Раіса Баравікова
Раіса Баравікова | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 11 траўня 1947 (77 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, перакладніца, пісьменьніца, паэтка |
Гады творчасьці | 1960 — цяпер |
Жанр | лірыка |
Мова | беларуская мова |
Узнагароды |
Раіса Андрэеўна Баравікова (11 траўня 1947, в. Пешкі, Бярозаўскі раён, Берасьцейская вобласьць) — беларуская пісьменьніца, перакладчыца.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася 11 траўня 1947 году ў в. Пешкі Бярозаўскага раёна Берасьцейскай вобласьці ў сям’і службоўцы[1].
У 1965 годзе скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу і пачала працаваць літаратурным супрацоўнікам у быхаўскай раённай газэце «Маяк Прыдняпроўя». У 1971 годзе скончыла аддзяленьне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытуту імя А. М. Горкага ў Маскве.
У 1971—1972 гадох працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм». У 1972—1977 гадох працавала карэспандэнтам газэты «Літаратура і мастацтва», у 1983—1988 гадох — літаратурным кансультантам рэдакцыі газэты «Чырвоная зьмена».
У 1996—2000 гадох — намесьнік, у 2000—2002 гадох — галоўны рэдактар часопісу «Алеся». У 2002—2011 гадох — галоўны рэдактар часопісу «Маладосьць». У 2011—2012 гадох працавала ў газэце «Літаратура і мастацтва».
Член Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1977 году.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютавала ў друку ў 1960 годзе. У зборніках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханьне» (1987), «Пад небам першага спатканьня» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992) дамінуе тэма каханьня, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасьця. Эпізоды беларускай гісторыі адлюстраваныя ў вострасюжэтнай драматычнай паэме «Барбара Радзівіл» (1992).
Самая істотная рыса паэтычнай творчасьці — гранічная адкрытасьць душы, прачулая музыка слова. Вершы і паэмы надзвычай эмацыйныя, напоўненыя экспрэсіяй, вызначаюцца вытанчанасьцю лірычных пачуцьцяў. Падсумаваньнем яе творчай працы можна лічыць кнігі выбранай паэзіі «Сад на капялюшыку каханай» (1998), «Дрэва для райскай птушкі» (2007).
Аўтар аповесьці «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцьці. Выдала кніжку казак і апавяданьняў для дзяцей «Галенчыны „Я“, альбо Плянэта Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), зборнік апавяданьняў «Вячэра манекенаў» (2002). Аўтар п’есаў «Барбара Радзівіл» (паст. 1994), «Пятля часу» (1996).
Перакладае з расейскай, украінскай і польскай моваў.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Літаратурная прэмія СП БССР імя А. Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханьне».
- Дзяржаўная прэмія Беларусі ў галіне літаратуры (1993).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Баравікова Раіса Андрэеўна // Бел.энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1996. — Т.2. — С. 287.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл.
- Куртаніч В. Што поспехі, што адчуванне ўлады супраць гарачай волі пачуцця?! // Вольга Куртаніч // Крыніца. Славянскі свет. — 2003. — № 2. — С. 202—214.
- Падліпская З. Яно і нараканне, і сонца, і пякучай цемры сплаў : духоўны свет лірычнай гераіні Р. Баравіковай / Зоя Падліпская // Роднае слова. — 2006. — № 3. — С. 11-13.
- Людміла Рублеўская. Сярод кніг. Люстэрка для антыгероя. Раіса Баравікова. Люстэрка для самотнай. Вершы і паэма. // Полымя : часопіс. — 1994. — № 5 (781). — С. 244—247.
- Смаль В. А на душы і светла, і шчымліва: паэтычная сцяжына Раісы Баравіковай / Вячаслаў Смаль // Полымя. — 2005. — № 11. — С. 188—194.
- Шынкарэнка В. Слухаць сэрцам / Вольга Шынкарэнка // Полымя. — 2002. — № 3/4. — С. 239—258.