Полацкае Эвангельле
|
Полацкае Эвангельле, XII стагодзьдзе |
пэргамэнт, рукапіс. |
Расейская нацыянальная бібліятэка, Санкт-Пецярбург |
Полацкае Эвангельле — помнік пісьмова-кніжнай культуры, рукапіснае Эвангельле-апракос, створанае ў XII стагодзьдзі. Захавалася 170 аркушаў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эвангельле створанае, верагодна, у Полацку ў XII стагодзьдзі. Паводле легенды, стварыла яго сьвятая Эўфрасіньні Полацкае. Паколькі Эўфрасіньня заснавала ў Полацку 2 манастыры, што сталі вядомымі цэнтрамі перапісу кніг, ейная датычнасьць да стварэньня рукапісу цалкам магчымая.
Паводле некаторых зьвестак, Эвангельле выкарыстоўвалася як напрастольнае ў полацкім Траецкім манастыры. Пасьля захопу места ў Лівонскую вайну Іванам Жахлівым Полацкае Эвангельле было вывезенае з Полацку, і зьвесткі пра ягонае месцазнаходжаньне да XIX стагодзьдзя адсутнічаюць.
У 1852 року 170 захаваных аркушаў разам зь некаторымі іншымі рарытэтамі са збораў Міхаіла Пагодзіна набыла Імпэратарская публічная бібліятэка (цяпер — Расейская нацыянальная бібліятэка, Санкт-Пецярбург), дзе яны захоўваюцца і цяпер. Яшчэ два аркушы, што захоўваліся ў зьбіральніка даўніны Вукола Ундольскага, трапілі ў бібліятэку Румянцаўскага музэю і цяпер захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рукапіс напісаны на пэргамэнце ўставам, почыркам двух пісцоў, у два слупкі. Арнамэнт ініцыялаў адносяць да старабізантыйскага тыпу. Мова рукапісу зьмяшчае рысы, уласьцівыя мясцоваму дыялекту крывічоў. Разьметка лінеек зьдзейсьненая вострым пісалам. Дзіркі ў пэргамэнце (частая зьява ў вырабленых скурах жывёлаў, месцы ўкусаў аваднёў) акуратна заштопаныя.
Рукапіс зьмяшчае 2 застаўкі (ілюстрацыі), якія, аднак, блага захаваліся з-за выкарыстаньня срэбра, якое зь цягам часу акісьляецца. Выкарыстаньне срэбра не характэрнае для славянска-бізантыйскіх рукапісаў, аднак шырока ўжывалася ў Нямеччыне.
Вялікую цікавасьць складаюць маргіналіі на палёх, датаваныя XIII—XIV стагодзьдзямі, напісаныя тагачаснай беларускай мовай[1].
Полацкае Эвангельле — найранейшы са створаных на тэрыторыі Беларусі рукапісаў, які захаваўся ў такім аб’ёме (170 аркушаў). Больш старажытнае Тураўскае Эвангельле мае ўсяго 11 аркушаў.
Выданьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Доўгі час рукапіс быў недасяжны і не выдаваўся. 4 сьнежня 2012 року ў Менску пачалося друкаваньне факсымільнага выданьня[1].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Распачатае друкаваньне факсыміле Полацкага Эвангельля канца XII — пачатку XIII ст. Культура. Наша Ніва (4 сьнежня 2012). Праверана 5 сьнежня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- К.А. Адкрыцьці Полацкага Эвангельля. 170 лістоў пра XII стагодзьдзе // Культура. — 13-19.02.2010. — № 7 (927).
|