматы. У 1724 годзе Ўрадавы сынод Расейскай імпэрыі дазволіў манастыру зьбіраць ахвяраваньні ў Маскоўскай дзяржаве. У 1771 годзе згарэла брацкая Прачысьценская царква, замест якой таго ж году збудавалі царкву Ўвядзеньня Багародзіцы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр не зьмяніў свайго статусу, аднак ў 1842 годзе яго прыпісалі да Амсьціслаўскага Мікольскага манастыра. У 1877 годзе манахаў перавялі ў будынкі былога кляштару кармэлітаў у Бялынічах.
У 1886 годзе манастыр аднавілі ў старых будынках як жаночы і прыпісалі да Мазалаўскага манастыра, у 1903 годзе ён зноў стаў самастойным. У 1891—1895 гадох збудавалі мураваную Прачысьценскую царкву. У 1898 годзе Ўвядзенскую царкву перабудавалі. У канцы XIX ст. пры манастыры дзеяла расейская царкоўнапрыходзкая школа, шпіталь і амбуляторыя.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1918 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр. У 1930-я гады будынкі зруйнавалі[1].
У 1959 годзе на тэрыторыі манастыра збудавалі маслазавод.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Царква Зыходжаньня Сьвятога Духа — крыжова-купальны храм (25×25 м) на каменным падмурку, абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і сьветлавы барабан над сяродкрыжжам завяршаліся купаламі-банямі. Спачатку мела гонтавы гонтавы дах, з канца XIX ст. — бляшаны. Унутры царкву ўпрыгожвала размалёўка дрэвам на біблейскія і эвангельскія сюжэты (73 кампазыцыі): у цэнтральным аб’ёме кампазыцыі «Раство Багародзіцы», «Увядзеньне ў храм», «Заручыны Марыі», «Прачыстая», «Нараджэньне Хрыста» і інш., у алтары — «Тайная вячэра», у бабінцы — сцэны з старога запавету і мук розных сьвятых. Галоўны і бакавы іканастасы аздабляла дэкаратыўная разьба і пазалота.
Царква Сьвятога Мікалая — драўляны будынак (9×8 м) на другім ярусе надбрамнай званіцы.
Царква Ўвядзеньня Багародзіцы — драўляны на каменным падмурку, прастакутны ў пляне (каля 12×7 м) купальны будынак. У канцы XIX ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Унутры царква мела атынкаваныя сьцены, ўпрыгожаныя арнамэнтам і размалёўкай на рэлігійныя сюжэты.
Царква Прачыстай Багародзіцы — мураваны крыжова-купальны храм з званіцай над бабінцам, завершаны купалам на сьветлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы[2].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1880—1899 гг.
-
1880—1899 гг.
-
1911 г.
-
1911 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1895 г.
-
1906 г.
-
1907 г.
-
1907 г.
-
1909 г.
-
1912 г.
-
1912 г.
-
1912 г.
-
1912 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
1941—1944 гг.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ярашэвіч А. Тупічэўскі Святадухаўскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 676.
- ^ Чарняўская Л., Трусаў А., Якімовіч Ю. Мсціслаўскі Тупічоўскі манастыр // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 353.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0