Перайсьці да зьместу

Пётар (апостал)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сьвяты Пётра»)
Сьвяты Пётар
Сьвяты Пётар, Рубэнс
Сьвяты Пётар
Сьвяты
Нарадзіўся 1 да н. э.[1]
Памёр каля 67 г.
Рым
Шануецца усімі хрысьціянскімі цэрквамі, шануецца ў ісламе
У ліку апосталаў
Галоўная сьвятыня Сабор Сьвятога Пятра
Дзень памяці 29 чэрвеня (заходнія цэрквы)
12 ліпеня (усходнія цэрквы)
Атрыбуты ключы ад раю
Працы Першае пасланьне Пятра
Другое пасланьне Пятра
Падзьвіжніцтва апостальская пропаведзь

Сьвяты Пётар, Сымон Пётар (па-грэцку: Απόστολος Πέτρος) — адзін з 12 апосталаў — першых вучняў Ісуса Хрыста, першы рымскі біскуп. Пятра лічаць за сьвятога католікі, праваслаўныя й інш. хрысьціяне. Мусульмане-шыіты лічаць, што Сымон-Пётар (Шамаон) быў абраны богам у намесьнікі Ісусу (Ізе).

Як паведамляюць эвангелісты, ён быў рыбаком на імя Сымон, выхадцам з галілейскага гораду Бэтсаіды, і даводзіўся братам апостала Андрэя Першазванага. Пачуўшы ад свайго брата пра назарэцкага прапаведніка Ісуса, ён пасьпяшаўся ўбачыць яго й, па сьцьверджаньню Эвангельля паводле Мацьвея, першым абвясьціў Ісуса мэсіяй (Хрыстом). За гэта Ісус назваў яго каменем (па-грэцку Петра), на якім будзе ўзьведзеная хрысьціянская царква. Стаўшы актыўным пасьлядоўнікам Хрыста, адным з дванаццаці абраных ім пасланьнікаў-апосталаў, Пётр аддаўся місіянэрскай дзейнасьці, пропаведзі веравучэньня на прасторах ад Бабілёну да Рыму, дзе яго разам зь іншым апосталам, Паўлам, напаткала пакутніцкая сьмерць праз расьпяцьце ўніз галавою на крыжы ў часы панаваньня рымскага імпэратара Нэрона не пазьней за 68 год (паводле адных зьвестак 13 кастрычніка 64, паводле іншых — 29 чэрвеня 69).[2]

Перш чым стаць адным з галоўных прапаведнікаў новага веравызнаньня, Пётар у самы рашучы момант тройчы адмовіўся ад свайго настаўніка, хоць за некалькі дзён перад гэтым кляўся, што гатовы за яго жыцьцё ахвяраваць сваім жыцьцём. Паводле эвангельляў, ён горка перажываў сваю здраду настаўніку, і таму Хрыстос, пасьля свайго ўваскрашэньня, дараваў яму яго адступніцтва. Пётар, паводле царкоўнага паданьня, адыграў вялікую ролю ў разьвіцьці раньняга хрысьціянства, бо, спачатку стаўшы біскупам Антыёхіі, потым стаўшы рымскім біскупам, на працягу 25 гадоў узначальваў хрысьціянскую царкву ў Рыме й прыняў там пакутніцкую сьмерць на крыжы. Сучасная каталіцкая традыцыя лічыць яго першым рымскім папам. Пяру апостала Пятра прыпісваецца аўтарства двух саборных пасланьняў, якія ўключаныя ў кнігу Францішка Скарыны «Апостал».[2]

Лічыцца, што Пётар пахаваны ў пячорах, над якімі зараз Сабор Сьвятога Пятра ў Ватыкане (або каля Апіевай дарогі), але беспасьпяховасьць археалягічных раскопак спарадзіла сумневы ў сапраўднасьці зьвестак пра месца яго пахаваньня[3].

Сапраўднае імя Шымон (па-габрэйску: שמעון — «слухаючы і пачуўшы»). Ад Ісуса атрымаў мянушку Кефас (па-арамэйску: כיפא — камень, скала). Пры перакладзе на грэцкую мову, часьцінка скалы ці галька — Пэтра (Πέτρα), слова жаночага роду. Сьвяты Мацьвей, а за ім сьвятыя Марк, Лука й Ян у сваіх Эвангельлях выправілі жаночы род на мужчынскі, атрымалася Пэтрас (Πέτρος) — на лацінскай мове Petrus. Гэтак атрымалася Пётар ці Сымон-Пётр, у мусульманаў — Шамаон бэн Ёнах.

  1. ^ http://timeline.biblehistory.com/event/peter
  2. ^ а б Скарына Ф.: Творы… С. 178.
  3. ^ Выдающиеся портреты античности…
  • Гергей Е. История папства = A papasag tortenete / Пер. с венг. О. В. Громова. — М.: Республика, 1996. — 463 с.;
  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 207 с. — 4250 ас. — ISBN 5-343-00151-3
  • Хафнер Г. Выдающиеся портреты античности : 337 портретов в слове и образе / Пер. с нем. В. А. Сеферьянц. — М.: Прогресс, 1984. — 311 с.