Белгіпс
Каардынаты: 53°47′22″ пн. ш. 27°39′50″ у. д. / 53.78944° пн. ш. 27.66389° у. д.
«Белгіпс» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 14 красавіка 1948 (76 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Савет народных камісараў БССР |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менскі раён |
Адрас | Навадворскі сельсавет, пасёлак Гатава, д. 128[1] |
Ключавыя фігуры | Аляксандар Бабкін |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | гіпсакардонны ліст, гіпсапліта, грунтоўка, клей, сьцяжка, фарба, цэмэнтная пліта, шпаклёўка, штукатурка |
Лік супрацоўнікаў | 200 (2020 год) |
Матчына кампанія | «Кнаўф» (Нямеччына) |
Даччыныя кампаніі | «Белгіпс-Эка» |
«Белгі́пс» — прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў красавіку 1948 году ў якасьці «Менскага гіпсавага заводу».
Ад траўня 2019 году месьцілася ў пасёлку Гатава на поўдні Менскага раёну. Было адзіным у Беларусі вытворцам будаўнічых матэрыялаў з гіпсу. На 2021 год мела 115 кропак продажу празь 19 дылераў у Беларусі, у тым ліку 33 у Менску, 11 у Берасьці, 10 у Горадні, па 9 у Гомлі і Магілёве, 5 у Віцебску, а таксама 12 у Менскім раёне, 4 у Бабруйску, 3 у Баранавічах, па 2 у Воршы, Лідзе і Полацку. Па 1-й краме працавала ў яшчэ 23 гарадах — Асіпавічах, Барысаве, Бярозе, Ганцавічах, Дружным пасёлку (Пухавіцкі раён), Жлобіне, Жодзіне, Івацэвічах, Ігумене, Мазыры, Маладэчне, Маларыце, Мар'інай Горцы, Наваполацку, Пінску, Пружанах, Рагачове, Слоніме, Століне, Слуцку, Фаніпалі (Койданаўскі раён), Шацілавічах і Янаве[2].
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Белгіпс» выпускаў:
- гіпсакардонныя лісты — вільгацестойкія, вільгацевогнестойкія, вогнестойкія, гукапаглынальныя, падлогавыя і рэнтгенаахоўныя;
- цэмэнтныя пліты — вонкавыя, падлогавыя, столевыя, унутраныя;
- штукатурку — гіпсавую і цэмэнтную;
- шпаклёўку — гіпсавую, палімэрную і цэмэнтную;
- клей — гіпсавы і цэмэнтны;
- сумесі і сьцяжкі — гідраізаляцыйныя і гіпсавыя;
- грунтоўку — аздабляльную, зьнітавальную, парапранікальную і ўмацавальную;
- гіпсапліты, у тым ліку вільгацестойкія;
- мэталічны профіль — арачны, вуглаахоўны, кантавы, маячковы, накіравальны, стойкавы, столевы і ўмацаваны;
- камплектавальныя дэталі — армавальную сетку і стужку, шрубы з вострым і сьвідравальным канцамі, падвесы, злучальнікі, падаўжальнікі, мацавальныя кліны, скобы і цьвікі, саманаразальныя шрубы, будаўнічую стужку (абзавую, вуглаахоўную, гідраізаляцыйную, дэфармацыйную, падзяляльную і ўшчыльняльную), пробкавае пакрыцьцё, рэвізійныя люкі і алюмінавыя рэйкі;
- будаўнічыя інструмэнты — ігольчаты валік і шырокі разак, абзавы і абдзірачны гэбель, прасякальнікі і мантажнае снадзіва, шпатэлі і шпаклявальныя тубы, шліфавальныя сеткі і цёркі
- фарбу — акрылавую і лятэксную для памяшканьняў, таксама акрылавую і матавуюакрылсілаксанавую для цокаляў і фасадаў[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]4 верасьня 1944 году Савет народных камісараў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 44 аб будаўніцтве «Менскага гіпсавага заводу». 14 красавіка 1948 году «Менскі гіпсавы завод» запусьцілі за 2 км ад места, дзе цяпер вуліца Казлова, д. 24. Гадавая магутнасьць цэха гіпсу склала 48 000 тонаў. 1 студзеня 1949 году стварылі вытворчасьць перагародкавых пазагрэбневых плітаў магутнасьцю 150 000 кв.м за год. 13 траўня 1952 году ўвялі ў дзеяньне цэх гіпсакардону. У 1973 годзе магутнасьць цэха гіпсу павялічылі зь 53 000 тонаў да 176 500 тонаў за год. У 1997 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Менскі завод гіпсу і гіпсавых буддэталяў». У 2001 годзе ўнітарнае прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства «Белгіпс»[4].
25 кастрычніка 2013 году Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі абвясьціў конкурс на адбор укладальніка для прыватызаваньня 99,5 % паёў «Белгіпсу». Інвэстар меў цягам 5 гадоў павялічыць статутны фонд на 43 млн эўра. Зь іх да 1 ліпеня 2016 году 24,7 млн эўра мелі накіраваць на павелічэньне вытворчасьці гіпсакардонных лістоў да 10 млн кв.м за год. У пасёлку Гатава на поўдні Менскага раёну прадугледжвалася ўзьвядзеньне завода будаўнічых матэрыялаў з гіпсу. Яго гадавая магутнасьць мела скласьці 30 млн кв.м гіпсакардонных лістоў і 500 000 кв.м плітаў, а таксама 100 000 тонаў сухіх будаўнічых сумесяў[5]. 16 студзеня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 34 «Аб некаторых пытаньнях ААТ «Белгіпс», паводле якога пастанавіў прадаць каля 2 млн паёў расейскаму ТАА «Волма» (Валгаград) за 5,27 млн даляраў ЗША. Паводле інвэстыцыйнай дамовы, да ліпеня 2018 году «Белгіпс» вызвалілі ад мытаў і падатку на дададзеную вартасьць пры ўвозе абсталяваньня і сыравіны[6]. Таксама ў 2017—2021 гадах прадпрыемства вызвалілі ад падатку на прыбытак[7]. 28 студзеня 2014 году Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі паведаміў пра заключэньне дамовы продажу паёў расейскаму прадпрыемству «Волма»[6]. 19 лютага 2014 году старшыня Дзяржкаммаёмасьці Беларусі Георгі Кузьняцоў паведаміў: «У (матчынай) кампаніі ёсьць кар'еры ва Ўкраіне, таму гіпс для вытворчасьці прывозяць адтуль»[8].
7 кастрычніка 2015 году пачалі будоўлю новага заводу ў пасёлку Гатава на поўдні Менскага раёну[9]. У 2016 годзе асучасьнілі вытворчасьць у Менску[4]. 22 лістапада 2017 году нямецкае прадпрыемства «Кнаўф» (Іпгофэн, зямля Баварыя) набыло 50 % паёў «Белгіпсу»[4]. Да 15 чэрвеня 2018 году ў будоўлю завода ў Гатаве ўклалі 60 млн эўра з разьлікам акупнасьці цягам 15 гадоў[10]. 30 траўня 2019 году ў пасёлку Гатава на поўдні Менскага раёну адчынілі новы завод будаўнічых матэрыялаў[11]. Па выніках 2019 году сярэднемесячны заробак работнікаў «Белгіпсу» склаў 1682 рублі (805 $)[12].
23 сакавіка 2020 году пайшчыкам стала ТАА «Нямецкае таварыства ўкладаньняў і разьвіцьця» (Кёльн, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія)[4]. На сакавік 2020 году «Белгіпс» быў адзіным у Беларусі вытворцам будаўнічых матэрыялаў з гіпсу. На заводзе ў Гатаве выраблялі гіпсакардонныя лісты, сухія будаўнічыя сумесі, пазаграбнявыя пліты і хімічныя дадаткі-прэміксы[13]. Сярод іншага, «Белгіпс» арандаваў кардонную фабрыку ў Пухавічах для перапрацоўкі тэтрапака[12]. У Пухавіцкі завод уклалі каля 900 000 эўра з заплянаваных 2 млн. Магутнасьці прадпрыемства мела хапіць на палову адкідаў з тэтрапаку ў Беларусі, якія складала ад 9000 да 13 000 тонаў за год. Таксама прадугледжвалася перапрацоўка талерак, шпалераў і этыкетак[14]. На заводзе «Белгіпсу» ў Гатаве працавала 200 чалавек[15]. У 2020 годзе завод у Гатаве забясьпечыў унутраны рынак Беларусі гіпсакардоннымі лістамі і паставіў звыш 60 % вырабаў за мяжу. Пры гэтым увоз гіпсакардону ў Беларусь скараціўся на 18 % амаль на 1 млн кв.мэтраў. На чэрвень 2021 году вытворчая магутнасьць заводу ў Гатаве складала 30 млн кв.м гіпсакардонных лістоў, 500 000 кв.м пазагрэбеневых плітаў, 100 000 тонаў сухіх будаўнічых сумесяў, 8000 тонаў прэміксаў і 15 000 кубамэтраў успучанага пэрліту за год[11].
Сацыяльны праект
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лютым 2015 году даччынае ААТ «Белгіпс-Эка» ўсталявала ў Менску зялёныя кантэйнэры «Макулатура» для збору і перадачы кніг у бібліятэкі і школы. У сартаваньні кніг супрацоўнікам прадпрыемства дапамагалі слухачы Менскага ўнівэрсытэту трэцяга ўзросту[16]. Да жніўня 2015 году сабралі каля 5000 кніг для перадачы ў лякарні, прытулкі і турмы[17]. 1 лютага 2016 году Савет міністраў Беларусі ухваліў Пастанову № 82, паводле якой вызначыў «Белгіпс» у якасьць аднаго з заказчыкаў пастаўкі адкідаў з кардону і паперы для дзяржаўных патрэбаў[18]. 8 красавіка 2016 году кіраўнік дабрачыннага кнігаабмену «Кнізе — другое жыцьцё» Фёдар Грышкавец паведаміў, што ў грамадзкія ўстановы перадалі звыш 15 000 кніг[19]. На 14 верасьня 2016 году пры сартаваньні макулатуры зь зялёных кантэйнэраў «Белгіпс-Эка» знайшлі 4 рэдкія кнігі, якія перадалі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Імі апынуліся: 1) лацінамоўны «Падручнік маральнага багаслоўя» бэрнардынскага манаха Францішка Прылуцкага, выдадзены ў 1765 годзе ў Віленскай друкарні каталіцкага ордэна піяраў; 2) кіеўскі «Псалтыр» 1888 году, 3) 1-ы том «Твораў Памялоўскага» 1909 году, 4) «Творы Мікалая Гогаля» 1921 году[20]. Да студзеня 2017 году за 2 гады дабрачыннага кнігаабмену перадалі 25 000 кніг. Атрыманыя выданьні на сядзібе «Белгіпс-Эка» сартавалі студэнты Ксенія Плышэўская і Павал Хлюст[21]. На сакавік 2020 году зь 700 кантэйнэраў сабралі каля 80 000 кніг, зь якіх 60 000 раздалі грамадзкім установам[12].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантактныя зьвесткі (рас.) // ААТ «Белгіпс», 2021 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Дзе набыць (рас.) // ААТ «Белгіпс», 2021 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Каталёг вырабаў (рас.) // ААТ «Белгіпс», 2021 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ а б в г Пра нас (гісторыя разьвіцьця) (рас.) // ААТ «Белгіпс», 2021 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Сяргей Куркач. «Белгіпсу» патрэбны пэрспэктыўны інвэстар // Газэта «Зьвязда», 25 кастрычніка 2013 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ а б Сяргей Куркач. «Белгіпс» мадэрнізуе расейскі інвэстар // Зьвязда : газэта. — 29 студзеня 2014. — № 16 (27626). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2014 г. № 34 «Аб некаторых пытаньнях ААТ «Белгіпс» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 18 студзеня 2014 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Сяргей Куркач. Спачатку «Інтэграл» і «Пеленг» // Зьвязда. — 20 лютага 2014. — № 32 (27642). — С. 2.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Гіпсавы завод сусьветнага ўзроўню пабудуюць пад Менскам // Белтэлерадыёкампанія, 7 кастрычніка 2015 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Новы завод «Белгіпс» у Гатаве адкрыюць восеньню // Белтэлерадыёкампанія, 15 чэрвеня 2018 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ а б Руслан Пархамовіч: Мадэрнізацыя прадпрыемстваў будкомплексу накіраваная на забесьпячэньне ўнутранага попыту // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 30 чэрвеня 2021 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ а б в Марыя Дадалка, Вольга Мядзьведзева. «Нашыя магчымасьці ў тым, што мы не спыняем вытворчасьць» // Зьвязда. — 28 сакавіка 2020. — № 61 (29175). — С. 1, 2.
- ^ Аб эканоміцы, будаўніцтве, каронавірусе і падтрымцы людзей - Лукашэнка наведаў ААТ «Белгіпс» // БелТА, 27 сакавіка 2020 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Аліна Грышкевіч. «Белгіпс» арандуе кардонную фабрыку ў Пухавічах для перапрацоўкі тэтрапака // БелТА, 27 сакавіка 2020 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Натальля Брэвус, тэлеканал «Беларусь 1». Прэзыдэнт наведаў прадпрыемства «Белгіпс» // Белтэлерадыёкампанія, 27 сакавіка 2020 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Ганна Касар. Трэці ўзрост — другая маладосьць // Беларусь : часопіс. — Сакавік 2020. — № 3 (1038). — С. 14—15. — ISSN 0320-7544.
- ^ Валяр'ян Шкленьнік. «Залатыя» адкіды // Зьвязда. — 22 жніўня 2015. — № 160 (28018). — С. 5.
- ^ Амаль 260 тыс. т адкідаў паперы і кардону плянуецца нарыхтаваць у Беларусі ў 2016 годзе // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 лютага 2016 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Сьвятлана Бусько. «Я шмат чаго ўмею і гатова дзяліцца» // Зьвязда. — 9 красавіка 2016. — № 66 (28176). — С. 16.
- ^ «Гэтая кніга XVIII стагодзьдзя зьнікла ў вайну з Будслаўскага манастыра» // Газэта «Новы час», 14 верасьня 2016 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Яраслаў Лыскавец. Любіш чытаць — умей і ратаваць // Чырвоная зьмена. — 5 студзеня 2017. — № 1 (15808). — С. 3.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |