Банк Грэцыі
грэц. Τράπεζα της Ελλάδος | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | БА: ΕΛΛ |
Заснаваная | 7 сьнежня 1927 (96 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Парлямэнт Грэцыі |
Краіна | Грэцыя |
Разьмяшчэньне | Атэны |
Адрас | вул. Вэнізэляса, д. 21 |
Ключавыя фігуры | Яніс Стурнарас (старшынія), Тэадор Пэлягідыс, Хрысьціна Папаканстанцінава[1] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | грашовы перавод, пазыка, уклад |
Абарачэньне | ▼843,341 млн эўра (2020 год) |
Чысты прыбытак | ▼661,67 млн эўра (2020 год)[2] |
Матчына кампанія | Урад Грэцыі |
Аўдытар | «Дэлойт» |
«Банк Грэцыі» — галоўны банк Грэцыі, заснаваны ў сьнежні 1927 году.
На 2022 год улучаў «Друкарню банкнотаў і каштоўных папераў», падразьдзяленьне кіраваньня рызыкай і 2 асяродкі: 1) зьмяненьня клімату і ўстойлівасьці, 2) культуры, дасьледаваньняў і дакумэнтацыі, а таксама 17 аддзелаў: 1) аплатна-разьліковых сыстэмаў, 2) гаспадарчага аналізу і дасьледаваньняў, 3) гаспадарчых паслугаў, 4) гатоўкі, 5) дзяржаўнага скарбу, 6) інспэкцыі паднаглядных прадпрыемстваў, 7) інфарматыкі, 8) кансалідаваньня пазыковых установаў, 9) людзкіх рэсурсаў і арганізацыі, 10) нагляду за пазыковай сыстэмай, 11) нагляду за прыватным страхаваньнем, 12) прававых паслугаў, 13) статыстыкі, 14) тэхнічнай і кіраўнічай падтрымкі, 15) унутранай рэвізіі, 16) фінансавай дзейнасьці, 17) фінансавай устойлівасьці[3]. Банкаўская сетка ў Грэцыі налічвала 4 прадстаўніцтвы ў Керкіры, Ляміі, Трыпалі (вобласьць Пэляпанэс) і Флёрыне (вобласьць Заходняя Македонія), а таксама 15 аддзяленьняў і 29 агенцтваў[4].
Задачы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 2-га артыкула Статуту 2012 году, «Банк Грэцыі» меў:
- акрэсьліваць і ажыцьцяўляць манэтарную палітыку;
- праводзіць палітыку абменнага курсу ўзгоднена з урадам Грэцыі;
- захоўваць золатавалютны запас ураду Грэцыі і мяняць валюту;
- наглядаць за банкамі і страхавымі прадпрыемствамі;
- садзейнічаць працы аплатных сыстэмаў і разьліку ў пазабіржавым гандлі каштоўнымі паперамі і іх вытворнікамі;
- выпускаць банкноты для грашовага абарачэньня ў Грэцыі;
- выступаць давераным скарбнікам ураду Грэцыі[5].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Агульны сход. Склікаўся штогод да красавіка. Кожныя 75 з 19,8 млн паёў, якія належалі блізу 17 000 пайшчыкам, давалі па 1-м голасе. Галасаваць маглі грамадзяне краінаў Эўрапейскай гаспадарчай прасторы, якія ня мелі пратэрмінаванай запазычанасьці перад «Банкам Грэцыі» і былі платаздольнымі. Доля ўраду Грэцыі абмяжоўвалася 35 % паёў банку (8-ы артыкул Статуту). Ухваляў гадавую справаздачу і балянс паводле высноваў рэвізораў. Вызначаў адлічэньні ў запас і разьмяркоўваў чысты прыбытак у выглядзе дывідэндаў. Выбіраў сябраў Агульнай рады, 3-х рэвізораў і іх 2-х намесьнікаў, а таксама вызначаў іх заробкі.
- Агульная рада. Засядала прынамсі штомесяц. Правамоцная пры ўдзеле прынамсі 6 сябраў. Ухваляла пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Складалася са старшыні і яго намесьнікаў, сябраў Рады манэтарнай палітыкі і 6 дарадцаў, занятых у гандлі, прамысловасьці і сельскай гаспадарцы. Старшыня браў удзел у паседжаньнях Агульнай і Кіраўнічай радаў Эўрапейскага цэнтральнага банку (Нямеччына), а таксама ў Радзе кіраўнікоў Банку міжнародных разьлікаў (Швайцарыя). Выбірала асобаў, якім вылучаліся пазыкі, і зацьвярджала падаўжэньне тэрміну іх пагашэньня. Прызначала кіраўнікоў і ўхваляла набыцьцё нерухомасьці. Акрэсьлівала амартызаваньне сродкаў і абірала банкі-каспандэнты за мяжой для разьмяшчэньня вызначанага памеру сродкаў. Вызначала выпуск банкнотаў і адчыняла аддзяленьні. Падачала гадавую справаздачу і балянс Агульнаму сходу пайшчыкаў.
- Выканаўчы камітэт. Складаўся са старшыні і яго намесьнікаў, прызначаных на 6 гадоў Указам прэзыдэнта Грэцыі на прапанову ўраду, пададзеную Агульнай радай «Банку Грэцыі». Правамоцны пры ўдзеле прынамсі 2-х сябраў.
- Рада манэтарнай палітыкі. Улучала старшыню і яго 2-х намесьнікаў, а таксама банкіраў, прызначаных на 6 гадоў Указам прэзыдэнта на прапанову ўраду Грэцыі. Правамоцная пры ўдзеле 4-х сябраў. Вызначала працу аплатных сыстэмаў і выпуск банкнотаў.
- Рада кіраўнікоў. Складалася са старшыні, яго намесьнікаў і кіраўнікоў аддзелаў. Склікалася прынамсі штотыдзень. Справаздачылася штомесяц наконт пазыкаў перад Агульнай радай[5].
Балянс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 31 студзеня 2022 году сродкі і абавязкі «Банку Грэцыі» былі роўныя 240,957 млрд эўра. Сродкі пераважна ўлучалі: 1) каштоўныя паперы асобаў эўразоны ў эўра — 63 % (151,598 млрд эўра), 2) доўгатэрміновыя пазыкі рэфінансаваньня банкам эўразоны ў эўра — 21 % (50,843 млрд эўра), 3) патрабаваньні ўнутры Эўрасыстэмы — 7 % (17,202 млрд эўра), 4) золата і дэбіторскую запазычанасьць у золаце — 3 % (7,828 млрд эўра), 5) патрабаваньні да асобаў па-за эўразонай у замежнай валюце — 2,7 % (6,643 млрд эўра). Абавязкамі ў асноўным былі: 1) абавязкі ўнутры Эўрасыстэмы перад Эўрапейскім цэнтральным банкам — 43 % (104,78 млрд эўра), 2) абавязкі перад банкамі эўразоны ў эўра — 20 % (47,108 млрд эўра), 3) банкноты ў абарачэньні — 15 % (35,031 млрд эўра), 4) абавязкі перад нябанкаўскімі асобамі (урадамі) эўразоны ў эўра — 13 % (31,793 млрд эўра), 5) рахункі пераацэнкі — 2,6 % % (6,31 млрд эўра). Капітал і запасы складалі 1,4 % абавязкаў на 3,416 млрд эўра[6].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 верасьня 1927 году пры пасярэдніцтве Лігі народаў быў падпісаны Жэнэўскі пратакол аб пазыцы 9 млн брытанскіх фунтаў стэрлінгаў ураду Грэцыі. Згодна з Жэнэўскім пратаколам у 1927 годзе стварылі «Банк Грэцыі»[7]. Паводле пагадненьня ад 27 кастрычніка 1927 году, «Нацыянальны банк Грэцыі» («НБГ») перадаў «Банку Грэцыі» права выпуску банкнотаў грэцкіх драхмаў. 10 лістапада 1927 году ўхвалілі Ўказ аб ратыфікацыі таго пагадненьня і стварэньні «Банку Грэцыі» з прыкладзеным Статутам банку. 7 сьнежня 1927 году Статут «Банку Грэцыі» ратыфікавалі Законам № 3424[8]. 14 траўня 1928 году «Банк Грэцыі» пачаў дзейнасьць. Галаўную сядзібу разьмясьцілі ў Атэнах па Ўнівэрсытэцкай вуліцы, д. 28, дзе дагэтуль месьціўся «Банк нерухомасьці». Пазьней стварылі сетку аддзяленьняў[7] для выдачы наяўных грошай ад імя ўраду. Першапачаткова «Банк Грэцыі» налічваў 500 супрацоўнікаў і пераняў ад «НБГ» дзяржаўныя аблігацыі і золата, надрукаваныя банкноты і дзяржаўныя ўклады. Паводле 4-га артыкула Статуту, «галоўная задача Банку заключаецца ў забесьпячэньні ўстойлівай вартасьці ў золаце сваіх купюраў»[9]. Абменны курс ўсталявалі на ўзроўні 375 грэцкіх драхмаў за брытанскі фунт стэрлінгаў. У 1923—1927 гадох запасы банкнотаў «НБГ» надштампавалі паўкруглым чырвоным надпісам «Банк Грэцыі» і выпусьцілі ў абарачэньне[10]. 12 чэрвеня 1930 году паі «Банку Грэцыі» разьмясьцілі на «Фондавай біржы Атэнаў»[11]. 7 сьнежня 1930 году зацьвердзілі Ўказ аб выпуску ў абарачэньне нікелевых манэтаў вартасьцю 5 драхмаў і срэбраныя манэты ў 10 і 20 драхмаў[12]. 3 траўня 1933 году выпусьцілі 1-я банкноты на 500 і 5000 драхмаў, якія надрукавала «Амэрыканская банкнотная кампанія» (штат Канэктыкут)[10].
21 траўня 1933 году адчынілі аддзяленьне «Банку Грэцыі» ў Тэсалёніках[13]. У 1935 годзе ў Францыі надрукавалі банкноты на 50, 100 і 1000 драхмаў, пасьля ўвядзеньня якіх з абарачэньня вывелі банкноты «НБГ»[10]. У 1937 годзе банк налічваў 2061 супрацоўніка, зь якіх 83 % (1714) складалі мужчыны[14]. 4 красавіка 1938 году адчынілі новы будынак галоўнай сядзібы плошчай 0,6 га па Ўнівэрсытэцкай вуліцы, д. 21[9]. У студзені 1941 году ў атэнскім прадмесьці Халяргос заснавалі «Друкарню банкнотаў і каштоўных папераў» («ДБКП») на дзялянцы плошчай 21,5 гектараў[15]. Падчас Другой сусьветнай вайны «Банк Грэцыі» вывез золатавалютны запас на Крыт, а пазьней у Эгіпет і Паўднёвую Афрыку. У 1946 годзе старшыня «Банку Грэцыі» ўвайшоў у склад Валютнага камітэту на чале зь міністрам народнай гаспадаркі Грэцыі. На прапанову «Банку Грэцыі» ўрад ухваліў захады супраць гіпэрінфляцыі грэцкай драхмы[9].
У 1947 годзе даччыная «Друкарня банкнотаў і каштоўных папераў» пачала выпуск уласных банкнотаў наміналам у 1000 грэцкіх драхмаў[15]. У 1950 годзе «ДБКП» самастойна распрацавала і надрукавала банкноты ў 5000 драхмаў, якія сталі першымі ў сьвеце надрукаванымі з дапамогай меднай гравюры[10]. У 1953 годзе ўтварылі Галоўную інспэкцыю банкаў[9]. Тым часам, абменны курс складаў 30 000 драхмаў за даляр ЗША[12]. 20 чэрвеня 1954 году ўхвалілі Закон № 2824 аб дэнамінацыі 1000 старых драхмаў на 1 новую[10]. У 1954 годзе ў Парыжы (Францыя) адчаканілі манэты з партрэтам грэцкага караля Паўла І вартасьцю 50 лептаў, а таксама 2 і 5 драхмаў. Таксама ў 1954-м у швайцарскім Бэрне адчаканілі манэты вартасьцю 5, 10 і 20 грэцкіх лептаў[12]. У 1955 годзе ў абарачэньне ўвялі новыя банкноты на 10, 20, 50 і 500 драхмаў[10]. У 1957-м старшыня банку Ксэнафон Залётас стварыў 2-гадовую Школу банкаўскіх дасьледаваньняў і Ўправу гаспадарчых дасьледаваньняў, а таксама выдаў стыпэндыі эканамістам банку на навучаньне ў замежнай магістратуры[9]. У 1971 годзе запрацаваў Аддзел чаканкі манэтаў «ДБКП», які выпусьціў уласныя манэты з партрэтам караля Канстанціна ІІ. У 1973-м адчаканілі алюмінавыя манэты вартасьцю 10 і 20 лептаў, а таксама медна-нікелевыя манэты на 50 лептаў ды 1, 2, 5, 10 і 20 драхмаў. У 1973 годзе выпусьцілі манэты на 50 лептаў, 1 і 2 драхмы з латуні. У 1980 годзе манэта на 50 драхмаў стала 1-й адчаканенай з пальмэтай у якасьці знаку «Грэцкай мынцы»[12]. У 1982 годзе Парлямэнт Грэцыі перадаў «Банку Грэцыі» паўнамоцтвы распушчанага Валютнага камітэту ў галіне манэтарнай палітыкі і абменнага курсу драхмы[9]. У 1983 годзе ў Халяндры пад Атэнамі адчынілі будынак інфарматыкі плошчай 1,2 га[16]. У 1986 годзе адчаканілі медныя манэты на 1 і 2 драхмы[12].
22 сьнежня 1997 году Агульных сход пайшчыкаў ухваліў папраўкі ў Статут, паводле якіх «Банк Грэцыі» меў незалежна ад ўраду трымацца ўстойлівасьці цэнаў у якасьці асноўнай задачы. Пры гэтым, у банку стварылі Раду манэтарнай палітыкі. 1 студзеня 2001 году «Банк Грэцыі» стаў сябрам Эўрапейскага цэнтральнага банку (Нямеччына). 1 студзеня 2002 году замест грэцкай драхмы ўвялі эўра. Банкноты і манэты новай валюты накіравалі для абмену ў 3233 аддзяленьні камэрцыйных банкаў Грэцыі і «Грэцкай пошты». Да канца лютага 2002 году эўра стала адзінай валютай у Грэцыі. Да 1 сакавіка 2004 году «Банк Грэцыі» і падатковыя ўстановы працягвалі абмен драхмаў у манэтах на эўра[9]. 28 студзеня 2004 году адчынілі 8-павярховы будынак па вуліцы Амэрыкі, дзе разьмясьцілі аддзелы банкаўскага і страхавога нагляду[17]. У 2005 годзе ў Халяндры адчынілі «Асяродак распаўсюду і апрацоўкі грошай» («АРАГ»)[18]. У 2009 годзе ва ўсходнім прадмесьці Тэсалёнікаў узьвялі 2-і «Асяродак распаўсюду і апрацоўкі грошай» на дзялянцы плошчай у 3 га[19]. У 2010 годзе ў будынку па вуліцы Амэрыкі адчынілі Музэй «Банку Грэцыі»[17]. Да 1 сакавіка 2012 году працягваўся абмен драхмаў у банкнотах на эўра[9]. З чыстага прыбытку за 2020 год урад Грэцыі атрымаў 95 % (633,2 млн эўра), а дывідэнды склалі 13,3 млн эўра па 0,67 € на кожны зь 19,8 млн паёў[2].
Аддзяленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 2022 году «Банк Грэцыі» адчыніў 16 аддзяленьняў: у 1935-м — у Волясе, у 1940-м — у Ляміі і Лярысе, у 1940-м — у Мітыліні (вобласьць Паўночныя Эгейскія астравы) і Трыпалі (вобласьць Пэляпанэс), да 1941-га — у Іракліёне і Кавалі, у 1945-м — на Самасе, у 1952-м — на Родасе, у 1954-м — у Сэрэсе і Ханьі, у 1960-м — у Яніне, пасьля 1960-га — у Каматыні, да 1979-га — у Калямаце, да 2000-га — у Александрупалісе і ў 2001-м — у Патры[20].
Старшыні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандр Дыямідзіс (21 красавіка 1928 — 29 верасьня 1931)
- Эмануэль Цудэрас (31 кастрычніка 1931 — 10 ліпеня 1939)
- Яніс Драсапуляс (10—28 ліпеня 1939)
- Кірыякас Варварэсас (4 жніўня 1939 — 11 лютага 1946)
- Георгі Манцавінас (11 лютага 1946 — 2 лютага 1955)
- Ксэнафон Залётас (5 лютага 1955 — 7 жніўня 1967)
- Дзімітры Галяніс (7 жніўня 1967 — 4 мая 1973)
- Канстанцін Папагіяніс (7 траўня 1973 — 9 жніўня 1974)
- Панагіёціс Папалігурас (9 жніўня — 24 кастрычніка 1974)
- Ксэнафон Залётас (26 лістапада 1974 — 3 лістапада 1981)
- Герасім Арсэніс (3 лістапада 1981 — 20 лютага 1984)
- Дзімітры Халікіяс (20 лютага 1984 — 20 лютага 1992)
- Эфтыміяс Хрыстадулу (20 лютага 1992 — 1 сьнежня 1993)
- Яніс Бутас (1 сьнежня 1993 — 26 кастрычніка 1994)
- Люкас Пападэмас (26 кастрычніка 1994 — 14 чэрвеня 2002)
- Нікаляс Гарганас (14 чэрвеня 2002 — 14 чэрвеня 2008)
- Георгі Правопуляс (20 чэрвеня 2008 — 20 чэрвеня 2014)
- Яніс Стурнарас (ад 27 чэрвеня 2014 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Старшыня і намесьнікі (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ а б Справаздача старшыні за 2020 год (анг.) // «Банк Грэцыі», 1 сакавіка 2021 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Арганізацыйная схема (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Сетка (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ а б Статут (10-е выданьне) (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2013 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Сьціслая бухгальтарская заява на 31 студзеня 2021 году (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 12 красавіка 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ а б Гісторыя (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Статут (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ а б в г д е ё ж Гістарычны агляд (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ а б в г д е Банкноты драхмаў (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Апавяшчэньне пайшчыкаў (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ а б в г д Манэты драхмаў (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Будынак аддзяленьня ў Тэсалёніках (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Паступовае пашырэньне першапачатковага будынка па ўсім будаўнічым блёку (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ а б «Друкарня банкнотаў і каштоўных папераў» (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Будынак інфарматыкі (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ а б Новабудоўля па вуліцы Амэрыкі для патрэбаў галоўных службаў (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ «Асяродак распаўсюду і апрацоўкі грошай» (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Будынак «Асяродка распаўсюду і апрацоўкі грошай» у Тэсалёніках (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
- ^ Будынкі аддзяленьняў у абласьцях (грэцк.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Форма для сувязі (анг.) // «Банк Грэцыі», 2022 г. Праверана 18 красавіка 2022 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |