Перайсьці да зьместу

Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Кнігі Беларусі»)
Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш
Гады з 1994-га
Краіна Беларусь
Горад Менск
Мова(-ы) беларуская, расейская
Псэўданім «Кнігі Беларусі»
Тэматыка кнігі
Лэйбл «Белкніга»
Склад 281 выдавецтва з 20 краінаў (2021 год)
Заснавальнік Міністэрства інфармацыі Беларусі
Арганізатар ТАА «Макбел»
Ганаровыя госьці Расея (2020 год)
Злучаныя праекты конкурсы «Мастацтва кнігі» і «Творчасьць маладых пэдагогаў», сымпозіюм «Пісьменьнік і час»

Ме́нская міжнаро́дная кні́жная выста́ва-кірма́ш (ММКВК) — штогадовы кірмаш Беларусі, заснаваны ў 1994 годзе Міністэрствам інфармацыі Беларусі.

Ад заснаваньня яе штолюты больш як 25 гадоў ладзіць ТАА «Макбел» пад кіраўніцтвам Зьмітра Макарава[1]. У 2006 годзе ўвялі стан пачэснай госьці-краіны. Зь 2008 году наведваньне зрабілі бясплатным для ўсіх. Зь 2015 году праходзіць у Нацыянальным выстаўным комплексе «БелЭкспа» па праспэкце Пераможцаў, д. 14. Пачэснымі гасьцямі былі: Расея (2006, 2013, 2020), Украіна (2007), Ізраіль (2008), Казахстан (2009), Францыя (2010), Нямеччына (2011), Вэнэсуэла (2012), Кітай (2015), Армэнія (2016), Вялікабрытанія (2017), Сэрбія (2018) і ЗША (2019)[2].

У 1994 годзе на 1-ю Менскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш прыехалі выдаўцы з 8 краінаў Усходняй Эўропы[3]. 14 сакавіка 1994 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 145 аб далучэньні Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое ладзіла кніжны кірмаш, да складу Міністэрства культуры Беларусі, якое перайменавалі ў Міністэрства культуры і друку і зрабілі арганізатарам кірмашоў наступных гадоў. 24 верасьня 2001 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 516 аб аднаўленьні Міністэрства інфармацыі, у тым ліку ў якасьці арганітара кніжнага кірмашу.

17 лютага 2004 году ў Нацыянальным выстаўным цэнтры «БелЭкспа» па вуліцы Янкі Купалы, д. 27 адчынілася 11-я Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш (ММКВК) «Кнігі Беларусі». Найбольш чынны ўдзел у ёй узялі кнігавыдаўцы зь Беларусі, суседніх Летувы, Расеі і Ўкраіны, а таксама зь Нямеччыны і Славаччыны[4]. 15—17 лютага 2005 году прайшла 12-я ММКВК «Кнігі Беларусі» з удзелам 504-х кнігавыдаўцоў, зь якіх 320 былі беларускімі. Такія дзяржаўныя выдавецтвы Беларусі, як «Мастацкая літаратура», «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі» і «Беларусь», прадставілі больш як 200 новых кніг. Найбольшыя плошчы сярод прыватных выдавецтваў Беларусі на выставе займалі «Харвэст», «Кніжны дом», «Хэлтан», «Амалфея», «Юніклясык» і «Кавалер Паблішэрз». Выстаўную плошчы кірмашу павялічылі на 300 кв.м да 2000 кв.м. Пры гэтым, пад раздробны гандаль адвялі 1000 кв.м, а сам павільён разьмясьцілі на 2-м паверсе выстаўнога цэнтру. Арганізатарам выставы выступіла Міністэрства інфармацыі Беларусі. Найбольшыя плошчы сярод іншаземных кнігавыдаўцоў займалі расейскія і ўкраінскія. Cярод іншага, свае выданьні прадставілі кнігавыдаўцы 3-х краінаў Азіі — Казахстану, Кітаю і Кыргыстану, а таксама ЗША і 5 іншых краінаў Эўропы — Летувы, Нямеччыны, Славаччыны, Францыі і Швэцыі. Уваход быў бясплатны для дзяцей да 12 гадоў і арганізаваных групаў школьнікаў, інвалідаў і пэнсіянэраў[5]. На конкурсе «Мастак і кніга» за ілюстрацыі да кнігі «Спрэчка анёлаў» Ігар Гардзіёнак атрымаў найвышэйшую адзнаку ў якасьцю дыплёма «Тоеснасьць»[6]. 9—12 лютага 2006 году на 13-й ММКВК «Кнігі Беларусі» Міністэрства інфармацыі Беларусі правяло конкурс «Мастак і кніга», на якім перамог Валеры Славук. Мастак атрымаў дыплём 1-й ступені ў намінацыі «Тоеснасьць» за ілюстрацыі да энцыкляпэдыі «Беларускі фальклёр»[7].

Нацыянальны выстаўны цэнтр «Белэкспа»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6—10 лютага 2008 году ў Нацыянальным выстаўным цэнтры «Белэкспа» адбылася 15-я ММКВК «Кнігі Беларусі» з удзелам выдавецтваў з 20 краінаў. Упершыню ўдзельнічалі выдавецтвы з Вэнэсуэлы, Таджыкістану і Швайцарыі. Выстава працавала зь 10-й да 19-й гадзіны ў будні і да 15:30 у нядзелю. Уваход на кірмаш упершыню зрабілі бясплатным для ўсіх. Пачэснымі гасьцямі выступілі выдавецтвы Ізраілю[8]. 11—15 лютага 2009 году ў 16-й ММКВК «Кнігі Беларусі» ўдзельнічалі выдавецтвы з 25 краінаў. Беларускія выдавецтвы прадставілі «Вялікі гістарычны атляс Рэспублікі Беларусь» і кнігі сэрыі «Бібліятэка Саюзу пісьменьнікаў Беларусі», а таксама альбомы «Белавескае дзіва», «Менск — падарожжа ў часе» і «Адам Міцкевіч на паштоўках 19 — пачатку 20 стагодзьдзя». Адначасна ладзілася фотавыстава Сяргея Плыткевіча «Плянэта Беларусь». Упершыню гасьцямі кірмашу сталі выдавецтвы з такіх 3-х краінаў Азіі, як Азэрбайджан, Іран і Карэя, а таксама з такіх 4-х краінаў Эўропы, як Баўгарыя, Бэльгія, Вугоршчына і Эстонія. Пачэснымі гасьцямі сталі выдавецтвы Казахстану, якія прадставілі кнігі сэрыі «Дружба народаў», «Анталёгія казаскай музыкі» і «Гісторыя казаскай літаратуры»[9].

10—14 лютага 2010 году на 17-й ММКВК пачэснымі гасьцямі сталі выдавецтвы Францыі, якія занялі 204 кв.м плошчы. Дзяржаўныя выдавецтвы Беларусі прадставілі энцыкляпэдыі «Археалёгія Беларусі», «Гісторыя беларускай кнігі», «Лён» і «Прырода Беларусі», шматтомныя зборнікі твораў Максіма Танка і Якуба Коласа, альбомы пра Кобрын і Смаргонь, а таксама фотаспадарожнік па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Падчас выставы кнігі прадавалі без 30%-вай гандлёвай нацэнкі. Найбольш раскупалі альбом з творамі Напалеона Орды па 170 000 рублёў (56 даляраў)[3]. У выставе ўдзельнічала 619 выдавецтваў з 26 краінаў[10]. Арганізатарамі кірмашу выступілі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў, ААТ «Белкніга» і ТАА «Макбел»[11]. 9—13 лютага 2011 году адбылася 18-я ММКВК з удзелам 605 выдавецтваў ад 23-х краінаў. Пачэснымі гасьцямі былі выдавецтвы Нямеччыны[12]. Лік наведніц і наведнікаў перавысіў 50 000 чалавек[13]. 8—12 лютага 2012 году ў НВЦ «БелЭкспа» прайшла 19-я ММКВК з удзелам 600 выдавецтваў больш як 20 краінаў. Пачэснымі гасьцямі былі выдавецтвы Вэнэсуэлы, якія занялі 240 кв.м плошчы[14]. Сярод іншага, свае кнігі асабіста прадставілі замежныя пісьменьніцы і пісьменьнікі — Сынтыя Лорд з ЗША і Алекс Кош з Расеі, украінская фантастка Аксана Панкеева і Аліўе дэ Сальмінак з Францыі[15].

Выдавецкі дом «Зьвязда» на 20-м кірмашы (2013 год). Справа — Алесь Бадак і Вольга Тарасевіч.

6—10 лютага 2013 году ў НВЦ «БелЭкспа» адбылася 20-я ММКВК з удзелам звыш 600 выдавецтваў ад 25 краінаў, у тым ліку ўпершыню з Сэрбіі[16]. Свае кнігі асабіста прадставілі такія беларускія пісьменьніцы і пісьменьнікі, як Раіса Баравікова, Анатоль Бутэвіч, Уладзімер Ліпскі, Алесь Марціновіч, Мікола Мятліцкі, Валянціна Паліканіна, Сяргей Тархімёнак, Мікалай Чаргінец і Віктар Шніп[17]. Сярод іншага, на кірмашы прадставілі факсімільнае выданьне Полацкага Эвангельля[18] 2-й паловы ХІІ стагодзьдзя. «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» паказала 2 альбомы: 1) «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911—1912» з больш як 400 фотаздымкамі пра традыцыйную культуру Беларускага Палесься; 2) «Беларусы Масквы 17 ст.» зь ілюстрацыямі тагачасных працаў беларускіх збройнікаў, керамістаў і цесьляроў у Маскве. Амаль 200 выдавецтваў Расеі прадставілі на кірмашы каля 2000 кніг. Звыш 50 выдавецтваў удзельнічала ў выставе ад Украіны[19].

5—9 лютага 2014 году прайшла 21-я ММКВК, у межах якой вярнулі «Дзень бібліятэк» і правялі «Дзень ведаў»[20]. Сярод 600 выдавецтваў ад 26 краінаў большасьць прадстаўляла Расею і Ўкраіну, Вялікабрытанію, Італію, Фінляндыю і Швэцыю, а таксама ЗША і Турэччыну[21]. Сярод іншага, на выставе прадставілі факсімільнае выданьне Баркалабаўскага летапісу і «Энцыкляпэдыю беларускага хакею». На кірмаш прыехаў францускі раманіст Патрык Дэвіль[22] і такія францускія пісьменьнікі, як Аліўе Балазюк, Сэдрык Гра, Жан-Батыст Дзюфур і Ален Флешэр. На кірмашы прадставілі і 1-ы том 4-томніка «Нарысы гісторыі культуры Беларусі»[23]. Уладзімер Ліхадзедаў паказаў на кірмашы выставу афортаў, кніг і паштовак «У пошуках страчанага», паводле матэрыялаў якіх выдаў 14 гістарычных кніг[24]. Цана арэнды за 1 кв.м на кірмашы складала 240 эўра[25]. За 5 дзён працы кірмаш наведалі звыш 55 000 чалавек. Пры гэтым, на ёй сустрэчы з чытачамі правялі амэрыканскі мастак коміксаў Джон Элдэр і пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч[26].

На праспэкце Пераможцаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аксана Спрынчан (у вышыванцы) і Алег Грушэцкі на 22-м кірмашы (2015 год)

11—15 лютага 2015 году на 22-ю ММКВК прыехала каля 400 выдаўцоў з 28 краінаў[27]. Яе ўпершыню правялі ў выстаўным комплексе па праспэкце Пераможцаў, д. 14. Пачэснымі гасьцямі сталі 45 выдавецтваў Кітаю, якія занялі каля 400 кв.м плошчы і прадставілі звыш 5000 кніг. На кірмашы падпісалі Мэмарандум аб узаемных перакладах выданьняў літаратурных твораў Беларусі і Кітаю ў 2015—2020 гадах. Каля 40 пісьменьнікаў з 16 краінаў правялі сымпозіюм «Пісьменьнік і час». Сярод іншых, кірмаш наведаў расейскі пісьменьнік Міхаіл Велер[28]. Упершыню на выставу прыехалі выдаўцы Бразыліі[29]. На нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Трыюмф» перамог фотальбом «Беларусь замкавая»[30]. Ад Францыі кірмаш наведалі перакладніца Сафі Бэнэш, дзіцячыя пісьменьнікі Жан-Філіп Ару-Віньё і Ціматэ дэ Фамбэль, паэт Марк Саньёль і кніжны ілюстратар Дамінік Карбасон[31]. 22-я Менская кніжная выстава прыцягнула каля 35 000 наведніц і наведнікаў. Яе арганізатарамі былі Міністэрства інфармацыі Беларусі і Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт[32]. Кніжны кірмаш сталі праводзіць у іншым будынку, бо ранейшы НВЦ «БелЭкспа» на вуліцы Янкі Купалы вызначылі пад знос, які адбыўся ў 2017 годзе[33].

10—14 лютага 2016 году 23-я ММКВК прайшла з удзелам кнігавыдаўцоў з 29 краінаў. Пачэснымі гасьцямі выступілі выдаўцы Армэніі[34]. Галоўную ўзнагароду ў намінацыі «Трыюмф» 55-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» атрымала выдавецтва «Мастацкая літаратура» за кнігу «Ўладзімер Мулявін. Сэрцам і думамі». Каля 300 выдавецтваў прадставілі: 1) 11 краінаў Азіі — Азэрбайджан, Армэнія, Ізраіль, Казахстан, Кітай, Кыргыстан, Паўднёвая Карэя, Сырыя, Таджыкістан і Турэччына; 2) 2 краіны Паўднёвай Амэрыкі — Вэнэсуэла і Эквадор, 3) 2 краіны Паўночнай Амэрыкі — ЗША і Куба; 4) 11 краінаў Эўропы — Летува, Польшча, Расея і Ўкраіна, а таксама Вялікабрытанія, Нямеччына, Фінляндыя, Францыя, Чэхія, Швайцарыя і Швэцыя[35]. Сярод іншых, наведнікам кірмашу стаў старшыня Савету Рэспублікі Нацсходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч[36]. Агулам кірмаш прыцягнуў 40 000 наведнікаў[37].

Дзіцячая пісьменьніца Натальля Бучынская на 24-м кірмашы (2017 год)

8—12 лютага 2017 году на 24-й ММКВК пачэснымі гасьцямі былі выдавецтвы Вялікабрытаніі[38]. Найбольшыя плошчы на кірмашы занялі выдавецтвы Расеі, Нямеччыны, Кітаю, Ірану і ЗША[39]. Агулам на кірмашы працавалі выдавецтвы з 31-й краіны, у тым ліку ўпершыню з Грэцыі. У 3-м сымпозіюме «Пісьменьнік і час» узяді ўдзел выдаўцы і пісьменьнікі зь 19 краінаў. Сярод іх былі італьянскі пісьменьнік Карлё Люкарэлі, ангельскі сцэнарыст Эндру Дыксан, фінскі дзіцячы пісьменьнік Ціма Парвэла, каўкаскі пісьменьнік Саліх Гуртуеў і кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі Казахстану Жанат Сейдуманаў[40]. На кірмашы адбылася прэзэнтацыя Беларуская бібліятэкі імя Францішка Скарыны, якая працуе ў Лёндане[41]. Сам кірмаш прысьвячаўся 500-годзьдзю выданьня «Псалтыра» Францішкам Скарынам на старабеларускай мове як пачатку ўсходнеславянскага кнігадрукаваньня[42]. Таксама на кірмашы адбылася сустрэча з польскім фантастам Яраславам Гжэндовічам[43]. Сярод іншага, ТАА «Белгіпс-Эка» прадставіла праект «Кнізе — другое жыцьцё», у ходзе якога зь зялёных кантэйнэраў у Менску сабралі каля 28 000 кніг, якія пасьля сартаваньня перадалі ў лякарні, прытулкі для дзяцей і састарэлых, інтэрнаты і турмы[44]. Гісторык Уладзімер Ліхадзедаў прадставіў друкарскі станок, адноўлены паводле гравюраў XVI стагодзьдзя. На ім надрукавалі 12 асобнікаў Бібліі Скарыны[45]. Галоўнай узнагародай конкурсу «Мастацтва кнігі» ўшанавалі факсімільны 20-томнік «Кніжная спадчына Скарыны», падрыхтаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі[46]. Бібліятэкі Ангельшчыны перадалі на кірмашы электронныя копіі выданьняў Скарыны[47]. Наведвальнасьць кірмашу склала каля 60 000 чалавек[48].


28 лютага — 4 сакавіка 2018 году правялі 25-ю ММКВК, на якой пачэснымі гасьцямі сталі выдавецтвы Сэрбіі. Па выніку конкурсу маладых пісьменьніц і пісьменьнікаў прадставілі зборнік «Першацьвет». Выдавецтва «Мастацкая літаратура» адкрыла новую сэрыю «Час ХХІ» фэнтэзійнай кнігай Станіславы Ўмец «Сэрца Сакры». Таксама па-беларуску прадставілі «Энцыкляпэдыю Кітаю». Сярод іншага, паказалі выдадзены ў Беларусі зборнік сучаснай сэрбскай паэзіі «Залаты воз», кнігу Нявены Віташэвіч-Чэкліч «Чырвоныя кветкі Косава поля», зборнік «Беларусы пра Сэрбію і Югаславію», падборкі беларускай паэзіі ў сэрбскім часопсіе «Повелья» і сэрбскіх выпускаў часопісаў «Маладосьць», «Полымя», «Нёман» і газэты «Літаратура і мастацтва». Зладзілі сустрэчы сэрбскі пісьменьнік Горан Петравіч і перакладніца Даяна Лазарэвіч, якая пераклала на сэрбскую зборнік Максіма Багдановіча «Вянок»[49]. Удзельнікамі кірмашу сталі 360 выдавецтваў[50] ад 32-х краінаў[51]. Сымпозіюм «Пісьменьнік і час» прыцягнуў 50 удзельнікаў, сярод якіх было 34 пісьменьнікі з 21-й краіны[52]. Міністар інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч уручыў Галоўную ўзнагароду конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Трыюмф» за кнігу «Сусьветная спадчына Францыска Скарыны». Гэтую ўзнагароду ў выглядзе «Залатога фаліянта» атрымалі кіраўнік выдавецтва «Беларуская энцыкляпыдыя імя Петруся Броўкі» Ўладзімер Андрыевіч, мастачка-дызайнэрка Алена Сітайла і кіраўнік Паліграфкамбінату імя Якуба Коласа Ігар Маланяк, якія працавалі над выданьнем[53].

6—10 лютага 2019 году арганізатарамі 26-1 ММКВК выступілі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Менскі гарвыканкам і Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Суарганізатарамі сталі ААТ «Белкніга» і ТАА «Макбел», а таксама 3 ведамствы: Міністэрства адукацыі Беларусі, Міністэрства замежных справаў Беларусі і Міністэрства культуры Беларусі. На выставе зладзілі экспазыцыю «Друкарскі двор XVI стагодзьдзя». Пачэснымі гасьцямі былі выдавецтвы ЗША[54]. Агулам удзел бралі выдавецтвы з 35 краінаў[55]. Пяты сымпозіюм «Пісьменьнік і час» сабраў звыш 50 пісьменьнікаў з 25 краінаў[56]. На выставе паказалі «Малую падарожную кніжыцу» Францішка Скарыны 1522 году[57]. Людміла Рублеўская прадставіла 5-ю кнігу «Авантур Пранціша Вырвіча» — «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара». Украінская пісьменьніца Ірына Данеўская прадставіла беларускі пераклад свайго гістарычнага раману «Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц зь Вялікага Княства Літоўскага», які выканала Натальля Бабіна для выдавецтва Андрэя Янушкевіча[58]. Агулам удзельнікамі кірмашу сталі 439 выдавецтваў, зь іх 162 (37 %) замежныя[59]. На прэзэнтацыю сваіх кніг прыехалі расейскія пісьменьнікі Максім Макарычаў і Мікалай Даўгаполаў, а таксама перакладнік Максім Замшаў. У дзень адкрыцьця кірмашу міністар інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч адзначыў: «Доля кніг, надрукаваных у Расейскай Фэдэрацыі, сёньня складае больш за 70 % беларускага кніжнага рынку»[60]. На кірмаш прыехалі італьянскі паэт-песеньнік Дамэніко Лякашулі і нарвэскі пісьменьнік-ілюстратар Стыян Холе[61]. Выдавецтва «Беларуская навука» прадставіла 1-ы том 5-томніка «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці», «Белкартаграфія» прэзэнтавала «Вялікі гістарычны атляс Беларусі», а «Мастацкая літаратура» — кнігі сэрыі «Сто вершаў»[62]. За 5 дзён працы кірмаш прыцягнуў звыш 61 000 наведніц і наведнікаў[63]. Найбольш прадаваным выданьнем стаў 5-томнік твораў Сьвятланы Алексіевіч на беларускай мове[64].

Выдавецтва «Янушкевіч» на 27-м кірмашы ў 2020 годзе

5—9 лютага 2020 году на 27-й ММКВК пачэснымі гасьцямі былі выдавецтвы Расеі. Удзел у 6-м сымпозіюме «Пісьменьнік і час» узялі пісьменьніцы і пісьменьнікі з 29 краінаў, у тым ліку зь: 1) 10 краінаў Азіі — Азэрбайджану, Грузіі, Ізраілю, Індыі, Казахстану, Кітаю, Манголіі, Таджыкістану, Туркмэністану, Турэччыны і Ўзбэкістану; 2) 19 краінаў Эўропы — Беларусі, суседніх Латвіі, Летувы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны, а таксама Баўгарыі, Вугоршчыны, Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Італіі, Малдовы, Мальты, Нямеччыны, Партугаліі, Славаччыны, Сэрбіі і Францыі[65]. З 31-й краіны[66] на кірмаш прыехала 386 выдавецтваў. На ім выступілі амэрыканскі пісьменьнік Дуглас Мак і расейскія пісьменьніцы Аляксандра Марыніна ды Тацяна Ўсьцінава[67]. «Мастацкая літаратура» прадставіла 25-томны збор твораў Уладзімера Караткевіча[68]. Цюменскі дабрачынны фонд «Адраджэньне Табольска» прэзэнтаваў 2-томнік «Беларусы ў Сыбіры»[69]. «Янушкевіч» прапаноўваў беларускі пераклад кнігі «Гары Потэр і філязофскі камень». Паэт Уладзімер Някляеў прадставіў кнігу «Зьнічы каханьня»[70]. Таксама беларускія выдавецтвы паказалі кнігу «Традыцыі сувэрэннай Беларусі», раман Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл. Генэрал караля» і «Смак беларускай кухні», зборнік сучаснага беларускага пісьменства «Мая Радзіма» і фотапраект Вячаслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой»[71]. «Залаты фаліянт» і дыплём імя Францішка на 59-м конкурсе «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Трыюмф» атрымаў Дзяніс Раманюк за кнігу «Беларусь. Храм і краявід». Упершыню гэтую ўзнагароду атрымаў прыватны выдавец. Навуковым рэдактарам кнігі выступіў гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі. Найлепшым ілюстратарам прызналі Ўладзімера Даўгялу, дызайнэрам — Уладзімера Лукашыка, а фотамастаком Андрэя Шчукіна[72]. Выдавецтва «Адукацыя і выхаваньне» і рэдакцыя часопіса «Пачатковая школа» зладзілі 5-ы Рэспубліканскі конкурс «Творчасьць маладых пэдагогаў». Дыплём 1-й ступені ў намінацыі «Працуем у беларускамоўнай школе» здабыла настаўніца гімназіі Асіпавічаў Хрысьціна Булычова за ўрок «Гукі “т” і “ц” і іх абазначэньне на пісьме» для 2-й клясы[73].

Кацярына Хадасевіч-Лісавая са сваімі творамі. Аўтограф-сесія, XXXI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш.

18—21 лютага 2021 году зладзілі 28-ю ММКВК з удзелам 281-го выдавецтва[74] толькі ад 20 краінаў праз пандэмію каронавіруснай інфэкцыі. Па 50 выдавецтваў прыехала ад Беларусі і Расеі. «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі» прадставіла фотаальбомы «Акварэлія. Беларускі акварэльны жывапіс» і «Зямля і неба Фэрдынанда Рушчыца» з сэрыі «Мастакі зямлі беларускай», а таксама пэрсанальныя энцыкляпэдыі «Кірыл Мазураў. Пра што маўчаў час», «Надзея Грэкава. Міхаіл Малінін. Час памятаць» і «Уладзімер Караткевіч»[75]. Упершыню кірмаш наведаў старшыня ўраду Беларусі Раман Галоўчанка, які заявіў: «мы бачым выдатныя кнігі, якія выдаюцца і на беларускай мове тарыжамі 1-1,5 тыс. экзэмпляраў. Такім чынам, мы забясьпечваем разнастайнасць літаратуры для дзяцей»[76]. Сярод іншага, пасьмяротна прадставілі кнігу Алеся Гародні «Варта на Райне». Кацярына Хадасевіч-Лісавая прэзэнтавала адразу 3 свае кнігі «Палёт на Вухуцію», «Знаёмцеся — Падабайка» і «Жахліўчык»[77]. Таксама на кірмашы прадставілі па-беларуску раман Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя» і кнігу Алеся Паплаўскага «Гульні з нулявымі сумамі», апавяданьне зь якой атрымала ўзнагароду «Залаты апостраф»[78]. Наведвальнасьць кірмашу склала каля 36 000 чалавек. Галоўную ўзнагароду конкурсу «Мастацтва кнігі» атрымала кніга «Храм-помнік зямлі беларускай»[79]. Сталічнае аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі паказала анталёгію маладой паэзіі «Мы — маладыя» з твораў 166 паэтак і паэтаў[80].

23—27 сакавіка 2022 году ў выстаўным цэнтры «БелЭкспа» прайшоў 29-ы кірмаш. Міністэрства інфармацыі Беларусі 2-і год запар правяло конкурс «ЛітАп» сярод 200 заявак на пісьменьніцкія пачынаньні ў выглядзе малюнкаў, прэзэнтацыяў і рукапісаў. Сярод іх 12 творцаў дайшлі да фіналу з расповедамі пра будучыя кнігі. Выдавецкі дом «Зьвязда» прадставіў 109-ю кнігу Міхася Пазьнякова «Голас». Выдавецтва «Мастацкая літаратура» паказала аповесьць Галіны Пярун «Закаханы скідзень» пра каханьне падлеткаў. Выдавецтва «Беларусь» прасоўвала кнігу 15-гадовага Ільлі Набздорава «Трэйдынг і іншыя цуды» пра заробак з дому. У 61-м конкурсе «Мастацтва кнігі» ўзялі ўдзел 35 выдавецтваў. «Залаты фаліянт» і Ганаровы дыплём імя Францыска Скарыны за перамогу ў ім атрымала выдавецтва «Адукацыя і выхаваньне». Найлепшай ілюстратаркай прызналі Лізавету Пастушэнку з малюнкі ў кнізе «Жоўты бусел», якая ўбачыла сьвет у выдавецтве «Народная асьвета». Найлепшым дызайнэрам стаў Міхаіл Далідаў за нізку кніг «Народная бібліятэка» выдавецтва «Мастацкая літаратура»[81].

14 студзеня 2019 году намесьнік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі прадставіў праграму 26-й Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і заявіў: «Мы хочам сабраць мірны танк з кніг. 75 гадоў мы спакойна жывём, працуем і ствараем кнігі. Кожны ахвочы можа прыняць удзел у зборы гэтага танка. А затым кнігі, з якіх ён будзе складацца, мы перададзім у дзіцячыя і мэдычныя ўстановы, зацікаўленыя ў папаўненьні сваіх бібліятэк»[82][83]. 5 лютага 2019 году начальніца ўправы выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьці Мініфарму Беларусі Алена Паўлава паведаміла, што «гэтая (прапанова) не была падтрыманая аргкамітэтам». Паўлава адзначыла, што замест гэтага для выставы падрыхтавалі вялікія літары «Беларусь», у якіх будуць стаяць кнігі, бо «вырашылі, што гэта бліжэй да выставы, да кніг»[84].

  1. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Дзе знайсьці добрую кнігу // Зьвязда : газэта. — 27 лютага 2018. — № 40 (28656). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш // Міністэрства інфармацыі Беларусі, 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  3. ^ а б Па францускім рахунку // Народная газэта. — 3 лютага 2010. — № 5182.
  4. ^ ХІ Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш «Кнігі Беларусі - 2004» // Выдавецтва «Про Хрысто», 17 лютага 2004 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  5. ^ Кнiга застаецца з чалавекам // Народная газэта. — 12 лютага 2005. — № 3850.
  6. ^ Алег Глекаў. ХIІ Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш «Кнігі Беларусі — 2005» // Выдавецтва «Про Хрысто», 17 лютага 2005 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  7. ^ Алег Глекаў. «Кнігі Беларусі — 2006» // Выдавецтва «Про Хрысто», 12 лютага 2006 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  8. ^ М. Новікаў. XV Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш «Кнігі Беларусі — 2008» // Выдавецтва «Про Хрысто», 6 лютага 2006 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  9. ^ Менск, кірмаш, кнігі // Культура : газэта. — 7 лютага 2009. — № 6 (874).
  10. ^ XVII Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 11 лютага 2010 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  11. ^ В. Палінеўскі. «Кнігі Беларусі — 2010» // Выдавецтва «Про Хрысто», 10 лютага 2006 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  12. ^ XVIII Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 14 лютага 2011 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  13. ^ Тацяна Дарашчонак, БелаПАН. Менскі кніжны кірмаш наведалі 50 тыс. чалавек // Газэта «Наша ніва», 14 лютага 2011 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  14. ^ Час чытаць // Народная газэта. — 9 лютага 2012. — № 5691.
  15. ^ Кнігі — думак караблі // Народная газэта. — 11 лютага 2012. — № 5693.
  16. ^ У Менску стартуе юбілейная 20-я міжнародная кніжная выстава-кірмаш // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2013 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  17. ^ ХХ Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адкрываецца сёньня для наведвальнікаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 лютага 2013 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  18. ^ ХХ Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш // БелТА, 6 лютага 2013 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  19. ^ Аляксандар Талочка. Друкуем, чытаем, шануем // Рэспубліка : газэта. — 7 лютага 2013. — № 5685.
  20. ^ Марына Весялуха. У Менск, на кірмаш // Літаратура і мастацтва : газэта. — 6 сьнежня 2013. — № 48 (4746). — С. 9. — ISSN 0024-4686.
  21. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Кнігі на любы густ // Зьвязда : газэта. — 4 лютага 2014. — № 48 (4746). — С. 1. — ISSN 0024-4686.
  22. ^ Сёньня ў Менску адкрываецца ХХІ Міжнародны кніжны кірмаш // Белтэлерадыёкампанія, 5 лютага 2014 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  23. ^ Мікола Чэмер. У гасьцях у кнігі // «Настаўніцкая газэта», 6 лютага 2014 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  24. ^ 21-я Менская міжнародная кніжная выстава-кірамаш пасьпяхова праходзіць у Менску // Радыё «Беларусь», 6 лютага 2014 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  25. ^ Міхась Скобла. Віктар Хурсік: У менскай кніжнай выставы няма душы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 7 лютага 2014 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  26. ^ Юры Мазалеўскі. Чытаньня — на год // Рэспубліка : газэта. — 11 лютага 2014. — № 5930.
  27. ^ Натальля Бардзілоўская, тэлеканал «Беларусь 1». У Беларусі стартаваў 22-і Менскі міжнародны кніжны кірмаш // Белтэлерадыёкампанія, 11 лютага 2015 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  28. ^ Валянцін Пепяляеў. Сябе паказаць, другiх пагартаць // Народная газэта. — 6 лютага 2015. — № 6301.
  29. ^ У Менску адкрылася Міжнародная кніжная выстава-кірмаш // Радыё «Беларусь», 11 лютага 2015 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  30. ^ XXII Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш // БелТА, 11 лютага 2015 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  31. ^ Мікола Чэмер. Адзін на ўсе дваццаць восем // «Настаўніцкая газэта», 12 лютага 2015 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  32. ^ Каля 35 тыс. гасьцей наведалі XXII Менскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш // БелТА, 16 лютага 2015 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  33. ^ Алег Грушэцкі. Зносяць будынак ВДНГ // Газэта «Новы час», 9 сакавіка 2017 г. Праверана 21 красавіка 2022 г.
  34. ^ XXIIІ Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш // БелТА, 9 лютага 2016 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  35. ^ Адкрылася XXIIІ Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш // БелТА, 10 лютага 2016 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  36. ^ Вераніка Канюта. Кніжны вернісаж // Зьвязда : газэта. — 11 лютага 2016. — № 26 (28136). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  37. ^ Марына Весялуха. Кніга ў пашане // Зьвязда. — 16 лютага 2016. — № 29 (28139). — С. 4.
  38. ^ Кастусь Лешніца. Кніга як люстэрка традыцыяў і інавацыяў // Зьвязда. — 7 сьнежня 2016. — № 236 (28346). — С. 15.
  39. ^ Канстанцін Люткевіч. На сустрэчу з кнігай // Зьвязда. — 18 студзеня 2017. — № 11 (28375). — С. 2.
  40. ^ Аліна Саўчанка. Кірмаш кніг і падзей // Культура. — 4 лютага 2017. — № 5 (1288).
  41. ^ XXIV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш // БелТА, 8 лютага 2017 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  42. ^ А. Лукашэнка. Асаблівая роля літаратуры // Зьвязда. — 8 лютага 2017. — № 26 (28390). — С. 1.
  43. ^ Яраслаў Гжэндовіч: «Фантастыка - найлепшая мэтафара для апісаньня рэчаіснасьці» // Радыё «Культура», 10 лютага 2017 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  44. ^ Настасься Панкратава, Аліна Саўчанка. Стваральны патэнцыял слова // Культура. — 11 лютага 2017. — № 6 (1289).
  45. ^ Настасься Панкратава. Як Скарына // Культура. — 11 лютага 2017. — № 6 (1289).
  46. ^ Тацяна Вускова. Школа астрамечаўскага мужыка // Сельская газэта. — 14 лютага 2017. — № 20849.
  47. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У сталіцы завяршыўся XXIV Менскі міжнародны кніжны кірмаш // Белтэлерадыёкампанія, 12 лютага 2017 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  48. ^ Юры Чарнякевіч. Ад Скарыны да малой Радзімы // Культура. — 3 сакавіка 2018. — № 9 (1344).
  49. ^ Варвара Гоман. Кніжны час // Зьвязда. — 24 студзеня 2018. — № 16 (28632). — С. 3.
  50. ^ 360 экспанэнтаў з 32 краін прадстаўленыя на 25-й Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы // Радыё «Беларусь», 28 лютага 2018 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  51. ^ У XXV Менскай міжнародной кніжнай выстаўцы-кірмашы прымуць удзел 32 краіны // БелТА, 20 лютага 2018 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  52. ^ Сяргей Паўлаў. ХХV Менская міжнародная кніжная выстаўка: з 28 лютага па 4 сакавіка // Літаратура і мастацтва. — 23 лютага 2018. — № 8 (4963). — С. 1—2.
  53. ^ Вікторыя Сяргеева. Аляксандар Карлюкевіч уручыў узнагароды пераможцам нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» // Радыё «Культура», 3 сакавіка 2018 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  54. ^ Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе 6-10 лютага // БелТА, 10 студзеня 2019 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  55. ^ Віктар Талочка. Гастрафэст і «паэтычныя» аўтобусы: Менск рыхтуецца да кніжнага кірмашу // Радыё «Спадарожнік», 15 студзеня 2019 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  56. ^ Мінінфарм расказаў аб насычанай праграме XXVI Менскай кніжнай выстаўкі-кірмашу // БелТА, 15 студзеня 2019 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  57. ^ Ганна Лагун. У Менску будзе кніжная пара // Голас Радзімы : газэта. — 25 студзеня 2019. — № 2 (3590). — С. 1—2.
  58. ^ Цікавосткі на XXVI Міжнароднай кніжнай выставе // Газэта «Новы час», 5 лютага 2019 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  59. ^ Каля 400 мерапрыемстваў пройдзе ў час XXVI Менскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу // БелТА, 6 лютага 2019 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  60. ^ Карлюкевіч: больш за 70% кніжнага рынку Беларусі - выданьні з Расеі // Радыё «Спадарожнік», 6 лютага 2019 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  61. ^ Людміла Мінкевіч, Крысьціна Хілько. Рай для чытачоў // Народная газэта. — 8 лютага 2019. — № 6511.
  62. ^ Мікола Чэмер. Гісторыя, якой можна ганарыцца // «Настаўніцкая газэта», 9 лютага 2019 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  63. ^ Вікторыя Целяшук. Мільён уражаньняў і чытанка на памяць // Зьвязда. — 12 лютага 2019. — № 28 (28895). — С. 8.
  64. ^ Аляксей Хадыка. Менская міжнародная кніжная выстава: вынікі // Газэта «Новы час», 11 лютага 2019 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  65. ^ Вольга Антоненкава. Навінкі літаратуры: што прапануюць кнігавыдаўцы // «Настаўніцкая газэта», 16 студзеня 2020 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  66. ^ Дар'я Шлапакова. Экзамэн для пісьменьнікаў // Зьвязда. — 4 лютага 2020. — № 22 (29136). — С. 1, 5.
  67. ^ Ніна Мажэйка, тэлеканал «Беларусь 1». Адкрылася XXVII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш // Белтэлерадыёкампанія, 5 лютага 2020 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  68. ^ Маргарыта Прохар. 25-томны збор твораў Уладзімера Караткевіча прэзэнтавалі на менскай кніжнай выставе // Радыё «Культура», 6 лютага 2020 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  69. ^ Двухтомнае выданьне «Беларусы ў Сыбіры» прэзэнтавалі на менскай кніжнай выставе // Радыё «Культура», 6 лютага 2020 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  70. ^ Алег Грушэцкі. Цікавосткі Менскай міжнароднай кніжнай выставы // Газэта «Новы час», 5 лютага 2020 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  71. ^ Вікторыя Захарава. Карцінкі з выстаўкі // Зьвязда. — 8 лютага 2020. — № 26 (29140). — С. 5.
  72. ^ Пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» назвалі на менскай кніжнай выставе // Радыё «Культура», 10 лютага 2020 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  73. ^ Надзея Церахава. Творчасьць маладых пэдагогаў // «Настаўніцкая газэта», 11 лютага 2020 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  74. ^ Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш зьбярэ больш за 280 экспанэнтаў з 20 краін // БелТА, 16 лютага 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  75. ^ Вольга Антоненкава. Міжнародны кніжны дом // «Настаўніцкая газэта», 21 студзеня 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  76. ^ Галоўчанка: можна быць упэўненым, што цікавасьць людзей да кнігі жыве // БелТА, 18 лютага 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  77. ^ Зьміцер Юркевіч. «Кніга аб'ядноўвае людзей і краіны» // Культура. — 20 лютага 2021. — № 8 (1499).
  78. ^ ТК. На адным стэндзе кнігі Караткевіча і Мукавозчыка // Тэлеканал «Белсат», 22 лютага 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  79. ^ Вольга Антоненкава. Кніга ня ведае межаў // «Настаўніцкая газэта», 23 лютага 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  80. ^ Алена Басікірская. Дэбют прарос і шырыцца натхненьнем // Сельская газэта. — 27 лютага 2021.
  81. ^ Арына Карповіч. «Зьвяздоўскія» кнігі ў цэнтры ўвагі // Зьвязда. — 10 сьнежня 2014. — № 60 (29682). — С. 5.
  82. ^ БелТА. Мінінфарм расказаў аб праграме XXVI Менскай кніжнай выстаўкі-кірмашу // Газэта «Зьвязда», 15 студзеня 2019 г. Праверана 21 красавіка 2022 г.
  83. ^ Алег Грушэцкі. Цікавосткі на XXVI Міжнароднай кніжнай выставе // Газэта «Новы Час», 5 студзеня 2019 г. Праверана 21 красавіка 2022 г.
  84. ^ Антон Трафімовіч. Міністэрства інфармацыі адмовілася ад «танка» на кніжнай выставе // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 лютага 2019 г. Праверана 21 красавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]