Беларуская АЭС

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуская АЭС
Узвядзенне Беларускай АЭС (2015) (02).jpg
Краіна Беларусь
Месцазнаходжаньне Астравецкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь
Пачатак будаўніцтва красавік 2012 г.
Пачатак эксплюатацыі 7 лістапада 2020 (2 гады таму)
Эксплюатуючая арганізацыя «Белэнэрга»
Тэхнічныя парамэтры
Колькасьць энэргаблёкаў 1
Будуецца энэргаблёкаў 1
Тып рэактараў вода-вадзяны
Дзейных рэактараў 1
Генэруючая магутнасьць 1170 МВат (электрычная), 3200 МВат (цеплавая)
Месцазнаходжаньне
Геаграфічныя каардынаты 54°45′27″ пн. ш. 26°05′33″ у. д. / 54.7575° пн. ш. 26.0925° у. д. / 54.7575; 26.0925Каардынаты: 54°45′27″ пн. ш. 26°05′33″ у. д. / 54.7575° пн. ш. 26.0925° у. д. / 54.7575; 26.0925
Беларуская АЭС на мапе Беларусі
Беларуская АЭС
Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Белару́ская АЭС — дзяржаўная атамная электрастанцыя Беларусі, запушчаная ў лістападзе 2020 году ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці.

Праект будаўніцтва прадугледжвае ўзьвядзеньне 2 вода-вадзяных рэактараў 3-га пакаленьня магутнасьцю кожнага па тысячы мэгаватаў[1]. 9 студзеня 2008 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прызначыў кіраўніком Дырэкцыі будаўніцтва АЭС Міхаіла Філімонава, які дагэтуль узначальваў ААТ «Белэнэргабуд»[2].

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1983 годзе ў пасёлку Дружны (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць) за 40 кілямэтраў на ўсход ад Менска пачалося будаўніцтва першай чаргі (2000 мэгаватаў) атамнай цеплаэлектрацэнтралі (АЦЭЦ). Праз выбух у 1986 годзе на Чарнобыльскай АЭС (Кіеўская вобласьць, Украіна) замест АЦЭЦ у 1999 г. запусьцілі першы блёк Менскай ЦЭЦ-5. У 1993 г. адбылося падпісаньне пратаколу аб выкарыстаньні ў Беларусі канадзкага(en) дэўтэрна-ўранавага рэактара і зьявілася Праграма разьвіцьця атамнай энэргэтыкі ў Рэспубліцы Беларусь. У пачатку 1999 году ўрадавая камісія па выяўленьні неабходнасьці будаўніцтва АЭС у Беларусі ўвяла мараторый на будаўніцтва АЭС тэрмінам 10 гадоў, каб вывучыць «досьвед працы новага пакаленьня бясьпечных рэактараў, якія распрацоўваюцца ў Францыі, ЗША, Нямеччыне, Расеі, і пасьля хаця б 5-гадовага досьведу іх пасьпяховай эксплюатацыі прыняць рашэньне пра далейшы лёс разьвіцьця атамнай энэргетыкі ў Беларусі». На 2011 г. расейскія і францускія рэактары новага пакаленьня яшчэ толькі будаваліся[3].

1 верасьня 2006 г. грамадзянам было абяцана правядзеньне рэфэрэндуму па будаўніцтве АЭС[4][5]. Аднак рашэньне аб будаўніцтве было прынята 15 студзеня 2008 г. на пасяджэньні Савету Бясьпекі Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла пад старшынствам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі[6].

Прычыны будаўніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дыспрапорцыі энэргабалянсу Беларусі. У 2008 годзе дзель прыроднага газу ў валавым спажываньні паліўна-энэргетычных рэсурсаў склала 62%, у аб’ёме кацельна-пячнога паліва — 79%, удзельная вага ў электраэнэргетыцы — 95%[7].
  • «Газавыя войны» з Расеяй: расейска-беларускі энэргетычны канфлікт 2006—2007 гг. і газавы канфлікт 2010 году. Скончыліся несяброўскім паглынаньнем «Белтрансгаза» з боку расейскага «Газпрама» (Масква), якое цягнулася з 18 траўня 2007 г. па 1 сьнежня 2011 г. (4,5 гады) шляхам паступовага продажу дзелямі за $5 млрд.
  • Залежнасьць ад аднаго пастаўшчыка. 25 лістапада 2011 г. у рэзыдэнцыі Горкі-9 (Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласьць) урады Беларусі і Расеі падпісалі на расейскай мове «Пагадненьне аб умовах куплі-продажу акцыяў і далейшай дзейнасьці ААТ "Белтрансгаз"», якое набыло моц 23 студзеня 2013 году. Паводле 6-га артыкула Пагадненьня, «ААТ "Белтрансгаз" валодае выключным правам на закуп прыроднага газу, які вывозіцца з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і прызначанага для спажыўцоў Рэспублікі Беларусь». Паводле 8-га артыкула, «Беларускі Бок гарантуе, што па 31 сьнежня 2031 году правы і зацікаўленасьці ААТ "Газпрам", ААТ "Белтрансгаз" і іх адпаведных правапераемнікаў, якія вынікаюць з гэтага Пагадненьня або ўзьнікаюць у сувязі з гэтым Пагадненьнем па стане на дату падпісаньня дадзенага Пагадненьня, не падлягаюць зьменам, дапаўненьням, выняткам або скарачэньням без папярэдняй згоды Расейскага Боку»[8].
  • Каньюнктура на сусьветных рынках вуглевадародаў.
  • Каньюнктура на сусьветным атамным рынку.

Перавагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прагнозы ўплыву на сытуацыю ў энэргетычнай сфэры Беларусі:

  • У энэргабалянсе Беларусі ў 2020 ядзернае паліва зойме 14—16% — каля 4 млн тон умоўнага паліва (туп) з агульных 40 млн туп паліўна-энэргетычнага балянсу Рэспублікі Беларусь[9];
  • Па папярэдніх падліках тарыфы на электраэнэргію ў Беларусі ў 2020 зьнізяцца ў параўнаньні з 2015 на 10-15%[9];
  • Магчыма дазволіць эканоміць каля $1 млрд у год на закупах газу, скарачэньне закупаў прыроднага газу на 3—3,5 млрд куб. м у год;
  • Паніжэньне выдаткаў на вытворчасьць электраэнэргіі на 20%[10];
  • Скарачэньне выкідаў парніковага газу на 10—12 млн т у год.

Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі названа найважнейшым фактарам забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі краіны разам з мадэрнізацыяй дзеючай энэргасыстэмы, выкарыстаньнем аднаўляльных крыніц энэргіі, скарачэньнем энэргаёмістасьці ВУП і дывэрсыфікацыяй крыніц паступленьня вуглевадароднай сыравіны[11].

Падраднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 лістапада 2007 г. у якасьці галоўнага староньняга наглядніка за будаўніцтвам вызначылі Кіеўскі навукова-дасьледніцкі праектны інстытут «Энэргапраект» (Украіна), што раней праектаваў Ігналінскую (Летува, 1983—2009), Пакшскую (Вугоршчына, 1982) і Ровенскую АЭС (Украіна, 1980)[12]. 11 кастрычніка 2011 г. кіраўнік Дырэкцыі будаўніцтва АЭС Міхаіл Філімонаў падпісаў са старшынём расейскага ЗАТ «Атамбудэкспарт» Аляксандрам Глухавым пагадненьне аб будаўніцтве 2 энэргаблёкаў агульнай магутнасьцю да 2400 мэгаватаў з рэактарнымі ўстаноўкамі В-491 паводле праекту «АЭС-2006» ад ААТ «Санкт-Пецярбурскі Атамэнэргапраект», які з 2004 г. браў удзел у выбары пляцоўкі[13].

Выбар пляцоўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пошук пляцоўкі пачаўся ў другой палове 1990-х. З улікам дыстанцыі магчымага разьмяшчэньня АЭС ад населеных пунктаў, ахоўных экалягічных зон, міжнародных авіятрас, магістральных трубаправодаў была складзена «карта адхіленых тэрыторый», у якую трапіла каля 50% тэрыторыі краіны, у тым ліку амаль уся Менская вобласьць. На астатняй тэрыторыі былі вызначаны 54 патэнцыяльныя пункты (малая шчыльнасьць насельніцтва і прывязка да вадаёмаў, здольных забясьпечыць тэхнічнай вадой АЭС магутнасьцю звыш 4 млн кВт). З 74[14] пунктаў выбралі шэсьць.

6 верасьня 2007 г. намесьнік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Цімашпольскі заявіў, што пры выбары пляцоўкі разглядалася і «палітычная падаплёка», бо «Ігналінская АЭС хоча захоўваць адходы на мяжы зь Беларусьсю. Чаму нам таксама не пабудаваць там (на мяжы зь Летувой) блёк»[15].

На 14 красавіка 2008 г. разглядалася 4 пляцоўкі: Астравецкая, Дрысенская (Віцебская вобласьць), Чырвонапалянская і Кукшынаўская[16]. 16 траўня засталося 3 пляцоўкі (выбыла Дрысенская)[17]. 19 сьнежня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што АЭС збудуюць на Астравецкай пляцоўцы (Гарадзенская вобласьць)[18]. 20 сьнежня Дзяржаўная камісія па выбары месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку для будаўніцтва АЭС аддала перавагу Астравецкай пляцоўцы перад Чырвонапалянскай (Чавускі раён, Магілёўская вобласьць) і Кукшынаўскай (Шклоўскі раён, Магілёўская вобл.)[19].

Астравецкая пляцоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Астравецкая пляцоўка складаецца з гліністага і пясчанага грунту. Грунтовыя воды залягаюць на глыбіні звыш 15 мэтраў. Выкарыстаньню ў якасьці крыніцы вады для ахаладжэньня АЭС падлягае рака Вяльля[20]. Пляцоўка месьціцца за 39 км ад вобласьці магчымага землятрусу ў Ашмянскім раёне (Гарадзенская вобл.)[21]. У 1908 годзе побач адбыўся гудагайскі землятрус інтэнсіўнасьцю 9 балаў і магутнасьцю 4,5 магнітуды[22], што ўтварыў разломы глебы.

Кошт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 лістапада 2011 г. у сядзібе Горкі (Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласьць, Расея)[23] адбылося падпісаньне беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб вылучэньні на будоўлю АЭС да $9 млрд таварнай пазыкі ў адцінак да 2020 г. з пагашэньнем ад 1 красавіка 2021 г. цягам 15 год 30 роўнымі дзелямі кожныя паўгады[24]. 13 лютага 2012 г. «Зьнешэканамбанк» (Масква, Расея) вылучыў яшчэ $500 млн пазыкі на папярэднія плацяжы за будоўлю цягам 5 год[25].

30 верасьня 2013 г. Савет міністраў Беларусі ўхваліў выдаткоўваньне на будаўніцтва 2,9 трлн беларускіх рублёў у цэнах 2006 г. (падрыхтоўка, вытворчая база, падстанцыя 110/10 кілявольт «Вяльля», чыгунка, аўтадарогі, праектаваньне і выведка, нагляд па інжынэрных сетках, жытло, будынкі грамадзкага, побытавага і культурнага прызначэньня), 44,582 млрд расейскіх рублёў у цэнах 2001 г. (будынкі АЭС) і $340,86 млн (выдача магутнасьці і сувязь з энэргасыстэмай)[26]. 14 ліпеня 2020 году прадстаўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі падпісалі ў Маскве Пратакол да Пагадненьня аб крэдыце на будаўніцтва АЭС. Пратакол падоўжыў выкарыстаньне пазыкі на 2 гады да канца 2022 году. Пачатак пагашэньня асноўнай пазыкі перанесьлі з 1 красавіка 2021 году на 1 красавіка 2023-га. Адсоткавую стаўку па крэдыце зьмянілі зь мяшанай на цьвёрдую ў памеры 3,3 % гадавых. На 1 сакавіка 2021 году на будаўніцтва Беларускай АЭС скарысталі 4,7 млрд $ з 10 млрд $ пазыкі. 24 сакавіка 2021 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Закон аб ратыфікацыі Пратаколу[27].

Падрыхтоўка пэрсаналу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўка спэцыялістаў вядуць тры ўнівэрсытэты: Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт (факультэт энэргетычнага будаўніцтва), Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (фізычны факультэт) і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Падпісана пагадненьне з Расеяй, якое прадугледжвае магчымасьць падрыхтоўкі беларускіх спэцыялістаў у гэтай краіне. Магчыма, будуць запрашацца спэцыялісты, якія працуюць у галіне ядзернай энэргетыкі ў Расеі, Украіне, Летуве[28].

На 8 сьнежня 2017 году з патрэбнага ліку 2321 адмыслоўца нанялі 1250 супрацоўнікаў (54 %), зь іх 130 іншаземцаў пераважна з Расеі і Ўкраіны. Пагатоў у 2016 годзе стажаваньне на Новаваронескай АЭС прайшлі 72 супрацоўнікі, у 2017-м — 139[29].

Заканадаўства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 жніўня 2005 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 399 «Аб зацьвярджэньні Канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і …», паводле якога Канцэпцыя «не рассылаецца» і Савету міністраў Рэспублікі Беларусь даручалася «ў трохмесячны тэрмін зацьвердзіць плян асноўных мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі»[30]. 18 лістапада 2005 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 1290 «Аб зацьвярджэньні пляна асноўных мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь». У разьдзеле «Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі» плян прадугледжваў з боку Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ): 1) у 2006 г. «стварэньне арганізацыйна-прававой структуры выкананьня работаў падрыхтоўчага пэрыяду будаўніцтва АЭС» (пункт 14); 2) у 2008 г. «распрацоўку ў рамках падрыхтоўчага пэрыяду будаўніцтва АЭС тэхніка-эканамічнага абгрунтаваньня будаўніцтва» (п. 15)[31].

14 чэрвеня 2007 г. А.Лукашэнка падпісаў Дырэктыву № 3 «Эканомія і беражлівасьць — галоўныя фактары эканамічнай бясьпекі дзяржавы». Паводле 3-га пункту 1-га артыкула Дырэктывы, Савету міністраў Беларусі і НАНБ даручалася: «1.3.1. унесьці кіраўніку дзяржавы праект удакладненай Канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, прадугледзеўшы ў ім: … дывэрсыфікацыю паставак у рэспубліку нафты, прыроднага газу, электраэнэргіі, вугалю і ядзернага паліва, якая забясьпечвае з 2020 году імпарт з адной краіны-пастаўшчыка ня больш як 65 працэнтаў аб’ёму спажываных энэргарэсурсаў»[32]. 12 лістапада 2007 г. А. Лукашэнка падпісаў Указ № 565, якім: 1) у складзе Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь стваралася Дырэкцыя будаўніцтва АЭС, 2) у складзе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь — Дэпартамэнт па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы (Дзяржатамнагляд), 3) Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» прызначаўся выконваць навуковае суправаджэньне, 4) РУП «БелНДПІэнэргапрам» — галоўным праектавальнікам[33].

31 студзеня 2008 г. Савет бясьпекі Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастановай № 1 будаўніцтва АЭС сумарнай электрычнай магутнасьцю 2000 мэгаватаў з уводам першага энэргетычнага блёку ў 2016 годзе, другога — у 2018-м[34]. 30 ліпеня А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб выкарыстаньні атамнай энэргіі»[35] з 12 разьдзелаў, у тым ліку: (2) дзяржаўнае кіраваньне і забесьпячэньне бясьпекі[36], (3) абыходжаньне зь ядзернымі матэрыяламі і радыяактыўнымі адходамі, (4) разьмяшчэньне і ўзьвядзеньне ядзернай устаноўкі і пункта захоўваньня, (5) увод у эксплюатацыю і вывад з эксплюатацыі ядзернай устаноўкі і пункта захоўваньня, (6) фізычная ахова аб’ектаў, (7) аварыйная гатоўнасьць і аварыйнае рэагаваньне, (8) эксплюатавальныя і абслуговыя арганізацыі, (9) адказнасьць за шкоду ад радыяцыйнай аварыі, (10) гарантыі правоў грамадзянаў і арганізацыяў, (11) міжнародная супраца.

4 траўня 2009 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай № 571 ухваліў Палажэньне аб парадку абмеркаваньня пытаньняў у сфэры выкарыстаньня атамнай энэргіі з удзелам грамадзкіх аб’яднаньняў, іншых арганізацыяў і грамадзянаў[37][38]. 9 кастрычніка ў Астраўцы адбыліся грамадзкія слуханьні папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) будучай АЭС з удзелам 813 чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў руху «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь», партыі «Зялёныя», групы «Экаахова» і грамадзкага аб’яднаньня «Экадом»[39]. Справаздачу распрацаваў «БелНДПІэнэргапрам» на замову Дырэкцыі будаўніцтва АЭС[40].

15 верасьня 2011 г. А. Лукашэнка Ўказам № 418 вызначыў пад АЭС зямельны ўчастак у Астравецкім раёне плошчай 450 га, што за 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Бабраўнікі і на поўдзень ад в. Авены, абмежаваны на паўночным захадзе аўтамабільнай дарогай в. Шульнікі — в. Авены, на захадзе — аўтадарогай Газа — АЭС — Астравец ад аўтадарогі Р-45, на паўночным усходзе — аўтадарогай Н-6223 (Місьляны — Шульнікі — Авены — Валейкуны), на поўдні, паўднёвым захадзе і захадзе — аўтадарогай ад аўтадарогі Н-6223 в. Рудзішкі — хутар Бабраўнікі і землямі СВК «Варняны»[41]. 30 верасьня 2013 г. Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастановай № 857 узьвядзеньне 2 энэргаблёкаў магутнасьцю кожнага па 1194 мэгаваты, тэрмін работы АЭС у 50 год і сярэднегадавы выпуск электраэнэргіі АЭС 17 095,1 млн кіляват·гадзіна[26]. 30 сьнежня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 583 «Аб рэарганізацыі ДУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі», якую перайменавалі ў РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» у падпарадкаваньні дзяржаўнага аб'яднаньня «Белэнэрга»[42].

26 студзеня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 32 «Аб фондах Беларускай атамнай электрастанцыі», які прадугледжваў стварэньне 2-х фондаў фінансаваньня працаў па: 1) вывадзе з эксплюатацыі, 2) падтрыманьні і павышэньні бясьпекі. Згодна з Указам УП «Беларуская АЭС» мела пасьля ўводу штомесяц адлічваць у гэтыя фонды да 15 % выручкі ад збыту электраэнэргіі[43].

Будаўніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне красавіка 2012 г. на пляцоўцы пачалі будаваць дарогі і будынкі[44]. На пачатак траўня 2012 году ў 3-х вёсках Астравецкага раёну (Міхалішкі, Гервяты і Трокенікі-1) ўсталявалі аўтаматычныя пункты вымярэньня магутнасьці дозы гама-выпраменьваньня ў рэальным часе[45]. 18 ліпеня ў Менску адбылося падпісаньне беларуска-расейскай дамовы на будаўніцтва АЭС, што прадугледжвала ўвод першага блёку ў лістападзе 2018 г., другога — у ліпені 2020-га. На 1 лютага 2013 г. беларускія будаўнікі скончылі падрыхтоўку асновы першага блёку і пачалі падрыхтоўку асновы другога[44]. 19 лістапада 2014 г. у падмурак 1-га рэактара паставілі пастку расплаву для выкідаў пры здарэньні[46]. 24 сьнежня 2015 г. у Астравец з расейскага прадпрыемства «Атаммаш» (Валгадонск, Растоўская вобласьць, Паўднёвая фэдэральная акруга) прывезьлі корпус для рэактара. Дастаўка доўжылася 72 дні. 8 красавіка 2016 г. абрушылася стойка апалубкі(en) службовага будынка АЭС пры кладцы бэтону перакрыцьцяў побытавага памяшканьня[47]. На 27 траўня 2016 г. пабудавалі 1-ю градзірню вышынёй каля 170 мэтраў[48].

Будаўніцтва Беларускай АЭС (13 жніўня 2016 г.)

У ноч (а 1:30) на 10 ліпеня 2016 г. падчас падрыхтоўкі да ўстаноўкі 330-тонны корпус рэактара даўжынёй 11 мэтраў сарваўся са стропаў і ўпаў з вышыні 4 мэтраў[49]. Мэталічныя стропы апынуліся на 30 см карацейшыя за даўжыню, якую замерылі ў Расеі, што прывяло да адхіленьня і наступнага падзеньня корпуса. 11 жніўня 2016 г. Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь накіравала прадпрыемству «Расатам» (Масква) паведамленьне аб рашэньні замяніць корпус рэактара[50]. На 8 сьнежня 2016 г. для рэактарнага блёка № 1 Беларускай АЭС паставілі 4 з 5 галоўных цыркулярных помпаў (кожная вагой па 25 тонаў)[51]. Цягам 2017 году на будоўлі ў сярэднім задзейнічалі 4950 чалавек. У сьнежні 2017 году на 2-м энэргаблёку змантавалі корпус рэактара. На 26 лютага 2018 году ўсталявалі парагенэратары і скончылі зварку галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода 1-га энэргаблёка. Таксама ўзьвялі 2-ю вежавую выпарную градзірню і 70-мэтровыя будынкі 1-га і 2-га рэактараў[52]. 25 чэрвеня 2018 году на 2-м энэргаблёку Беларускай АЭС скончылі зварку галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода, на якую спатрэбілася 70 дзён[53]. У сьнежні 2018 году скончылі будаўніцтва звыш 1000 км паветраных лініяў электраперадачы (ЛЭП) напругай 330 кіляВольт і перабудову каля 700 км дзейных паветраных лініяў 110—330 кВольт. Таксама перабудавалі 4 падстанцыі і пабудавалі падстанцыю «Паставы» (Віцебская вобласьць) на 330 кВ. У выніку Беларускую АЭС зьвязалі з энэргасыстэмай Беларусі[54].

Цягам 2012—2020 гадоў Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (Аўстрыя) накіравала ў Беларусь 7 пасольстваў: 1) ацэнкі ядзернай інфраструктуры ў 2012 годзе, 2) ацэнкі рэгулявальнай інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі ў 2016-м, 3) ацэнкі пляцоўкі АЭС і зьнешніх узьдзеяньняў у 2017 годзе, 4) наконт аварыйнай гатоўнасьці і рэагаваньня ў 2018-м, 5) уліку і кантролю ядзернага матэрыялу ў 2019 годзе, 6) наконт перадэксплюатацыйнай гатоўнасьці ў 2019 годзе, 7) ацэнкі ядзернай інфраструктуры ў 2020-м[55].

26 лістапада 2021 году Міжведамасная камісія падпісала Акт аб гатоўнасьці інжынэрна-тэхнічных збудаваньняў 2-га энэргаблёку Беларускай АЭС да выкарыстаньня[56].

Пуск[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 красавіка 2019 году ў 1-ы рэактар пачалі загружаць 163 імітатары цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ) для падрыхтоўкі да халоднай і гарачай абкаткі (ХГА) падчас пусканаладкі[57]. 6 красавіка 2020 году на 1-м энэргаблёку выпрабавалі аўтаматычны запуск ўстаноўкі электразабесьпячэньня і ўсіх 4-х аварыйных дызэль-генэратарных установак, а таксама праверылі працаздольнасьць аварыйных мэханізмаў усіх 4-х каналаў бясьпекі[58]. 7 траўня 2020 году да разьмеркавальнай прылады БелАЭС падлучылі 5-ую зь 7-і высакавольтных лініяў электраперадачы (ЛЭП) для сувязі з энэргасыстэмай Беларусі. Гэтая ЛЭП мела напругу 330 кілявольт і ішла да падстанцыі «Стоўпцы» (Менская вобласьць), якую аснасьцілі 2-ма шунтавальнымі рэактарамі. Адначасна разьмеркавальную прыладу падстанцыі з напругай 220 кілявольт замянілі на больш магутную з напругай 330 кВ. Таксама пабудавалі астатнія 2 зь 7 высакавольтных ЛЭП да Маладэчна і мястэчка Рось у Ваўкавыскім раёне (Гарадзенская вобласьць)[59]. 25 траўня 2020 году супрацоўнікі БелАЭС разьмясьцілі цеплавыдзяляльныя зборкі ў сховішчы ядзернага паліва для наступнай загрузкі ў рэактар 1-га энэргаблёка[60].

6 жніўня 2020 году Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь ухваліла Рашэньне аб наданьні ДП «Беларуская АЭС» права загрузкі штатнай актыўнай зоны рэактара энэргаблёка № 1[61]. 7 жніўня ў рэактар пачалі загружаць 163 цеплавыдзяляльныя зборкі (ЦВЗ) зь ядзерным палівам[62]. 20 жніўня 2020 году ў 1-ы рэактар загрузілі ўсе 163 ЦВЗ, вырабленыя на «Новасыбірскім заводзе хімканцэнтратаў». Узровень іх узбагачанасьці складаў ад 1,3 % да 4,4 %[63]. 10 верасьня 2020 году на Беларускай АЭС падлучылі дадатковы дызэль-генэратар на выпадак абясточваньня[64]. 5 кастрычніка 2020 году падлучылі 7-ю высакавольтную лінію электраперадачы даўжынёй 250 км, якая была найбольш працяглай лініяй у энэргасыстэме Беларусі з напругай 330 кілявольт і злучала БелАЭС з падстанцыяй «Рось». Папярэдне падлучылі 6 такіх лініяў электраперадачы для сувязі зь іншымі падстанцыямі[65].

11 кастрычніка 2020 году а 2:26 1-ы энэргаблёк Беларускай АЭС вывелі на мінімальна кантраляваны ўзровень (МКУ) магутнасьці, які складаў менш за 1 % намінальнай магутнасьці рэактара. У выніку ў актыўнай зоне 1-га рэактара пачалася кіраваная ядзерная рэакцыя, якая сама падтрымліваецца[66]. 30 кастрычніка 2020 году на 1-м энэргаблёку БелАЭС пробна запусьцілі турбіну на 35 % магутнасьці рэактара. Кручэньне турбіны на халастым хаду давялі да праектнага значэньня ў 3000 абаротаў за хвіліну[67]. 3 лістапада 2020 году а 12:03 турбагенэратар 1-га энэргаблёка БелАЭС уключылі ў аб'яднаную энэргасыстэму Беларусі[68]. 7 лістапада 2020 году 1-ы энэргаблёк АЭС вывелі на магутнасьць 400 мэгават. За 3 папярэднія дні ад часу ўлучэньня ў энэргасыстэму з АЭС адпусьцілі звыш 22 млн кіляват-гадзіна электраэнэргіі, якую дагэтуль выраблялі пры дапамозе 6,4 млн кубамэтраў прыроднага газу цаной каля 1 млн $. Рэактар 1-га энэргаблёка запрацаваў на магутнасьці 40 %[69]. На той час на Беларускай АЭС працавала каля 2200 чалавек, зь іх 62 замежных грамадзяніны Расеі і Ўкраіны. У якасьці паліва на АЭС выкарыстоўвалі ўзбагачаны дыяксыд урану ў выглядзе таблетак памерам да 1 см і вагой 5 грамаў. З кожнай такой уранавай «таблеткі» выраблялі столькі электраэнэргіі, як з 350 кг нафты або 360 кубамэтраў прыроднага газу. Рэактар быў цалкам загружаны 87 тонамі такіх уранавых таблетак, на адпрацоўку якіх прызначалася 4 гады[70]. 10 лістапада 2020 году пастаўку электраэнэргіі ад Беларускай АЭС прыпынілі, а магутнасьць турбагенэратара зьнізілі да нулявой[71]. 19 лістапада 2020 году 1-ы энэргаблёк паўторна ўключылі ў сетку пасьля замены трансфарматараў напругі ў вымяральных ланцугах генэратарнага выключальніка[72]. 2 сьнежня 2020 году Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла пра скідваньне пары на 1-м энэргаблёку, што выявіла патрэбу ў выпраўленьні працы накрывак шумапаглынальнікаў пары[73].

3 сьнежня 2020 году падалі напругу на 1-ю сэкцыю 10 кілявольт 2-га энэргаблёка[74]. 29 сьнежня 2020 году старшыня ўраду Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што 1-ы рэактар працаваў на 75 % магутнасьці, што дазваляла штодня замяшчаць замежны прыродны газ на 750 000 даляраў ЗША[75]. 12 студзеня 2021 году а 19:57 1-ы энэргаблёк БелАЭС вывелі на поўную магутнасьць. Цеплавая магутнасьць энэргаблёка склала 3200 мэгават, а электрычная — 1170 мэгават[76]. 16 студзеня 1-ы энэргаблёк адлучылі ад электрасеткі пасьля спрацоўваньня абароны генэратара. 21 студзеня а 12:19 энаргаблёк зноў падлучылі да сеткі[77]. 8 сакавіка 2021 году а 2:14 1-ы энэргаблёк БелАЭС падлучылі да электрасеткі пасьля 259 выпрабаваньняў абсталяваньня[78]. Агулам на 1-м энэргаблёку зьмяшчалася 285 000 вузлоў абсталяваньня, якія падлягалі выпрабаваньню[79]. 14 сакавіка 1-ы энэраблёк уключылі ў сетку пасьля дасьледаваньня ксэнонавых пераходаў у рэактары, які вывелі на намінальны ўзровень магутнасьці[80].

15 сакавіка 2021 году на 2-м энэргаблёку загрузілі 163 імітатары ЦВЗ у рэактар[81]. 16 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 148 аб прызначэньні камісіі прыёмкі ў эксплюатацыю пускавога комплексу 1-га блёка Беларускай АЭС. Пасаду старшыні прыёмачнай камісіі заняў намесьнік старшыні ўраду Юры Назараў. Яго намесьнікамі сталі кіраўнік «Белэнэрга» Павал Дрозд і намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк. Таксама ў склад камісіі ўвайшлі 1-ы намесьнік старшыні Дзяржкамітэту стандартызацыі Зьміцер Барташэвіч, намесьнік кіраўніка «Белэнэрга» Сяргей Бабовіч, начальнік УДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Дзяшко, намесьнік міністра па надзвычайных сытуацыях Анатоль Даўгалевец, 1-ы намесьнік міністра фінансаў Зьміцер Кійко, 1-ы намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Ігар Касьцюкоў[82]. 3 траўня 2021 году з «Новасыбірскага заводу хімканцэнтратаў» даставілі цеплавыдзяляльныя зборкі і паглынальныя стрыжні для 2-га энэргаблёку БелАЭС, якія разьмясьцілі ў сховішчы[83].

24 траўня 2021 году скончылі 15-дзённае апрабаваньне 1-га энэргаблёку на поўнай магутнасьці[84]. 9 чэрвеня 2021 году на 2-м энэргаблёку скончылі гідраўлічныя выпрабаваньні і цыркуляцыйную прамыўку трубаправодаў і абсталяваньня 1-га і 2-га контураў рэактара. Пры гэтым, у рэактар загрузілі імітатары цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ)[85]. 10 чэрвеня 2021 году Прыёмачная камісія пад старшынствам намесьніка старшыні ўраду Юрыя Назарава падпісала Акт прыёмкі ў прамысловую эксплюатацыю пускавога комплексу 1-га энэргаблёка. У выніку яго пуск быў завершаны[86].

22 сьнежня 2021 году ў актыўную зону рэактара 2-га энэргаблёка Беларускай АЭС загрузілі 1-ю са 163-х цеплавядзяляльных зборак (ЦВЗ) зь ядзерным палівам. Гэтым пачалі фізычны пуск 2-га энэргаблёка. Кожная ЦВЗ складалася з 312 цеплавыдзяляльных элемэнтаў (ЦВЭл) прамерам 9 мм і вышынёй каля 4-х мэтраў. Вага паліва ў ЦВЗ складала 571 кг[87].

Абсталяваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У турбіннай залі 1-га энэргаблёку БелАЭС цеплавую энэргію пераўтваралі ў кінэтычную, а затым у электраэнэргію. У адпаведным будынку месьцілася паравая турбіна магутнасьцю 1200 мэгават з частасьцю вярчэньня 3000 абаротаў за хвіліну. Вага турбіны без трубаправодаў і кандэнсатара складала 2500 тонаў, а даўжыня — каля 75 мэтраў[88].

Уплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 23 чэрвеня 2021 году вытворчасьць электраэнэргіі на 1-м энэргаблёку Беларускай АЭС склала 27,5 млн кіляват-гадзіна (29 %) пры агульным аб'ёме вытворчасьці ў энэргасыстэме Беларусі каля 95 млн кВт-гадз. Гэты аб'ём вытворчасьці перавышаў адпаведныя аб'ёмы 4-х абласных энэргасыстэмаў разам узятых — Гарадзенскай (без самой АЭС), Гомельскай, Магілёўскай і Менскай[89].

Рацыяцыйны фон[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам 4-х месяцаў ад 7 лістапада 2020 году па 7 сакавіка 2021 году гама-выпраменьваньне вакол Беларускай АЭС складала 0,05 — 0,11 мікразывэрт/гадзіна. Кожныя 10 хвілінаў аўтаматычныя пункты вымярэньня (АПВ) дасылалі зьвесткі з дазымэтрычных чуйнікаў на сэрвэр ведамаснай аўтаматызаванай сыстэмы радыяцыйнага кантролю (АСКРА). Гэтым сэрвэрам кіраваў Рэспубліканскі цэнтар гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя (Белгідрамэт) Мінпрыроды Беларусі[90].

Адключэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 ліпеня 2021 году на 1-м энэргаблёку БелАЭС спрацавала аўтаматычная абарона турбагенэратара, у выніку чаго той адключылі ад сеткі. Пры гэтым магутнасьць рэактара зьнізілі да 1 %[91]. 20 жніўня 2021 году высьветлілі, што патрабуецца замена аднаго з элемэнтаў узбуджальніка генэратара[92]. 4 кастрычніка 2021 году 1-ы энэргаблёк Беларускай АЭС зноў уключылі ў сетку пасьля дыягностыкі вузлоў турбагенэратара[93]. 17 лістапада 2021 году адбылося паўторнае адключэньне 1-га энэргаблёку БелАЭС аўтаматыкай[94]. 19 лістапада міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч паведаміў, што ад чуйнікаў абсталяваньня «паступіў адзін некарэктны сыгнал, які прывёў да спрацоўваньня аўтаматычнай сыстэмы аховы, і блёк быў адключаны ад сеткі»[95]. У той дзень 1-ы энэргаблёк зноў уключылі ў сетку[96].

25 красавіка 2022 году 1-ы энэргаблёк БелАЭС вывелі ў плянава-папераджальны рамонт, які меў штогод ладзіцца дзеля ўстойлівага працоўнага стану абсталяваньня. Плянам прадугледзелі рамонт парагенэратараў і кампэнсатараў ціску, галоўных цыркуляцыйных помпаў і турбагенэратара, а таксама іншага абсталяваньня рэактарнай устаноўкі. Сярод іншага, мерапрыемства ўлучала праверку мэталу і зварных злучэньняў абсталяваньня рэактара і трубаправодаў. Урэшце, прадугледжвалася частковая перазагрузка ў рэактар сьвежага ядзернага паліва[97]. 22 жніўня 2022 году скончылі рамонт, у ходзе якога пачынілі турбагенэратар і галоўныя цыркуляцыйныя помпы. Таксама ўпершыню замянілі 48 з 163-х цеплавыдзяляльных зборак зь ядзерным палівам. Пры гэтым, правялі агляд каля 3000 прыладаў абсталяваньня[98]. 9 лістапада 2022 году ад 12:33 1-ы энэргаблёк БелАЭС падлучылі да электрасеткі пасьля завяршэньня плянавай рэглямэнтнай працы і дадатковага выпрабаваньня. Да вечару давялі магутнасьць да 400 МВт[99].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

26 красавіка 2009 г. падчас Чарнобыльскага шляху прафэсар і ўдзельнік руху «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь» Георгі Лепін заявіў, што на Астравецкай пляцоўцы існуе тэктанічны разлом, што пагражае разбурэньнем меркаванай АЭС[100]. У ліпені кіраўнік ляндшафтнага заказьніка «Сарачанскія азёры», што за 5 км ад Астравецкай пляцоўкі, Ігар Пастухоў у сваім лісьце заклікаў урад адмовіцца ад будаўніцтва АЭС блізу асабліва падахоўных прыродных земляў Нарачана-Вялейскага азёрнага краю («Блакітныя азёры», Нацыянальны парк «Нарачанскі», возера Сьвір і «Швакшты») праз шкоду сельскаму турызму[101].

У студзені 2011 г. Камітэт па выкананьні Канвэнцыі Эспа (аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце), які дзейнічае пры Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, прызнаў парушэньні, дапушчаныя Беларусьсю пры плянаваньні АЭС. У сувязі з гэтым міжнародны камітэт рэкамэндаваў уладам прыпыніць будаўніцтва АЭС[102]. 26 сакавіка 2014 г. загаднік катэдры ядзернай фізыкі БДУ Станіслаў Шушкевіч, які рыхтаваў ядзернікаў для Астраўца, заявіў аб адсутнасьці праекта будаўніцтва АЭС[103].

27 красавіка 2014 г. 10-ы Зьезд Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ у складзе 124 прадстаўнікоў ухваліў заяву «Будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі — найвялікшае злачынства супраць беларускага народу»[104]. У заяве адзначалася істотнае павелічэньне дзяржаўнай запазычанасьці ў сувязі з пазыкай на будаўніцтва АЭС ($9 млрд) і параўнальная дарагавізна(en) атамнай энэргіі: «Кошт 1 кВт•г электраэнэргіі, вырабленай на АЭС, перавышае кошт электраэнэргіі, вырабленай на: парасілавых станцыях у 2,3 — 2,8 раза; газа-мазутных станцыях у 1,9 — 2,3 раза; вугальных станцыях у 1,5 — 1,9 раза; комплексе малых ГЭС, або комплексе ветраэнэргетычных станцый у 1,6 — 2,8 раза»[105].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Людміла Сац. Беларусь разглядае 3 групы замежных кампаніяў у якасьці патэнцыйных удзельнікаў будаўніцтва АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 кастрычніка 2007 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  2. ^ Мілена Ануфрыёнак. Выканаўцам абавязкаў кіраўніка Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі назначаны Міхаіл Філімонаў // БелТА, 9 студзеня 2008 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  3. ^ Уладзімер Валодзін. Як будуюць беларускую АЭС // Дыпляматычны сьвет Беларусі, 20 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 21 красавіка 2011 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  4. ^ Программа-минимум и программа-максимум Александра Лукашенко
  5. ^ Лукашенко: решение о строительстве АЭС будет приниматься с учетом мнения народа
  6. ^ Савет Бясьпекі прыняў канчатковае палітычнае рашэньне аб будаўніцтве ў Беларусі АЭС // БелТА, 15 студзеня 2008 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  7. ^ Інга Міндалёва. 9 мільярдаў даляраў — на беларускую АЭС // Зьвязда : газэта. — 13 кастрычніка 2009. — № 193 (26551). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ Пагадненьне між Урадам Рэспублікі Беларусь і Ўрадам Расейскай Фэдэрацыі аб умовах куплі-продажу акцыяў і далейшай дзейнасьці ААТ «Белтрансгаз»(рас.) // Валер Леванеўскі, лістапад 2013 г. Праверана 26 кастрычніка 2016 г.
  9. ^ а б Мілена Ануфрыёнак. У энергабалянсе Беларусі да 2020 года ядзернае паліва зойме каля 14—16 працэнтаў // БелТА, 15 лістапада 2007 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  10. ^ Інга Міндалёва. Увядзеньне ў энэргасыстэму краіны беларускай АЭС прывядзе да зьніжэньня сабекошту электраэнэргіі на 20 працэнтаў // Зьвязда : газэта. — 24 чэрвеня 2009. — № 115 (26473). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Людміла Сац. Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі зьяўляецца найважнейшым фактарам забесьпячэньня энэргабясьпекі Беларусі - прэзыдэнт // БелТА, 15 студзеня 2008 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  12. ^ Мілена Ануфрыёнак. Беларусь прыцягне ў якасьці міжнароднага экспэрта па будаўніцтву АЭС Кіеўскі інстытут «Энергапраект» // БелТА, 15 лістапада 2007 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  13. ^ Ганна Кот, БелТА. Падпісана кантрактнае пагадненьне па будаўніцтву АЭС у Беларусі // Belarus.by, 11 кастрычніка 2011 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  14. ^ Кастусь Лашкевіч. Апошні хутар ля будучай АЭС: Польшча, Сталін, Лукашэнка // Tut.by, 15 кастрычніка 2009 г. Праверана 24 траўня 2013 г.
  15. ^ БелаПАН. Беларускую АЭС могуць пабудаваць і на мяжы зь Літвой // Наша Ніва, 6 верасьня 2007 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  16. ^ Вольга Бяляўская. Беларускія навуцоўцы маюць дастатковыя веды для правільнага выбару пляцоўкі для АЭС - М.Мясьніковіч // БелТА, 14 красавіка 2008 г. Праверана 8 жніўня 2013 г.
  17. ^ Вольга Бяляўская. Кукшынаўская пляцоўка можа стаць месцам разьмяшчэньня беларускай АЭС - М.Мясьніковіч // БелТА, 16 траўня 2008 г. Праверана 8 жніўня 2013 г.
  18. ^ Анастасія Янушэўская, Натальля Кароткая. Прынятае рашэньне аб будаўніцтве беларускай АЭС на Астравецкай пляцоўцы // БелаПАН, 19 сьнежня 2009 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  19. ^ Дзяржаўная камісія выбрала для будаўніцтва беларускай АЭС Астравецкую пляцоўку // БелТА, 20 сьнежня 2008 г. Праверана 6 жніўня 2013 г.
  20. ^ Астравецкая пляцоўка прыярытэтная для будаўніцтва АЭС у Беларусі - дадзеныя АУНА // БелТА, 1 верасьня 2009 г. Праверана 8 жніўня 2013 г.
  21. ^ Андрэй Рыкаў, «БелНДПІэнэргапрам». Справаздача аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе Беларускай АЭС(анг.) // Дырэкцыя будаўніцтва АЭС, 2009 г. Праверана 8 жніўня 2013 г.
  22. ^ Інга Міндалёва. Землятрус у Японіі па сваёй энэргіі прыкладна ў 500 тысяч разоў мацнейшы, чым землятрус, які можа здарыцца на тэрыторыі Беларусі // Зьвязда : газэта. — 25 сакавіка 2011. — № 55 (26919). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  23. ^ Андрэй Кажамякін. Беларусь і Расея падпісалі міжурадавае пагадненьне аб выдзяленьні дзяржкрэдыту на будаўніцтва АЭС // БелаПАН, 25 лістапада 2011 г. Праверана 5 жніўня 2013 г.
  24. ^ Ганна Кот. Беларусь атрымае расейскі крэдыт для будаўніцтва АЭС на выгадных умовах - Мінфін Беларусі // БелТА, 28 лістапада 2011 г. Архіўная копія ад 28 лістапада 2011 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  25. ^ Уладзімер Мацьвееў. Зьнешэканамбанк пракрэдытуе авансавыя плацяжы Беларусі па будаўніцтву АЭС у памеры $500 млн. // БелТА, 13 лютага 2012 г. Архіўная копія ад 13 лютага 2012 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  26. ^ а б Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў праектную дакумэнтацыю Беларускай АЭС // БелТА, 2 кастрычніка 2013 г. Архіўная копія ад 3 кастрычніка 2013 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  27. ^ Эдуард Півавар. Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі пратакола, што рэструктурызуе крэдыт для БелАЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 сакавіка 2021 г. Праверана 25 сакавіка 2021 г.
  28. ^ Беларусь прорабатывает вопрос подготовки специалистов для атомной электростанции
  29. ^ Сяргей Куркач. Пры падрыхтоўцы атамшчыкаў дробязяў няма // Зьвязда. — 8 сьнежня 2017. — № 39 (28655). — С. 1, 4.
  30. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2005 г. № 399(рас.) // «Юрыдычная кансультацыя», 2007 г. Архіўная копія ад 2007 г. Праверана 27 жніўня 2016 г.
  31. ^ Уладзімер Сямашка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 лістапада 2005 г. № 1290(рас.) // Партал «Бусел», 2008 г. Архіўная копія ад 2008 г. Праверана 27 жніўня 2016 г.
  32. ^ А. Лукашэнка. Дырэктыва № 3 ад 14 чэрвеня 2007 г. // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 14 чэрвеня 2007 г. Архіўная копія ад 14 чэрвеня 2007 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  33. ^ Прэзыдэнт Беларусі вызначыў арганізацыі для падрыхтоўкі будаўніцтва АЭС // БелТА, 12 лістапада 2007 г. Праверана 18 ліпеня 2013 г.
  34. ^ А. Лукашэнка. Пастанова Савета бясьпекі Рэспублікі Беларусь № 1 ад 31 студзеня 2008 г. // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 31 студзеня 2008 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  35. ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб выкарыстаньні атамнай энэргіі» (Артыкулы 8-48) // Зьвязда : газэта. — 6 жніўня 2008. — № 145 (26258). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  36. ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб выкарыстаньні атамнай энэргіі» (Артыкулы 4-7) // Зьвязда : газэта. — 5 жніўня 2008. — № 144 (26257). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  37. ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь (№ 571) // Зьвязда : газэта. — 12 траўня 2009. — № 78 (26436). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  38. ^ Палажэньне аб парадку абмеркаваньня пытаньняў у сфэры выкарыстаньня атамнай энэргіі з удзелам грамадзкіх аб’яднаньняў, іншых арганізацыяў і грамадзянаў // Зьвязда : газэта. — 12 траўня 2009. — № 78 (26436). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  39. ^ Тацяна Вішнеўская. Гадавы аб'ём закупак прыроднага газу ў Беларусі з пускам АЭС скароціцца на 4-5 млрд. куб. м - М.Міхадзюк // БелТА, 9 кастрычніка 2009 г. Праверана 23 траўня 2013 г.
  40. ^ Мілена Ануфрыёнак. Узьдзеяньне беларускай АЭС на навакольнае асяродзьдзе будзе мінімальнае — дадзеныя АУНА // БелТА, 30 верасьня 2009 г. Праверана 23 траўня 2013 г.
  41. ^ Анастасія Янушэўская. Лукашэнка вызначыў месцам разьмяшчэньня АЭС зямельны ўчастак у Астравецкім раёне // БелаПАН, 20 верасьня 2011 г. Праверана 6 жніўня 2013 г.
  42. ^ Аб прадпрыемстве // УП «Беларуская атамная электрастанцыя», 2020 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  43. ^ На Беларускай атамнай электрастанцыі ствараюцца два фонды // Газэта «Зьвязда», 26 студзеня 2021 г. Праверана 26 студзеня 2021 г.
  44. ^ а б Лілія Крапівіна. «Расатам» высока ацэньвае якасьць работаў беларускіх будаўнікоў на АЭС // БелТА, 1 лютага 2013 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  45. ^ Барыс Пракопчык. Усе бакі мірнага атама // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2012. — № 83 (27198). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  46. ^ Аляксей Радзівонаў. Новы этап будаўніцтва на Беларускай АЭС // Белтэлерадыёкампанія, 19 лістапада 2014 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  47. ^ Аляксей Аляксандраў. Мінэнэрга: У красавіку на будаўніцтве АЭС быў дэфэкт пры падрыхтоўчых працах // БелаПАН, 6 траўня 2016 г. Праверана 14 траўня 2016 г.
  48. ^ Дзяніс Марціновіч. Што там, на Беларускай АЭС // Народная воля : газэта. — 27 траўня 2016. — № 38 (4085). — С. 2. — ISSN 2071-9647.
  49. ^ Аляксандар Ярашэвіч. Мінэнэрга пацьвердзіла няштатную сытуацыю на будоўлі БелАЭС // БелаПАН, 26 ліпеня 2016 г. Архіўная копія ад 26 ліпеня 2016 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  50. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь прыняла рашэньне замяніць корпус рэактара энэргаблока атамнай электрастанцыі // Белтэлерадыёкампанія, 11 жніўня 2016 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  51. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Сэрца першага энэргаблока - у дарозе на Беларускую АЭС // Белтэлерадыёкампанія, 8 сьнежня 2016 г. Праверана 9 сьнежня 2016 г.
  52. ^ Сяргей Куркач. БелАЭС: год да старту // Зьвязда. — 26 лютага 2018. — № 39 (28655). — С. 1, 4.
  53. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». На другім энэргаблоку БелАЭС завяршылася зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода // Белтэлерадыёкампанія, 25 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 ліпеня 2018 г.
  54. ^ Павал Дрозд: Як БелАЭС рыхтуецца да інтэграцыі ў энэргасістэму // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 чэрвеня 2020 г. Праверана 19 чэрвеня 2020 г.
  55. ^ Дзяржатамнагляд адрэагаваў на рэзалюцыю Сойма Летувы аб БелАЭС і заклікаў выкарыстоўваць правераныя факты // БелТА, 25 верасьня 2020 г. Праверана 26 верасьня 2020 г.
  56. ^ Падпісаны акт аб гатоўнасьці інжынэрна-тэхнічных збудаваньняў фізабароны энэргаблёка нумар 2 БелАЭС да эксплюатацыі // БелТА, 26 жніўня 2021 г. Праверана 26 лістапада 2021 г.
  57. ^ На першым энэргаблёку БелАЭС пачалася загрузка імітатараў цеплавыдзяляльных зборак // БелТА, 22 красавіка 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
  58. ^ На першым блёку БелАЭС завершаныя выпрабаваньні сыстэм бяспекі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
  59. ^ Да БелАЭС падключылі пятую зь сямі высакавольтавых ліній для сувязі з энэргасістэмай // БелТА, 7 траўня 2020 г. Праверана 12 траўня 2020 г.
  60. ^ На БелАЭС завяршылі прыёмку ядзернага паліва для першага блёка // БелТА, 25 траўня 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
  61. ^ Выдадзены дазвол на права загрузкі штатнай актыўнай зоны рэактара № 1 Беларускай АЭС // Дэпартамэнт ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС Беларусі, 6 жніўня 2020 г. Праверана 7 жніўня 2020 г.
  62. ^ Загрузка ядзернага паліва на першым энергаблёку БелАЭС пачнецца 7 жніўня // БелТА, 6 жніўня 2020 г. Праверана 7 жніўня 2020 г.
  63. ^ На першым энергаблёку БелАЭС загружана ядзернае паліва - Дзяржатамнагляд // БелТА, 20 жніўня 2020 г. Праверана 20 жніўня 2020 г.
  64. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». На БелАЭС усталявалі дадатковы дызэль-генэратар // Белтэлерадыёкампанія, 10 верасьня 2020 г. Праверана 12 верасьня 2020 г.
  65. ^ БелАЭС атрымала сёмую лінію сувязі з энэргасыстэмай // БелТА, 5 кастрычніка 2020 г. Праверана 6 кастрычніка 2020 г.
  66. ^ БелаПАН. Першы энэргаблёк Беларускай АЭС выведзены на мінімальна кантраляваны ровень магутнасьці // Радыё «Рацыя», 11 кастрычніка 2020 г. Праверана 12 кастрычніка 2020 г.
  67. ^ На першым блёку БелАЭС выкананы пробны пуск турбіны // БелТА, 30 кастрычніка 2020 г. Праверана 1 лістапада 2020 г.
  68. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС уключаны ў энэргасыстэму краіны // БелТА, 3 лістапада 2020 г. Праверана 3 лістапада 2020 г.
  69. ^ Першы энэргаблёк Беларускай атамнай электрастанцыі выйшаў на магутнасьць 400 МВт // БелТА, 7 лістапада 2020 г. Праверана 9 лістапада 2020 г.
  70. ^ Вольга Мядзьведзева, Марыя Дадалка. «Гэта этап сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны» // Зьвязда. — 9 лістапада 2020. — № 218 (29332). — С. 1, 2, 3.
  71. ^ Часовае спыненьне пастаўкі электраэнэргіі ад БелАЭС прадугледжана праграмай энэргапуску - Мінэнэрга // БелТА, 10 лістапада 2020 г. Праверана 19 лістапада 2020 г.
  72. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС уключаны ў сетку пасьля замены абсталяваньня // БелТА, 19 лістапада 2020 г. Праверана 19 лістапада 2020 г.
  73. ^ Мінэнэрга: Скідваньне пары на першым блёку БелАЭС праведзена плянава ў час тэставаньня абсталяваньня // Газэта «Зьвязда», 2 сьнежня 2020 г. Праверана 8 сьнежня 2020 г.
  74. ^ Ірына Сідарок.. На другі энэргаблёк АЭС падалі напругу // Газэта «Зьвязда», 4 сьнежня 2020 г. Праверана 8 сьнежня 2020 г.
  75. ^ Беларусь з запускам першага блёка АЭС эканоміць на закупках газу каля $750 тыс. у дзень - Галоўчанка // БелТА, 29 сьнежня 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  76. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС выведзены на 100 працэнтаў магутнасьці // БелТА, 13 студзеня 2021 г. Праверана 13 студзеня 2021 г.
  77. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС зноў уключаны ў сетку // БелТА, 21 студзеня 2020 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
  78. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС уключаны ў сетку // Газэта «Зьвязда», 8 сакавіка 2021 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  79. ^ Мінэнэрга растлумачыла прычыны адключэньняў першага энэргаблёка БелАЭС ад сеткі // БелТА, 10 сакавіка 2021 г. Праверана 10 сакавіка 2021 г.
  80. ^ Першы энергаблёк БелАЭС уключаны ў сетку // БелТА, 15 сакавіка 2021 г. Праверана 15 сакавіка 2021 г.
  81. ^ На другім энергаблоку БелАЭС завершана загрузка ў рэактар імітатараў цеплавыдзяляльных зборак // УП «Беларуская АЭС», 15 сакавіка 2021 г. Праверана 15 сакавіка 2021 г.
  82. ^ Саўмін назначыў прыёмачную камісію для першага энергаблёка БелАЭС // БелТА, 18 сакавіка 2021 г. Праверана 22 сакавіка 2021 г.
  83. ^ Ядзернае паліва гатова для пачатковай загрузкі ў рэактар другога энэргаблёка БелАЭС // БелТА, 3 траўня 2021 г. Праверана 3 траўня 2021 г.
  84. ^ На БелАЭС завяршыўся этап комплекснага апрабаваньня першага энэргаблёка // БелТА, 24 траўня 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
  85. ^ Завяршыліся гідравыпрабаваньні першага і другога контураў другога энэргаблёка БелАЭС // БелТА, 9 чэрвеня 2021 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  86. ^ Падпісаны акт прыёмкі ў прамысловую эксплюатацыю першага энэргаблёка БелАЭС // УП «Беларуская АЭС», 10 чэрвеня 2021 г. Праверана 10 чэрвеня 2021 г.
  87. ^ На БелАЭС пачалася загрузка ядзернага паліва ў рэактар другога энэргаблёка // БелТА, 22 сьнежня 2021 г. Праверана 22 сьнежня 2021 г.
  88. ^ Як выглядае эпіцэнтар выпрацоўкі электраэнэргіі на БелАЭС? Звычайны вопыт з манэтай расказаў аб яго надзейнасьці // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 лютага 2023 г. Праверана 15 лютага 2023 г.
  89. ^ Першы энэргаблок БелАЭС штодзённа выпрацоўвае каля 27 млн кВт.гадз электраэнэргіі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 чэрвеня 2021 г. Праверана 23 чэрвеня 2021 г.
  90. ^ Белгідрамэт абверг заяву Летувы аб адключэньні станцый маніторынгу радыяцыі // Газэта «Зьвязда», 27 лютага 2021 г. Праверана 29 сакавіка 2021 г.
  91. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС будзе ўключаны пасля дыягностыкі сыстэмаў і вузлоў турбагенэратара - Каранкевіч // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 ліпеня 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
  92. ^ Зьміцер Кучук: «Расатам» зьяўляецца няякасным падрадчыкам // Радыё «Рацыя», 20 жніўня 2021 г. Праверана 29 жніўня 2021 г.
  93. ^ Дзяржатамнагляд: адключэньне энэргаблёка БелАЭС ад сеткі не ўплывала на радыяцыйную бясьпеку // БелТА, 6 кастрычніка 2021 г. Праверана 7 кастрычніка 2021 г.
  94. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС адключаны ад сеткі // БелТА, 17 лістапада 2021 г. Праверана 17 лістапада 2021 г.
  95. ^ Каранкевіч назваў прычыну адключэньня ад сеткі першага энергаблёка БелАЭС // БелТА, 19 лістапада 2021 г. Праверана 26 лістапада 2021 г.
  96. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС уключаны ў сетку // БелТА, 19 лістапад 2021 г. Праверана 19 лістапада 2021 г.
  97. ^ Першы энергаблёк БелАЭС выведзены ў плянава-папераджальны рамонт // БелТА, 25 красавіка 2022 г. Праверана 27 красавіка 2022 г.
  98. ^ Завершаны плянава-папераджальны рамонт першага энергаблёка БелАЭС // УП «Беларуская АЭС», 22 жніўня 2022 г. Праверана 23 жніўня 2022 г.
  99. ^ Першы энэргаблёк БелАЭС уключаны ў сетку // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 9 лістапада 2022 г. Архіўная копія ад 9 лістапада 2022 г. Праверана 10 лістапада 2022 г.
  100. ^ Сяргей Пульша. Прафэсар Георгі Лепін заявіў пра тое, што ніхто «сур'ёзна» не абсьледаваў Астравецкую пляцоўку для будаўніцтва АЭС // БелаПАН, 26 красавіка 2009 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  101. ^ Тацяна Каравянкова. Дырэктар заказьніка «Сарачанскія азёры» заклікае не будаваць АЭС побач з падахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі // БелаПАН, 20 ліпеня 2009 г. Праверана 19 красавіка 2013 г.
  102. ^ ААН рэкамэндавала Беларусі прыпыніць будаўніцтва АЭС // Telegraf.by, 20 студзеня 2011 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  103. ^ Зьміцер Панкавец. Станіслаў Шушкевіч: Калі Беларусь атрымае ядзерную зброю — яна загіне // Наша Ніва : газэта. — 26 сакавіка 2014. — № 12 (849). — С. 9. — ISSN 1819-1614.
  104. ^ Зьезд народнай партыі // Народная Перамога, 27 красавіка 2014 г. Праверана 30 сьнежня 2014 г.
  105. ^ Будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі — найвялікшае злачынства супраць беларускага народу // Беларуская Салідарнасьць, 28 красавіка 2014 г. Праверана 30 сьнежня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]