Эспэранта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эспэранта
Сьцяг эспэранта Сымбаль стогадовага юбілею эспэранта
Арыгінальная назва: Esperanto
Створаны: Людвік Замэнгоф
Рэгулюецца: Акадэмія Эспэранта
Агульная колькасьць носьбітаў: Родная — каля 200—2000;
бегла — ад 100 тыс. да 2 млн[1]
Тып пісьма: альфабэт на аснове лацінскага
Моўныя коды
ДАСТ 7.75–97: эсп 845
ISO 639-1: eo
ISO 639-2: epo
ISO/DIS 639-3: epo
Гл. таксама:
Штучныя мовы

Эспэра́нта (саманазва: Esperanto) — міжнародная, штучная (пабудаваная) мова, найбольш пасьпяховая і пашыраная сярод усіх штучных моваў. Была распачатая Людвікам Замэнгофам у 1887. Назва яе паходзіць ад псэўданіму «doktoro Esperanto» (той, хто спадзяецца), пад якім быў апублікаваны першы падручнік. Аўтар спадзяваўся на тое, што гэтая мова будзе добрым сродкам для паразуменьня ўсіх народаў. Мэта эспэранта — стаць не адзінай, а другой, дадатковай (пасьля роднай) і дапаможнай у зносінах зь іншымі людзьмі. Колер надзеі — зялёны, яго маюць сымбалі эспэранта: зорка і сьцяг.

У наш час гэтая мова ўжываецца ў шматлікіх сфэрах чалавечага жыцьця, найперш у турызьме, ліставаньнях, культурным і літаратурным абмене, пры навучаньні мовам. Акрамя перакладной, эспэранта мае арыгінальную літаратуру, пэрыядычныя выданьні, музыкальныя творы, радыёперадачы, існуюць грамадзкія і прафэсійныя арганізацыі, праводзяцца курсы мовы.

Лінгвістычная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фаналёгія эспэранта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зычныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

губна-губныя губна-зубныя Альвэалярныя Постальвэалярныя Палятальныя Велярныя Глётальныя
Насавыя m n
Выбухныя p, b t, d k, g
Афрыкаты t͡s d͡z t͡ʃ, d͡ʒ
Фрыкатыўныя f, v s, z ʃ, ʒ x h
Дрыжачыя r
Апраксыманты i j

Галосныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пярэдняга шэрагу Задняга шэрагу
Верхняга ўздыму i u
Сярэдняга ўздыму e o
Задняга ўздыму a

Альфабэт, чытаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альфабэт мовы пабудаваны на аснове лацінскага. У ім 28 літараў: A, B, C, Ĉ, D, E, F, G, Ĝ, H, Ĥ, I, J, Ĵ, K, L, M, N, O, P, R, S, Ŝ, T, U, Ŭ, V, Z, якія адпавядаюць 28 гукам — пяці галосным, двум паўгалосным і 21 зычнаму. У альфабэце літары называюцца так: зычныя — зычны+о, галосныя — проста галосны:

  • A — a
  • B — bo
  • C — co

і г. д.

Кожнай літары адпавядае адзін гук (фанэматычнае пісьмо). Чытаньне літараў не залежыць ад яе становішча ў слове. Націск заўсёды падае на перадапошні склад.

Пра вымаўленьне большай часткі гукаў магчыма здагадацца без спэцыяльнай падрыхтоўкі (M, N, K і інш.), вымаўленьне іншых трэба запомніць:

  • C (co) вымаўляецца як ц
  • Ĉ (ĉo) як ч
  • G (go) заўсёды чытаецца як г
  • Ĝ (ĝo) — афрыката, вымаўляецца як джь.
  • H (ho) вымаўляецца як глухі водгук (па-ангельску: h), зрэдку, як украінскае ці беларускае г.
  • Ĥ (ho) як х.
  • J (jo) — як й
  • Ĵ (Ĵo) — як ж
  • L (lo) — нэўтральнае л (шырокія межы гэтай фанэмы дазваляюць вымаўляць яе як «мяккую л»).
  • Ŝ (ŝo) — як ш
  • Ŭ (ŭo) — адпавядае ангельскаму w ці беларускаму ў. Гэта літара зьяўляецца паўгалоснай, склад не ўтварае, сустракаецца практычна ў злучэньнях «eŭ» ці «aŭ».

Аўдыё Прыклад вымаўленьня (малітва "Ойча наш") 

Набор дыякрытыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спэцыфічныя літары эспэранта з надрадковымі знакамі (дыякрытыкай) сярод стандартных шматмоўных раскладак, даступных для распаўсюджаных апэрацыйных сыстэм, могуць быць атрыманыя пры дапамозе націсканьня на адпаведную літару пасьля мёртвай клявішы ў канадзкай раскладцы, таксама існуе шмат спэцыяльных праграмаў для хуткага набору гэтых літараў (Ek![2]); макрасы для Microsoft Word. Існуюць раскладкі пад Linux: у прыватнасьці, у стандартных варыянтах Ubuntu і Mandriva Linux.

Большасьць сайтаў Інтэрнэту (уключаючы і разьдзел Вікіпэдыі на эспэранта) аўтаматычна пераўтварае сымбалі з набранымі ў постпазвцыі іксамі (ікс не ўваходзіць ў альфабэт эспэранта, і можа разглядацца як службовы сымбаль) у сымбалі з дыякрытыкай (напрыклад са злучэньня jx атрымліваецца ĵ). Аналягічныя сыстэмы набору сымбаляў з дыякрытыкай (дзьве пасьлядоўна нажатыя клявішы набіраюць адзін знак) існуюць і для іншых моваў — напрыклад, у «канадзкай шматмоўнай» раскладцы для набору францускай дыякрытыкі.

Таксама можна карыстацца клявішай Alt і лічбамі (на лічбавай клявіятуры). Спачатку пішуць адпаведную літару (напрыклад C для Ĉ), потым націскаюць Alt і набіраюць 770, і над літарай зьяўляецца цыркумфлекс. Калі ж набраць 774, то зьявіцца знак для ŭ.

У якасьці замены дыякрытыкі таксама выкарыстоўваецца літара h (дадзены спосаб зьяўляецца «афіцыйнай» заменай дыякрытыкі, паколькі ён прапанаваны ў «Асновах эспэранта»: «Тыпаграфіі, якія не маюць літар ĉ, ĝ, ĥ, ĵ, ŝ, ŭ могуць у першы час выкарыстоўваць ch, gh, hh, jh, sh, u»[3]), але гэты спосаб робіць артаграфію нефанэматычнай і абцяжарвае аўтаматычную сартыроўку і перакадыраваньне. З распаўсюджваньнем Юнікоду гэты спосаб (як і іншыя, узору дыякрытыкі ў постпазыцыі — g'o, g^o і падобныя) сустракаюцца ў тэкстах усё радзей.

Лексыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпіс Сўодэша для эспэранта
Эспэранта Беларуская
1 mi я
2 ci (vi) ты
3 li ён
4 ni мы
5 vi вы
6 ili яны
7 tiu ĉi гэты, гэта
8 tiu той, та, тое
9 tie ĉi тут
10 tie там
11 kiu хто
12 kio што
13 kie дзе
14 kiam калі
15 kiel як
16 ne не
17 ĉio,ĉiuj усё, усе
18 multaj, pluraj
19 kelkaj, kelke некалькі
20 nemultaj.nepluraj нешматлікія
21 alia другі, іншы
22 unu адзін
23 du два
24 tri тры
25 kvar чатыры
26 kvin пяць
27 granda вялікі
28 longa доўгі
29 larĝa шырокі
30 dika тоўсты
31 peza цяжкі
32 malgranda маленькі
33 mallonga (kurta) кароткі
34 mallardĝa вузкі
35 maldika тонкі, худы
36 virino жанчына
37 viro мужчына
38 homo чалавек
39 infano дзіця
40 edzino жонка
41 edzo муж
42 patrino маці
43 patro бацька
44 besto жывёла
45 fiŝo рыба
46 birdo птушка
47 hundo сабака
48 pediko блыха
49 serpento зьмяя
50 vermo чарвяк
51 arbo дрэва
52 arbaro лес
53 bastono кій, прут
54 frukto плод, садавіна
55 semo семя
56 folio ліст
57 radiko корань
58 ŝelo кара
59 floro кветка
60 herbo трава
61 ŝnuro вяроўка
62 haŭto скура
63 viando мяса
64 sango кроў
65 osto костка
66 graso тлушч
67 ovo яйка
68 korno рог
69 vosto хвост
70 plumo пяро
71 haroj валасы
72 kapo галава
73 orelo вуха
74 okulo вока
75 nazo нос
76 buŝo рот, вусны
77 dento зуб
78 lango язык
79 ungo ногаць
80 piedo ступня, нага
81 gambo нага
82 genuo калена
83 mano рука, далонь
84 flugilo крыло
85 ventro жывот
86 tripo вантробы
87 gorĝo горла, шыя
88 dorso сьпіна (хрыбет)
89 brusto грудзі
90 koro сэрца
91 hepato пячонка
92 trinki піць
93 manĝi есьці
94 mordi грызьці, кусаць
95 suĉi смактаць
96 kraĉi пляваць
97 vomi ванітаваць
98 blovi дзьмуць
99 spiri дыхаць
100 ridi сьмяяцца

Большая частка слоўніку складаецца з раманскіх і германскіх каранёў, а таксама з інтэрнацыяналізмаў лацінскага і грэцкага паходжаньня. Ёсьць невялікая колькасьць асноваў запазычаных з славянскіх (польская і расейская) моваў ці празь іх пасярэдніцтва. Словы, якія пазычаюцца, прыстасоўваюцца да фаналёгіі эспэранта і запісваюцца фанэматычным альфабэтам (гэта значыць, зыходная артаграфія мовы-крыніцы не захоўваецца).

  • Пазычаньні з францускай: пры ўзяцьці слова з францускай мовы ў большасьці словаў адбыліся рэгулярныя гукавыя зьмены (напрыклад /ш/ перайшло ў /ч/). Шмат якія дзеяслоўныя формы эспэранта ўзятыя менавіта з францускай мовы: (iri — ісьці, maĉi — жаваць, marŝi — шагаць, kuri — бегчы, promeni — прагульвацца і інш.).
  • Пазычаньні з ангельскай мовы: у час заснаваньня эспэранта як міжнароднага праекту ангельская мова ня мела свайго сёньняшняга распаўсюджаньня, таму ангельская лексыка даволі бедна прыведзеная ў асноўным слоўнікавым складзе эспэранта (fajro — агонь, birdo — птушка, jes — так і некаторыя іншыя словы). Але ў апошні час, у слоўнік эспэранта ўвайшло некалькі інтэрнацыянальных англіцызмаў, такіх як bajto — байт (але таксама bitoko, літаральна — біт-васьмёрка), blogo — блог, defaŭlte — па змаўчаньні, manaĝero — мэнэджар і інш.
  • Пазычаньні зь нямецкай: у асноўны слоўнікавы склад уваходзяць такія нямецкія асновы як nur — толькі, danko — падзяка, ŝlosi — замыкаць, morgaŭ — заўтра, tago — дзень, jaro — год і інш.
  • Пазычаньні з славянскіх моваў: klopodi — клапатаць, kartavi — картавіць, krom — акрамя і інш.

Агулам, лексычная сыстэма эспэранта выяўляе сябе як аўтаномная, якая неахвотна запазычвае асновы. Для новых паняцьцяў звычайна ствараецца новае слова з ужо існых у мове элемэнтаў, чаму садзейнічаюць разнастайныя магчымасьці словаўтварэньня. Яскравым прыкладам тут можа быць параўнаньне зь беларускай мовай:

  • анг. site, бел. сайт, эсп. paĝaro;
  • анг. printer, бел. прынтэр, эсп. printilo
  • англ. browser, бел. браўзэр, эсп. retumilo, krozilo
  • анг. internet, бел. інтэрнэт, эсп. interret.

Такая асаблівасьць мовы дазваляе зьвесьці да мінімуму колькасьць каранёў і афіксаў, неабходных для валоданьня мовай.

У размоўным эспэранта ёсьць тэндэнцыя да замены словаў лацінскага паходжаньня словамі, створанымі з эспэранта-каранёў паводле апісальнага прынцыпу (паводка — altakvaĵo замест слоўнікавага inundo, залішні — troa замест слоўнікавага superflua як у прыказцы la tria estas superflua — трэці лішні і г. д.).

Граматыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граматыку эспэранта магчыма выкласьці ў выглядзе 16 правілаў без выключэньняў (менавіта ў выглядзе 16 правілаў быў выдадзены першы падручнік мовы), для напісаньня выкарыстоўваецца фанэматычны альфабэт (гэта значыць з аднасэнсоўным двухбаковым адпавяданьнем напісаньня й вымаўленьня словаў) на лацінскай аснове. Мова адрозьніваецца рэгулярнасьцю: кожная асноўная частка мовы мае свой канчатак: напрыклад, у назоўнікаў, у прыметнікаў, у дзеясловаў у нявызначанай форме,  — у вытворных прыслоўяў

Дзеяслоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сыстэме эспэранта-дзеяслову тры часы:

  • мінулы (фармант -is): mi iris — я ішоў, li iris — ён ішоў
  • цяперашні (-as): mi iras я іду li iras ён ідзе
  • будучы (-os): mi iros я пайду, li iros ён пойдзе.

Ва ўмоўным ладзе дзеяслоў мае толькі адну форму (mi irus я пайшоў бы). Загадны лад утвараецца пры дапамозе фарманту -u: iru! ідзі!. Паводле гэтай парадыгмы спрагаецца нават дзеяслоў «быць» (esti) які нават у некаторых штучных мовах бывае «няправільным» (увогуле, парадыгма спражэньняў эспэранта ня мае выключэньняў).

Склоны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сыстэме склонаў маецца ўсяго два склоны: назоўны (намінатыў) і вінавальны (акузатыў). Астатнія адносіны перадаюцца пры дапамозе разнастайнай сыстэмы прыназоўнікаў зь фіксаваным сэнсам. Назоўны склон не маркіруецца асаблівым канчаткам (vilaĝo — вёска), паказчыкам -n (vilaĝon — вёску).

Вінавальны склон (як і ў беларускай мове) выкарыстоўваецца таксама для вызначэньня кірунку: en vilaĝo — у вёсцы en vilaĝon — у вёску, post krado за краты post kradon — за кратамі.

Лікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У эспэранта два лікі: адзіночны і множны. Адзіночны не маркіруецца (infano — дзіця), а множны маркіруецца паказчыкам множнасьці -j: infanoj — дзеці. Тое ж самае і для прыметнікаў — прыгожы — bela, прыгожыя — belaj. Калі адначасова выкарыстоўваецца вінавальны склон і множны лік, паказчык множнасьці ставіцца ў самым пачатку: «прыгожых дзяцей» — belajn infanojn.

Род[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граматычнай катэгорыі роду ў эспэранта няма. Маюцца займеньнікі li — ён, ŝi — яна, ĝi — яно (для неадушаўлённых назоўнікаў, а таксама жывёл у выпадках, калі плоць невядомая ці ня мае значэньня).

Дзеепрыметнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Час/Стан Сапраўдны стан Залежны стан
Мінулы час -int- -it-
Цяперашні час -ant- -at-
Будучы час -ont- -ot-

Дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі ўтвараюцца шляхам даданьня суфіксу да асновы дзеяслову: для дзеепрыметнікаў — -а, а для дзеепрыслоўяў — -е, для субстанаваных дзеепрыметнікаў — -о. Такім чынам, дзеепрыслоўі маюць тыя ж формы і спосабы іх утварэньня, што і прыметнікі, дзепрыслоўі — што і прыслоўі. Тут прыведзена табліца суфіксаў.

Ступені параўнаньня дзеепрыметнікаў і прыметнікаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ступені параўнаньня перадаюцца дадатковымі словамі. Вышэйшая ступень — pli — больш, malpli — менш, найвышэйшая ступень — la plej — самы.

Прыклад:

  • важны — grava
  • важней — pli grava
  • самы важны — la plej grava

Сыстэма словаўтварэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мова мае некалькі дзясяткаў прыставак і суфіксаў, якія маюць пастаянны сэнс і дазваляюць утвараць зь нешматлікай колькасьці каранёў мноства новых словаў.

Некаторыя суфіксы:

  • -et- — памяньшальны суфікс,
  • -eg- — павелічальны суфікс,
  • -ar- — суфікс, які абазначае шмат рэчаў,
  • -il- — суфікс, які абазначае інструмэнт,
  • -ul- — суфікс чалавека, істоты,
  • -i- — сучасны суфікс, які абазначае краіны,
  • -ej- — суфікс месца

Пры дапамозе гэтых суфіксаў магчыма ад каранёў arb-, dom-, skrib-, bel-, rus-, kuir- (дрэў-, дом-, піс-, прыгож-, рус-, вар-) утварыць словы:

  • arbeto — дрэўца;
  • arbaro — лес;
  • domego — вялікі дом;
  • skribilo — ручка (ці аловак);
  • belulo — прыгажун;
  • Rusio — Расея;
  • kuirejo — кухня.

Таксама, ёсьць суфіксы, якія дазваляюць утвараць ад назваў рэчаў і рэчываў назвы ёмістасьцяў для іх (inko — чарнілы, inkujo — чарнільніца), частку цэлага (-er-), рэч; ёсьць прыстаўкі са значэньнямі: сваяцтва праз шлюб (bo-), абедзьве плоці (ge-), антонім да дадзенага слова (mal-).

Карэлятыўныя займеньнікі і займеньнікавыя прыслоўі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ адна зручная сыстэма ў эспэранта прапануе сувязь займеньнікаў і асобных прыслоўяў пры дапамозе іх падзелу на структурныя элемэнты: з 5 тыпаў сказаў і 10 прыслоўяў простым зьліцьцём атрымліваецца 50 словаў.

Пытаньне Паказчык Нявызначанасьць Усё Ніхто
ki- ti- i- ĉi- neni-
Якасьць -a kia -які tia — такі ia — нейкі ĉia — усякі nenia — ніякі
Прычына -al kial — чаму tial — таму ial — таму што ĉial — з усіх прычынаў nenial — ні зь якой прычыны
Час -am kiam — калі tiam — тады iam — некалі ĉiam — заўсёды neniam -ніколі
Месца -e kie — дзе tie — тут ie — там ĉie — паўсюль nenie — нідзе
Спосаб -el kiel — як tiel — так iel — неяк ĉiel — усяляк neniel — ніяк
Уладальнік -es kies — чый ties — яго, таго ies — некага, нечы ĉies — агульны nenies — нічый
Рэч -o kio — што tio — то, гэта io — нешта ĉio -усё nenio — нішто
Колькасьць -om kiom — колькі tiom — столькі iom — некалькі ĉiom — уся колькасьць neniom — ніколькі
Індывід -u kiu — хто, які tiu — той iu — нехта, якісьці ĉiu — кожны, усякі neniu — ніхто

Уплыў славянскіх моваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы падручнік эспэранта быў апублікаваны ў Варшаве ў 1887 годзе
Твор Л. Н. Талстога «Дзе любоў, там і Бог» у перакладзе на эспэранта. Выданьне «Посредника» выданьня талстоўцаў 1912 году

Стваральнік эспэранта Л. Заменгоф вольна гаварыў на некалькіх мовах, дзьве зь якіх былі славянскімі (расейская і польская). Сярод першых перакладаў, заклаўшых асновы літаратурнага стылю эспэранта, былі творы расейскіх пісьменьнікаў: «Рэвізор» Гогаля, «Завея» Пушкіна, «Княжна Мэры» Лермантава і інш.

Што тычыцца славянскага ўплыву на фаналягічным узроўні можна сказаць, што ў эспэранта няма ніводнай фанэмы, якой не было б у расейскай ці ў польскай мовах. Альфабэт эспэранта нагадвае чэскі, славацкі, харвацкі, славенскі альфабэты (адсутнічаюць сымбалы q, w, x актыўна выкарыстоўваюцца сымбалі з дыякрытыкай: ĉ, ĝ, ĥ, ĵ, ŝ і ŭ).

У лексыцы за выключэньнем словаў, якія абазначаюць чыста славянскія рэаліі (barĉo — боршч і інш.), з 2612 каранёў, пададзеных «Universala Vortato» (1894), толькі 29 маглі быць узятыя з расейскай ці польскай мовы. Але славянскі ўплыў у лексыцы праяўляецца ў актыўным ужываньні прыназоўнікаў у якасьці прыставак (напрыклад sub — пад, auskulti — слухаць subaŭskulti — падслухоўваць). Падваеньне асноваў ідэнтычна такому ў расейскай мове: plen-plena — полным-полно, finfine — в конце концов. Асобныя славянізмы першых гадоў існаваньня эспэранта былі нівэляваныя: напрыклад, дзеяслоў elrigardi (el-rigard-i) — выглядаць быў заменены новым — aspekti.

У сынтаксісе асобных прыназоўнікаў і злучнікаў захоўваецца славянскі ўплыў, які раней быў яшчэ большым (kvankam teorie…sed en la praktiko… — хаця ў тэорыі…, але на практыцы…). Паводле славянскай мадэлі ажыцьцяўляецца і ўзгадненьне часоў (Li diris, ke li jam faris tion — Ён сказаў, што ўжо зрабіў гэта, Li diris, ke li estos tie — Ён сказаў, што будзе там).

Можна сказаць, што ўплыў славянскіх моваў (найперш расейскай) на эспэранта значна мацнейшы, чым гэта прынята лічыць, і пераўзыходзіць уплыў раманскіх і германскіх моваў. Сучаснае эспэранта пасьля «расейскага» й «францускага» пэрыядаў уступіла ў гэтак званы «міжнародны» пэрыяд, калі асобныя этнічныя мовы ўжо не аказваюць значнага ўплыву на яе далейшае разьвіцьцё[4][5].

Навукова-тэхнічная тэрміналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуюць дзясяткі галіновых аб’яднаньняў эспэрантыстаў. Так, станам на красавік 2013 году ў UEA (Сусьветнай асацыяцыі эспэрантыстаў) уваходзілі як калектыўныя чальцы 63 галіновых аб’яднаньняў. Большасьць з гэтых аб’яднаньняў вядзе й дапаўняе тэрміналягічныя слоўнікі ў сваёй галіне. Амаль усе слоўнікі выкладзены ў інтэрнэт і рэгулярна абнаўляюцца пры вольным, бясплатным доступе. Важнейшыя галіны (напрыклад, інфарматыка, фізыка, электроніка) маюць па некалькі вэрсіяў слоўнікаў, якія вядуць розныя калектывы.

Як і ў эспэранта ўвогуле, у тэрміналёгіі таксама прымаюцца меры для пазбаўленьня ад двухсэнсоўнасьцяў. Напрыклад, момант часу вызначаецца словам momento. Але фізычныя велічыні вярчальнага руху, які ня маюць вымернасьці часу — момант інэрцыі, момант імпульсу — вызначаюцца словам momanto.

Гісторыя, эвалюцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Людвік Замэнгоф
Шыльда на доме ў Горадні, дзе жыў Людвік Замэнгоф

Замэнгоф нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Беластоку — шматнацыянальным месьце, і менавіта канфлікты паміж прадстаўнікамі розных нацыяў падштурхнулі яго да ідэі міжнароднай мовы. Ён марыў і спадзяваўся, што агульная для ўсяго чалавецтва мова дапаможа вырашыць усе праблемы варожасьці паміж людзьмі. Ён вывучыў шэраг нацыянальных моваў, а таксама лацінскую, але прыйшоў да высновы, што яны ня здольныя дапамагчы, таму што залішне складаныя для вывучэньня і ўжываньня. Тады ён вырашыў стварыць штучную мову.

Будуючы мову, Замэнгоф выбраў зь вядомых яму моваў найбольш агульныя, карысныя ўласьцівасьці, ня толькі словы, але й структуру мовы. Базавы слоўнік складаецца з каранёў індаэўрапейскіх моваў. Граматыка простая, вымаўленьне амаль фанэтычнае (адна фанэма — адна літара), слоўваўтварэньне лягічнае і дае багатыя магчымасьці, што дазваляе пазьбегнуць завялікага слоўніка.

Перад тым, як апублікаваць вынікі сваёй працы, Замэнгоф доўга выпрабоўваў усе элемэнты, правяраў здольнасьці выражаць розныя стылі, формы. Ён перакладаў і прозу, і паэзію, ствараў арыгінальныя творы. У 1887 выйшала першая кніга: «Lingvo internacia. Antaŭparolo kaj plena lernolibro» (Міжнародная мова. Прадмова і поўны падручнік). Мова пачала пашырацца, ствараліся гурткі, арганізацыі, выдаваліся газэты.

У 1905 у францускім горадзе Булёнь-сюр-Мэр адбыўся першы ўсясьветны кангрэс эспэранта. Ён быў важны як дэманстрацыя, што мова пасьпяхова функцыянуе як сродак зносінаў паміж людзьмі розных народаў. На гэтым кангрэсе адбылося прыняцьце «Дэклярацыі эспэранта», дзе былі абазначаныя мэты эспэранцкага руху, а таксама зацьверджаны шлях разьвіцьця мовы: адзіная абавязковая і нязьменная база мовы ёсьць «Fundamento de Esperanto» (Фундамэнт мовы). Галоўны прынцып: мова можа зьмяняцца, пашырацца, разьвівацца, але ня згодна рашэньню нейкіх арганізацыяў, уладаў ці аўтарытэтаў, а ў выніку рэальнага ўжываньня ўсімі яе карыстальнікамі. Пры гэтым у яе ядро (фундамэнт) ніхто, нават сам аўтар, ня мае права ўносіць ніякія зьмены. Больш таго, Замэнгоф адмовіўся ад усіх правоў на гэтую мову: эспэранта належыць яе карыстальнікам, чалавецтву. Менавіта гэта лічыцца адным з галоўных посьпехаў мовы ў параўнаньні зь іншымі штучнымі мовамі і праектамі моваў, якія перажылі шматлікія рэформы, удасканаленьні, зьмены.

Эспэранта таксама зазнала шэраг рэформаў, расколаў. Найбольш небясьпечным было стварэньне мовы іда ў 1907, калі амаль 10% эспэрантыстаў пакінулі эспэранта на карысьць іда. Значную шкоду эспэранта-руху нанесьлі першая і другая сусьветныя войны. Але мова вытрымала ўсе выпрабаваньні і дайшла да нашых дзён у непарушаным стане. Гэта не азначае, што яна не зьмянілася, разьвіцьцё мовы адбываецца пастаянна. Але яе аснова засталася нязьменнай.

Эвалюцыя эспэранта адбываецца ў многіх галінах мовы:

  • фанэтычныя — гук ĥ (x) замяняецца на k (к) ці часам ĉ (ч);
  • марфалягічныя — зьяўленьне новых марфэм, напрыклад суфікс -i- (замест фундамэнтальнага -uj-) у назвах краінаў;
  • лексычныя — пашырэньне слоўніка, шляхам запазычаньня зь іншых моваў і стварэньня ўласных словаў;
  • зьмяняецца ўжываньне прыназоўнікаў, суфіксаў;
  • і інш.

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг эспэранта
Юбілейны сымбаль эспэранта

У сучасным сьвеце, калі ўсё больш увагі надаецца правам меншасьцяў, і моўнай разнастайнасьці, таксама часьцей зьвяртаюцца і да ідэі міжнароднай мовы. Недзяржаўныя арганізацыі і асацыяцыі настойваюць, каб дыскусіі пра міжнародную мову праводзілі ААН і Эўрапейскі зьвяз. Сярод вядомых людзей, якія цікавяцца ці цікавіліся эспэранта, ёсьць ляўрэат Нобэлеўскай прэмііі Рэінхарт Сэлтэн, чэмпіёнка сьвету па шахматах Юдыт Полгар, Тывадар Сорас — бацька фінансіста Джорджа Сораса, беларускія пісьменьнікі Сяргей Новік-Пяюн, Янка Маўр[6].

Стваральнік эспэранта Лазар Людвіг Заменгоф, спадзеючыся на распаўсюджваньне мовы, надаў ёй мінімальную граматыку і абмежаваны слоўнік. Сёньня аднак, эспэранта зьяўляецца разьвітай мовай, зь вялікай колькасьцю асобаў, якія ўжываюць гэту мову, і жывучых у шмат якіх краінах сьвету.

Стан разьвіцьця мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку эспэранта складаўся з каля тысячы каранёў, зь якіх было магыма стварыць 10 — 12 тысячаў словаў. Сучасныя слоўнікі эспэранта складаюцца з 15-20 тысячаў каранёў, зь якіх магчыма ўтварыць сотні тысячаў словаў. За актуальнымі тэндэнцыямі разьвіцьця мовы назірае Акадэмія эспэранта.

Сучасная эспэранта ёсьць вынік калектыўнай працы вялікай колькасьці філёлягаў, паэтаў, пісьменьнікаў, і некалькіх пакаленьняў яго карыстальнікаў. На працягу больш чым 120 гадоў былі створаны тысячы словаў, выразаў, мэтафараў, моўных фігураў, выпрацаваныя таксама слоўнікі для розных навук.

Мадыфікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на лёгкасьць граматыкі, некаторыя асаблівасьці мовы эспэранта выклікаюць крытыку. Напрацягу ўсяго існаваньня эспэранта сярод яго прыхільнікаў зьяўляліся людзі, якія жадалі зьмяніць мову ў лепшы, паводле іх разуменьня, бок. Але, паколькі ўжо існавалі г. зв. асновы эспэранта, мову было немагчыма рэфармаваць — толькі ствараць новыя плянавыя мовы, якія адрозьніваліся ад эспэранта. Такія мовы атрымалі ў інтэрлінгвістыцы імя эспэрантоіды ці эспэрантыды. Гісторыя эспэрантыдаў пачынаецца ў 1907 годзе, калі была створаная мова іда. Пасьля стварэньня новай мовы частка эспэрантыстаў стала прыхільнікамі іда. У падобнай сытуацыі апынулася й іда, пасьля зьяўленьня «палепшанай іда» — мовы навіяль. Іншыя мовы — нэа, эспэрантыда цяпер практычна не ўжываюцца ў жывых зносінах. Мовы, створаныя пад уплывам эспэранта, паўстаюць і ў наш час.

Носьбіты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле зьвестак лінгвістычнага парталу Ethnologue[7], агульная колькасьць людзей, якія валодаюць эспэранта, складае 2 мільёны, зь якіх для 2000 гэтая мова зьяўляецца роднай (галоўным чынам гэта дзеці бацькоў з розных народаў, якія ўжываюць у паўсядзённым жыцьці эспэранта). Гэтая лічба была атрыманая амэрыканскім эспэрантыстам Сыдні Кубрыкам, які не раскрыў мэтад яе падліку. Маркус Сыкошак лічыць гэтую лічбу перабольшанай. Паводле яго думкі, калі б у сьвеце было каля мільёну эспэрантыстаў, то ў яго горадзе, Кёльне, павінна б было быць прынамсі 180 эспэрантыстаў. Але Сыкошак знайшоў толькі 30 чалавек, якія гавораць на эспэранта ў Кёльне, і такую ж невялікую колькасьць эспэрантыстаў у іншых вялікіх гарадах. Ён таксама адзначыў, што сябрамі розных арганізацыяў па ўсім сьвеце зьяўляецца толькі 20 тысячаў чалавек[8].

Паводле меркаваньня фінскага лінгвіста Й. Лціндстэла, экспэрта па эспэрантыстах «з нараджэньня», прыкладна для 1000 чалавек ва ўсім сьвеце эспэранта зьяўляецца роднай мовай, яшчэ каля 10 тысячаў здольныя вольна размаўляць на гэтай мове, і каля 100 тысячаў здольныя актыўна яе выкарыстоўваць[9]

Разьмеркаваньне па краінах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольшая колькасьць эспэрантыстаў жыве ў ЭЗ, там жа адбываецца большасьць зь мерапрыемстваў з нагоды эспэранта[10][11]. Па-за межамі Эўропы актыўны эспэранта-рух ёсьць у Бразыліі[12], Віетнаме[13], Іране[14][15], Кітаі[16][17], ЗША[18][19], Японіі[20] і некаторых іншых краінах. Практычна няма эспэрантыстаў у арабскіх краінах і, напрыклад, у Тайляндзе[21]. Пачынаючы з 1990-ых гадоў пастаянна ўзрастае колькасьць эспэрантыстаў у Афрыцы, асабліва ў такіх краінах як Бурундзі, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ і Тога. Сотні эспэрантыстаў ёсьць у Непале, Філіпінах, Інданэзіі, Манголіі і іншых азіяцкіх краінах.

Сусьветная асацыяцыя эспэранта (UEA) налічвае найбольшую колькасьць сябраў у Бразыліі, Нямеччыне, Францыі і ЗША, што можа быць паказчыкам актыўнасьці эспэрантыстаў паводле краінаў, хоць магчыма адлюстроўвае і іншыя фактары (такія, як, напрыклад, больш высокі ўзровень жыцьця, які дазваляе эспэрантыстам з гэтых краінаў плаціць штогадовы ўзнос).

Вывучэньне эспэранта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Экспэрымэнты і нефармальныя назіраньні паказалі, што папярэдняе вывучэньне эспэранта пазытыўна ўплывае на вывучэньне іншай мовы (г.зв. прапэдэўтычны эфэкт). Было праведзена некалькі дасьледаваньняў гэтага фэномэну: напрыклад, група вучняў вывучала цягам аднаго году эспэранта, а потым цягам трох гадоў францускую мову. Гэтая група мела лепшыя вынікі за вынікі кантрольнае групы, якая вывучала францускую мову цягам чатырох гадоў. Падобныя вынікі былі тады, калі другой мовай была японская, ці працяг экспэрымэнту быў скарочаны напалову. Але ў гэтым дасьледаваньні не гаворыцца, ці прыносіла карысьць папярэдняе вывучэньне якой-небудзь іншай мовы, напрыклад лаціны. Хаця выкладаньне эспэранта існуе і ва ўнівэрсытэтах (напрыклад ва ўнівэрсытэце імя Масарыка ў Брно, Чэхія), большасьць асобаў вывучае мову самастойна, падчас курсаў (напрыклад у мясцовых клюбах), у сеціве. падручнікі і дапаможнікі для вывучэньня мовы існуюць больш за сто год.

Афіцыйны статус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эспэранта не зьяўляецца афіцыйнай мовай у якой-небудзь дзяржаве, але ў пачатку ХХ стагоддзя існавалі пляны зрабіць з нэўтральнай тэрыторыі Морэснэт першую эспэрантысцкую дзяржаву, і на штучным востраве Ружы існавала кароткі час у 1968 годзе «нацыя», што ўжывала эспэранта як афіцыйную мову. Эспэранта ўжываюць у сваёй дзейнасьці некалькі недзяржаўных арганізацыяў (большай часткай эспэрантысцкіх). Эспэранта зьяўляецца першай штучнай літургічнай мовай у каталіцызьме.

У 1954 годзе ЮНЭСКА прызнала, што мэты, дасягнутыя эспэранта, супадаюць з мэтамі ЮНЕСКА. Гэта дало пачатак паміж ЮНЭСКА і Сусьветнай асацыяцыяй эспэранта, якая была зарэгістраваная як арганізацыя ўзроўню Б. У 1985 годзе Генэральная асамблея ЮНЭСКА заклікала дзяржавы-чальцы ўжываць эспэранта ў міжнародных зносінах. Сусьветная асацыяцыя эспэранта мае зносіны з ААН, ЮНІСЭФ, Радай Эўропы.

Паводле пастановы мэрыі, з 11-га ліпеня нямецкі горад Герцбэрг афіцыйна называецца горадам эспэранта, што зьвязана з культурнымі й асьветніцкімі мерапрыемствамі зьвязанымі з эспэранта. Герцбэрг мае партнэрскія зносіны з польскім горадам Гура, у зносінах паміж гэтымі гарадамі ўжываецца эспэранта.

Праблемы і пэрспэктывы эспэранта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычны фон[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштоўка з тэкстам на расейскай мове і эспэранта, выдадзеная ў 1946 годзе

На становішча эспэранта ў грамадзтве значна ўплывалі палітычныя падзеі ХХ стагодзьдзя, у першую чаргу стварэньне, разьвіцьцё і наступнае зьнікненьне камуністычных рэжымаў у СССР і краінах Усходняй Эўропы, усталяваньне нацысцкага рэжыму ў Нямеччыне, падзеі Другой сусьветнай вайны. У СССР эспэранта актыўна распаўсюджвалася ў 1920-я гады, дзякуючы прапанове Троцкага[22], гэтая мова шырока вывучалася як «мова сусьветнай рэвалюцыі». Эспэранта шырока выкарыстоўвалі ў сетцы «рабкораў» (працоўных карэспандэнтаў), на гэтай мове шырока вялося радыёвяшчаньне (у тым ліку і ўнутранае). У гэты час нават надпісы на паштовых канвэртах рабіліся на дзьвюх мовах, расейскай і эспэранта[23] (паводле асобных сьведчаньняў такія паштоўкі выходзілі і потым — напрыклад, у 1946 годзе[24]). Але зь сярэдзіны 1930-х гадоў супраць носьбітаў эспэранта пачаліся рэпрэсіі, іх абвінавачвалі ў «трацкізьме», «шпіянажы» і «тэрарызьме»[25]. Шмат хто з савецкіх эспэрантыстаў адышоў ад актыўнай дзейнасьці. У нацысцкай Нямеччыне таксама перасьледавалі прыхільнікаў эспэранта. У выніку, рух эспэрантыстаў у гэтых краінах фактычна спыніў сваё існаваньне.

У 1950-я гады, калі рух эспэрантыстаў пачынае адраджацца, найбольш уплывовай дзяржавай сталі ЗША, у выніку месца міжнароднай мовы фактычна займае ангельская, што значна ўскладняе распаўсюджваньне эспэранта. Падзеньне камуністычных рэжымаў у СССР і краінах Усходняй Эўропы ў 1980-1990-х гадах і ўзьніклыя ў выніку гэтага эканамічныя цяжкасьці пазбавілі эспэранта арганізацыі эканамічнай базы, а шмат каго зь іх чальцоў вымусілі пакінуць рух, заняўшыся пошукам сродкаў да існаваньня. У сувязі з гэтым рост колькасьці прыхільнікаў запаволены (напрыклад, колькасьць індывідуальных чальцоў Сусьветнай асацыяцыі эспэранта (UEA) нават скарацілася з 8071 чалавека ў 1991 годзе да 5657 у 2002 годзе, памяншэньне колькасьці асацыяваных чальцоў у 1991 годзе — з 25 да 19 тысячаў, асабліва рэзкім было ў Баўгарыі і Вугоршчыне). Разьвіцьцё інтэрнэту значна палегчыла сувязі паміж эспэрантыстамі, спрасьціла доступ да літаратуры, музыкі і фільмам на гэтай мове, садзейнічала разьвіцьцю дыстанцыйнага навучаньня.

Праблемы эспэранта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя праблемы, зь якімі сутыкаецца эспэранта, зьяўляюцца характэрнымі для большасьці дыспэрсна пражываючых грамадзтваў, якія не атрымліваюць фінансавай дапамогі з боку дзяржаўных органаў. Адносна невялікія сродкі эспэранта-арганізацыяў, якія складаюцца большай часткай з ахвяраваньняў, адсоткаў па банкаўскіх укладах, і таксама прыбыткаў ад некаторых камэрцыйных прадпрыемстваў (пакеты акцыяў, здаваньне ў арэнду нерухомасьці), не дазваляюць весьці шырокую рэклямную кампанію, інфармуючы грамадзтва пра эспэранта і магчымасьці гэтае мовы. У выніку нават шмат хто з эўрапейцаў ня ведаюць пра існаваньне гэтай мовы[26], ці абапіраюцца на недакладныя зьвесткі, уключаючы нэгатыўныя міты. У сваю чаргу адносна малая колькасьць эспэрантыстаў спрыяе ўмацаваньню ўяўленьняў пра гэту мову, як пра няўдалы праект.

Адносна малая колькасьць і дыспэрснае пражываньне эспэрантыстаў абумоўлівае адносна малыя тыражы пэрыядычных і кніжных выданьняў на гэтай мове. Самы вялікі тыраж маюць часопіс Esperanto, афіцыйнае выданьне Сусьветнай асацыяцыі эспэранта (5500 экзэмпляраў) і грамадзка-палітычны часопіс Monato (1900 экзэмпляраў)[27]. Большасьць з пэрыядычных выданьняў на эспэранта даволі сьціпла аформлены. Тым жа часам шэраг часопісаў — такія як «La Ondo de Esperanto»[28], «Beletra almanako»[29] вылучаюцца высокім узроўнем паліграфічнага выкананьня, не саступаючы лепшым нацыянальным узорам. З 2000-х гадоў шмат якія з выданьняў распаўсюджваюцца таксама і ў выглядзе электронных вэрсіяў — больш танных, апэратыўных і добра аформленых. Некаторыя выданьні распаўсюджваюцца толькі такім чынам, у тым ліку бясплатна (напрыклад, выдаючыся ў Аўстраліі «Mirmekobo»[30]). Тыражы кніжных выданьняў на эспэранта за рэдкім выключэньнем невялікія, мастацкія творы рэдка друкуюцца тыражом большым за 200—300 экземпляраў[31] і з-за гэтага іх аўтары ня могуць прафэсійна займацца літаратурнай творчасьцю (прынамсі толькі на эспэранта). Да таго ж для пераважнай большасьці эспэрантыстаў гэтая мова зьяўляецца другой, і ступень валоданьня ёю не заўсёды дазваляе свабодна ўспрымаць ці ствараць складаныя тэксты — мастацкія, навуковыя і гэтак далей.

Ёсьць прыклады, калі творы, першапачаткова створаныя на адной нацыянальнай мове, перакладаліся на іншую мову пры пасрэдніцтве эспэранта[32]

Пэрспэктывы эспэранта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У эспэранта супольнасьці асабліва папулярная ідэя пра ўвядзеньне эспэранта ў якасьці дапаможнай мовы Эўрапейскага зьвязу[33]. Прыхільнікі гэтай пункту гледжаньня лічаць, што гэта зробіць міжмоўныя зносіны ў Эўропе больш раўнапраўным і эфэктыўным і адначасова вырашыць праблему эўрапейскай ідэнтыфікацыі. З прапановамі пра больш сур’ёзны разгляд эспэранта на эўрапейскім узроўні выходзілі некаторыя эўрапейскія палітыкі і цэлыя партыі, прынамсі прадстаўнікі Транснацыянальнай радыкальнай партыі[34]. Акрамя таго, існуюць прыклады ўжываньня эспэранта ў эўрапейскай палітыцы (напрыклад эспэрантамоўныя вэрсіі інфармацыйнага бюлетэню «Conspektun rerum latinus» падчас старшынства ў ЭЗ Фінляндыі[35]. Падчас выбараў на эўрапейскім узроўні ўдзельнічае невялікая палітычная партыя «Эўропа — Дэмакратыя — Эспэранта», якая набрала 41 тысячу галасоў падчас выбараў у Эўрапарлямэнт у 2009 годзе[36].

Ужываньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кожны год выдаюцца сотні новых перакладных і арыгінальных кнігаў на эспэранта[37]. Эспэранта-выдавецтвы ёсьць у Расеі, Чэхіі[38], Італіі[39], ЗША[40], Бельгіі[41], Нідэрляндах[42] і іншых краінах. Сярод кніжных інтэрнэт-крамаў найбольшай папулярнасьцю карыстаецца сайт Сусьветнай арганізацыі эспэранта, у каталёгу якога на 2013 год прапанавана 7145 розных тавараў, уключаючы 6369 найменьняў кніжных выданьняў (ня лічачы 2283 букіністычных выданьняў)[43].

Вядомы пісьменьнік-фантаст Гары Гарысан сам валодаў эспэранта і актыўна прапагандаваў яго ў сваіх творах. Напрыклад, у апісаным сьвеце будучыні ў цыклях «Сталёвы пацук» і «Свет сьмерці» жыхары Галяктыкі размаўляюць у асноўным на эспэранта.

Таксама на эспэранта выдаецца каля 250 газэтаў і часопісаў[44], многія з раней выдадзеных нумароў магчыма бясплатна загрузіць са спэцыялізаванага сайту[45]. Большасьць з выданьняў прысьвечаныя дзейнасьці арганізацыяў, якія займаюцца іх выданьнем (у тым ліку спэцыяльных — аматараў прыроды, чыгуначнікаў, нудыстаў, геяў і г. д.), але існуюць таксама грамадзка-палітычныя выданьні (Monato, Sennaciulo і інш.), літаратурныя (Beletra almanako, Literatura Foiro і інш.).

Існуе інтэрнэт-тэлебачаньне на эспэранта. У адных выпадках гаворка ідзе пра бесьперапыннае вяшчаньне[46], у іншых — пра сэрыі відэаролікаў, якія карыстальнік можа выбіраць і праглядаць[47][48][49]. На сайце YouTube выкладвае новыя ролікі група Esperanto[50]. З 1950-х гадоў зьяўляюцца мастацкія і дакумэнтальныя фільмы на эспэранта[51], а таксама субтытры на эспэранта да многіх фільмаў на нацыянальных мовах[52][53]. Бразыльская студыя Imagu-Filmo ужо выпусьціла два мастацкія фільмы на эспэранта — «Gerda malaperis» i «La Patro».

На эспэранта вяшчае некалькі радыёстанцыяў[54]: Міжнароднае радыё Кітая (CRI)[55], радыё Radio Havano Kubo[56], Радыё Ватыкану[57], Parolu, mondo! (Бразылія)[58] і Польскае радыё[59] (з году — у выглядзе інтэрнэт-падкасту), 3ZZZ (Аўстралія)[60].

Існуюць навінавыя й мэтэаралягічныя[61], кампутарныя[62], турыстычныя[63] парталы, існуе мажлівасьць, у прыватнасьці, выбраць у інтэрнэце гатэль у Ратэрдаме[64], Рыміні[65], Беластоку[66] ды іншых гарадах, навучыцца гульні ў покер[67]. Міжнародная акадэмія ў Сан-Марына[68] выкарыстоўвае эспэранта ў якасьці адной са сваіх працоўных моваў, тут можна атрымаць ступень магістра ці бакаляўра карыстаючыся эспэранта. У польскім горадзе Быдгашч з 1996 году працуе навучальная ўстанова, дзе рыхтуюць спэцыялістаў у галіне культуры і турызму, а выкладаньне вядзецца на эспэранта.

Патэнцыял эспэранта выкарыстоўваецца і ў мэтах міжнароднага бізнэсу, значна спрашчаючы зносіны паміж яго ўдзельнікамі. Прыкладам можна даць італьянскага прадаўца кавы[69] і шэраг іншых кампаніяў. З 1985 году дзейнічае Міжнародная камэрцыйная і эканамічная група пры сусьветнай арганізацыі эспэранта[70].

Са зьяўленьнем новых інтэрнэт-тэхналёгіяў, такіх як падкастынг, многія эспэрантысты атрымалі магчымасьць самастойнага вяшчаньня ў Інтэрнэце. Адным з самых папулярных падкастаў на мове эспэранта зьяўляецца Radio Verda (Зялёнае Радыё)[71], якое рэгулярна вяшчае з 1998 году. Расьце папулярнасьць Muzaiko — першага эспэранта-падкасту з кругласутачным вяшчаньнем[72]. У Калінінградзе запісваюцца перадачы іншага папулярнага падкасту — Radio Esperanto (19 выпускаў на год, у сярэднім 907 праслухоўваньняў на выпуск)[73][74]. Папулярны і эспэранта-падкасты зь іншых краінаў: Varsovia Vento з Польшчы[75], La NASKa Podkasto з ЗША[76], Radio Aktiva з Уругваю[77].

На эспэранта ствараецца шмат песень[78]; ёсьць музычныя калектывы, якія сьпяваюць на эспэранта (напрыклад, фінскі рок-гурт «Dolchamar»). З 1990 году дзейнічае кампанія Vinilkosmo[79], якая выдае музычныя альбомы на эспэранта ў розных стылях: ад поп-музыкі, да цяжкага року і рэпу. Інтэрнэт-праект Vikio-kantaro[80] на пачатку 2010 году зьмяшчаў больш за 1000 песень і працягваў папаўняцца. Зьнятыя дзясяткі відэакліпаў эспэранта-выканаўцаў[81].

Ёсьць шэраг кампутарных праграмаў, спэцыяльна напісаных для эспэрантыстаў. Многія праграмы маюць вэрсіі на эспэранта — офісны дастасунак OpenOffice.org[82], браўзэр Mozila Firefox[83], комплекс праграмаў SeaMonkey[84] і іншыя. Папулярная пошукавая сыстэма Google таксама мае эспэранта-вэрсію[85], якая дазваляе шукаць інфармацыю як на эспэранта, так і на іншых мовах. З 22 лютага 2012 году эспэранта стала 64-й мовай, якую падтрымлівае Google Translate[86]. Са жніўня 2012 году эспэранта-клявіятура даступная для тэлефонаў з апэрацыйнай сыстэмай Android[87].

Эспэрантысты адкрыты для міжнародных і міжкультурных кантактаў. Многія зь іх падарожнічаюць з мэтай наведваньня кангрэсаў і фэстываляў, на якіх эспэрантысты сустракаюць старых сяброў і заводзяць новых. Многія з эспэрантыстаў маюць карэспандэнтаў у розных краінах сьвету і часта гатовыя прапанаваць на некалькі дзён жытло эспэрантысту-вандроўніку[88]. Нямецкі горад Герцбэрг з 2006 году мае афіцыйны дадатак да назвы — «эспэранта-горад»[89]. Шмат таблічак, шыльдаў, інфармацыйных стэндаў выкананыя тут на дзьвюх мовах — нямецкай і эспэранта. Блогі на эспэранта ёсьць на многіх вядомых сэрвісах, асабліва іх шмат (больш за 2000) на Ipernity[90]. У знакамітай інтэрнэт-гульні Second Life існуе эспэранта-супольнасьць, якая рэгулярна сустракаецца на пляцоўках Esperanto-Lando і Verda Stelo, тут выступаюць эспэранта-пісьменьнікі і актывісты, дзейнічаюць лінгвістычныя курсы[91]. Павялічваецца папулярнасьць спэцыялізаваных сайтаў, якія дапамагаюць эспэрантыстам знайсьці спадарожніка жыцьця[92], сяброў[93], працу[94].

Эспэранта i рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Не абышлі ўвагай эспэранта і рэлігіі, як традыцыйныя, так і новыя. На эспэранта перакладзеныя ўсе асноўныя сьвятыя кнігі. Біблію пераклаў яшчэ сам Л. Заменгоф (La Sankta Biblio). Londono. ISBN 0-564-00138-4). Выданы пераклад Карану — La Nobla Korano. Kopenhago 1970. Па будызьме — выданьне La Instruoj de Budho. Tokio. 1983. ISBN 4-89237-029-0.

На эспэранта вядзе вяшчаньне Радыё Ватыкану. З 1910 году актыўна дзейнічае Міжнароднае каталіцкае аб’яднаньне эспэрантыстаў, а з 1990 году дакумэнтам Norme per la celebrazione della Messa in esperanto Сьвяты Сталец афіцыйна дазволіў выкарыстоўваць эспэранта падчас багаслужбы — адзіную з плянавых моваў[95]. 14 жніўня 1991 году Папа Рымскі Ян Павал II упершыню зьвярнуўся да больш чым мільёну юных слухачоў на эспэранта. У 1993 годзе ён даслаў сваё апостальскае блаславеньне 78-му Сусьветнаму кангрэсу эспэранта. З 1994 году папа рымскі, віншуючы каталікоў сьвету на Вялікдзень і Каляды, сярод іншых моў зьвяртаўся да вернікаў на эспэранта. Яго пераемнік Бэнэдыкт XVI працягваў гэтую традыцыю. Існуе міжнародная арганізацыя праваслаўных эспэрантыстаў — Kristana ortodoksa rondo esperantista (KORE)[96].

Аятала Хамэйні заклікаў мусульманаў усяго сьвету вывучаць эспэранта і ўхваліў мову як сродак найлепшага ўзаемапаразуменьня паміж народамі розных рэлігіяў. Пасьля таго як ён прапанаваў замяніць ангельскую мову на эспэранта ў якасьці міжнароднай лігва-франка, эспэранта стала выкарыстоўвацца ў сэмінарыі Куму, рэлігійнага цэнтру Ірану. Неўзабаве пасьля гэтага быў апублікаваны пераклад Карану на эспэранта.

У 1981 годзе выкарыстаньне эспэранта ў Іране стала менш папулярным, калі стала відавочным, што пасьлядоўнікі багаі таксама праяўляюць зацікаўленасьць да эспэранта і выдаюць літаратуру на гэтай мове.

Узьніклая ў Іране рэлігія багаі заклікае да выкарыстаньня міжнароднай дапаможнай мовы. Асобныя пасьлядоўнікі багаі лічаць, што эспэранта валодае вялікім патэнцыялам для гэтай ролі. Лідыя Замэнгоф, малодшая дачка стваральніка эспэранта, зьяўлялася пасьлядоўніцай веры багаі і пераклала на эспэранта найбольш важныя творы Бага-Ўлы і Абдул-Бага.

Асноўным з тэзісаў японскага рэлігійнага кірунку аамота-кё зьяўляецца лозунг «Unu Dio, Unu Mondo, Unu Interlingvo» («Адзіны Бог, Адзіны Свет, Адзіная мова зносін»)[97]. Стваральнік эспэранта Людвіг Замэнгоф у аамота лічыцца сьвятым-камі. Мову эспэранта ўвёў як афіцыйную ў аамота адзін зь яго стваральнікаў Анісабура Дэгуці[98].

Вон-будызм — новы кірунак будызму, які ўзьнік у Карэі, актыўна выкарыстоўвае эспэранта[99], удзельнічае ў міжнародных сэсіях эспэранта, асноўныя сьвятыя тэксты вон-будызму перакладзены на эспэранта[100].

Таксама актыўна выкарыстоўвае эспэранта хрысьціянскі сьпірытуалістычны рух «Ліга добрай волі» і шэраг іншых.

Прыклад тэксту на эспэранта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Patro nia (Ойча наш) Аўдыё Patro Nia.ogg 

Patro nia, kiu estas en la ĉielo,
Via nomo estu sanktigita.
Venu Via regno,
plenumiĝu Via volo,
kiel en la ĉielo, tiel ankaŭ sur la tero.
Nian panon ĉiutagan donu al ni hodiaŭ.
Kaj pardonu al ni niajn ŝuldojn,
kiel ankaŭ ni pardonas al niaj ŝuldantoj.
Kaj ne konduku nin en tenton,
sed liberigu nin de la malbono.
Amen

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ паводле адзнакаў ethnologue.com
  2. ^ Ek!
  3. ^ Fundamento de Esperanto Апісаньне граматыкі ў першым падручніку эспэранта
  4. ^ М. Дзюк Ганіназ Славянское влияние в эсперанто // Проблемы международного вспомогательного языка. — М.: «Наука», 1991. с. 113.
  5. ^ Б. Р. Колкер. Вклад русского языка в формирование и развитие эсперанто Уносины рускай мовы: Автореф. …канд. филол. наук. — М., 1985
  6. ^ Пра заняткі Янкі Маўра эспэранта
  7. ^ Ethonologie 14 report for language code ESP
  8. ^ Sikosek> Ziko M. Esperanto Sen Mitoj («Esperanto without Myts»).Sekond edition. Antwerp: Flandra Esperanto-Ligo, 2013
  9. ^ DENASK-L@helsinki.fi(недаступная спасылка)
  10. ^ статыстыка эспэранта-сустрэчаў, кангрэсаў і курсаў з 1996 па 2008 гады
  11. ^ Сустрэчы на ўсходзе Польшчы і ў Летуве вясной-летам 2010 году
  12. ^ Ускосныя згадваньні эспэранта-падзеяў у інтэрвію з эспэранцкім дыджэем з Бразыліі(недаступная спасылка)
  13. ^ Прынамсі, у Ханоі — сталіцы краіны — адбыўся міжнародны моладзевы кангрэс эспэранта пры падтрымцы мясцовых уладаў, у 2012 годзе, Сусьветны Кангрэс Эспэранта
  14. ^ Паштовая група іранскіх эспэрантыстаў
  15. ^ Іранскі эспэранцкі часопіс удзельнічаў у Іранскім фэстывалі прэсы, стэнд часопісу наведаў прэзыдэнт Хатамі
  16. ^ Сусьветны кангрэс эспэранта ў КНР — больш за 700 мясцовых удзельнікаў
  17. ^ 2004 год: адкрыцьцё Манумэнту эспэранта ў пэкінскім парку Чааян
  18. ^ NASK: штогадовыя курсы эспэранта ва ўнівэрсытэце Сан-Дыега. На курсы запрашаюць лепшых выкладчыкаў і граматыстаў з усяго сьвету
  19. ^ Статыстыка сябраў Esperanto-USA за некалькі гадоў
  20. ^ Уражаньні ад Японскага эспэранта-кангрэсу (кастрычнік 2005 г.)(недаступная спасылка)
  21. ^ Universala Esperanto-Asocio. Jarlibro 2004
  22. ^ Н. Б. Мячкоўская. Сацыяльная лінгвістыка. Штучныя мовы-пасрэднікі і інтэрлінгвістыка(недаступная спасылка)
  23. ^ Эспэранта на паштоўках і марках СССР, канец 1920-х гадоў(недаступная спасылка)
  24. ^ Esperanta saluto el la jaro 1946
  25. ^ «Як гэта было?»(недаступная спасылка)
  26. ^ Вынікі апытання 2008 года ў Францыі прадэманстравалі, што пра эспэранта ведае каля 40% апытаных; зь іх толькі 8% даведаліся пра мову з друку, 7% — з тэлеперадачаў
  27. ^ Ĉu kunlaboro solvos problemon? Al multaj Esperanto-gazetoj mankas abonantoj
  28. ^ La Ondo de Esperanto
  29. ^ Beletra Almanako — BA — Literaturo en Esperanto — Eldonejo Mondial
  30. ^ Bonvenon al Mirmekobo(недаступная спасылка)
  31. ^ Lena Kapunina. Ni ne entombigu niajn literaturajn trezorojn // Beletra almanako. № 6. (Oktobro 2009). p. 120.
  32. ^ «Эспэранта выкарыстоўваецца як мова-пасрэднік для перакладу з адной нацыянальнай мовы на іншую. Так, творы некаторых польскіх пісьменьнікаў, перакладзеныя на іншыя мовы не з арыгіналаў, а з удалых эспэранцкіх перакладаў (А. Міцкевіча і Б. Пруса — на кітайскую мову, Э. Ажэшкі — на японскую), а кніга прафэсара Ўгорэ Тойфумі „Жахі пекла“ была перакладзена на нямецкую з эспэранцкага перакладу японскага арыгіналу». Цытуецца паводле Каралевіч А. І. Уводзіны // Кніга пра эспэранта. — Кіеў: Наукова думка, 1989. — 256 с. — ISBN 5-12-000985-9
  33. ^ [1]
  34. ^ [2](недаступная спасылка)
  35. ^ [3]
  36. ^ [4]
  37. ^ Esperanto новості: «…штогод на сусветны рынак выходзіць больш за 200 кніг на эспэранта (менавіта такая колькасьць анонсаў зьяўляецца ў спэцыяльнай рубрыцы часопісу „Esperanto“)… Штогод у сьвеце прадаюць каля 30 тыс. асобнікаў кніг на эспэранта»
  38. ^ Kava-Pecz.cz
  39. ^ Edustudio(недаступная спасылка)
  40. ^ Mondial
  41. ^ FEL
  42. ^ Bero
  43. ^ Hodiaŭ en la Katalogo estas
  44. ^ Jukka Pietiläinen. Esperanta gazetaro: historio, nuntempo kaj perspektivoj
  45. ^ La Esperanta Gazetejo
  46. ^ Esperanto TV
  47. ^ Farbskatol
  48. ^ Kataluna informservo-televida (Kis-TV)
  49. ^ Esperanto Bjalistoko(недаступная спасылка)
  50. ^ Esperanto(недаступная спасылка)
  51. ^ IMDB
  52. ^ Filmoj.net
  53. ^ La Ponto
  54. ^ radioarkivo.org
  55. ^ Міжнароднае радыё Кітаю (CRI)(недаступная спасылка)
  56. ^ Radio Havano Kubo
  57. ^ Радыё Ватыкану(недаступная спасылка)
  58. ^ Parolu, mondo!
  59. ^ Польскае радыё
  60. ^ de 3ZZZ Radio en Esperanto(недаступная спасылка)
  61. ^ Welkome to Weather Underground : Weather Underground
  62. ^ E@I-blogo
  63. ^ Vojaĝo
  64. ^ josfinale(недаступная спасылка)
  65. ^ Rimini Hotel San Giuliano Rimini Hotels San Guliano — Hotel Marselli in San Giuliano Rimini(недаступная спасылка)
  66. ^ Hotel Esperanto
  67. ^ Lernu Pokeron en Esperanto(недаступная спасылка)
  68. ^ AIS San-Marino
  69. ^ Altkvalita itala kafo ĉe Via hejmo kaj kafejo
  70. ^ IKEF
  71. ^ Radio Verda
  72. ^ Muzaiko
  73. ^ Radio Esperanto
  74. ^ Камэнтар рэдактара й статыстыка аўдыторыі
  75. ^ Varsovia Vento Elsendoj
  76. ^ NASK: Podkasto
  77. ^ RADIO AKTIVA — Podkasto
  78. ^ Esperant-musikk(недаступная спасылка)
  79. ^ Vinilkosmo Esperanto musik shop and free musik downloads
  80. ^ Bonvenon al libera esperanto-kantaro!(недаступная спасылка)
  81. ^ Videofilmetoj en Esperanto(недаступная спасылка)
  82. ^ OpenOffice en Esperanto
  83. ^ Mozilla Firefox en Esperanto
  84. ^ [5](недаступная спасылка)
  85. ^ Google у эспэранта інтэрфэйсе
  86. ^ Tutmonda helplingvo por ĉiuj homoj
  87. ^ Esperanto en la telefono!
  88. ^ Сярод эспэрантыстаў папулярная сетка абмену візытамі Pasporta Servo, якая дазваляе бясплатна пераначаваць у эспэрантыстаў — у 2006 годзе ў сетцы было 1320 адрасоў у 92 краінах [6]
  89. ^ Esperanto-urbo
  90. ^ ipernity: Explore the world
  91. ^ Esperantujo en Dua Vivo(недаступная спасылка)
  92. ^ Trovu edz(in)on tra esperantujo
  93. ^ rilatoj.net
  94. ^ Eklaboru
  95. ^ La dekreto pri la normoj por la celebro de la Meso en esperanto
  96. ^ Kristana ortodoksa rondo esperantista (KORE)
  97. ^ пра лозунг «Unu Dio, Unu Mondo, Unu Interlingvo» на эспэранта сайце на расейскай мове
  98. ^ [7](недаступная спасылка)
  99. ^ Сайт вон-будызму на мове эспэранта.
  100. ^ Сьвятыя кнігі вон-будызму на эспэранта

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эспэрантасховішча мультымэдыйных матэрыялаў