Фра Маўра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фра Маўра
Дата нараджэньня 1385
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1459[1]
Месца сьмерці
Занятак картограф
Навуковая сфэра геаграфія

Фра Маўра (Fra Mauro; памёр у 1459 або 1460) — манах ордэну камальдулаў з кляштару Сан-Мікеле на вэнэцыянскім востраве Мурана, картограф.

У 1457—1459 гадах на замову партугальскага караля Афансу V стварыў круглую мапу сьвету (Mappamondo). Згубленая пазьней, яна вядомая па аўтарскай копіі, зробленай для сэнату Вэнэцыі (захоўваецца ў вэнэцыянскай Bibliotheca Nazionale Marciana).

Mappamondo — сапраўдны шэдэўр сярэднявечнай картаграфіі, адна з прызнаных сымбалічных вехаў, якія падзяляюць сярэднія вякі ад эпохі Адраджэньня. Яе дакладнасьць і эстэтычная вартасьць значна пераўзыходзіць усе папярэднія аналягі, невыпадкова ў гонар заканчэньня працы Фра Маўра вэнэцыянскі сэнат загадаў выбіць мэдаль з надпісам «непараўнальны касмограф». Гэта і першая зь вядомых мапаў, на якіх адзначаная Белая Русь. Але з прычыны асабістага незнаёмства з усходнеславянскімі землямі, Фра Маўра дапусьціў у гэтым рэгіёне шэраг грубых памылак. Напрыклад, Волга ў сваім сярэднім цячэньні разгаліноўваецца на два рукавы, утвараючы велізарны… «востраў Амазонія». Белая Русь (Rossia biancha) знаходзіцца побач з Ноўгарадам Вялікім, паміж Волгай і Белым возерам, і ўсе гэтыя аб’екты аднесеныя не на захад, а на ўсход ад ракі Камы. Карта Фра Маўра — адна зь першых гістарычных крыніц, у якой згадваецца Чорная Русь, і выдзяляюцца тры «каляровыя» часткі Русі. Паводле надпісу на карце, «Белая Русь ляжыць па той бок Белага мора, Чорная Русь — па той бок Чорнай ракі, а Чырвоная — па той бок Чырвонай ракі».

Усходнеславянскія землі ВКЛ вядомыя Фра Маўра пад назвай ня Белай, а Чырвонай Русі (Rossia Rossa), у якую ўваходзяць і Кіеў, і Разань. У сваю чаргу, Чорная Русь (Rossia Negra) паказаная на правабярэжжы Акі. Белая Русь у Фра Маўра, як і ў большасьці заходнеэўрапейскіх аўтараў XIIIXVI стагодзьдзяў — гэта сынонім ці Вялікага Ноўгараду ці яго часткі, заселенай калісьці народнасьцю вепсаў.

У гонар Фра Маўра названыя кратэр і фармацыя на Месяцы, якія былі наведаныя астранаўтамі з Apollo 14.

Выявы мапы Фра Маўра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Fra Mauro // MAK (пол.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Рыбаков Б. А. Русские карты Московии XV — начала XVI в. М., 1974.
  • Il Mappamondo di Fra Mauro. A cura di Tullio Gasparini Leporace. Presentazione di Roberto Almagia. Venezia, 1956.
  • Harvey P. D. A. Medieval maps. London, 1991.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]