Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак
| |
Былы касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Каардынаты | 53°54′18.27″ пн. ш. 27°33′21.74″ у. д. / 53.905075° пн. ш. 27.5560389° у. д.Каардынаты: 53°54′18.27″ пн. ш. 27°33′21.74″ у. д. / 53.905075° пн. ш. 27.5560389° у. д. |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак | |
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак на Вікісховішчы |
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Менску. Знаходзіцца на паўночна-ўсходнім баку Высокага Рынку, на гістарычнай Вялікай Бэрнардынскай вуліцы[a]. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры віленскага і сармацкага барока(be). Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Утварае адзіны ансамбль з касьцёлам Сьвятога Язэпа і кляштарам бэрнардынаў. Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса, флігеля і гаспадарчых пабудоваў. У наш час у будынку касьцёла дзее Катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, у кляштарным корпусе і флігелі — сэмінарыя.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя бэрнардынкі зьявіліся ў Менску ў 1630 годзе, сярод сясьцёр была Людвіна Завішанка, дачка кашталяна віцебскага Мікалая Завішы[1]. Спачатку ў іх не было свайго касьцёла і кляштара. Першую фундацыю на кляштар 20 верасьня 1633 году склаў ваявода троцкі Аляксандар Слушка, дзякуючы намаганьням якога таго ж году збудавалі драўляныя касьцёл і жылы корпус[2]. Адначасна ён падараваў кляштару маёнтак Гатаў з чатырма вёскамі, столькімі ж карчмамі і двума млынамі. Гэты маёнтак налічваў больш за 109 валок ворнай зямлі[1].
У 1642 годзе з ініцыятывы таго ж А. Слушкі пачалося будаваньне мураванага касьцёла і будынкаў кляштару[1]. Дабудаваць іх перашкодзілі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст., і толькі 31 жніўня 1687 году біскуп Мікалай Слупскі асьвяціў новы касьцёл у гонар Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[2]. У галоўным алтары зьмясьцілі цудоўны абраз Маці Божай, пра які ў 1672 годзе напісалі адмысловую кнігу.
15 красавіка 1697 году маскоўскі стольнік Пётар Талстой(ru) занатаваў у сваім дзёньніку наступныя радкі, прысьвечаныя менскаму кляштару:
|
Па пажары 1741 году кляштарны комплекс аднавілі і рэканструявалі[1][4]. Гэтыя працы скончыліся ў 1746 годзе[2], а ў 1760-я гады ў касьцёле зрабілі новы манумэнтальны мураваны алтар[1].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У першай палове XIX ст. інтэр’ер касьцёла ўпрыгожылі 7 стукавымі алтарамі. Комплекс пацярпеў ад вялікага пажару ў 1835 годзе, але хутка яго аднавілі[5]. Каля 1842 году ў кляштары знаходзілася 20 законьніц, навіцыятка, кандыдатка і дзьве тэрцыяркі. У ім выхоўваліся таксама каля 20 дзяўчат, большасьць зь якіх страціла бацькоў[1].
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1853 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна ліквідавалі кляштар[5]. Законьніц вывезьлі ў Нясьвіж[6]. Перад адыходам ім удалося перадаць некаторыя касьцельныя рэчы ў суседнія парафіі. Арган трапіў у кальвінскі збор у Койданаве, а лёс цудоўнага абраза застаўся невядомым[7]. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), якую асьвяцілі ў імя Сьвятых Кірыла і Мятода. Гэтая царква прызначалася студэнтам Менскай духоўнай сэмінарыі, якія часова, па пераезьдзе з Слуцку, разьмяшчаліся ў кельлях былога кляштару. Потым сэмінарыя перавялі ў перабудаваныя будынкі шпіталя Таварыства Дабрачыннасьці на Траецкай гары[6].
Пэўны час па здушэньні паўстаньня ў кляштары працавала дзяржаўная сьледчая камісія, некалькі гадоў знаходзіліся зьняволенныя паўстанцы, у тым ліку Каміла Марцінкевіч (дачка Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча)[8].
У 1870 годзе ў будынкі былога кляштару перавялі Слуцкі Сьвята-Траецкі мужчынскі манастыр. Галоўны алтар сьвятыні пераасьвяцілі ў гонар Сашэсьця Сьвятога Духа, а правы прыдзел ў імя сьвятых Кірыла і Мятода [6].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1918 годзе манастыр ліквідавалі. Пазьней царкву зачынілі. У 1926 годзе ўлады Беларускай ССР узялі помнік пад ахову дзяржавы[5].
За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1943 годзе ў будынку касьцёла зноў пачала дзеяць царква, якую па вайне савецкія ўлады ня сталі зачыняць (у той жа час у Менску зачынілі ўсе касьцёлы).
У 1990-я гады будынкі кляштарнага комплексу перафарбавалі ў белы колер (што не зьяўляецца ўласьцівым стылю барока), а на франтон былога касьцёла зьмясьцілі мазаіку ў нэабізантыйскім стылі, якая не адпавядае стылістыцы віленскага барока і нявечыць мастацкае аблічча помніка. У 2008 годзе 2-павярховы флігель часткова зруйнавалі[9] і рэканструявалі да непазнавальнасьці пад адзін з карпусоў сэмінарыі Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — 3-нэфавая 6-слуповая базыліка з 2-вежавым галоўным фасадам і 3-граннай апсыдай, да якой сымэтрычна далучаліся прастакутныя ў пляне закрысьціі (паводле інвэнтароў XVII—XVIII стагодзьдзяў над касьцёлам быў гонтавы дах[1][2]). Цэнтральны нэф накрываўся 2-схільным дахам, бакавыя — 1-схільнымі[5]. Галоўны паўночна-заходні фасад, завяршаецца высокім фігурным франтонам і падзяляецца карнізнымі цягамі а 3 ярусы. Вылучаецца 3-часткавы падзел і ў вэртыкальнай роўніцы, дзьве бакавыя часткі — асновы дзьвюх 3-ярусных вежаў (вышынёй 34 мэтры), завершаныя складанымі барокавымі купаламі, дэкараваныя пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, роўнымі паўцыркульнымі нішамі ў ніжніх і лучковымі праёмамі ў верхніх ярусах. Паміж вежамі разьмяшчаецца шчыт складанага абрысу, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады падзяляюцца пілястрамі, карнізнымі паясамі, праразацца вялікімі лучковымі і аркавымі ваконнымі праёмамі. Цэнтральны нэф перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі[2][5][8].
Інтэр’ер касьцёла ўпрыгожвалі 7 стукавых алтароў. Галоўны алтар, у якім знаходзіўся абраз Маці Божай зь Дзіцяткам, меў выгляд 6 калёнаў, якія несьлі барокавы антаблемэнт з 2 анёламі і 2 вазонамі. Астатнія алтары былі 2-яруснымі. Бакавыя алтары Хрыста Ўкрыжаванага і Сьвятога Францішка Серафіцкага ўзвышаліся з бакоў праёму прэзьбітэрыюму. Пры апорах стаялі алтары Сьвятога Антонія і Сьвятой Клары. Бакавыя нэфы завяршаліся капліцамі з каменнымі алтарамі Найсьвяцейшай Тройцы і Міхала Арханёла[2].
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаецца да касьцёла з паўночна-заходняга фасаду і ўтварае замкнёны ўнутраны двор. Далучаная да апсыды «лінія» выходзіла на Вялікую Бэрнардынскую вуліцу двума рызалітамі, якія ўтваралі невялікі курданёр, дзе быў кветнік[2]. Сьцены будынка рытмічна падзяляюцца пілястрамі і прастакутнымі ваконнымі праёмамі. Жылы корпус меў калідорны плян: уздоўж аднабаковага калідора, перакрытага крыжовымі скляпеньнямі і арыентаванага на ўнутраны дворык, разьмяшчаліся кельлі, трапэзныя, а таксама склады і розныя гаспадарчыя памяшканьні[8]. З паўночнага ўсходу ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з паўднёвага ўсходу — 3-павярховы флігель, накрыты вальмавым дахам [5].
У двары кляштару пад зямлю вялі два ўваходы, якія зачыняліся масіўнымі жалезнымі дзьвярыма. Адзін зь іх даволі прасторны, у рост чалавека, быў выкладзены цэглай і вёў у бок ракі Сьвіслач. Іншы ход ішоў пад зямлёй да касьцёла Сьвятога Яна і кляштара баніфратаў[10].
На тэрыторыі комплексу знаходзіўся сад, драўляныя флігель і гаспадарчыя пабудовы[1][2].
Цудоўны абраз Маці Божай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У касьцёле захоўваўся цудоўны абраз Маці Божай зь Дзіцяткам, аздоблены срэбранай шатай і каронамі. Прыярыса кляштару Юдзіцкая паведамляла, што абраз з Рыма ад Папы Урбана VІІІ атрымаўа Соф’я зь Зяновічаў, жонка Аляксандра Слушкі, тады кашталяна троцкага за тое, што яна паслала Найсьвяцейшаму Пастару «містэрн, выраблены ў ахвяру «Apparat ze wszystkim» (магчыма, нейкае дарагое адзеньне)[7].
У доме Слушкаў абраз адразу праславіўся цудамі аздараўленьня і дапамогі ў розных хваробах, ласкі дазнала тройчы і сама гаспадыня, пані Мар’яна Абрамавічоўна (1640 год), а таксама іншыя. Да таго ж менскі канцыляры Сымон Плявіза ў сьне бачыў абраз, аточаны сьвятлом, і нібы Маці Божая сказала: «ведай сам і іншым скажы, што хто будзе зьвяртацца, будзе ўсьцешаны». Тады Слушкі аддалі абраз у кляштар, дзе ён дапамагаў многім у хваробах і няшчасных выпадках[7].
Калі за часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай Менск захапілі маскоўскія войскі, бэрнардынкі з абразом выехалі на Жамойць, дзе А. Юдзіцкі меў староства ў Ясвойнях. За 12 гадоў, якія паненкі правялі па-за сваім кляштарам, ніхто іх не крануў, не пашкодзіла ім і эпідэмія 1657 году, што яшчэ больш упэўніла сясьцёр у цудоўнасьці абраза. Неўзабаве па вяртаньні ў Менск сёстры апісалі цуды ў кнізе, і Юдзіцкая запрасіла віленскага біскупа-суфрагана Мікалая Слупскага даслаць кананічную камісію. У 1672 годзе М. Слупкі і правінцыял бэрнардынаў Гіяцынт Буркевіч, вывучыўшы адпаведныя дакумэнты, вызналі абраз цудоўным[7]. Тады ж у езуіцкай друкарні ў Вільні выйшла кніга пра гісторыю і цуды абраза: Historia o cudownym obrazie Najśw. Marii Panny w klasztorze mińskim Panien Zakonnych Św. Franciszka, b.m. 1672[11]. У кнізе было прысьвячэньне кашталяну менскаму Аляксандру Юдзіцкаму, які ў нейкіх абставінах, усё пакінуўшы, ад швэдаў уратаваў абраз, вывез яго зь небяспекі як Энэй калісьці сваіх багоў (пісала ў прадмове сястра дабрадзея бэрнардынак Францішка, прыярыса кляштару)[7].
Неўзабаве па вызнаньні абраза цудоўным гравэр Лявон Тарасевіч наштыхаваў зь яго гравюру на медзі, якая дазваляе ўявіць іканаграфію сьвятыні. Марыя стаіць за сталом, на якім ляжыць разгорнутая кніга і раскіданы галінкі ружаў. Дзіцятка Езус стаіць на гэтым стале, прыхінуўшыся да Маці, якая прытрымлівае Яго праваю рукой, а левай (са скіпэтрам) паказвае Дзіцяці на літары, як бы навучаючы. На галовах высокія кароны, вакол — шырокія німбы з шасьціканцовымі зорачкамі ўздоўж краю. Сюжэт ня мае аналягаў у беларускім іканапісу, ён выглядае як трансфармацыя больш вядомага сюжэта «Сьвятая Ганна, якая навучае Марыю»[7].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
У панараме места. Б. Лявэрнь, 1840 г.
-
З боку Траецкай гары, пач. XIX ст.
-
1891 г.
-
З боку Траецкай гары. Я. Драздовіч, 1918 г.
-
да 1920 г.
-
М. Філіповіч, 1924 г.
-
М. Філіповіч, 1924 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
З боку Татарскіх агародаў, 1863 г.
-
Зь вежы езуіцкага калегіюму
-
да 1900 г.
-
З боку Зыбіцкай вуліцы, 1903 г.
-
З боку Нямігі, 1903 г.
-
З боку Высокага Рынку, 1915 г.
-
1915—17 гг.
-
З боку Сьвіслачы, 1916 г.
-
да 1918 г.
-
З дамініканскага касьцёла, да 1918 г.
-
1918 г.
-
З боку Зыбіцкай вуліцы, 1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
Ад гістарычнай Вялікай Бэрнардынскай, 1918 г.
-
1918 г.
-
да 1920 г.
-
1927 г.
-
1927 г.
-
З боку Траецкага прадмесьця, 1939 г.
-
1941 г.
-
Нямецкі аэрафатаздымак, 1941 г.
-
Нямецкі аэрафатаздымак, 10.09.1941 г.
-
З боку Хлусава моста, 1942—44 гг.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд жаночага і мужчынскага кляштараў
-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад
-
Флігель (налева) у час перабудовы
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на ахоўны статус помніка архітэктуры, кіраўнік Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Філарэт (Вахрамееў) неаднаразова выказваў жаданьне надбудаваць над цэнтральным нэфам барабан з купалам-цыбулінай для наданьня будынку «больш праваслаўнага выгляду»[12].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Свабоды, 23а, вуліца Кірыла і Мятода, 3, 5, 7
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж Дзянісаў У. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Праверана 4 ліпеня 2012 г.
- ^ а б в г д е ё ж Каталіцкія сьвятыні: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. — Менск, «Про Хрысто», 2003.
- ^ Толстой П. А. Путешествие стольника П. А. Толстого / Предисл. Д. А. Толстого // Русский архив, 1888. — Кн. 1. — Вып. 2. — С. 161—204; Вып. 3. — С. 321—368; Вып. 4. — С. 505—552; Кн. 2. — Вып. 5. — С. 5-62; Вып. 6. — С. 113—156; Вып. 7. — С. 225—264; Вып. 8. — С. 369—400. [1]
- ^ Дзянісаў У. Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 331.
- ^ а б в г д е Дзянісаў У. Менскі кляштар бернардзінак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 293.
- ^ а б в Церкви и приходы Минска. — Мн.: Свято-Петро-Павловский собор, Белорусское Православное Братство Трех Виленских Мучеников, 1996. С. 32.
- ^ а б в г д е Ярашэвіч А. Абразы Маці Божай XVII-XVII стст. у Мінскіх касцёлах // Наша вера. № 1 (4), 1998 г.
- ^ а б в Чарняўская Т. Кляштар бернардзінак // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Менск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1988. С. 52—53.
- ^ Карней І. Верхні горад зьмяшалі з гразьзю, Радыё Свабода, 12 лютага 2008 г.
- ^ Памятники Минска / Авт.-сост. В. П. Шамов. — Мн.: Полымя, 1991. С. 68.
- ^ Opisy parafii diecezji wileńskiej z 1784 roku. T. 2. Dekanat Mińsk / Maroszek J., Maroszek M. oprac. — 2009. — Białystok.
- ^ Царква Святога Духа і былы кляштар бэрнардынак, Radzima.org
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Каталіцкія сьвятыні: Менска-Магілёўская архідыяцэзія. — Менск, «Про Хрысто», 2003. ISBN 985-6628-38-5.
- Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
- Wyczawski H.E. Klasztory bernardyńskie w Polsce w jej granicach historycznych. — Kalwaria Zebrzydowska: OKM, 1985.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000080 |
|