Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт
Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт | |
Даведка | |
---|---|
Скарот | Менскі гарвыканкам |
Дата ўтварэньня | сакавік 1917 году |
Від | гарадзкі |
Праўны стан | выканаўчы камітэт |
Задача | выкананьне мясцовага бюджэту |
Сядзіба | прасп. Незалежнасьці, д. 8[1] |
Месцазнаходжаньне | Маскоўскі раён Менску |
Каардынаты | 53°53′42″ пн. ш. 27°32′58″ у. д. / 53.895° пн. ш. 27.54944° у. д.Каардынаты: 53°53′42″ пн. ш. 27°32′58″ у. д. / 53.895° пн. ш. 27.54944° у. д. |
Дзейнічае ў месцах | Менск |
Службовыя мовы | беларуская, расейская |
Старшыня | Уладзімер Кухараў |
1-ы намесьнік | Зьміцер Мікулёнак |
Намесьнікі | Аляксандар Дараховіч, Юры Трушчанка, Арцём Цуран |
Кіраўніца справамі | Ганна Мацельская[2] |
Галоўная ўправа | прэзыдэнт Беларусі |
Зьвязаныя службы | адміністрацыі 9 раёнаў |
Старонка ў сеціве | minsk.gov.by/be |
Ме́нскі гарадзкі́ выкана́ўчы камітэ́т — выканаўча-распарадчы орган мясцовага кіраваньня Менску, створаны ў сакавіку 1917 году.
Паводле 21-га артыкула Статуту Менску 2001 году, «у сваёй дзейнасьці падсправаздачны і падкантрольны прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь і Савету міністраў Рэспублікі Беларусь у пытаньнях, якія ўваходзяць у кампэтэнцыю Ўраду Рэспублікі Беларусь, а таксама адказны перад Саветам у пытаньнях, якія адносяцца да кампэтэнцыі Савету». Забясьпечвае гаспадарчае, грамадзкае і культурнае разьвіцьцё Менску, а таксама паляпшэньне стану навакольля ў горадзе. Згодна з 25-м артыкулам «рашэньні выканаўчага камітэту прымаюцца простай большасьцю галасоў ад яго складу, падпісваюцца старшынёй і кіраўніком справаў выканаўчага камітэту». У 26-м артыкуле вызначалася, што «старшыня прызначаецца на пасаду прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і зацьвярджаецца Саветам» дэпутатаў Менску. Пры гэтым, «першы намесьнік, намесьнікі старшыні выканаўчага камітэту прызначаюцца на пасаду старшынёй выканкаму па ўзгадненьні з прэзыдэнтам» Беларусі. Тым часам, «паўнамоцтвы першага намесьніка, намесьнікаў старшыні вызначаюцца старшынёй». Паводле 28-га артыкула, паседжаньні Менскага гарвыканкаму ладзяць «прынамсі 2 разы на месяц». Яго паседжаньні «правамоцныя, калі ў іх прымае ўдзел прынамсі 2/3 ўстаноўленага складу выканкаму»[3].
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 22-га артыкула Статуту Менску 2001 году, Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт меў паўнамоцтвы ў 5 галінах: 1) плянаваньні, бюджэтнай палітыцы і фінансах; 2) кіраваньні камунальнай уласнасьцю, узаемінах з прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі і аб'яднаньнямі на тэрыторыі гораду; 3) горадабудаўніцтве, землекарыстаньні і жыльлёва-камунальнай гаспадарцы; 4) сацыяльнай галіне і абароне навакольнага асяродзьдзя; 5) ладжаньні кіраваньня[3].
У 1-й галіне Менскі гарвыканкам:
- ладзіць рэвізію стану бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў адміністрацыяў раёнаў Менску;
- надае льготы ў выплаце дзяржаўнага мыта і іншых абавязковых плацяжоў, якія пастапуюць у гарадзкі бюджэт;
- усталёўвае цэны, расцэнкі, надбаўкі і зьніжкі на тавары і паслугі, на якія ўстаноўлена дзяржаўнае рэгуляваньне;
- наглядае за выкананьнем заканадаўства аб цэнаўтварэньні ў межах Менску;
- бярэ ўдзел у заснаваньні ўстановаў на долевых пачатках і садзейнічае ўзьнікненьню ў горадзе ўстановаў розных формаў уласнасьці;
- разьмяшчае вольныя сродкі ва ўклады і каштоўныя паперы, у тым ліку ў паі, а таксама выдае пазыкі пад адсотак і безь яго ды ладзіць лятарэі;
- выступае заснавальнікам юрыдычных асобаў, у тым ліку страхавых і фінансава-крэдытных, такіх як банкаў;
- прымае рашэньне аб аўкцыёне і ладзіць атрыманьне ды мэтавае выкарыстаньне даходаў гарадзкога бюджэту;
- падае ў Міністэрства фінансаў Беларусі праект бюджэту горада на чарговы фінансавы год і справаздачу аб выкананьні бюджэту за папярэдні год;
- распрацоўвае і падае за зацьвярджэньне Менскаму гарадзкому Савету дэпутутаў праект бюджэту горада, а таксама прымае захады дзеля яго выкананьня;
- распрацоўвае і падае на ўхваленьне Савету дэпутатаў праекты стратэгічнага пляну, гадавога і пэрспэктыўнага прагнозу і праграмы грамадзка-гаспадарчага разьвіцьця Менску, а таксама забясьпечвае іх выкананьне;
- распрацоўвае стратэгію ўстойлівага разьвіцьця Менску і кіраваньня ім[3].
У 2-й галіне Менгарвыканкам:
- вядзе ўлік уласьнікаў нерухомасьці на землях Менску на падставе тэхнічнай інвэнтарызацыі;
- ладзіць дзяржаўны ўлік і спыненьне дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў;
- распараджаецца камунальнай уласнасьцю паводле ўсталяванага Саветам дэпутатаў парадку;
- ажыцьцяўляе разьдзяржаўленьне і прыватызаваньне камунальнай уласнасьці;
- ухваляе рашэньні стварэньні, пераўтварэньні і закрыцьці камунальных установаў паводле вызначанага Саветам парадку, зацьвярджае парадак іх працы і ўзгадняе парадак працы ўстановаў іншых формаў уласнасьці;
- атрымлівае ад установаў Менску ўсіх формаў уласнасьці зьвесткі пра іх пляны і праекты мерапрыемстваў, якія закранаюць зацікаўленасьці месьцічаў праз грамадзкія, навакольныя і народанасельніцкія наступствы, а таксама ладзіць абавязковае ўзгадненьне такіх плянаў і праектаў;
- дае ў першачарговым парадку ў арэнду камунальныя будынкі і збудаваньні дзяржаўным органам Беларусі і дыпляматычным прадстаўніцтвам і консульствам замежных дзяржаваў, а таксама прадстаўніцтвам міжнародных арганізацыяў у Беларусі;
- ажыцьцяўляе на рашэньне прэзыдэнта і ўраду Беларусі паўнамоцтвы на валоданьне, карыстаньне і распараджэньне разьмешчанымі ў Менску будынкамі і збудаваньнямі ў рэспубліканскай уласнасьці[3].
У 3-й галіне Менгарвыканкам:
- узгадняе дзейнасьць установаў перавозак, вода- і энэргазабесьпячэньня ды наглядае за яе надзейнасьцю;
- перадае ва ўласнасьць, дае ў пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне, карыстаньне і арэнду ды забірае зямельныя дзялянкі для разьмяшчэньня жылых дамоў, будынкаў і збудаваньняў;
- наглядае за выкананьне правілаў утрыманьня і выкарыстаньня дзяржаўнага і прыватнага жытла, а таксама прымяняе захады адказнасьці за іх парушэньне;
- вядзе гарадзкія зямельны і горадабудаўнічы кадастры;
- выдае дазвол на пошукавыя працы на зямельных дзялянках на тэрмін да году па ўзгадненьні зь іх уласьнікамі і карыстальнікамі;
- вырашае зямельныя спрэчкі;
- выкупае ў грамадзянаў зямельныя дзялянкі ў межах гораду;
- перадае паўнамоцтвы адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Менск» на адбіраньне і перадачу ў арэнду дзялянак;
- дае зямельныя дзялянкі ў карыстаньне, арэнду і пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне, перадае іх ва ўласнасьць і адбірае іх;
- апавяшчае грамадзянаў пра наданьне зямельных дзялянак для разьмяшчэньня пабудоваў пры закрананьні іх зацікаўленасьцяў;
- усталёўвае парадак крэдытаваньня грамадзянаў у будаўніцтве жытла з выкарыстаньнем сродкаў жыльлёва-інвэстыцыйных фондаў і будуе сацыяльнае жытло;
- усталёўвае парадак вызначэньня памеру і пакрыцьця выдаткаў за створаную інфраструктуру шляхоў зносінаў пры наданьні зямельных дзялянак;
- прыцягвае сродкі юрыдычных асобаў у стварэньне грамадзкай і транспартнай інфраструктуры Менску;
- прыцягвае сродкі ўласьнікаў зь іх згоды на разьвіцьцё земляў Менску;
- ладзіць будаўніцтва, перабудову і ўтрыманьне ў Менску пабудоваў для сталічных функцыяў;
- заьвярджае горадабудаўнічыя, будаўнічыя і эксплюатацыйныя нормы і правілы Менску па ўзгадненьні з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі;
- зацьвярджае праекты дэталёвай пляніроўкі Менску, правілы яго забудовы, нормы забесьпячэньня месьцічаў жылой плошчай і культурна-побытавымі пабудовамі;
- распрацоўвае з улікам меркаваньня адміністрацыяў раёнаў Менску і падае на ўхваленьне Менскіх гарадзкога і абласнога Саветаў дэпутатаў праекты адпаведнага генэральнага пляну разьвіцьця гораду і яго прадмесьцевай паласы;
- перадае частку паўнамоцтваў адміністрацыям раёнаў Менску ў праектаваньні будаўніцтва і эксплюатацыі пабудоваў і нагляду за імі;
- ладзіць адзіную палітыку ў галіне архітэктуры, будаўніцтва, добраўпарадкаваньня, утрыманьня, рамонту і перабудовы жыльлёвага фонду і жыльлёва-камунальных пабудоваў[3].
У 4-й галіне Менскі гарвыканкам:
- ладзіць экалягічную асьвету, адукацыю і выхаваньне месьцічак і месьцічаў, а таксама забясьпечвае іх патрэбнымі зьвесткамі ў галіне аховы навакольля;
- ажыцьцяўляе ў Менску дзяржаўны нагляд за выкарыстаньнем і аховай земляў, нетраў, вадаёмаў, лясоў, жывёльнага і расьліннага сьвету, а таксама за аховай атмасфэрнага паветра;
- распрацоўвае і падае на ўхваленьне ў Савет дэпутатаў тэрытарыяльныя праграмы і мерапрыемствы аховы навакольля і ўстойлівага выкарыстаньня прыродных багацьцяў, а таксама прымае захады дзеля іх ажыцьцяўленьня;
- прыпыняе будаўніцтва, перабудову, капітальны рамонту і выкарыстаньне пабудоваў у выпадку парушэньня будаўнічых, санітарных і экалягічных нормаў і правілаў на землях Менску;
- пляне і ажыцьцяўляе ахову навакольля ды наглядае за выкананьнем экалягічных нарматываў;
- бярэ ўдзел у стварэньні і забесьпячэньні працы краёвых і міжнародных сетак сувязі і інфармацыйных сетак;
- забясьпечвае законнасьць і грамадзкую бясьпеку ў Менску;
- садзейнічае выкананьню закону Беларусі аб вайсковай службе ўсімі службоўцамі, грамадзянамі і разьмешчанымі ў Менску ўстановамі;
- бярэ ўдзел у вызначэньні рэклямнай палітыкі ў Менску, каб вонкавая і іншая рэкляма была добрасумленнай, дакладнай, этычнай, даступнай для ўспрыманьня і бясшкоднай для месьцічак і месьцічаў;
- выступае заснавальнікам адукацыйных і навуковых установаў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі Менску;
- садзейнічае разьвіцьцю народных традыцыяў і звычаяў на землях Менску;
- уносіць прапановы аб абвяшчэньні асабліва ахоўваных прыродных земляў і мясьцінаў, помнікаў гісторыі і культуры ў межах Менску і прадмесьцевай паласы;
- вырашае справы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны і культурнага забесьпячэньня гандлёвага, транспартнага, камунальнага і побытавага абслугоўваньня грамадзянаў у Менску, а таксама бароніць правы ўцекачоў[3].
У 5-й галіне Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт:
- прадстаўляе сталіцу Беларусі дачыненьнях з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі;
- уносіць прапановы аб наданьні дзяржаўных узнагародаў і заахвочваньняў;
- разглядае звароты грамадзянаў і прымае па іх рашэньні;
- ладзіць прыём насельніцтва кіраўнікамі Менскага гарвыканкаму і яго падразьдзяленьняў;
- узаемадзейнічае з грамадзкімі аб’яднаньнямі і органамі тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня (ТГС);
- узаемадзейнічае з прафэсійнымі саюзамі ў вырашэньні грамадзка-гаспадарчых задачаў на падставе грамадзкай супрацы;
- апавяшчае насельніцтва пра найважнейшыя грамадзка-гаспадарчыя і грамадзянскія падзеі ў жыцьці Менску;
- забясьпечвае і бароніць зацікаўленасьці Менску ў судовым парадку і вышэйстаячых ды іншых органах дзяржаўнага кіраваньня;
- утварае камісіі, вызначае іх паўнамоцтвы і кіруе іх дзейнасьцю;
- адмяняе рашэньні адміністрацыяў раёнаў Менску, супярэчныя рашэньне Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў і выканаўчага камітэту ды прынятыя з парушэньнем заканадаўства;
- усталёўвае межы кварталаў і мікрараёнаў у межах раёнаў Менску;
- ладзіць выбары, рэфэрэндумы і абмеркаваньне гарадзкіх і агульнакраёвых справаў;
- накіроўвае і ўзгадняе працу адміністрацыяў раёнаў Менску, наглядае за ёй і спрыяе іх дзейнасьці;
- стварае надзённую арганізацыйную будову дзеля ўдалай дзейнасьці гарадзкой выканаўчай улады, распрацаваную на навуковай аснове;
- распрацоўвае і падае на ўхваленьне Менскаму гарадзкому Савету дэпутатаў статут Менску і зьмяненьні ў яго[3].
Падразьдзяленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт улучаў:
- 8 камітэтаў — 1) адукацыі, 2) архітэктуры і горадабудаўніцтва, 3) аховы здароўя, 4) будаўніцтва і інвэстыцыяў, 5) дзяржаўнай маёмасьці, 6) землеўпарадкаваньня, 7) працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, 8) эканомікі[4];
- 7 галоўных управаў — 1) арганізацыйна-кадравай працы, 2) гандлю і паслугаў, 3) ідэалягічнай працы і справаў моладзі, 4) спорту і турызму, 5) унутраных справаў, 6) фінансавую, 7) юстыцыі;
- 6 управаў — 1) бухгальтарскага ўліку і справаздачнасьці, 2) гарадзкой гаспадаркі і энэргетыкі, 3) жыльлёвай палітыкі, 4) кантрольна-рэвізійную, 5) культуры, 6) працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў;
- кіраўніцтва справамі[5] і службу аднаго вакна[6].
Міліцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Менгарвыканкам мае Галоўную ўправу ўнутраных справаў, якая мае ў сваім падпарадкаваньні 9 раённых управаў унутраных справаў (РУУС): Заводзкую, Кастрычніцкую, Ленінскую, Маскоўскую, Партызанскую, Першамайскую, Савецкую, Фрунзэнскую і Цэнтральную.
Адміністрацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт мае ў падпарадкаваньні адміністрацыі 9 раёнаў: Заводзкага раёна[7], Кастрычніцкага[8], Ленінскага[9], Маскоўскага[10], Партызанскага[11], Першамайскага[12], Савецкага[13], Фрунзэнскага[14] і Цэнтральнага[15].
Старшыні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Барыс Позерн (сакавік—ліпень 1917)
- Ісідор Любімаў (ліпень—жнівень 1917)
- Карл Ландар (верасень—кастрычнік 1917)
- Віктар Яркін (сакавік—травень 1919)
- Казімер Ціхоўскі (ліпень—верасень 1919)
- Віктар Яркін (сакавік—травень 1919)
- Кюсэ Фрыц (сьнежань 1920 — сьнежань 1921)
- Адольф Гетнер (студзень 1922 — сьнежань 1923)
- Сяргей Карп (студзень—сакавік 1924)
- Адам Славінскі (сакавік—ліпень 1924)
- Сьцяпан Яцкевіч (жнівень 1924 — красавік 1929)
- Нічыпар Аксючыц (красавік 1929 — сьнежань 1930)
- Восіп Валадзько (люты 1931 — сакавік 1933)
- Антон Каранеўскі (травень 1933 — студзень 1934)
- Емяльян Жуковіч (сакавік 1934 — чэрвень 1937)
- Канстанцін Бударын (верасень 1940 — чэрвень 1941, ліпень 1944 — жнівень 1945)
- Іван Паромчык (жнівень 1945 — сакавік 1946)
- Канстанцін Длугашэўскі (красавік 1946 — ліпень 1954)
- Васіль Шарапаў (ліпень 1954 — студзень 1968)
- Міхаіл Кавалёў (студзень 1968 — студзень 1977)
- Генадзь Барташэвіч (студзень—чэрвень 1977)
- Станіслаў Лукашэвіч (чэрвень 1977 — студзень 1980)
- Георгі Таразевіч (студзень 1980 — жнівень 1983)
- Валер Пячэньнікаў (жнівень 1983 — сьнежань 1985)
- Уладзімер Міхасёў (сьнежань 1985 — травень 1990)
- Міхаіл Марыніч (кастрычнік 1990 — красавік 1991)
- Аляксандар Герасіменка (красавік 1991 — студзень 1995)
- Уладзімер Ярмошын (студзень 1995 — люты 2000)
- Міхаіл Паўлаў (сакавік 2000 — чэрвень 2009)
- Мікалай Ладуцька (чэрвень 2010 — лістапад 2014)
- Андрэй Шорац (лістапад 2014 — лістапад 2018)
- Анатоль Сівак (лістапад 2018 — верасень 2020)
- Уладзімер Кухараў (зь верасьня 2020 году)[16]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2 лістапада 2020 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
- ^ Кіраўніцтва // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 30 верасьня 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
- ^ а б в г д е ё Статут гораду // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 23 студзеня 2019 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
- ^ Камітэты // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
- ^ Управы // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
- ^ Служба «адно акно» // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
- ^ Заводзкі раён
- ^ Кастрычніцкі раён
- ^ Ленінскі раён
- ^ Маскоўскі раён
- ^ Партызанскі раён
- ^ Першатравенскі раён
- ^ Савецкі раён
- ^ Фрунзэнскі раён
- ^ Цэнтральны раён
- ^ Кіраўнікі гораду (з 1879 году) // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2 лістапада 2020 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Электронныя звароты (рас.) // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт Праверана 6 сьнежня 2021 г.
|