Мікалай Чаргінец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мікалай Чаргінец
Cherginec.jpg
Старшыня Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпекі НС РБ
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Сяргей Сідорскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 17 кастрычніка 1937(1937-10-17) (82 гады)
Сьцяг Беларускай ССР Менск, БССР
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт

Мікалай Іванавіч Чаргінец (нарадзіўся 17 кастрычніка 1937 у Менску) — беларускі пісьменьнік і палітык, чалец Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 17 кастрычніка 1937 у Менску. Скончыў Вышэйшую школу трэнэраў, юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці правазнаўства (1969). Кандыдат юрыдычных навук (1977), тэма дысэртацыі: «Адміністрацыйна-прававыя праблемы барацьбы супраць п'янства і алькагалізму (па матэрыялах Беларускай ССР)». Акадэмік Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук, Міжнароднай акадэміі інфармацыйных рэсурсаў і тэхналёгій, акадэмік і віцэ-прэзыдэнт Акадэміі праблем бясьпекі, абароны і правапарадку Расеі, прафэсар і гранд-доктар філязофіі і праву Сусьветнага разьмеркаванага ўнівэрсытэту ААН, ляўрэат міжнародных літаратурных прэмій ім. А.Фадзеева і У.Пікуля, ляўрэат шматлікіх саюзных і рэспубліканскіх прэмій, генэрал-лейтэнант.

На прафэсійнай аснове гуляў у футбольных камандах майстроў гарадоў Менску, Віньніцы, Кішынёва. 1963-1964 — рэгуліроўшчык радыёапаратуры Менскага прыборабудаўнічага заводу. 1964-1993 — опэрупаўнаважаны, ст. опэрупаўнаважаны, начальнік аддзяленьня крымінальнага вышуку Савецкага РАУС г. Менску, намесьнік начальніка УУС Менскага гарвыканкаму, начальнік кіраваньня крымінальнага вышуку МУС БССР. У 1984-1987 служыў дараднікам у Аўганістане. У 1987-1993 — начальнік кіраваньня ўнутраных справаў на транспарце Рэспублікі Беларусь. У 1993-1997 — старшыня камітэту па сацыяльнай абароне вайскоўцаў, вэтэранаў вайны і ўвекавечаньні памяці загінулых пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 1996-1997 — памагаты кіраўніка справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

З 1997 чалец Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь першага, другога і трэцяга скліканьняў. Чалец Прэзыдыюма Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, Старшыня Сталай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпекі, чалец Савету Парлямэнцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі. З 1998 Старшыня Сталай камісіі Парлямэнцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі па пытаньнях вонкавай палітыкі, чалец Сталай камісіі Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД па замежнапалітычных пытаньнях. Старшыня Саюза пісьменьнікаў Беларусі, чалец Саюза журналістаў, Саюза кінэматаграфістаў Беларусі. Сакратар міжнароднай асацыяцыі пісьменьнікаў-баталістаў. Старшыня Грамадзтва сяброўства БеларусьКыргыстан.

19 сьнежня 2002-9 сьнежня 2005 — старшыня кіраваньня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі літаратурны фонд». У 2005 пасьля ініцыяванага ўладамі расколу Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ўзначаліў яго афіцыйную частку (у асноўным расейскамоўную).

У красавіку 2006 за падтрымку рэжыма прэзыдэнта А. Лукашэнкі, Мікалаю Чаргінцу быў забаронены ўезд у краіны ЭЗ.

У красавіку 2008 высунуў ініцыятыву стварыць невялікую грамадзкую раду, якая бы вызначыла пералік сацыяльна-значнай літаратуры.

22 кастрычніка 2008 Верхняя палата Парлямэнта прыняла адстаўку старшыні Сталай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпекі Мікалая Чаргінца. Сэнатар падаў заяву аб адстаўцы ў сувязі з заканчэньнем тэрміну яго паўнамоцтваў.

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар больш 50 навуковых прац

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Больш за 30 твораў (па-расейску), частка зь якіх уключаная ў сэрыю «Майстры савецкага дэтэктыву»; сцэнары трох мастацкіх фільмаў

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароды: ордэны Леніна, Баявога Чырвонага Сьцягу, Чырвонай Зоркі (два), «За адвагу» і Чырвонага Сьцягу (ДРА), ордэн «Зорка Югаславіі» ІІ ступені; 30 мэдаляў СССР, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Аўганістан, Рэспублікі Польшча, ганаровымі граматамі Вярхоўнай Савету БССР і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; прэміі імя А.Фадзеева, У.Пікуля. У лютым 1999 г. указам прэзыдэнта ўзнагароджаны мэдалём «У памяць 10-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану».

Як сьцвярджае сам Мікалай Чаргінец на сваім сайце — ён унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса за разнапланавыя дасягненьні ў галіне навукі і культуры (1998)[1]. Аднак, пры афіцыйным запыце да прадстаўніцтва кампаніі пацьвердзіць гэта, высьветлілася, што ніякага Чаргінца ў базе няма і ніколі не было[2].

У 2005 ганараваны званьня «Міжнародны прафэсіянал 2005 году», якое прысуджаецца Міжнародным біяграфічным цэнтрам у Кембрыджы (Ангельшчына). Дзейнасць гэтага цэнтра была ахарактарызавана, як махлярства; па сцвярджэнні ўрада Заходняй Аўстраліі цэнтр бярэ плату за выдадзеныя сертыфікаты[3].

Сям'я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жанаты, двое дзяцей.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Чергинец Николай Иванович Праверана 24 лютага 2019 г. Архіўная копія ад 13 жніўня 2018 г.
  2. ^ Николая Чергинца уличили во лжи. Белсат (28 верасня 2015). Праверана 2019-02-29 г.
  3. ^ Scam of International Biographical Centre. Commerce Ministry, Government of Western Australia. Праверана 2011-05-24 г. Архіўная копія ад 2010-06-05 г.