Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (БІСД) — дасьледчая ўстанова Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, заснаваная 12 лютага 2019 году ўказам № 49 «Аб стварэньні Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў»[1].

Інстытут створаны ў мэтах інфармацыйна-аналітычнага забесьпячэньня дзейнасьці дзяржаўных органаў па стратэгічных кірунках замежнай і ўнутранай палітыкі.

У цэнтры ўвагі гэтай навукова-дасьледчай установы — правядзеньне навуковых дасьледаваньняў, вывучэньне тэндэнцыяў разьвіцьця міжнародных, грамадзка-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, дасьледаваньне рызыкаў і выклікаў у інфармацыйнай сфэры.

Інстытут зоймецца выпрацоўкай рэкамэндацыяў, скіраваных на ўдасканаленьне дзяржаўнай палітыкі ў розных сфэрах, возьме ўдзел ва ўзгадненьні распрацаваных дзяржаўнымі органамі дакумэнтаў стратэгічнага плянаваньня (дактрыны, стратэгіі, канцэпцыі).

Для правядзеньня аналітычных дасьледаваньняў плянуецца прыцягваць «вядучых экспэртаў у сфэры замежнай і ўнутранай палітыкі, інфармацыйных тэхналёгіяў, нацыянальнай бясьпекі».

Згодна з указам № 50 дырэктарам інстытуту прызначаны начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі Алег Макараў.

18 лютага 2019 году стала вядома, што праз 2 месяцы ліквідуецца Інфармацыйна-аналітычны цэнтар, а яго функцыі перадаюцца БІСД. Маёмасьць і памяшканьні ІАЦ пераходзяць да БІСД. Памеры штату інстытуту не раскрываюцца. Два пункты ўказу аб БІСД засакрэчаныя: «для службовага карыстаньня»[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]