Кастусь Акула

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Кастусь Акула
Kastus Akyla.jpg
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аляксандар Качан
Нарадзіўся 16 лістапада 1925
в. Верацеі, Докшыцкі раён
Памёр 29 студзеня 2008
Таронта, Канада
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, вайсковы і грамадзкі дзяяч
Жанр проза, паэзія, успаміны
Мова беларуская
Значныя творы «Змагарныя дарогі», «Гараватка»
Узнагароды
Творы на сайце Kamunikat.org

Кастусь Акула, сапраўднае імя: Аляксандар Качан (16 лістапада 1925, в. Верацеі, Докшыцкі раён — 29 студзеня 2008, Таронта, Канада) — беларускі грамадзкі дзеяч эміграцыі, пісьменьнік.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацькі — Ігнат і Паўліна — мелі, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей і да 12 гектараў ворнай зямлі[1].

Падчас нямецкай акупацыі навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Падчас адной з паездак дадому трапіў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынілася трыма месяцамі нямецкай вязьніцы і месяцам канцлягеру[1]. Скончыў курсы настаўнікаў ў Глыбокім[2].

У чэрвені 1944 паступіў у Менскую школу камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны (БКА). Са школаю адступіў на Захад, пасьля далучэньня да нямецкіх вайсковых адзінак трапіў у Францыю. Там зь іншымі беларусамі перайшоў да партызанаў-макісаў, ваяваў супраць немцаў. Пасьля ў складзе брытанскай арміі (польскі корпус генэрала Андэрса) ваяваў у Італіі. Узнагароджаны брытанскім «Мэдалём вайны» й італійскай «Залатой зоркай».

Пасьля вайны служыў у брытанскім войску[2]. Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію[3] У 1946—1947 гг. жыў у Англіі. Браў удзел у стварэньні Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. У чэрвені 1947 г. пераехаў у Канаду, напачатку жыў у горадзе Ашава, быў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Канадзе, першым ягоным старшынём. Потым пераехаў у Таронта, належаў да ЗБК, адзін з актывістаў парафіі сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта, належаў да лягеру прыхільнікаў Рады БНР.

Працаваў у беларускіх нядзельных школах, спрычыніўся да заснаваньня Беларускай касы самадапамогі, рэсорту «Слуцак» у Канадзе[2].

Заснаваў першае ў Паўночнай Амэрыцы выданьне на беларускай мове ‑ газэту «Беларускі эмігрант» (1948‑1954), у 1974‑1997 гг. выдаваў часопіс «Зважай».

Падчас сусьветнай выставы ЭКСПО-69 у Манрэалі Кастусь Акула правёў акцыю супраць савецкага ўціску ў Беларусі. Калі памочнік Касыгіна — Палянскі рабіў агляд ганаровай варты, з боку сэкцыі прэсы пачулася «Freedom for Belarus! Няхай жыве незалежная Беларусь!» і ў гору паляцелі сотні брашур. Акула быў затрыманы паліцыяй[1][2].

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, у 1992 годзе наведаў бацькаўшчыну[1].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя вершы надрукаваў падчас Другой сусьветнай вайны ў «Беларускай газэце» і «Голасе вёскі» (пад сапраўдным імем і псэўданімам Міхась Козыр). На чужыне ён працягнуў сваю літаратурную дзейнасьць, друкаваўся ў газэце «Бацькаўшчына» і ў іншых беларускіх выданьнях на эміграцыі.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1962 — «Змагарныя дарогі», Таронта
  • 1965—1981 — трылёгія «Гараватка»
    • «Дзярлівая птушка»,
    • «Закрываўленае сонца»
    • «Беларусы, вас чакае зямля»
  • 1984 — «Усялякая ўсячына», зборнік прозы і паэзіі
  • 1991 — «За волю», раман
  • 1994 — «Змагарныя дарогі», Менск, 2-е выданьне

Савецкая прапаганда[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька Акулы быў арыштаваны й загінуў у 1951 годзе ў вязьніцы пад Барысавам[2]. Супраць Кастуся ў БССР друкаваліся адкрытыя лісты беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, выходзілі памфлеты і фэльетоны, яго называлі «агент ЦРУ» «платны вызвольнік Беларусі» і «шалёны антысаветчык». Пасьля абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам у 1995 годзе яго кнігі зьніклі з кнігарняў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]