Беларуская рэвалюцыйная партыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Беларуская рэвалюцыйная партыя
Лідэр партыі Вацлаў Іваноўскі
Дата заснаваньня 1902
Штаб-кватэра Пецярбург
Ідэалёгія прабеларуская

Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП) — нелегальная арганізацыя, якая была створана на аснове беларускага студэнцкага гуртка, што існаваў у Санкт-Пецярбурзе. Мяркуецца, што гэта адбылося на пачатку 1902 году.

У БРП ўваходзілі Вацлаў Іваноўскі, Вінцэнт Валейка, Лявон Малецкі, Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка) і інш.

У 1902 годзе БРП распачала выдавецкую дзейнасьць. В. Іваноўскі для гэтай мэты купіў гектограф. Першай публікацыяй БРП, надрукаванай на гектографе, стала адозва «Да інтэлігенцыі», якая выйшла ўвосень 1902 на польскай мове. Аўтары адозвы заклікалі даць люду асьвету на роднай мове, пазнаёміць яго з роднай гісторыяй, заняцца выданьнем беларускіх газэт і кніг.

Наступнай ініцыятывай стала спроба нелегальна выдаць часопіс «Свабода», адзіны нумар якога падрыхтавалі ў 1902 В. Іваноўскі, В. Валейка, Р. Мілер, І. Луцкевіч, А. Пашкевіч і інш.

У 1903 члены БРП падрыхтавалі да друку некалькі агітацыйных брашур на беларускай мове, але не змаглі сабраць сродкі для таго, каб пакрыць кошт друку.

Пазьней паўстала суперніцтва паміж Іваноўскім і братамі Луцкевічамі, якія былі незадаволеныя польскім уплывам. БРП распалася. Іваноўскі заняўся асьветніцтвам (Круг беларускай народнай прасьветы і культуры), а Луцкевічы заснавалі ў Менску новае палітычнае аб’яднаньне — Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ), якая, аднак, не адзначалася актыўнай дзейнасьцю.

БРП не была партыяй у поўным сэнсе гэтага слова, яна стала толькі пачаткам арганізаванага беларускага нацыянальнага руху.