Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат
Каардынаты: 52°37′0″ пн. ш. 29°47′43″ у. д. / 52.61667° пн. ш. 29.79528° у. д.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 30 чэрвеня 1968 (56 гадоў таму) |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Шацілавічы (Гомельская вобласьць, Беларусь) |
Ключавыя фігуры | Юры Крук, Міхаіл Таранскі |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | кардон, папера, цэлюлёза |
Абарачэньне | 817,272 млрд рублёў[1] (2015 г.; $50,283 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | -982,713 млрд руб (2015 г.; $-60,461 млн) |
Чысты прыбытак | -982,754 млрд руб (2015 г.; $-60,464 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 2571 (2016 г.) |
Матчына кампанія | «Беллеспаперапрам» |
Даччыныя кампаніі | Папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка» (Чашнікі) |
«Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» («СЦКК») — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў чэрвені 1968 году ў Шацілавічах (Гомельская вобласьць).
Вырабляе скрыні са шматслойнага гафракардону і склеенага кардону, фільтравальны кардон для харчовых вадкасьцяў, папяровыя мяшкі, пакеты, шпагат і соты[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]30 чэрвеня 1968 г. пусьцілі ў дзеяньне Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат (Гомельская вобласьць, Беларуская ССР), дзе здалі 1-ю чаргу цэха гафраванай тары. У 1970 г. здалі кардонна-папяровы цэх. У 1973 г. пусьцілі вытворчасьць кардонных скрыняў магутнасьцю 70 000 тонаў за год. У 1975 г. наладзілі выраб склеенага кардону па 25 000 тонаў за год. 31 траўня 1976 г. Міністэрства цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці СССР перайменавала Загадам № 139 прадпрыемства ў «Сьветлагорскі цэлюлёзна-папяровы завод». Пры канцы сьнежня 1979 году ўступіў у дзеяньне цэх фільтравальных кардонаў. 30 сьнежня 1980 г. пачалі выраб папяровых мяшкоў. У 1987 годзе пусьцілі 3-і гафраагрэгат. У 1988 г. вытворчасьць уласнай цэлюлёзы дасягнула 70 0000 тонаў. У 1990 г. завод падпарадкавалі канцэрну «Беллеспрам», які 2 кастрычніка 1991 г. Загадам № 11 вярнуў прадпрыемству ранейшую назву. У 1992 г. пусьцілі ўчастак сылікатнага клею магутнасьцю 37,5 тоны за год. Таксама пераабсталявалі кардонаробчую машыну К-07, што павялічыла яе магутнасьць да 90 000 тонаў кардону за год. Пры канцы 1993 г. прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У красавіку 1999 г. пусьцілі 4-ы гафраагрэгат, што падвоіла магутнасьць прадпрыемства[4].
У 2008—2011 гадах пераабсталявалі вытворчасьць гофратары 7-ю новымі лініямі. Паставілі лінію малых 3-колерных скрыняў для іх рэклямнага аздабленьня. У 2011 годзе ўсталявалі нямецкі гофраагрэгат даўжынёй 100 м, што дазволіла вырабляць за месяц 22 млн кв.м ліставога кофракардону. У 2011 г. на экспарт паставалі звыш 40% вырабаў ($3,5 млн штомесяц). На 2012 г. ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» вырабляла цэлюлёзу, на аснове якой паперу і кардон для гафраваньня, шматслойны гофракардон (3, 5 і 8 слаёў) для тары і гофраскрыні для пакаваньня побытавых прыладаў, мэблі і харчаваньня. Таксама выпускалі: плоскі гофракардон для пакаваньня; фільтравальны кардон для фільтраваньня лекаў, сокаў і брэндзі; папяровыя сотавыя амартызатары ў якасьці пракладак ва ўпакоўцы; папяровыя мяхі. За мяжу пераважна пастаўлялі гофратару (у тым ліку складанай высечкі бяз склейваньня, на кардонных замочках) і фільтравальны кардон, а таксама цэлюлёзныя маціцы для адпужвальнікаў камароў. Тавары дастаўлялі ўласнымі грузавікамі па Беларусі. Удзельная вага энэргарэсурсаў у сабекошце складала каля 40%. На выраб тоны цэлюлёзы выдаткоўвалі ад 4,5 да 5,6 кубамэтра драўніны, якая каштавала па $30—$40 за кубамэтар. На экспарт цэлюлёзу прадавалі па $700—$800 за тону[5].
У студзені 2012 году ў Доме культуры Салігорска прадстаўнікі УП «Беларускі навукова-дасьледчы цэнтар экалёгіі» (Менск, вул. Якубава, д. 76) Мінпрыроды Беларусі зачыталі спаваздачу ацэнкі ўзьдзеяньня на асяродзьдзе будучага завода беленай цэлюлёзы, які меркавалі разьмясьціць за 2 км на ўсход ад гораду і за 800 м ад вёскі Якімава Слабада. Паводле справаздачы, шкодныя выкіды ў паветра мелі 10-кратна вырасьці. У выніку 12 прысутных месьцічаў на чале з былым настаўнікам Тэльманам Масьлюковым сабралі звыш 10 000 подпісаў салігорцаў (14% ад 70 тыс. насельніцтва) супраць будаўніцтва завода. На пачатку жніўня подпісы накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь[6].
30 жніўня 2012 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 391 «Аб будаўніцтве завода па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы», які прадугледжваў «выхад на праектную магутнасьць у 2015 годзе ... 400 тыс. тонаў у год у адпаведнасьці з кантрактам будаўнічага падраду ад 11 кастрычніка 2010 г., заключаным між ААТ «Сьветлагорскі ЦКК» і ТАА «Кітайскі завод міжнароднага машынабудаваньня» (Пэкін). 5-ы пункт Указу пастанаўляў «Забясьпечыць за кошт сродкаў рэспубліканскага каштарысу выплату ў 2012—2015 гадах: 1) адсоткаў за карыстаньне пакупніцкім крэдытам у суме 654 163 995 даляраў ЗША, дадзеным Ураду Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з Крэдытным пагадненьнем між Урадам Рэспублікі Беларусь, Экспартна-імпартным банкам Кітаю і Індустрыяльна-камэрцыйным банкам Кітаю аб даваньні пакупніцкага крэдыту ад 14 чэрвеня 2011 г.; 2) паловы 5-адсоткавай стаўкі гадавых «за карыстаньне крэдытам, выдадзеным заказчыку комплеснага будаўніцтва ААТ «АБ «Беларусбанк» у суме $175 440 000 для фінансаваньня авансавай платы генэральнаму падрадніку і выплаты страхавой камісіі «Кітайскай карпарацыі страхаваньня экспартных крэдытаў». Таксама Ўказ прадугледжваў «пакрыцьцё заказчыку комлекснага будаўніцтва часткі адсоткаў, якія выплачваюцца ім у 2016–2023 гадах за карыстаньне пакупніцкім крэдытам» і пазыкай ад «Беларусбанка» ў «памеры 50% ставак па гэтых крэдытах». 6-ым пунктам Указу загадвалася выдаць «Сьветлагорскаму ЦКК» бюджэтныя пазыкі «ў 2012–2015 гадах для выплаты часткі (паловы) адсоткаў за карыстаньне крэдытам» ад «Беларусбанка» ў «суме, эквівалентнай $33 037 000»[7]. Агульная сума 3-х пазыкаў склала $862,641 млн. У выніку ў 2015 годзе страты «Сьветлагорскага ЦКК» перавысілі гадавую выручку на 20%[1]. Цягам 2016 г. для новай вытворчасьці беленай цэлюлёзы нанялі каля 500 супрацоўнікаў[8]. 11 сьнежня 2017 г. адбыўся пуск самога завода[9].
Аварыі і надзвычайныя становішчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]7 чэрвеня 2023 году на ўчастку выпаркі шкіпінару адбыўся выбух. Загінула 3 чалавекі, яшчэ 4 атрымалі траўмы. Былі пашкоджаны будаўнічыя канструкцыі ўчастка і бліжэйшых будынкаў[10].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Чыж (1968—2001)[4]
- Юры Айвазаў (2001—2005)
- Юры Крук (з 2010 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 16 лютага 2017 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
- ^ Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 254. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ а б А.М. Хоміч. Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» // Памяць: Сьветлагорск. Сьветлагорскі раён (у 2 кнігах) / уклад. Пётар Рабянок, маст. Эдуард Жакевіч, гал.рэд. Уладзімер Бурачонак. — Менск: Беларусь, 2003. — Т. 2. — С. 560-562. — 750 с. — 3000 ас. — ISBN 985-01-0255-1
- ^ Іван Бараноўскі. Праз мадэрнізацыю — да новага вытворчага жыцьця // Зьвязда : газэта. — 20 чэрвеня 2012. — № 117 (27232). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Аляксей Клімовіч, сайт «Тут і цяпер». Як праігнаравалі меркаваньні 10 тысяч сьветлагорцаў // Сайт «Заўтра тваёй краіны», 29 жніўня 2012 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 2012 г. № 391 «Аб будаўніцтве завода па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 1 верасьня 2012 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
- ^ Вольга Халадовіч, тэлеканал «Беларусь 1». Новы завод сульфатнай беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску атрымае першую прадукцыю // Белтэлерадыёкампанія, 21 сакавіка 2016 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
- ^ У Беларусі ўведзены ў эксплёатацыю пабудаваны кітайскай кампаніяй САМСЕ Сьветлагорскі цэлюлёзны завод // Міжнароднае радыё Кітая, 11 сьнежня 2017 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
- ^ Мінімум тры чалавекі загінулі пры выбуху на цэлюлёзна-кардонным камбінаце ў Сьветлагорску, bar24.by, 7-06-2023
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка» (Чашнікі) (рас.)
- Праектаваньне па ААТ «Сьветлагорскі ЦКК» // УП «Белэнергасеткапраект», 12 сакавіка 2015 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
- Камэнтар да Ўказу № 391 ад 30 жніўня 2012 г. // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 31 жніўня 2012 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |