Будаўнічы матэрыял

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Кладка цэглы (2011 год)

Будаўні́чы матэрыя́лматэрыял, які выкарыстоўваюць пры будаўніцтве і рамонце будынка і збудаваньня.

Віды: прыродны каменны, лясны, керамічны, арганічны і мінэральны вяжучы, мэталічны, кампазыцыйны, цепла- і гідраізаляцыйны, дахавы і лакафарбавы[1].

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Са Старажытнасьці вядомыя абпаленая цэгла, дахавая чарапіца, ганчарныя водаправодныя трубы, бутавы камень, вапнавы і гіпсавы вяжучы матэрыял. У 1800-х гадах зьяўленьне портляндцэмэнту забясьпечыла выкарыстаньне бэтону і жалезабэтону. У ХХ стагодзьдзі пашырыўся выпуск канструкцыяў з другаснай палімэрнай сыравіны, што павысіла цеплазьберагальныя ўласьцівасьці пабудоваў і зьменшыла іх вагу. У 1990-я гады ў краінах з высокаразьвітай прамысловасьцю будаўнічых матэрыялаў выкарыстаньне маналітнага бэтону і жалезабэтону шматкроць перавышала вытворчасьць зборных жалезабэтонных вырабаў і канструкцыяў. Гэта спрыяла таннасьці, выразнасьці і надзейнасьці збудаваньняў. У 1993 годзе сусьветная вытворчасьць цэмэнту склала 1,18 млрд тонаў. Зь іх найбольш вырабілі: Кітай — 359,8 млн тонаў (30 %), Японія — 88,1 млн тонаў, ЗША — 73,8 млн тонаў і Індыя — 56,2 млн тонаў[2].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь Сярэднявечча на землях Беларусі выраблялі кафлю, цэглу і шкло. З ХІІ стагодзьдзя захавалася Барысаглебская царква ў Горадні. З 1800-х гадоў узьлікла сылікатна-будаўнічая вытворчасьць зь перавагай дробных прадпрыемстваў. На 1900 год у беларускіх губэрнях дзейнічала 679 такіх прадпрыемстваў. На 1913 год найбольшым у Беларусі быў «Ваўкавыскі цэмэнтны завод» (Гарадзенская губэрня). У 1920—1940 гадах у Беларускай ССР рост капітальнага будаўніцтва выклікаў разьвіцьцё прамысловасьці будаўнічых матэрыялаў. Пабудавалі «Крычаўскі цэмэнтны завод» (1933) і «Гомельскі шклозавод». Пашырылі вытворчасьць цэглы ў Віцебску, Воршы, Гомлі, Клімавічах і Магілёве. У 1945 годзе выпусьцілі 15 % будаўнічых матэрыялаў ад узроўню перадваеннага 1940 году. Пазьней у абласных цэнтрах Беларускай ССР, а таксама ў Бабруйску, Баранавічах, Воршы і Шацілавічах стварылі заводы і камбінаты зборнага жалезабэтону. У Горадні, Магілёве і Смаргоні заснавалі заводы армаваных камянёў і дробных сьценавых блёкаў зь ячэістага і шчыльнага сылікатабэтону. У Асіпавічах заклалі завод мяккіх дахавых матэрыялаў. У Мікашэвічах (Лунінецкі раён) — завод нярудных будаўнічых матэрыялаў, у Віцебску — завод далямітавай мукі, а ў Менску — завод керамічнай пліткі і сантэхнікі з фаянсу. Асвоілі вытворчасьць мінэральна ваты, канструкцыяў з вапны і гіпсу (1948, «Менскі гіпсавы завод»), порыстых напаўняльнікаў і цеплаізаляцыйных матэрыялаў[2].

У 1994 годзе ў Беларусі вырабілі 1,487 млн тонаў цэмэнту, 2,68 млн кубамэтраў зборных жалезабэтонных канструкцыяў, 1,46 млн тонаў будаўнічай цэглы, 53 100 кв.м мяккай дахоўкі, 164,9 млн плітак азбэстацэмэнтнага шыфэру. За 1994 год прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў Беларусі дала 4,6 % абсягу вытворчасьці. На больш як 1300 прадпрыемствах галіны працавала 79 400 чалавек. Найбольшымі прадпрыемствамі былі: «Ваўкавыскцэмэнтнашыфэр» (Гарадзенская вобласьць), «Крычаўцэмэнтнашыфэр» (Магілёўская вобласьць), «Гомельбудматэрыялы», «Смаргоньсылікатабэтон», «Кераміка», «Керамін», «Забудова» (Маладэчна), «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Дах» (Асіпавічы), «Даляміт» (Віцебск), «Граніт» (Мікашэвічы), «Гомельшкло», «Гарадзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў» і «Радашкавіцкі завод мастацкай керамікі». За мяжу пастаўлялі дахоўку і абліцовачную керамічную плітку[2].

У 2020 годзе пастаўкі будаўнічых матэрыялаў за мяжу перавысілі 575 млн даляраў ЗША[3]. На чэрвень 2021 году ў Беларусі налічвалася звыш 500 вытворцаў будаўнічых матэрыялаў, зь якіх 120 выраблялі: цэмэнт, гранітны і далямітавы друз, інэртныя будматэрыялы, керамічную плітку, цэглу, сылікатныя і керамічныя блёкі, а таксама матэрыялы зь ячэістага бэтону. Таксама выпускалі ліставое паліраванае шкло, будаўнічую вапну, жалезабэтонныя вырабы для домабудаваньня, гіпсавыя вырабы, сухія будаўнічыя сумесі і цеплаізаляцыйныя матэрыялы[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Іван Леановіч. Будаўнічыя матэрыялы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 312. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  2. ^ а б в Л.І. Тулупава. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 311. — 511 с.
  3. ^ Вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 9 жніўня 2021 г.
  4. ^ Руслан Пархамовіч: Мадэрнізацыя прадпрыемстваў будкомплексу накіраваная на забесьпячэньне ўнутранага попыту // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 30 чэрвеня 2021 г. Праверана 9 жніўня 2021 г.