Руска-беларускі слоўнік Александровіча
«Ру́ска-белару́скі сло́ўнік» пад рэда́кцыяй Александро́віча — нарматыўны (да другой паловы 1938) расейска-беларускі слоўнік, выдадзены ў двух тамох у Менску ў 1-й палове 1937 року, і канчаткова складзены пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча.
Адметнасьцямі слоўніка былі надзвычай доўгі час, патрачаны на яго выпуск, і моцны ўплыў палітычных фактараў на яго падрыхтоўку. Праца над новым слоўнікам была ініцыяваная ў кастрычніку 1930, пасьля масавых рэпрэсій у беларускай мовазнаўчай навуцы 1930 г. і забароны карыстаньня працамі «ворагаў народа». Здача ў друк плянавалася на 1931, потым на 1932—1933, але рэальная праца над слоўнікам пачалася, відаць, не раней за пачатак 1932. Агульную рэдакцыю ў гэты час ажыцьцяўлялі П. Горын, А. Некрашэвіч, П. Шастакоў і Пятро Юргялевіч.
Як цэлае, слоўнік ня быў, відаць, гатовы раней за вясну 1933. Зь іншага боку, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі амаль і не друкавала слоўніку (відаць, першага тому) да таго часу. Палітычныя падзеі (новая хваля барацьбы з «нацыянал-дэмакратызмам» 1933—1934) спынілі выпуск, адзін з рэдактараў, А. Некрашэвіч, зьняты з пасады, у прэсе была агучана думка пра тое, што «нацдэмы» стараліся «засьмеціць» і новы, рыхтаваны да друку, слоўнік. Апроч таго, спатрэбілася і перапрацоўка слоўніка на новы правапіс. Між іншым, Прэзыдыюм АН БССР зьвяртаўся з просьбай рэдагаваць падрыхтаваны слоўнік і даць па ім разгорнуты водгук да Б. Тарашкевіча (8.9.1933), зь невядомым вынікам. Каля канца 1933 — на пачатку 1934 новым адказным рэдактарам быў прызначаны Андрэй Александровіч.
Выпуск, пераплянаваны на 1934, не адбыўся, і верагодна, што ў канцы 1934 ранейшая праца была забракаваная і пачатая падрыхтоўка новай рэдакцыі, з заплянаванай здачай у друк у канцы 1935. Слоўнік, відаць, быў гатовы ў асноўным не пазьней за ліпень 1935, атрымаў станоўчую рэцэнзію А. Александровіча, і было пастаноўлена (19.8.1935) тэрмінова здаць яго ў друк.
Неўзабаве пасьля арышту А. Александровіча (1.7.1938) слоўнікам было забаронена карыстацца, як падрыхтаваным пад кіраўніцтвам «ворага народу» (2-я пал. 1938).
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ да забароны слоўнік крытыкаваўся за надзвычайную русіфікаванасьць беларускай часткі, хоць і адзначаецца, што зь яго моцна русіфікаванай мэтавай аўдыторыяй (быў прызначаны перадусім «для партыйнага, камсамольскага, фабрычна-заводзкага і калгаснага актыву»[1]) ён, магчыма, цалкам задавальняў яе патрэбы. Верагодна, слоўнік быў тоесным з г. зв. «другой (варожай) рэдакцыяй» руска-беларускага слоўніка, узгаданай К. Гурскім сярод «першых дзьвюх рэдакцый, якія былі „зроблены ворагамі народа“»[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Запрудскі С. М. Да перадгісторыі «Руска-беларускага слоўніка» пад рэдакцыяй А. Александровіча / Отв. ред. В.В. Дубичинский // Vocabulum et vocabularium: Сб. научн. трудов по лексикографии. — Гродно: ГрГУ, 1998. — В. 5. — С. 110—114. — ISSN 0453-79998.