Перайсьці да зьместу

Атланта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Атланта
Населены пункт
Сьцяг Герб
Краіна ЗША
Штат Джорджыя
Дата заснаваньня 1847
Кіраўніцтва і ўлада
mayor of Atlanta[d] Андрэ Дыкенз[d][1]
Заканадаўчы орган Atlanta City Council[d]
Геаграфія
Плошча 343 км²
Вышыня НУМ 225—320 м
Часавы пас
Каардынаты 33°45′18″ пн. ш. 84°23′24″ з. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 420 003 чал. (2010)
Афіцыйная мова ангельская
Этнахаронімы Atlantais[2], Atlantaise[3] і Atlantani
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 404, 678 і 770
Паштовы індэкс 30301, 30302, 30303, 30304, 30305, 30306, 30307, 30308, 30309, 30310, 30311, 30312, 30313, 30314, 30315, 30316, 30317, 30318, 30319, 30320, 30321, 30322, 30324, 30325, 30326, 30327, 30328, 30329, 30331, 30332, 30333, 30334, 30336, 30337, 30338, 30339, 30340, 30341, 30342, 30343, 30344, 30345, 30346, 30348, 30349, 30350, 30353, 30354, 30355, 30356, 30357, 30358, 30359, 30360, 30362, 30363, 30364, 30366, 30368, 30369, 30370, 30371, 30374, 30375, 30377, 30378, 30380, 30384, 30385, 30388, 30392, 30394, 30396, 30398, 31106, 31107, 31119, 31126, 31131, 31136, 31139, 31141, 31145, 31146, 31150, 31156, 31192, 31193, 39901 і 30361
Сайт discoveratlanta.com (анг.)
Атланта на мапе ЗША ±
Атланта
Атланта
Атланта
Атланта
Атланта
Атланта

Атла́нта (па-ангельску: Atlanta) — места штату Джорджыя, ЗША. Паводле зьвестак 2024 году насельніцтва Атланты складае 520 070 чалавек, што робіць яе восьмым паводле колькасьці насельніцтва горадам на паўднёвым усходзе і 36-м паводле колькасьці насельніцтва ў краіне[4]. Паводле ацэнак, насельніцтва мэтраполіі Атланты перавышае 6,4 мільёнаў чалавек, што ставіць яе на шосты радок паводле велічыні мэгаполісаў у ЗША[5]. Атланта клясыфікуецца як глябальны горад Beta+. Места разьмешчанае сярод перадгор’яў Апалацкіх гор на вышыні крыху большай за 300 мэтраў над узроўнем мора. Атланта мае ўнікальную тапаграфію, якая ўлучае ў сябе пагоркі, а шчыльнае пакрыцьцё гарадзкой зоны прасоўвае горад у лідэры сярод усіх буйных гарадоў ЗША паводле гэтай характарыстыкі[6].

Цягам тысяч гадоў да прыбыцьця эўрапейскіх пасяленцаў у паўночную Джорджыю карэнныя народы крыкаў, чэрокі і іхныя продкі засялялі гэтую мясцовасьць[7]. На пачатку XIX стагодзьдзя эўрапейскія амэрыканцы сыстэматычна захоплівалі землі крыкаў, выцясьняючы іх з гэтага раёну з 1802 па 1825 гады[8].

Фатаздымак вуліцы Марыета ў 1864 годзе.

У 1836 годзе Генэральная асамблея штату Джорджыя прагаласавала за будаўніцтва Заходне-Атлянтычнай чыгункі, каб забясьпечыць сувязь паміж портам Саванна і Сярэднім Захадам[9]. Першапачатковы маршрут павінен быў пралягаць на поўдзень ад Чатанугі да канцавога прыпынку на ўсход ад ракі Чатагучы, які быў бы павязаны з Саваннай. Пасьля таго, як інжынэры абсьледавалі розныя мажлівыя месцы для канцавога прыпынку, «нулявы мільны слуп» быў усталяваны на тым месцы, дзе цяпер месьціцца вуліца Фаўндзі-стрыт. Калі ў 1837 годзе галоўнага інжынэра чыгункі Стывэна Гарымана Лонга спыталі пра будучыню невялікай вёскі, ён сказаў, што гэтае месца падыдзе «для адной карчмы, кузьні, прадуктовай крамы і анічога большага»[10]. Праз год тэрыторыя вакол мільнага слупа ператварылася ў паселішча, спачатку вядомае як Тэрмінус, а пазьней — Трэшэрвіл, у гонар мясцовага купца, які будаваў у гэтым раёне дамы і краму[11]. Да 1842 году ў горадзе налічвалася шэсьць будынкаў і 30 жыхароў. Пазьней ён быў перайменаваны ў Мартасьвіл у гонар дачкі губэрнатара Ўілсана Лампкіна. Пазьней Джон Эдгар Томсан, галоўны інжынэр чыгункі Джорджыі, прапанаваў перайменаваць горад у Атланту, што, як мяркуецца, мусіла падкрэсьліць датычнасьць места да Заходне-Атлянтычнай чыгункі[12]. Жыхары ўхвалілі гэтую прапанову, таму новая назва была афіцыйна ўзгодненая 29 сьнежня 1847 году[13].

Да 1860 году насельніцтва Атланты павялічыліся да 9554 чалавек[14][15]. Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША наяўнасьць некалькіх чыгуначных лініяў у Атланце зрабіла горад стратэгічным цэнтрам разьмеркаваньня вайсковых грузаў[16]. У 1864 годзе фэдэральныя войскі рушылі на поўдзень пасьля захопу Чатанугі і пачалі ўварваньне ў паўночную Джорджыю. Рэгіён вакол Атланты быў месцам некалькіх буйных бітваў, кульмінацыяй якіх стала бітва пры Атланце і чатырохмесячная аблога гораду фэдэральнай арміяй пад камандаваньнем генэрала Ўільяма Тэкумсэ Шэрмана. 1 верасьня 1864 году генэрал Канфэдэрацыі Джон Бэл Гуд пастанавіў сваім войскам адступіць з Атланты і загадаў зьнішчыць усе цывільныя будынкі і актывы, якія маглі б быць карыснымі арміі Поўначы. На наступны дзень мэр Джэймз Калгун здаў Атланту фэдэральным войскам, а 7 верасьня Шэрман загадаў цывільнаму насельніцтву гораду эвакуявацца. Па заканчэньні грамадзянскай вайны ў 1865 годзе Атланта паступова аднавілася ў эпоху Рэканструкцыі, што прыцягнула шмат новых жыхароў. Дзякуючы разьвітай чыгуначнай сетцы гораду, сталіца штату была перанесеная зь Мілэджвіла ў Атланту ў 1868 годзе[17]. Паводле перапісу насельніцтва 1880 году Атланта абышла Саванну, стаўшы найбуйнейшым местам Джорджыі[18].

На вуліцы Пічтры ў Атланце ў 1907 годзе.

Пачынаючы з 1880-х гадоў, рэдактар газэты Atlanta Constitution Гэнры Ў. Грэйдзі рэклямаваў Атланту патэнцыйным інвэстарам як горад «Новага Поўдня», які будзе заснаваны на сучаснай эканоміцы і менш залежыць ад сельскай гаспадаркі. Да 1885 году стварэньне Тэхналягічнай школы Джорджыі, якая цяпер вядомая як Тэхналягічны інстытут Джорджыі, і Атланцкага ўнівэрсытэцкага цэнтра зрабіла Атланту цэнтрам вышэйшай адукацыі. У 1895 годзе Атланта прыняла выставу «Баваўняныя штаты і Міжнародная выстава», якая прыцягнула амаль 800 тысяч удзельнікаў і пасьпяхова прасунула разьвіцьцё Новага Поўдня ва ўсім сьвеце[19].

У першыя дзесяцігодзьдзі XX стагодзьдзя Атланта перажыла час імклівага росту. За тры дзесяцігодзьдзі насельніцтва места павялічылася ўтрая, бо межы гораду пашырыліся і ўлучылі найбліжэйшыя прадмесьці. Таксама зьявіліся новыя гмахі. Гэты час таксама быў адзначаны канфліктамі і трагедыямі, бо ўзмацненьне расавай напружанасьці прывяло да гармідараў у Атланце ў 1906 годзе, калі белыя жыхары напалі на афраамэрыканцаў, у выніку чаго загінулі як найменш 27 чалавек і больш за 70 атрымалі раненьні, а афраамэрыканскія кварталы былі значна пашкоджаныя. У 1913 годзе Лео Фрэнк, амэрыканскі габрэй і кіраўнік адной з фабрык, быў прызнаны вінаватым у забойстве 13-гадовай дзяўчынкі. Ён быў прысуджаны сьмяротны вырак, але губэрнатар замяніў гэтае пакараньне на пажыцьцёвае ўтрыманьне ў турме. Разьюшаны натоўп захапіў вязьніцу ў 1915 годзе і ўласнаруч павесіў злачынца. 21 траўня 1917 году Вялікі пажар у Атланце зьнішчыў 1938 будынкаў на тэрыторыі сучаснага Старога чацьвертага раёну, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, а 10 тысячаў страцілі свае дамы[12]. 15 сьнежня 1939 году ў Атланце адбылася прэм’ера эпічнага фільма «Зьнесеныя ветрам», які быў зьняты паводле бэстсэлера атланцкай пісьменьніцы Маргарэт Мітчэл. На ўрачыстай імпрэзе ў Вялікім тэатры Лоўса прысутнічалі прадусар фільма Дэйвід О. Сэлзьнік і зоркі кінастужкі Кларк Гейбл, Вівіен Лі і Алівія дэ Гэвілэнд, але ляўрэатка прэміі «Оскар» Гэці Макдэніел, афраамэрыканская акторка, была адхіленая ад гэтай падзеі праз закон аб расавай сэгрэгацыі[20].

Алімпійскі сьцяг лунае на стадыёне ў Атланце ў час летніх Алімпійскіх гульняў 1996 году.

У час і па Другой сусьветнай вайне ў горадзе зьявіліся новыя абаронныя галіны прамысловасьці, якія прыцягнулі тысячы новых жыхароў і прынесьлі прыбытак, што прывяло да хуткага росту насельніцтва і эканомікі. У 1950-х гадах была пабудаваная сыстэма аўтамабільных дарог гораду, на якую былі атрыманы фэдэральныя субсыдыі. У выніку сярэдняя кляса пачала перасяляцца ў прадмесьці, а колькасьць жыхароў Атланты паменшыла[12]. У 1960-х гадах Атланта стала буйным арганізацыйным цэнтрам руху за грамадзянскія правы, а Мартын Лютэр Кінг, Ральф Абэрнаці і студэнты з чорных каледжаў і ўнівэрсытэтаў Атланты адыгралі важную ролю ў кіраўніцтве рухам. Хоць у паваенныя гады расавыя канфлікты ў Атланце былі адносна мінімальнымі ў параўнаньні зь іншымі гарадамі, мясцовыя мурыны былі абмежаваныя дыскрымінацыяй, сэгрэгацыяй і працяглым пазбаўленьнем права голасу[21]. Дэсэгрэгацыя грамадзкай сфэры адбывалася паэтапна, як то грамадзкі транспарт быў дэсэгрэгаваны да 1959 году[22], рэстараны да 1961 году, кінатэатры да 1963 году[23], а дзяржаўныя школы да 1973 году[24]. У 1950—1970-я гады субурбанізацыя і адток белых з гарадзкіх раёнаў прывялі да значных зрухаў у расавым складніку места[21]. У канцы 1970-х гадах пачаў працаваць Атланцкі мэтрапалітэн. Атланта была абраная месцам ладжаньня летніх Алімпійскіх гульняў 1996 году. Па абвяшчэньні ад гэтым гарадзкія ўлады распачалі некалькі буйных будаўнічых праектаў дзеля паляпшэньня паркаў, спартовых аб’ектаў і транспартнай інфраструктуры.

У 2000-я гады Атланта зьведала глыбокія культурныя і дэмаграфічныя зьмены. Паколькі некаторыя афраамэрыканцы сярэдняй і вышэйшай клясы таксама пачалі перасяляцца ў прадмесьці, горад прыцягнуў шматлікіх новых мігрантаў зь іншых гарадоў ЗША. Калі мурыны складалі 67% насельніцтва ў 1990 годзе, іхняя дзель зьменшылася да 54% у 2010 годзе[25]. У 2005 годзе горад ухваліў праект Бэлтлайн коштам 2,8 мільярдаў даляраў. Ён быў прызначаны дзеля пераўтварэньня закінутай 22-мільнай колцавай грузавой чыгункі, якая атачае цэнтар места, у мастацкі шматфункцыянальны раён зь лініяй лёгкага чыгуначнага транспарту, што павялічыла плошчу паркаў гораду на 40%[26]. Праект стымуляваў разьвіцьцё раздробнага гандлю і жылой нерухомасьці ўздоўж лініі, але быў раскрытыкаваны за негатыўны ўплыў на некаторыя супольнасьці[27].

Спаарожнікавы фатаздымак гораду.

Плошча Атланты складае 347,1 км², зь якіх 344,9 км² займае сухазем’е і толькі 2,2 км² прыпадае на водную паверхню[28]. Горад разьмешчаны на Глыбокім Поўдні паўднёва-ўсходняй часткі ЗША сярод перадгор’яў Апалацкіх гораў. Пры сярэдняй вышыні 320 мэтраў над узроўнем мора Атланта ўважаецца за найвышэйшае места сярод буйных гарадоў на ўсход ад ракі Місысыпі[29]. Атланта месьціцца на Ўсходнім кантынэнтальным водападзеле. Дажджавая вада, якая трапляе на поўдень і ўсход ад водападзелу, сьцякае ў Атлянтычны акіян, а дажджавая вада на поўначы і захадзе водападзелу трапляе ў Мэксыканскую затоку[30]. Атланта паўстала на хрыбце на поўдзень ад ракі Чатагучы. Рака мяжуе з далёкай паўночна-заходняй ускраінай гораду[31].

Цэнтральны бізнэсовы раён места.

Атланта месьціцца за 34 км на паўднёвы ўсход ад Марыеты[32], за 43 км на паўднёвы захад ад Альфарэты, за 235 км на паўднёвы захад ад Грынвілу з штату Паўднёвай Караліны[33], за 237 км на ўсход ад Бірмінггэму з штату Алабамы[34] ды за 394 км на паўднёвы захад ад Шарлоты з штату Паўночнай Караліны[35]. Не зважаючы на страту значнай колькасьці дрэваў у час паміж 1973 і 1999 гадамі, Атланта цяпер мае найбольш шчыльнае пакрыцьцё дрэвамі сярод усіх буйных гарадоў ЗША, таму часта называецца «Горадам дрэваў» або «Горадам у лесе»[36][37][38].

Згодна з клясыфікацыяй Кёпэна, Атланта мае субтрапічны акіянічны клімат[39] з багатымі ападкамі ўвесь год, тыповымі для ўзвышшаў Поўдня. Лета тут гарачае і вільготнае, тэмпэратура некалькі зьмяншаецца з павышэньнем вышыні над узроўнем мора. Зіма агулам мяккая, але зьменлівая, часам мае схільнасьць да сьнежных бураў, але ў невялікай колькасьці, у адрозьненьне ад цэнтральнай і паўднёвай частак штату[40][41]. Цёплае паветра з Мэксыканскай затокі можа правакаваць адлігу, у той час як моцныя арктычныя паветраныя масы могуць апускаць тэмпэратуры да мінімумаў у −7 °C і −12 °C.

Восеньская Атланта.

Сярэдняя тэмпэратура ў ліпені складае 27,2 °C, а максымальная тэмпэратура дасягае 32 °C, якая ў сярэднім трымаецца 47 дзён у годзе. Сярэдняя тэмпэратура ў студзені складае 7,1 °C, а тэмпэратура ў прадмесьцях крыху ніжэйшая, галоўным чынам праз эфэкт гарадзкога цеплавога вострава. Мінімальныя тэмпэратуры каля нуля або ніжэй за нуль можна чакаць 36 начэй у год, але апошнім разам тэмпэратура зьніжалася ніжэй за −12 °C толькі 24 сьнежня 2022 году і ў студзені 2014 году. Экстрэмальныя паказьнікі вар’ююцца ад −23 °C, што было зафіксавана 13 лютага 1899 году, да 41 °C, калі гэты паказьнік быў заўважаны 30 чэрвеня 2012 году. Сярэдняя тэмпэратура пункта расы летам вагаецца ад 17,6 °C у чэрвені да 19,9 °C у ліпені.

Як гэта тыпова для паўднёва-ўсходняй часткі ЗША, Атланта багатая ападкі, якія аднамерна разьмеркаваныя цягам году, аднак позьняя вясна і раньняя восень некалькі сушэйшыя. Сярэдняя гадавая колькасьць ападкаў складае 1281 мм, у той час як сьнегапады звычайна невялікія і рэдкія. Найвялікшы сьнегапад меўся 23 студзеня 1940 году, калі за раз выпала блізу 25 см сьнегу[42]. Ледзяныя буры звычайна выклікаюць больш праблемаў, чым сьнегапады, а найбольш моцны зь іх адбыўся 7 студзеня 1973 году[43]. Віхраслупы ёсьць досыць рэдкай зьвявай у Атланце, але тарнада 14 сакавіка 2008 году пашкодзіў некалькі знакавых будынкаў у цэнтры места[44].

Транспартная інфраструктура Атланты складаецца з камбінацыі розных відаў транспарту, якая ўлучае сыстэму хуткаснага транзыту чыгункі, колцавы трамвайны маршрут, аўтобусную сыстэму, якая пераразае некалькі акругаў, некалькі лініяў грузавых цягнікоў, сыстэму міжштатных аўтамагістралей, некалькі аэрапортаў, у тым ліку самы загружаны ў сьвеце, і больш за 72 км роварных дарожак[45].

Аўтамагістральны хаб у цэнтры места.

Атланта мае сетку аўтамагістралей, якія разыходзяцца ад гораду, таму аўтамабілі ўважаюцца за дамінуючы від транспарту ў рэгіёне[46]. У Атланце сыходзяцца тры асноўныя міжштатныя аўтамагістралі, як то I-20 (усход-захад), I-75 (паўночны захад-паўднёвы ўсход) і I-85 (паўночны ўсход-паўднёвы захад). Апошнія дзьве аб’ядноўваюцца ў цэнтры горада, утвараючы транспартны хаб (I-75/85), празь які праязджаюць больш за 340 тысяч транспартных сродкаў на дзень, робячы яго адным з самых загружаных вучасткаў міжштатных аўтамагістралей у ЗША[47]. Атланта таксама аточаная міжштатнай аўтамагістральлю 285, колцавай дарогай, вядомай сярод мясцовых жыхароў як «Пэрымэтар», якая стала мяжой паміж «Унутраным пэрымэтрам», уласна горадам і блізкімі прадмесьцямі, і «Па-за пэрымэтрам», то бок аддаленымі прадмесьцямі і ўскраінамі. Вялікая залежнасьць ад самаходаў у Атланце прывяла да таго, што ўзровень затораў і забруджваньня паветра ёсьць адным з найгоршых у краіне[48][49][50]. Тым ня менш, у Атланце вышэйшы за сярэдні адсотак хатніх гаспадарак без аўтамабіля. У 2015 годзе 15,2% хатніх гаспадарак Атланты ня мелі аўтамабіля, і гэты адсотак нязначна павялічыўся да 16,4% у 2016 годзе. Сярэдні паказьнік у краіне на 2016 год складаў 8,7%. У 2016 годзе ў Атланце ў сярэднім прыпадала 1,31 аўтамабіля на хатнюю гаспадарку ў параўнаньні зь сярэднім паказьнікам у краіне роўным 1,8[51].

Цягнік сыстэмы Ўправы хуткаснага транзыту мэтраполіі Атланты (MARTA).

Управа хуткаснага транзыту мэтраполіі Атланты (MARTA) забясьпечвае сэрвіс грамадзкага транспарту ў выглядзе аўтобуснай сеткі, а таксама лініі мэтрапалітэну[52]. Не зважаючы на інтэнсіўнае выкарыстаньне аўтаў у Атланце, сыстэма мэтро стаіць на восьмым радку паводле загружанасьці ў краіне[53]. Чыгуначныя лініі MARTA злучаюць ключавыя пункты прызначэньня, як то аэрапорт, цэнтар места, Мідтаўн, Бакгэд і Пэрымэтар-цэнтар. Аднак вядомыя месцы, як то Ўнівэрсытэт Эмары і Камбэрлэнд, застаюцца без пакрыцьця. У выніку, дасьледаваньне Інстытута Брукінгса 2011 году паставіла Атланту на 91-е месца з 100 мэтрапалітэнаў паводле даступнасьці грамадзкага транспарту[54]. Унівэрсітэт Эмары эксплюатуе свае аўтобусы-шатлы Cliff. Amtrak, нацыянальная пасажырская сыстэма чыгуначных перавозак, забясьпечвае курсаваньне ў Атланту цягнікамі на лініі зь Нью-Ёрку ў Новы Арлеан. Цягнік гэтай лініі спыняецца на станцыі Пічтры. Трамвайная лінія перасякае турыстычныя раёны цэнтра гораду[55].

Міжнародны аэрапорт Гартсьфілд-Джэксан Атланта ўважаецца за самы загружаны аэрапорт у сьвеце паводле пасажырапатоку і паветранага руху[56]. Тут прапануюцца авіяперавозкі ў больш чым 150 пунктаў прызначэньня ў ЗША і больш чым 75 міжнародных пунктаў прызначэньня ў 50 краінах, з больш чым 2500 прылётамі і вылетамі штодня[57]. Авіяцыйная кампанія Delta Air Lines выкарыстоўвае аэрапорт як свой галоўны хаб[58]. Лётнішча разьмешчаныя за 16 км на поўдзень ад цэнтра Атланты ў акругах Клэйтан і Фултан, займаючы большую частку тэрыторыі ўнутры кліну, утворанага міжштатнымі аўтамагістралямі 75, 85 і 285[59].

  1. ↑ https://www.atlantaga.gov/government/mayor-s-office
  2. ↑ https://web.archive.org/web/20220920163624/http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  3. ↑ http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  4. ↑ 2024 City and town population estimates: Georgia. U.S. Census Bureau (05.2025).
  5. ↑ Vintage 2020–2024 Metropolitan Statistical Areas. U.S. Census Bureau (03.2025).
  6. ↑  Gournay, Isabelle AIA Guide to the Architecture of Atlanta. — University of Georgia Press, 1993. — ISBN 0820314390
  7. ↑ Northwest Georgia’s Native American History. Chieftains Trail. Архіўная копія ад 07.2011 г.
  8. ↑ Land Cessions of American Indians in Georgia. Ngeorgia.com (06.2007). Архіўная копія ад 05.2011 г.
  9. ↑ Creation of the Western and Atlantic Railroad. Golden Ink. Архіўная копія ад 10.2007 г.
  10. ↑ McQuigg, Jackson Atlanta didn’t build the railroad — The railroads built Atlanta. — The Atlanta Journal-Constitution, 2022.
  11. ↑ Thrasherville. Georgia Info.
  12. 1 2 3 Atlanta. Georgia Humanities Council.
  13. ↑ Georgia History Timeline Chronology for December 29. Our Georgia History. Архіўная копія ад 09.2007 г.
  14. ↑ Storey, Steve Atlanta & West Point Railroad. Georgia's Railroad History & Heritage.
  15. ↑ Atlanta Old and New: 1848 to 1868. Golden Ink. Архіўная копія ад 10.2007 г.
  16. ↑ Atlanta's Role in the Civil War. Library of Congress.
  17. ↑ Jackson, Edwin L. The Story of Georgia’s Capitols and Capital Cities. Carl Vinson Institute of Government, University of Georgia. Архіўная копія ад 10.2007 г.
  18. ↑ 1880 Census: Volume 1. Statistics of the Population of the United States Архіўная копія ад 10.2022 г.
  19. ↑ The South: Vast Resources, Rapid Development, Wonderful Opportunities for Capital and Labor ... // The New York Times, 06.1895 г. Архіўная копія ад 10.2022 г.
  20. ↑ Atlanta Premiere of Gone with the Wind. Ngeorgia.com. Архіўная копія ад 01.2010 г.
  21. 1 2 Kevin Michael Kruse White Flight: Atlanta and the Making of Modern Conservatism. — Princeton University Press. — ISBN 978-0-691-09260-7
  22. ↑ Bus Desegregation in Atlanta. Georgia Humanities Council.
  23. ↑ Negroes Attend Atlanta Theaters. — Atlanta Journal, 1962.
  24. ↑ APS Timeline. Atlanta Regional Council for Higher Education. Архіўная копія ад 01.2016 г.
  25. ↑ The U.S. Census in the Past and Present. Spelman College (01.2009). Архіўная копія ад 12.2011 г.
  26. ↑ The Atlanta BeltLine in 5. Atlanta Beltline Inc.. Архіўная копія ад 02.2017 г.
  27. ↑ Walker, Alissa (07.2020) Urbanism Hasn’t Worked for Everyone. Curbed. Архіўная копія ад 07.2020 г.
  28. ↑ Geographic Identifiers: 2010 Demographic Profile Data (G001): Atlanta city, Georgia. U.S. Census Bureau, American Factfinder.
  29. ↑ Get high in Atlanta: great high-elevation spots for a summer chill. The Atlanta Journal-Constitution (10.2018).
  30. ↑ Yeazel, Jack (03.2007) Eastern Continental Divide in Georgia Архіўная копія ад 05.2007 г.
  31. ↑ Florida, Alabama, Georgia water sharing. WaterWebster. Архіўная копія ад 06.2007 г.
  32. ↑ Distance between Marietta, GA and Atlanta, GA. distance-cities.com.
  33. ↑ Distance between Greenville, SC and Atlanta, GA. distance-cities.com.
  34. ↑ Distance between Birmingham, AL and Atlanta, GA. distance-cities.com.
  35. ↑ Distance between Charlotte, NC and Atlanta, GA. distance-cities.com.
  36. ↑ Balch, Oliver (11.2019) Green streets: which city has the most trees?. The Guardian.
  37. ↑ Feaster, Felicia (08.2020) Atlanta’s moniker, City of Trees, focus of new book. ajc.
  38. ↑ Preserving the City of Trees. geospatial.gatech.edu.
  39. ↑ Impact of Climate Change on Buildings. ResearchGate.
  40. ↑ Climate of the Southeast of the United States. National Climate Assessment Regional Technical Input Report Series. Архіўная копія ад 03.2019 г.
  41. ↑ Average Total Snowfall (inches) for Selected Cities in the Southeast. Southeast Regional Climate Center. Архіўная копія ад 04.2013 г.
  42. ↑ Atlanta, Georgia (1900–2000). Our Georgia History. Архіўная копія ад 03.2006 г.
  43. ↑ Goldberg, Steve (02.2014) This is how bad it could have been: Atlanta’s crippling ice storm of 1973. CNN.
  44. ↑ 14 years ago, a deadly tornado tore through downtown Atlanta. 11alive.com (03.2022).
  45. ↑ Intercity Visit to Atlanta, GA – 2018. charlotteregion.com. Архіўная копія ад 02.2022 г.
  46. ↑ Atlanta: Smart Travel Tips. Fodor's Travel. Архіўная копія ад 10.2007 г.
  47. ↑ Atlanta, I-75 at I-85 // Worst City Choke Points, Forbes, 02.2006 г.
  48. ↑ Copeland, Larry. Atlanta pollution going nowhere // USA Today, 01.2001 г. Архіўная копія ад 10.2007 г.
  49. ↑ Atlanta traffic the worst in America // 05.2008 г.
  50. ↑ Forbes says Atlanta now most polluted city in U.S.. Bryancountynews.net (11.2009). Архіўная копія ад 12.2012 г.
  51. ↑ Car Ownership in U.S. Cities Data and Map // Governing. — 12.2014.
  52. ↑ The Official website of MARTA: Atlanta's Transportation Authority. itsmarta.com.
  53. ↑ Transit Ridership Report – First Quarter 2011. American Public Transportation Association (05.2011). Архіўная копія ад 07.2011 г.
  54. ↑ "Atlanta-Sandy Springs-Marietta, GA Metro Area", part of "Missed Opportunity: Transit and Jobs in Metropolitan America", Brookings Institution Архіўная копія ад 10.2022 г.
  55. ↑ Atlanta Streetcar. Atlanta Streetcar. Архіўная копія ад 03.2018 г.
  56. ↑ Tharpe, Jim. Atlanta airport still the "busiest": Hartsfield-Jackson nips Chicago's O'Hare for second year in a row // Atlanta Journal-Constitution, 01.2007 г.
  57. ↑ "ATL Fact Sheet", Hartsfield-Jackson Atlanta International Airport. Atlanta-airport.com (01.2016).
  58. ↑ Delta Invites Customers to Improve Their Handicap with New Service to Hilton Head, Expanded Service to Myrtle Beach. News.delta.com.
  59. ↑ Interstate 285 Georgia. Interstate-Guide (01.2019). Архіўная копія ад 10.2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]