Беларуская хрысьціянская злучнасьць
Белару́ская хрысьція́нская злу́чнасьць — арганізацыя, створаная каталіцкімі ксяндзамі-беларусамі на зьезьдзе 24—25 траўня 1917 году ў Менску. У 1926 годзе сталася асноваю Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Заснавальнікам лічыцца прэлат айцэц Фабіян Абрантовіч, былы рэктар Менскае духоўнае каталіцкае сэмінарыі.
У БХЗ увашлі будучы генэрал закону Марыянаў а. Андрэй Цікота, а. Пупко, а. Гірконт, а. Адам Станкевіч ды іншыя сьвятары, а таксама сьвецкія асобы, актыўныя працаўнікі хрысьціянскае дэмакратыі: Апалёнія Гірконт, Ядвіга Луцэвіч-Іваноўская, Антон Крэпскі ды іншыя.
У працы Злучнасьці дапамагалі менскі біскуп Зыгмунт Лазінскі і даўняя фундатарка беларускага руху княгіня Магдалена Радзівіл.
Апалёнія Гірконт, сябра Беларускай школьнай рады Меншчыны, загадчыца адной зь мясцовых беларускіх пачатковых школаў, у той час калі цяжка захварэў беларускі паэт, патрыярх нацыянальнае літаратуры Янка Купала, разам з айцом Абрантовічам штодня старанна даглядала песьняра ў шпіталі, за што атрымала шчырую Купалаву публічную падзяку праз газэту «Беларусь». Выкладчыца Менскае беларускае гімназіі Ядвіга Луцэвіч разам з Паўлінаю Мядзёлкаю, жонкаю Купалы Ўладзіславаю Луцэвіч апекавалася справамі дабрачыннага аддзелу па дапамозе дзецям-сіротам пры Цэнтральнай беларускай школьнай радзе.