Энэіда навыварат
Энэіда навыварат | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Вікенці Равінскі |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 1820-я |
Публікацыя: | 1845 |
«Энэі́да навы́варат» — беларуская парадыйна-гумарыстычная бурлескная паэма на сюжэт Энэіды Вэргіліюса, датаваная прыкладна 1820-і гг. Першы буйны эпічны твор на беларускай мове новага часу. Цыркулявала ў сьпісах ананімна, большасьць дасьледчыкаў лічаць яе творцам Вікенція Равінскага; у мінулым лічылася ананімным творам, сярод іншых магчымых аўтараў былі К. Мыслоўскі й І. Манькоўскі.
Гісторыя і зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Энэіда навыварат» працягвае паўсотгадовую эўрапейскую традыцыю героікамічных «Энэідаў», пачатую ў Францыі П. Скаронам («Вэргіліюс навыварат»), працягнутую ў Аўстрыі А. Блюмаўэрам і на ўсходнеславянскай глебе ў 1791 року падхопленую на расейскай мове М. П. Восіпавым («Вергилиева Енеида, вывороченная наизнанку»), а на аснове паэмы Восіпава ў 1798 року І. П. Катлярэўскім («Виргилиева Энеида, на малороссийский язык перелицованная И. Котляревским»).
Беларуская «Энэіда» ў шэрагу месцаў даволі блізка прытрымліваецца тэксту ўкраінскай «Энэіды» Катлярэўскага й месцамі характэрызавалася як ейны вольны пераклад. Як звычайна ў гэтай традыцыі бурлеску, падзеі эпасу Вэргіліюса перанесеныя ў сучасныя (для аўтара) простанародныя рэаліі. Антычныя багі й траянскія героі прадстаўленыя адпаведна як беларускія паны й сялян, у тэксьце прысутніцаюць падрабязныя апісаньні нацыянальнага строю й ежы. Досьведам беларускай «Энэіды» скарыстаўся, найхутчэй за ўсё, аўтар іншай, больш вядомай беларускай бурлескнай паэмы — «Тарас на Парнасе» (як цяпер мяркуецца, ім быў Кастусь Вераніцын).
Датаваньне і гісторыя тэксту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паэма напісаная між вайны 1812 року (у тэксьце ўзгадваюцца — пад празрыстымі псэўданімамі «Кургузаў» і «Ліпарт» — Кутузаў і Наполеон Банапарт; у позьніх сьпісах гэтыя ўмоўныя імёны расшыфраваныя: «Як ад Кутуза Банапарт») і 1837 рокам, калі «Энэіда» ўпершыню ўзгадваецца. У гэтым року студэнт Маскоўскага унівэрсытэту, І. Мыслоўскі перадаў В. М. Бадзянскаму сьпіс фрагмэнту паэмы (104 радкі) на беларускай лацінцы. Бадзянскі прывёз копію з гэтага тэксту ў Прагу чэскаму славісту П. Ё. Шафарыку, пераклаўшы лацінку на кірыліцу, месцамі некарэктна. Шафарыку належыць першая ўзгадка «Энэіды» ў друку — у кнізе «Славянская этнография». У 1845 року вялікі фрагмэнт паэмы быў апублікаваны ў часопісе «Маяк» пры ўдзеле вядомага бібліёграфа Л. А. Кавеліна (пасьля архімандрыт Леанід). У 1853 і 1890 гг. у смаленскім друку зьявілася публікацыя найбольш поўных сьпісаў, узыходзячых да сямейнага архіву В. П. Равінскага (першая яшчэ пры ягоным жыцьці; публікацыя адбылася пры ўдзеле сына й унука паэта). Як і «Тарас на Парнасе», паэма актыўна распаўсюджвалася ў сьпісах і ў вуснай форме.
Беларуская «Энэіда» ці няскончаная, ці не дайшла да нас поўная; у самай поўнай публікацыі 300 зь нечым радкоў, яны апісваюць пачатак падарожжа Энэя, інтрыгі супраць яго Ёны (Юноны) і ў яго падтрымку — Вэнэры. У розных сьпісах маюцца істотныя разыходжаньні. Верш «Энэіды» — 4-стопны ямб, аднак, у адрозьненьне ад паэмаў Блюмаўэра, Восіпова й Катлярэўскага, у дойдзеным да нас тэксьце строфіка ня вытрыманая. У розных сьпісах альбо тэкст не падзелены на строфы, альбо пранумараваныя ўрыўкі маюць розную даўжыню й рыфмоўку. Існуе вэрсія (М. Хаўстовіч), згодна зь якой першапачатковы тэкст «Энэіды», як і ўкраінскай «Энеиды» Катлярэўскага, быў напісаны адычнай страфой, але затым пры запісе па памяці пацярпеў скажэньне. Маюцца зьвесткі, што са строфаў беларускай «Энэіды» 3 прадстаўляюць сабой правільнае адычнае дзесяцірадкоўе, а цэлых 19 (большая частка захаванага тэксту) могуць быць зьведзеныя да правільных дзесяцірадкоўяў пры дапамозе мінімальных кан’ектураў; астатнія фрагмэнты тэксту, паводле Хаўстовіча, больш пацярпелі ад скажэньня.
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мова «Энэіды» — паўночна-ўсходні беларускі дыялект (дакладная лякалізацыя — Віцебск ці Смаленск — неадназначная й зьвязаная з тэксталёгіяй і пытаньнем пра аўтарства). У дасавецкіх выданьнях дакладней перададзеныя дыялектычныя асаблівасьці: іканьне, адрозьненьне цьвёрдага й мяккага [р] і іншыя рысы, якія ў савецкіх выданьнях «падроўніваліся» пад літаратурную беларускую мову.
Пытаньне аўтарства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтарства «Энэіды» ў розныя часы прыпісвалі віцебскаму віцэ-губэрнатару, публіцысту Ігнату Манькоўскаму (1765—1831), які нібы напісаў яе яшчэ ў 1790-я гг., альбо студэнту К. В. Мыслоўскаму (таксама зь Віцебску), які ўпершыню зрабіў сьпіс «Энэіды» здабыткам славістыкі ў 1837 р. У савецкі час паэма лічылася, як і «Тарас на Парнасе», ананімнай. Аднак найбольш прынятая ў навуке гіпотэза пра аўтарства смаленскага землеўладальніка, афіцэра, удзельніка вайны 1812 р. В. П. Равінскага, зь сям’і якога дайшлі найбольш поўныя сьпісы. Разгорнутая аргумэнтацыя ў падтрымку аўтарства Равінскага належыць Я. Ф. Карскаму. На карысьць гэтае вэрсіі кажа наяўнасьць у тэксьце «Энэіды» тапонімаў і іншых рэаліяў, зьвязаных са Смаленскай губэрняй (Шчуч’е, Духоўшчына, Чыжава, кірмаш на «Ўшэсьце», вяземскі пранік), а таксама лексічныя асаблівасьці. Прыхільнікам аўтарства Равінскага быў філёлаг Генадзь Васілевіч Кісялёў, які напісаў дылёгію пра аўтарства «Энэіды» й «Тараса на Парнасе». Бальшыня сучасных падручнікаў і хрэстаматыяў прыпісваюць «Энэіду» В. П. Равінскаму, пры існаваньні сумневаў наконт аўтарства.
Успрыманьне ў культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тарас Шаўчэнка, пазнаёміўшыся з паэмай у пачатку 1840-х гг. у Пецярбургу, адзначаў яе «чыста беларускі элемэнт» («па-расейску: чисто белорусский элемент»). Максім Багдановіч з захапленьнем ставіўся да «Тараса на Парнасе», разглядаў «Энэіду» адмоўна, бачачы ў ёй «брыдкую» («па-расейску: уродливую») спробу абшарніка (Багдановіч лічыў аўтарам Равінскага) пасьмяяцца «ня толькі на беларускай мове, але й зь беларускае мовы» («па-расейску: не только на белорусском языке, но и над белорусским языком»). Падобнае стаўленьне мелі некаторыя ўкраінскія пісьменьнікі — позьні Шаўчэнка, Куліш — да Катлярэўскага.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бас І. С. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні. — Мн., 1969. — С. 11—18.
- Блінава Э. Лінгвістычны аналіз паэмы «Энеіда навыварат» // Роднае слова. — 2005. — № 12. — С. 31-34.
- Карский Е. Ф. Белорусская Энеида наизнанку. С приложением текста сохранившихся отрывков. — Харьков, 1908.
- Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». — Мн., 1971.
- Киселев Г. Разыскивается классик… — Мн., 1989.
- Кісялёў Г. Слядамі «Энеіды» // Полымя. 1996. — № 10.
- Мальдис А. О. Белорусская литература // История всемирной литературы: В 8 томах / АН СССР; Ин-т мировой лит. Им. А. М. Горького. — М.: Наука, 1983—1994.
- Хаўстовіч М. «Энеіда навыварат»: спроба рэканструкцыі // Мікола Хаўстовіч. Лекцыі па гісторыі беларускае літаратуры. — Кафедра гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта.