Палітычная камісія для перагляду расейска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы
«Палітычная камісія для перагляду руска-беларускага слоўніка й новых правілаў правапісу беларускае мовы» — адмысловая палітычная структура, створаная ЦК КП(б)Б 5 траўня 1933 году[1]. Галоўнай мэтай камісіі была перапрацоўка акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году, які, на думку бальшавіцкага партыйнага кіраўніцтва, недастаткова збліжаў беларускую мову з расейскай[2].
Вынікі дзейнасьці Палітычнае камісіі зацьвердзіў Саўнаркам БССР у загадным парадку без грамадзкага й навуковага абмеркаваньня[3].
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паказальна, што ў камісію не патрапіў ніводны лінгвіст, пераважная большасьць ейных сяброў — палітыкі:
- Мікалай Галадзед — старшыня СНК БССР;
- Аляксандар Чарвякоў — сябар ЦВК БССР;
- Васіль Шаранговіч — 2-гі сакратар ЦК КП(б)Б;
- Аляксандар Чарнушэвіч — народны камісар асьветы БССР;
- Тамаш Домбаль — віцэ-прэзыдэнт БАН, эканаміст, з паходжаньня — галіцкі паляк;
- Андрэй Александровіч — дзіцячы пісьменьнік, крытык, сябар ЦВК БССР.
Дзейнасьць Чарвякова й Чарнушэвіча напярэдадні іхняга запрашэньня ў камісію рэзка крытыкавалася на партыйным роўні, з чаго можна зрабіць выснову пра палітычны ціск на гэтых асобаў[4].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як мяркуецца, праца камісіі працягвалася да 21 ліпеня 1933 году, у гэты дзень Бюро ЦК КП(б)Б пастанавіла: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы проэктаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)»[5]. 26 жніўня 1933 году дакумэнт быў зацьверджаны пастановай Саўнаркаму БССР, а 27 жніўня — пастановай беларускага ЦК.
Найбольш істотныя зьмены, унесеныя Палітычнай камісіяй у пачатковы акадэмічны праект:
- Перадача складоў [л’а], [л’о], [л’у]) празь цьвёрдае «л». (напрыклад: маналог замест маналёг).
- Зьмякчэньне зычных [з], [с], [б], [п], [в], [ф], [м], [н] перад галосным [е] (напрыклад: кааперацыя, фанетыка замест каапэрацыя, фанэтыка).
- Замена спалучэньняў -тар, -дар на -тр, -др на канцы словаў (напрыклад: літр, цэнтр замест літар, цэнтар).
- Скасаваньне напісаньня мяккага знаку паміж падоўжанымі зычнымі [з], [с], [ц], [н], [л] (напрыклад: насенне, галлё, ззяе, рыззё, калоссе, суддзя, жыццё замест насеньне, гальлё, зьзяе, рызьзё, калосьсе, судзьдзя, жыцьцё) — акадэмічны праект прапаноўваў сьцягненьне падвоеных зычных на манер заходнебеларускіх гаворак (напрыклад: насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё).
- Увядзеньне нязьменнага напісаньня часьціцы й прыназоўніка «не» (напрыклад: без нас, не руш замест бяз нас, ня руш).
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 156. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
- ^ Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы // Мова і соцыум. (TERRA ALBA. Том III). — Магілёў: ГА МТ «Брама», 2004.
- ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 17.
- ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 16.
- ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 168. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
- Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы // Мова і соцыум. (TERRA ALBA. Том III). — Магілёў: ГА МТ «Брама», 2004. С. 92—131.
- Саўка З. Мазаічная артаграфія (частка 2) // ARCHE Пачатак. № 12, 2008. С. 10—22.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Пастанова Савету Народных Камісараў БССР «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», г. Менск, 26 жніўня 1933 г.