Чарнобыльская катастрофа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Чарнобыльская катастрофа
Chernobyl Disaster.jpg
Чацьверты рэактар ЧАЭС пасьля аварыі
Краіна СССР
Месца Прыпяць, Украінская ССР
Тып катастрофы радыяцыйная аварыя
Дата 26 красавіка 1986
Час 01:23:45 (EEST)
Геаграфічныя каардынаты 51°23′22″ пн. ш. 30°05′56″ у. д. / 51.38944° пн. ш. 30.09889° у. д. / 51.38944; 30.09889Каардынаты: 51°23′22″ пн. ш. 30°05′56″ у. д. / 51.38944° пн. ш. 30.09889° у. д. / 51.38944; 30.09889
Чарнобыльская катастрофа на мапе Ўкраіны
Чарнобыльская катастрофа
Чарнобыльская катастрофа
Чарнобыльская катастрофа
Commons-logo.svg Выявы па тэме «Чарнобыльская катастрофа» ў Вікісховішчы

Чарнобыльская катастрофа — радыяцыйная аварыя, што адбылася 26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраінскай ССР (цяпер Украіна). Выбух і наступны за ім пажар спрычынілі масавы выкід (5,2 млн тэрабэкерэляў)[1] радыяактыўных рэчываў у атмасфэру, якія распаўсюдзіліся на большую частку Эўропы. У захадах стрымліваньня радыяактыўнага забруджваньня і прадухіленьня шырэйшай катастрофы задзейнічалі звыш 880 тыс. ліквідатараў аварыі[2], што каштавала каля 18 млрд рублёў і стала моцным ударам па эканоміцы СССР[3].

Здарэньне адбылося падчас выпрабаваньняў абсталяваньня АЭС групай Аляксандра Акімава 26 красавіка 1986 на чацьвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай станцыі. Раптоўны выкід атамнай энэргіі, наступная за ім спроба аварыйнага адключэньня рэактара і паўторнае павышэньне магутнасьці спрычынілі пашкоджаньне гермэтычнай абалонкі, што выклікала сэрыю выбухаў. У выніку гэтых падзеяў агаліліся графітавыя стрыжні, якія пры кантакце з паветрам пачалі расьпякацца[4]. Запачаткаваныя ад выбуху клубы пажару ўтварылі надзвычай радыяактыўнае воблака, якое перамяшчалася над большай часткай СССР і Эўропы. Цягам 1986—2000 гадоў, 350 400 чалавек былі эвакуяваныя з найбольш моцна забруджаных тэрыторыяў Беларусі, Украіны і Расеі[5][6]. Паводле афіцыйных пасьлясавецкіх зьвестак[7][8], каля 60% радыяактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі.

Аварыя выклікала скептычнае стаўленьне да бясьпечнасьці савецкай ядзернай індустрыі і ядзернай энэргетыкі ўвогуле, што запаволіла яе разьвіцьцё на некалькі гадоў і прымусіла савецкае кіраўніцтва стаць менш засакрэчаным у дачыненьні да ядзерных працэдураў. Для Расеі, Украіны і Беларусі гэты інцыдэнт зазначыў пачатак працяглай дэкантамінацыі і грашовых выдаткаў на лячэньне пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.

Характарыстыкі АЭС[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чарнобыльская АЭС (ЧАЭС) разьмешчаная на тэрыторыі Ўкраіны паблізу гораду Прыпяць, за 18 км ад гораду Чарнобыль, за 16 км ад мяжы з Рэспублікай Беларусь і за 110 км ад Кіева.

Да часу аварыі на ЧАЭС выкарыстоўваліся чатыры рэактары РБМК-1000 (рэактар вялікай магутнасьці канальнага тыпу) з электрычнай магутнасьцю 1000 МВт (цеплавая магутнасьць 3200 Мвт) кожны. Яшчэ два аналягічныя рэактары будаваліся па суседзтве. ЧАЭС вырабляла прыкладна дзясятую частку электраэнэргіі Украінскай ССР.

Аварыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фатаграфія тэрыторыі вакол Чарнобыльскай АЭС са станцыі «Мір», 27 красавіка 1997

Прыкладна ў 1:24 26 красавіка 1986 году на 4-м энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Будынак энэргаблёку часткова абваліўся, пры гэтым загінулі 2 чалавекі — Валер Хадамчук (апэратар помпаў Галоўнага цыркуляцыйнага насосу; цела ня знойдзена, завалена пад абломкамі двух 130-тонавых барабан-сэпаратараў) і Ўладзімер Шашанок (супрацоўнік пуска-наладкавага аддзелу; памёр ад пералому хрыбетніка і шматлікіх апёкаў а 6:00 у Прыпяцкай МСЧ, раніцай 26-га красавіка). У розных памяшканьнях і на даху пачаўся пажар. Пасьля рэшткі актыўнай зоны расплавіліся. Сумесь з расплаўленага мэталу, пяску, бэтону і часьцінак паліва расьцяклася па падрэактарных памяшканьнях і там застыла. У выніку аварыі адбыўся выкід у навакольнае асяродзьдзе радыёактыўных рэчываў, у тым ліку нуклідаў урану, плютону-240 (пэрыяд паўраспаду 6537 гадоў)[9], ёду-131 (пэрыяд паўраспаду 8 дзён), цэзу-134 (пэрыяд паўраспаду 2 гады), цэзу-137 (пэрыяд паўраспаду 33 гады), стронцу-90 (пэрыяд паўраспаду 28 гадоў). У рэактары энэргаблёка № 4 Чарнобыльскай АЭС на час выбуха было 192 тоны ўзбагачанага ўрана (98% — уран-238, 2% — уран-235). Выбух выкінуў у навакольнае асяродзьдзе звыш 3,5% (6,72 тоны) гэтай масы ў выглядзе гарачых часьцінак і аэразоляў[10].

Ліквідацыя наступстваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калектыўны подзьвіг зьдзейсьнілі 28 байцоў-пажарнікаў у першую гадзіну пасьля аварыі на ЧАЭС 26 красавіка 1986 году. Асабліва тады адзначыўся майстар спорту СССР старэйшы лейтэнант Васіль Ігнаценка, кандыдат у майстры спорту лейтэнант унутранай службы Віктар Кібянок, першаразраднік лейтэнант унутранай службы Уладзімер Правік, маёр унутранай службы Леанід Цялятнікаў і шмат іншых.

Доўгачасовыя наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Наступствы Чарнобыльскай катастрофы

Забруджваньню падвергнулася больш 200 000 км² на тэрыторыі Беларусі (прыкладна 70%), Расеі і Ўкраіны. Радыёактыўныя рэчывы распаўсюджваліся ў выглядзе аэразоляў, якія паступова асаджваліся на паверхню зямлі. Высакародныя газы расьсеяліся ў атмасфэры і не рабілі ўнёсак ў забруджваньне прылеглых да станцыі рэгіёнаў. Забруджваньне было вельмі нераўнамерным, яно залежала ад кірунку ветру ў першыя дні пасьля аварыі. Найболей моцна забруджваліся вобласьці, у якіх у гэты час прайшлі дажджы. Вялікая частка стронцу і плютону выпала ў межах 100 км ад станцыі, бо яны ўтрымоўваліся ў асноўным у буйнейшых часьціцах. Ёд і цэз распаўсюдзіліся на шырэйшую тэрыторыю.

З пункта гледжаньня ўзьдзеяньня на насельніцтва ў першыя тыдні пасьля аварыі найбольшую небясьпеку ўяўляў радыёактыўны ёд-131 з параўнальна малым пэрыядам паўраспаду (восем дзён) і радыёактыўны тэлюр. У цяперашні час (і ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі) найбольшую небясьпеку ўяўляюць ізатопы стронцу-90 і цэзу-137 з пэрыядам паўраспаду каля 30 гадоў. Найбольшыя канцэнтрацыі цэзу-137 выяўленыя ў павярхоўным пласьце глебы, адкуль ён пападае ў расьліны й грыбы. Забруджваньню таксама падвяргаюцца казуркі і жывёлы, якія імі сілкуюцца. Радыёактыўныя ізатопы плютону і амэрыцу захаваюцца ў глебе на працягу сотняў, а магчыма і тысячаў гадоў, аднак іх колькасьць па-за межамі зоны адчуджэньня нязначная. Тым ня менш, некаторыя экспэрты лічаць, што праблемы, зьвязаныя з забруджваньнем трансуранавымі элемэнтамі, патрабуюць дадатковага вывучэньня. У выніку бэта-распаду Pu-241 на радыёактыўна забруджаных тэрыторыях адбываецца ўтварэньне радыёактыўнага ізатопу амэрыцу-241 (Am-241). У цяперашні час унёсак гэтага ізатопу ў агульную альфа-актыўнасьць складае 50%. Рост актыўнасьці глеб, забруджаных трансуранавымі ізатопамі, за кошт Am-241 будзе працягвацца да 2060 г. і яго ўнёсак складзе 66,8%. У прыватнасьці, у 2086 годзе альфа-актыўнасьць глебы на забруджаных плютонам тэрыторыях Рэспублікі Беларусь будзе ў 2,4 разы вышэй, чым у пачатковы пасьляаварыйны пэрыяд.

У гарадах асноўная частка небясьпечных рэчываў назапашвалася на роўных участках паверхні: на лужках, дарогах, дахах. Пад узьдзеяньнем ветру і дажджоў, а таксама ў выніку дзейнасьці людзей, ступень забруджваньня моцна зьнізілася і цяпер узроўні радыяцыі ў большасьці месцаў вярнуліся да фонавых значэньняў. У сельскагаспадарчых абласьцях у першыя месяцы радыёактыўныя рэчывы адкладаліся на лісьці расьлінаў і на траве, таму забруджваньню падвяргаліся траваядныя жывёлы. Затым радыёнукліды разам з дажджом або апалым лісьцем патрапілі ў глебу, і цяпер яны паступаюць у сельскагаспадарчых расьлінах, у асноўным праз каранёвую сыстэму. Узроўні забруджваньня ў сельскагаспадарчых раёнах значна зьнізіліся, аднак у некаторых рэгіёнах колькасьць цэзу ў малацэ ўсё яшчэ можа перавышаць дапушчальныя значэньні. Гэта адносіцца, напрыклад, да Гомельскай і Магілёўскай абласьцей у Беларусі, Бранскай вобласьці ў Расеі, Жытомірскай і Ровенскай вобласьці ва Ўкраіне.

Значнаму забруджваньню падвергнуліся лясы. З-за таго, што ў лясной экасыстэме цэз стала рэцыркулюе, а не выводзіцца зь яе, узроўні забруджваньня лясных прадуктаў, такіх як грыбы, ягады і дзічына, застаюцца небясьпечнымі. Узровень забруджваньня рэк і большасьці азёраў у цяперашні час нізкі. Аднак у некаторых «замкнёных» азёрах, зь якіх няма сьцёку, канцэнтрацыя цэзу ў вадзе і рыбе яшчэ на працягу дзесяцігодзьдзяў можа ўяўляць небясьпеку.

Забруджваньне не абмежавалася 30-кілямэтровай зонай. Было адзначана падвышанае ўтрыманьне цэзу-137 у лішайніку і мясе аленяў у арктычных абласьцях Расеі, Нарвэгіі, Фінляндыі і Швэцыі. З-за павышэньня радыяцыйнага фону прыйшлося адсяліць шэраг вёсак па-за 30-цікілямэтровай зонай адчуджэньняГомельскай і Магілёўскай абласьцях Беларусі і Бранскай вобласьці Расеі).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Забруджваньне цэзам-137 закранула 66% плошчы краіны (звыш 130 тыс. км²), у тым ліку са шчыльнасьцю вышэйшай за 1 Ci/км² амаль 20% сельскагаспадарчых угодзьдзяў (звыш 18 тыс. км²) і чвэрць лесу (амаль 20 тыс. км²).

За 27 гадоў плошча адчужэньня і адсяленьня скарацілася на 15,6% да 2661 км². У абарот вярнулі амаль 170 км² земляў. Па-ранейшаму не выкарыстоўваюцца 2400 км². На 1 студзеня 2013 году забруджанымі цэзам-137 заставаліся 14,5% плошчы краіны (30 100 км²), у тым ліку 11,1% сельскагаспадарчых земляў (9819 км²) і 18,6% лесу (15 046 км²) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. 69,3% такіх земляў (20 860 км²) мелі шчыльнасьць забруджваньня 1—5 Ci/км², 21,9% (6600 км²) — 5—15 Ci/км², 7,4% (2220 км²) — 15—40 Ci/км², 1,4% (420 км², зь іх 370 км² у Гомельскай вобласьці і 50 км² у Магілёўскай) — больш за 40 Ci/км².

Асноўная частка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (плошча — 2160,93 км², Гомельская вобласьць) застанецца па-за гаспадарчым карыстаньнем нават у аддаленай будучыні праз забруджваньне глебы доўгажывучымі ізатопамі плютону і амэрыцу са шчыльнасьцю да 5 Ci/км²[11].

На пачатак 2016 году на забруджаных тэрыторыях знаходзіцца 2371 населены пункт (зь іх 28 гарадоў і мястэчак), дзе пражывае 1141,8 тысячы чалавек (12% насельніцтва Беларусі)[12].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Наступствы «Фукусімы» могуць пераўзысьці Чарнобыль // Зьвязда : газэта. — 14 красавіка 2011. — № 69 (26933). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Папрасіўся добраахвотнікам // Ахова. — 26 красавіка 2011. — № 4 (20). — С. 6.
  3. ^ Паводле інтэрвію зь Міхаілам Гарбачовым, Гансам Бліксам і Васілём Несьцярэнкам. The Battle of Chernobyl. Discovery Channel. Relevant video locations: 31:00, 1:10:00.
  4. ^ Frequently Asked Chernobyl Questions. IAEA Division of Public Information (травень 2005). Праверана 23 сакавіка 2011 г.
  5. ^ Table 2.2 Number of people affected by the Chernobyl accident (to December 2000) (PDF). UNDP and UNICEF (22 студзеня 2002). Праверана 17 верасьня 2010 г.
  6. ^ Table 5.3: Evacuated and resettled people. The Human Consequences of the Chernobyl Nuclear Accident (PDF). UNDP and UNICEF (22 студзеня 2002). Праверана 17 верасьня 2010 г.
  7. ^ ICRIN Project International Chernobyl Portal chernobyl.info. — 2011.
  8. ^ International Atomic Energy Agency Environmental consequences of the Chernobyl accident and their remediation: Twenty years of experience. Report of the Chernobyl Forum Expert Group ‘Environment’. — Vienna: 2006. — 180 с. — ISBN 92–0–114705–8
  9. ^ Уладзімер Капуза (26 красавіка 2012) Званы Чарнобыля зьвіняць. Газэта «Зямля і людзі». Праверана 1 студзеня 2013 г.
  10. ^ Валеры Чарняўскі. Абеднены ўран выклікае лейкемію // Зьвязда : газэта. — 30 студзеня 2001. — № 22 (24138). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Палескаму дзяржаўнаму радыяцыйна-экалягічнаму запаведніку 25 гадоў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 красавіка 2013 г. Праверана 4 красавіка 2017 г.
  12. ^ 12% беларусаў жывуць на радыяцыйна забруджаных тэрыторыях

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Чарнобыльская катастрофасховішча мультымэдыйных матэрыялаў