Перайсьці да зьместу

Сымон Якавюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сымон Якавюк
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 30 лістапада 1881(1881-11-30)
Памёр: 25 жніўня 1973(1973-08-25) (91 год)

Сымо́н Якавю́к (1881, в. Дубіны, Бельскі павет, Гарадзенская губэрня — 25 жніўня 1973, Гародня) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

Нарадзіўся ў 1881 годзе ў сялянскай сям’і. Скончыў Бельскую 8-клясную павятовую вучэльню (1897). Навучаўся ў Віленскай тэхнічнай вучэльні, з 1900 году пачаў працаваць на чыгунцы ў Беластоку. У 1914 годзе мабілізаваны ў царскую армію, удзельнік Першай сусьветнай вайны, прапаршчык (1916), служыў на Каўкаскім фронце.

Удзельнік Гарадзенскага беларускага сялянскага зьезду (1918). Уваходзіў у Цэнтральную беларускую раду Гарадзеншчыны (1919). 28 сакавіка 1920 году абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт у Гародні. Пасьля таго, як 21 сакавіка 1921 году польскія ўлады закрылі Гарадзенскі БНК, ён дзейнічаў у падпольлі. У лістападзе 1922 году Сымон Якавюк абраны паслом (дэпутатам) польскага Сойму. Уваходзіў у Беларускі пасольскі клюб. Фігурант «працэсу 45-ці» ў Беластоку (1923), на якім абвінавачваўся ў сувязях зь беларускімі паўстанцамі, апраўданы судом. У канцы сьнежня 1923 году Варшаўскі акруговы суд прыгаварыў С. Якавюка да чатырох гадоў катаржнай працы. На самым пачатку 1924 году перабраўся ў Коўна (Летува). Прымаў удзел у палітычным жыцьці беларускай эміграцыі, уваходзіў у Беларускае культурна-асьветнае таварыства, абіраўся ягоным старшынём. Падчас Другой сусьветнай вайны знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі, удзельнічаў у антыфашысцкім руху.

Пасьля вайны на гаспадарчай працы ў Летуве. У 1955 годзе хадайнічаў аб пэрсанальнай пэнсіі, спасылаючыся на сваё шматгадовае (з 1918) супрацоўніцтва з савецкімі спэцслужбамі. Да пачатку 1960-х гадоў перабраўся ў Гародню.

Памёр 25 жніўня 1973 году. Пахаваны ў Гародні.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]