Перайсьці да зьместу

Канфармізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Канфармі́зм (ад лац. conformis — падобны) — беспрынцыпнае прыстасавальніцтва, маральна-палітычная зьява пасіўнага прыняцьця існага парадку, паноўных у грамадзтве думак, меркаваньняў ды іншага[1].

Канфармізм азначае брак у індывіда ўласнай пазыцыі, некрытычнае перайманьне ўсякіх узораў, што валодаюць найбольшай сілай націску — пануюць у грамадзтве або групе, якія атачаюць гэтую асобу. Процілегласьць індывідуалізму, дзе асоба параўнальна моцна імкнецца да выпрацоўваньня ўласнай пазыцыі. Індывідуалізм, апроч супрацьлегласьці канфармізму, абазначае сыстэму мысьленьня процілеглую калектывізму. Дакладнай процілегласьцю канфармізму ёсьць нонканфармізм.

Тэндэнцыю да канфармізму можна бачыць з аднаго боку ва ўнутраным пачуцьці прыналежнасьці, імкненьні да інтэграцыі праз асыміляцыю, зь іншага боку — у ціску грамадзтва або пэўнай групы людзей. Аб’ектыўна канфармізм ёсьць вынікам палітычнага бяспраўя людзей, дысбалянсу правоў і абавязкаў дзяржавы і чалавека[1].

Сацыяльная псыхалёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канфармізм як азначэньне сацыяльная псіхалёгіі ёсьць схільнасьцю асобы да перайманьня агульнапрынятых нормаў і правілаў сваёй кантактавай групы або грамадзтва ў цэлым.

Эрых Фром бачыць у канфармізме псэўдаадзінства, якое не адпавядае жаданьню людзей да аб’яднаньня.

У вучэньні Робэрта Мэртана азначае згоду асобы на рэалізацыю мэтаў супольнасьці пры дапамозе супольных сродкаў або, у больш шырокім значэньні, рэалізацыю супольных нормаў і каштоўнасьцяў. Ступень канфармістычнасьці ў такіх групах ёсьць паказьнікам сілы супольнасьці.

Мёдэ заўважае, што ва ўмовах школы адрозьненьні ў пасьпяховасьці вучняў спараджаюць тэндэнцыю да дапасаваньня. Выдатныя вучні аднае клясы маюць паніжэньне пасьпяховасьці, у той час як у меней разьвітых вучняў пасьпяховасьць значна узрастае.

У 1950-х гадох публікаваліся дасьледваньні Саламона Аха, у якіх ён выказаў думку, што на канфармізм асобы вялікі ўплыў маюць іншыя супольнікі. З пазьнейшых дасьледваньняў вынікала, што некаторыя асобы маюць моцную, трывалую схільнасьць да падпарадкаваньня аўтарытэтам. Ахарактарызаваныя як аўтарытарнымі асобамі-экстравэртамі, у адрозьнненьне ад інтравэртных нонканфармістаў, якія не паддаюцца на лёгкі ўплыў аўтарытэтаў.

Узроўні канфармізму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Саступленьне. На гэтым узроўні існуе выразны канфлікт між перакананьнямі асобы і ціскам групы, у выніку чаго індывід падпарадкоўваеццца групе, саступае. Падпарадкаваньне групе існуе толькі у тым выпадку, калі група фізычна кантралюе індывіда, у выпадку ж зьнікненьня групы, ён хутка вяртаецца да сваіх перакананьяў. Матывам такога канфармізму, з усяго відаць, выступае пагроза пакараньня, фізычнай расправы супольнасьці з індывідам.
  • Ідэнтыфікацыя. Індывіды мусяць быць падобнымі альбо да якойсьці групы, або да пэўнай асобы (у такім разе асоба ідэнтыфікуе сябе з гэтай групай). Напрыклад, ад індывіда залежыць, каб яго ацэньвалі як інтэлегентную асобу, таму індывід мусіць трымаць і паводзіць сябе так, як ён уяўляе гэтую асобу. Ідэнтыфікацыя выступае больш глыбокай праявай канфармізму, дапасаваньне да групы праяўляецца нават пры фізычным неіснаваньні групы.
  • Інтэрналізацыя. Найглыбейшая форма канфірмізму, калі індывід прымае пэўныя нормы і каштоўнасьці за ўласныя. Інтарналізаваная асоба захоўвае сваю адданасьць нормам групы, нават калі тая перастае існаваць і зьмяняе свае каштоўнасьці.

Беларускі палітык і грамадзкі дзяяч Зянон Пазьняк азначыў яскравай праявай канфармізму (а менавіта «халуйства» і «поўзаньня перад Масквой») пераход зь беларускага клясычнага правапісу на наркамаўку — афіцыйны правапіс рэжыму Лукашэнкі[2].

  1. ^ а б Галаўнёў А. Канфармізм // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 9.
  2. ^ Зянон Пазьняк: патрэбны новы народны рух, Выступ на сьнежаньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», 14 сьнежня 2008 г.