Флярэнцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Флярэнцыя
італ. Firenze
Герб Флярэнцыі Сьцяг Флярэнцыі


Краіна: Італія
Рэгіён: Таскана
Кіраўнік: Дарыё Нардэльля[d]
Плошча:
Насельніцтва:
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: 055
Паштовы індэкс: 50100, 50121–50145
Нумарны знак: FI
Геаграфічныя каардынаты: 43°46′17″ пн. ш. 11°15′15″ у. д. / 43.77139° пн. ш. 11.25417° у. д. / 43.77139; 11.25417Каардынаты: 43°46′17″ пн. ш. 11°15′15″ у. д. / 43.77139° пн. ш. 11.25417° у. д. / 43.77139; 11.25417
Флярэнцыя на мапе Італіі
Флярэнцыя
Флярэнцыя
Флярэнцыя
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.comune.fi.it/

Флярэ́нцыя (па-італьянску: Firenze або Fiorenza) — горад у італьянскім рэгіёне Таскана, на рацэ Арно. Насельніцтва 381 030 чалавек (на канец 2017 году). Горад-музэй, адзін з самых знакамітых і старажытных культурных цэнтраў у Эўропе, часта званы радзімай італьянскага Рэнэсансу або «Атэнамі Італіі».

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рымскі час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Флярэнцыю заснаваў у 59 да н. э. Юліюс Цэзар на месцы старажытнага этрускага паселішча. Населены пункт быў пабудаваны як армейскі лягер, але служыў месцам пасяленьня жаўнераў-вэтэранаў. Ён месьціўся ля дарогі Вія-Касія, якая лучыла Рым з паўночнай Італіяй. Паселішча хутка стала важным гандлёвым цэнтрам рэгіёну. У наступныя стагодзьдзі горад перажыў цяжкія пэрыяды панаваньня остготаў і бізантыйцаў. У выніку войнаў насельніцтва скарацілася да тысячы чалавек[3]. У VI стагодзьдзі месца вярнулася пад уладу лянгабардаў.

Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Званіца катэдры Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ.

Росквіт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 774 годзе горад быў захоплены Карлам Вялікім і ўвайшоў у Тасканскае княства, сталіцай якога тады была Люка. Пасьля гэтага колькасьць жыхароў пачало хутка павялічвацца. Каля 1000 году сталіцай дзяржавы сталася ўжо Флярэнцыя. Залаты век флярэнтыйскага мастацтва пачаўся менавіта ў гэты час. У 1013 годзе было распачата будаўніцтва базылікі Сан-Маніята. Зьнешні выгляд баптыстэрыі быў перапрацаваны ў раманскім стылі паміж 1059 і 1128 гадамі. У 1115 годзе Флярэнцыя набыла статус незалежнага гораду-дзяржавы. З XI стагодзьдзя было значным гандлёвым і эканамічным цэнтрам, галоўным чынам дзякуючы сукнаробству. Росквіт гандлю быў магчымым у тым ліку дзякуючы ракі Арно, якая давала дасяжнасьць да Міжземнага мора. Флярэнтыйскія гандляры набылі вядомасьць у Эўропы, асабліва дзякуючы таму, што яны вынайшлі вэксалі[4] і сыстэму падвойнага бухгальтарскага ўліку. Кульмінацыяй узмацненьня купецкай эліты стала антыарыстакратычнае паўстаньне пад правадырствам Джана дэльля Бэльлі, вынікам якога сталася складаньне пастановаў аб справядлівасьці[5], якія замацавалі ўладу элітных гільдыяў ажно да канца існаваньня рэспублікі. У гэты пэрыяд у заняпадзе знаходзіўся асноўны канкурэнт Флярэнцыі горад Піза, які ў 1284 годзе трываў паразу ад Генуі, а ў 1406 годзе быў далучаны да складу Флярэнтыйскай дзяржавы.

Ад 1252 году Флярэнцыя біла залаты флярын, які стаў агульнаэўрапейскай валютай. З XIV стагодзьдзя тут узьніклі мануфактуры. Каля 1325 году гарадзкое насельніцтва гораду магло дасягаць 120 тысячаў чалавек, а сельскае насельніцтва, сканцэнтраванае вакол гораду, верагодна, набліжалася да 300 тысячаў жыхароў[6]. Аднак, эпідэмія чумы 1348 году скараціла насельніцтва больш чым напалову[7][8]. У 1345 годзе ў Флярэнцыі былі спробы страйку ваўначосаў, якія ў 1378 годзе ўзьнялі кароткае паўстаньне супраць алігархічнага панаваньня. Пасьля здушэньня выступаў Флярэнцыя трапіла пад уладу сям’і Альбіццы. У XIV—XVI стагодзьдзях Флярэнцыя была адным з цэнтраў італьянскага Адраджэньня, больш за ўсё вядомай Флярэнтыйскай школай жывапісу.

Узвышэньне Мэдычаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XV стагодзьдзі Флярэнцыя была адным з найбуйнейшых гарадоў Эўропы, маючы значныя эканамічныя посьпехі. Аднак жыцьцё не было ідылічным для ўсіх жыхароў, сярод мяшчанаў меліся значныя адрозьненьні ў ступені багацьця[9]. У гэты час Козыма Мэдычы, пачынальнік знакамітага роду, паступова стаў самым магутным і заможным чалавекам у горадзе. Хоць горад афіцыйна базаваўся на дэмакратычным духу, Козыма паступова атрымаў кантроль над горадам, маючы сур’ёзны банкаўскі бізнэс. Козыма успадкаваў ягоны сын П’ера, якога потым зьмяніў унук Козыма, Лярэнца ў 1469 годзе. Лярэнца шчодра ставіўся да дзеячаў мастацтва, менавіта ягоная апека дазволіла раскрыцца Мікелянджэлё, Леанарда да Вінчы і Сандра Батычэльлі. Сам Лярэнца быў выдатным паэтам і музыкам. Ён заахвоціў да пераезду ў Флярэнцыю кампазытараў і сьпевакоў, у тым ліку Аляксандра Агрыколю, Яганэса Гізэлена і Гэнрыка Ізаака. Па сьмерці Лярэнца ў 1492 годзе спадчыньнікам стаў ягоны сын П’ера II. Калі францускі кароль Карл VIII уварваўся ў паўночную Італію, П’ера II пастанавіў сабе змагацца зь ім. Калі уладар Флярэнцыі зразумеў моц францускага войска, ён быў вымушаны пагадзіцца на зьневажальныя ўмовы францускага караля. Гэта разьюшыла мяшчанаў, якія паўсталі і выгналі П’ера II. Па выганьні ў 1494 годзе першы пэрыяд панаваньня Мэдычы скончыўся аднаўленьнем рэспубліканскага ўрада.

Саванароля і Мак’явэльлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спаленьне Саванаролі на вогнішчы.

У гэты пэрыяд манах-дамініканец Джыраляма Саванароля стаў прыёрам манастыру Сан-Марка ў 1490 годзе. Ён выславіўся сваімі пакаяльнымі казаньнямі, у якіх крытыкаваў амаральнасьць і прывязанасьць да матэрыяльных багацьцяў. Ён усхваляў выгнаньне Мэдычы, падаючы гэта як Боскую справу і пакараньне за заняпад. Дзякуючы набытаму ўплыву, ён атрымаў мажлівасьць зрабіць палітычныя рэформы, наступствам якіх стаў больш дэмакратычны стыль кіраваньня. Аднак, калі Саванароля публічна зьвінаваціў папу Аляксандра VI у карупцыі, яму забаранілі рабіць публічныя прамовы. Ён парушыў гэтую забарону і ў выніку быў адлучаны ад царквы. Флярэнтыйцы, стаміўшыся ад ягоных вучэньняў, выступілі супраць яго і арыштавалі. Саванароля быў асуджаны як герэтык, павешаны і спалены на пляцу Сіньёрыі 23 траўня 1498 году. Іншым выбітным флярэнтыйцам гэтага часу быў Нікалё Мак’явэльлі, які быў палітычным мысьляром, вядомым сваім палітычным трактатам «Уладар». У гэтым творы распавядаецца аб кіраваньні і ажыцьцяўленьні ўлады. На замову Мэдычы Мак’явэльлі таксама склаў гісторыю гораду, вядомую як «Флярэнтыйская гісторыя».

Вяртаньне Мэдычаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1512 годзе Мэдычы вярнулі ўладу над Флярэнцыяй у свае рукі з дапамогай гішпанскіх і папскіх войскаў[10]. Іх ачольвалі два стрыечныя браты, Джаваньні і Джуліё Мэдычы, абодва зь якіх пазьней сталі адпаведна папамі Лявом X і Клімэнтам VII. Абодва былі шчодрымі мэцэнатамі, замаўляючы работы, як то Ляўрэнціянава бібліятэка Мікелянджэлё і Мэдычава капэля[11][12]. Іхнае ўладараньне супала з палітычнымі ўзрушэннямі ў Італіі, і таму ў 1527 годзе флярэнтыйцы другі раз пратурылі Мэдычы, аднавіўшы 16 траўня 1527 году тэакратычную рэспубліку і назваўшы сваім уладаром Ісуса Хрыстоса[13]. Мэдычы вярнуліся да ўлады ў Флярэнцыі ў 1530 годзе з войскам імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Карла V і блаславеньня ўжо памянёнага папы Клімэнта VII.

Па панаваньні Мэдычаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Леапольд II поруч з сваёй сям’ёй. Ён насіў тытул вялікага герцага Тасканскага з 1765 па 1790 гады.

У 1532 годзе Флярэнтыйская дзяржава займала значныя тэрыторыі з гарадамі Піза, Ліворна і іншымі, стаўшы герцагствам, а з 1569 году — Вялікім герцагствам Тасканскім. Згасаньне дынастыі Мэдычы і атрыманьне гораду ва ўладараньне лятарынскым герцагам Францам I Стэфанам у 1737 годзе прывяло да часовага ўключэньня Тасканы да Аўстрыйскай кароны, бо Франц быў мужам імпэратаркі Марыі Тэрэзіі. Фактычна горад і ягоныя ваколіцы сталі належыць Лятарынскаму дому. Пазьней у 1801 годзе валадарыць тут сталі Пармскія Бурбоны. Менавіта з 1801 па 1807 гады Флярэнцыя стала сталіцай марыянэткавага напалеонаўскага каралеўства Этрурыі. У сьнежні 1807 году Бурбоны былі зрынутыя, а Таскана была далучаная да Францыі. Флярэнцыя сталася прэфэктурай францускага дэпартамэнту Арно з 1808 году да зрынаньня ўжо самога Напалеона ў 1814 годзе. Лятарынскі дом аднавіў сваю ўладу ў Таскане паводле вынікаў Венскага кангрэсу. Але, у 1859 годзе ўжо яны пазбавіліся сваёй улады, а рэгіён быў улучаны ў навастворанае каралеўства Італіі ў 1861 годзе. У 1865 годзе горад нават стаў сталіцай краіны, замяніўшы Турын. Гарадзкія ўлады, імкнучыся мадэрнізаваць горад, разбурылі стары рынак на П’яцца дэль Мэрката Вэк’ё і многія сярэднявечныя дамы, пабудаваўшы новыя дамы згодна з мадэрновым плянам. Сам пляц, які атрымаў назву пляцу Віторыё Эмануэле II, быў значна пашыраны. На ім таксама узбудавалі велічную трыюмфальную арку. Ужо праз шэсьць гадоў сталіца чарговы раз была перанесеная, але ў Рым, адкуль былі выведзеныя францускія войскі, што дазволіла ўлучыць яго ў італьянскую дзяржаву.

У 1943 годзе места было акупаванае нямецкімі войскамі, але ўсё адно яно стала адным з цэнтраў руху Супраціву. У жніўні 1944 году была вызвалена партызанамі і ангельска-амэрыканскімі войскамі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Флярэнцыя пад сьнегам узімку 2009 году.

Флярэнцыя ляжыць у лагчыне, утворанай пагоркамі Карэджы, Ф’езале, Сэціньяна, Арчэтры, Поджа-Імпэрыяле і Бэлёсгуарда. Праз горад працякае рака Арно ды тры іншыя малыя рэкі Муньёне[14], Эма і Грэвэ, а таксама маленькія ручаі[15].

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Флярэнцыя мае вільготны субтрапічны клімат, які схіляецца да міжземнаморскага[16]. Тут гарачае лета зь мернымі або слабымі ападкамі і прахалодная сырая зіма. Паколькі ў Флярэнцыі меншыя ветраныя плыні, летнія тэмпэратуры вышэйшыя за тэмпэратуры ля ўзьбярэжжа. Ападкі летам канвэкцыйныя, зімой пераважаюць рэльефныя ападкі. Сьнег падае зрэдку[17]. Самая высокая афіцыйна зарэгістраваная тэмпэратура сягала 42,6°C. Яна была зафіксаваная 26 ліпеня 1983 году. Самая нізкая тэмпэратура назіралася 12 студзеня 1985 году, калі тэрмомэтар зафіксаваў −23,2°C.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2009 год 87,46% насельніцтва гораду складалі італьянцы. Паводле ацэнак у месце пражываюць каля 6 тысячаў кітайцаў[18]. Найбуйнейшая група імігрантаў зьяўляюцца эўрапейцамі, сярод якіх вылучаюцца румыны і альбанцы, і складаюць 3,52% насельніцтва. Імігранты з Усходняй Азіі (у асноўным кітайцы і філіпінцы) складаюць: 2,17%, з Амэрыкі (у асноўным пэруанцы) — 1,41%, з Паўночнай Афрыкі (у асноўным мараканцы) — 0,9%[19].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мастацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Наражэньне Вэнэры» працы Батычэльлі. Захоўваецца ў музэі Ўфіцы.

Флярэнцыя лічыцца радзімай мастацтва эпохі Адраджэньня, якое доўжылася прыкладна з 1500 па 1527 гады. Мастацтва Адраджэньня рабіла большы акцэнт на натуралізьме і чалавечых эмоцыях[20]. Сярэднявечнае мастацтва часта было шаблённым і сымбалічным. Творы пераважна мелі рэлігійны характар, а іхныя сюжэты абіраліся духоўнымі асобамі. Наадварот, мастацтва эпохі Адраджэньня стала больш рацыянальным, матэматычным, індывідуалістычным[20] і стваралася такімі вядомымі мастакамі, як то Данатэльлё, Мікелянджэлё і Рафаэлем, якія пачалі падпісваць свае творы. Рэлігія была важнай, але з гэтай новай эпохай прыйшла гуманізацыя[21] рэлігійных дзеячаў у мастацтве, як то «Выгнаньне з райскага саду» Мазачча і «Мадонна на крэсьле» Рафаэля. Людзі гэтае эпохі пачалі разумець сябе людзьмі, што адлюстравалася ў мастацтве. Эпоха Адраджэньня азнаменавала адраджэньне клясычных каштоўнасьцей у мастацтве і грамадзтве, калі людзі вывучалі старажытных майстроў грэка-рымскага сьвету[21]. Мастацтва пачала арыентавацца на рэалізм у адрозьненьне ад ідэалізму.

Скульптуры ў Лёджыя Лянцы.

У Флярэнцыі жыло і працавала безьліч дзеячоў мастацтва. Сярод іх пачынальнікі італьянскага жывапісу Чымабуэ і Джота, знакамітыя архітэктары і скульптары Арнольфа ды Камбіё, Андрэа Пізана, Філіпа Брунэлескі, Данатэльлё, Мазачча і Лярэнца Гібэрці, а таксама мастакі Філіпа Ліпі, Фра Анджэліка, Сандра Батычэльлі ды Паолё Учэльлё. Працавалі ў Флярэнцыі і прызнаныя геніі Леанарда да Вінчы і Мікелянджэлё[22][23].

Заля ва Ўфіцы. Гэты музэй уваходзіць да ліку дзесяці самых наведвальных у сьвеце.

Іхныя творы, як і творы многіх іншых пакаленьняў мастакоў, сабраныя ў шматлікіх музэях гораду. Сярод іх — галерэя Ўфіцы, галерэя Палятына з жывапісам Залатога веку[24], палац Барджэльлё з скульптурамі эпохі Адраджэньня, музэй Сан-Марка з творамі Фра Анджэлікі, Галерэя дэль’Акадэмія ды Мэдычава капэля, музэй Арсанмікеле, Каза-Буанароці з скульптурамі Мікелянджэлё, музэй Бардыні, музэй Орнэ, музэй Стыбэрта, палац Карсыні, Галерэя сучаснага мастацтва, музэй Опэра-дэль-Дуома, Тэзора дэі Грандукі і музэй П’етра Дурэ[25]. У Флярэнцыі месьцяцца некалькі помнікаў, як то баптыстэрый з складзенай мазаікай столяй, катэдра з мноствам скульптураў, сярэднявечныя цэрквы, аздобленыя фрэскамі. У горадзе можна знайсьці вялікую колькасьць як дзяржаўных, гэтак і прыватных палацаў, як то палацы Вэк’ё, Піці, Мэдычы-Рыкардзі, Даванцаці і Каза-Мартэльлі. Таксама тут месьцяцца старажытныя манастыры, кляштары, трапезныя. Нацыянальны археалягічны музэй мае экспазыцыю этрускай цывілізацыі[26]. Горад настолькі багаты на помнікі і творы мастацтва, што некаторыя наведвальнікі адчуваюць сындром Стэндаля, калі ўпершыню сутыкаюцца з захаваным мастацтвам[27].

Палац Вэк’ё.

Такія флярэнтыйскія архітэктары, як то Філіпа Брунэлескі і Леон Батыста Альбэрці, былі аднымі з бацькоў архітэктуры эпохі Адраджэньня[28]. Мясцовая катэдра, аздобленая копулам Брунэлескі, дамінуе над флярэнтыйскім пэйзажам. Флярэнтыйцы пастанавілі пачаць ягонае будаўніцтва ў канцы XIII стагодзьдзя, але першапачаткова без праекту копула. Праект быў прапанаваны Брунэлескі ў XIV стагодзьдзі. Такім чынам, копул стаўся найвялікшым сярод тых, якія былі калі-небудзь пабудаваныя ў той час, і быў першым буйным копулам, пабудаваным у Эўропе з рымскіх часоў, то бок куполаў рымскага Пантэону і Катэдры Сьвятой Сафіі ў Канстантынопалі. Копул Санта-Марыі-дэль-Ф’ёрэ застаецца самым вялікім цагляным збудаваньнем такога кшталту ў сьвеце[29][30]. Перад ім месьціцца сярэднявечны баптыстэрый. У аздабленьні двух будынкаў адлюстраваны пераход ад Сярэднявечча да Рэнэсансу. У апошнія гады большасьць важных твораў мастацтва з двух будынкаў, а таксама з суседняй кампанілы Джота, былі перанесеныя ў музэі і замененыя копіямі. Арыгіналы цяпер захоўваюцца ў музэі Опэра-дэль-Дуома, які месьціцца на ўсходнім баку ад катэдры.

Карцінныя галерэі Флярэнцыі ўлучаюць Уфіцы і палац Піцьці. Дзьве выдатныя калекцыі скульптураў месьцяцца ў Барджэльлё і музэі Опэра-дэль-Дуома. Яны напоўненыя творамі Данатэльлё, Андрэа дэль Вэрок’ё, Дэзыдэрыё да Сэтыньяні, Мікелянджэлё ды іншых. У галерэі дэль’Акадэмія можна пабачыць статую «Давід» Мікелянджэлё, якая была створаная паміж 1501 і 1504 гадамі і зьяўляецца, мабыць, адным з самым вядомым творам мастацтва ў сьвеце. Тут таксама месьцяцца незавершаныя статуі рабоў, створаныя Мікелянджэлё дзеля магілы папы Юліюса II[31][32]. Сярод іншых славутасьцяў — сярэднявечная ратуша. Палац Строццы ёсьць месцам, дзе ладзяць адмысловыя выставы[33].

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Частка твору «Дэкамэрон» Джаваньні Бакачча.

Не зважаючы на тое, што лацінская мова была галоўнай мовай судовых справаў, а таксама мовай Касьцёла ў Сярэднявеччы, такія пісьменьнікі, як то Дантэ Аліг’еры[34] і многія іншыя, выкарыстоўвалі флярэнтыйскую народную мову, якая паходзіла ад лаціны, пры складаньні сваіх найвялікшых твораў. Самыя старыя літаратурныя творы, напісаныя на флярэнтыйскай мове, адносяцца да XIII стагодзьдзя. Літаратура Флярэнцыі дасягнула свайго росквіту ў XIV стагодзьдзі, калі дзеялі ня толькі Дантэ і Пэтрарка, але і такія паэты, як то Гвіда Кавальканці і Ляпа Джаньні, напісалі свае выбітныя творы[34]. Сапраўдным шэдэўрам ёсьць «Боская камэдыя» Дантэ. Гэты твор галоўным чынам распавядае пра тое, як сам паэт зьдзяйсьняе алегарычнае і маральнае падарожжа па пекле, у чысьцец і, нарэшце, у рай, падчас якога ён сустракае мноства міталягічных і рэальных пэрсанажаў ранейшай альбо сваёй эпохі.

У XIV стагодзьдзі Франчэска Пэтрарка[35] і Джаваньні Бакачча[35] выйшлі наперад на літаратурную сцэну Флярэнцыі па сьмерці Дантэ ў 1321 годзе. Пэтрарка быў унівэрсальным пісьменьнікам, аўтарам і паэтам, але быў асабліва вядомы сваёй «Кнігай песень», дзе ён апісваў сваё нястрымнае каханьне да Ляўры[35]. Ягоны стыль пісаньня з тых часоў стаў вядомы як пэтраркізм[35]. Бакачча быў больш вядомы сваім творам «Дэкамэрон», крыху змрочнай гісторыяй пра Флярэнцыю часоў бубоннай чумы 1350-х гадоў, вядомай як чорная сьмерць. Паводле дзеі твору купа людзей зьбягае з гораду ў ізаляваны маёнтак, ратуючыся ад эпідэміі. Там сябры бавяць свой час, распавядаючы гісторыі і навэлі, узятыя зь сярэднявечнай і сучаснай традыцыі. Усё гэта было напісанае ў сэрыі з 100 асобных навэляў[35].

У XVI стагодзьдзі, ужо ў эпоху Адраджэньня, у Флярэнцыі працаваў Нікалё Мак’явэльлі, чые ідэі аб тым, як кіраўнікі павінны кіраваць зямлёй, падрабязна выкладзеныя ў творы «Уладар». Ягоныя ідэі распаўсюдзіліся па эўрапейскіх дварах і карысталіся папулярнасьцю цягам стагодзьдзяў. Сукупнасьць прынцыпаў, згаданых у творы, атрымалі назву мак’явэлізм.

Кухня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Талерка з флярэнтыйскім біфштэксам і бульбай.

Флярэнтыйская кухня грунтуецца пераважна на традыцыі вясковай сялянскай кухні. Асновай большасьці страваў ёсьць мяса. Традыцыйна зьядаецца мяса ўсёй жывёліны, то бок вантробы калісьці рэгулярна ўваходзілі ў мэню рэстаранаў, але да гэтага часу прадаюцца як складнік вулічнай ежы ва ўсім горадзе. Флярэнтыйскія антыпасьці ўключаюць крастыні таскані, то бок нарэзаныя лустачкі хлеба, запраўленыя паштэтам з курынай печані, і нарэзанае мяса, звычайна гэта прашута і салямі, які часта падаюцца з дыняй у сэзон. Звычайны бяссолевы тасканскі хлеб, атрыманы з натуральным рошчынай, часта сустракаецца ў флярэнтыйскіх стравах, асабліва ў супах, як то рыбаліта і папа-аль-памадора, або ў салаце з хлеба і сьвежай гародніны пад назовам панцанэльля, які падаюць улетку.

Традыцыйным ёсьць флярэнтыйскі біфштэкс, які ўяўляе сабой вялікі біфштэкс зь ялавічыны к’янінскага заводу кароваў. Кавалак такога біфштэксу звычайны мусіць важыць прыкладна ад 1,2 да 1,5 кг. Ён гатуецца на распаленых вуглях і часта падаецца з лустачкамі сыру пармэзан зьверху. Большасьць з гэтых страваў, як правіла, падаюцца зь мясцовым аліўкавым алеем, галоўным прадуктам рэгіёну. Сярод дэсэртаў вылучаецца белы мяккі пірог, вядомы пад назовам флярэнтыйская ск’ячата. Гэта адзін з самых папулярных пірагоў, які гатуецца з надзвычай простых інгрэдыентаў. ён тыповы для флярэнтыйскай кухні і яго асабліва любяць есьці падчас карнавалу.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Superficie di Comuni Province e Regioni italiane al 9 ottobre 2011ISTAT.
  2. ^ https://demo.istat.it/?l=it
  3. ^ Hibbert, Christopher (1994). «Florence: The Biography of a City». Penguin Books. — С. 4. — ISBN 0-14-016644-0.
  4. ^ «Cradle of capitalism». The Economist.
  5. ^ Peters, Edward (1995). «The Shadowy, Violent Perimeter: Dante Enters Florentine Political Life». Dante Studies, with the Annual Report of the Dante Society (113): 69—87.
  6. ^ Day, W.R. (3.01.2012). «The population of Florence before the Black Death: survey and synthesis». Journal of Medieval History. 28 (2): 93—129. — doi:10.1016/S0304-4181(02)00002-7.
  7. ^ «Decameron Web, Boccaccio, Plague». Brown University.
  8. ^ Eimerl, Sarel (1967). «The World of Giotto: c. 1267—1337». et al. Time-Life Books. — С. 184. — ISBN 0-900658-15-0.
  9. ^ Pallanti, Giuseppe (2006). «Mona Lisa Revealed: The True Identity of Leonardo’s Model». Florence, Italy: Skira. — С. 17, 23, 24. — ISBN 88-7624-659-2.
  10. ^ «History of Florence». Britannica.
  11. ^ «Laurentian Library». Michelangelo.net.
  12. ^ Davis-Marks, Isis (2.06.2021). «Italian Art Restorers Used Bacteria to Clean Michelangelo Masterpieces». Smithsonian.
  13. ^ Ryan, Billy (19.08.2020). «The Time When Jesus Was The King Of Florence». UCatholic.com.
  14. ^ Turner, Joseph Mallord William (1819). «Fiesole from the River Mugnone outside of Florence». Tate.
  15. ^ Dinelli, Enrico (01.2005). «Sources of major and trace elements in the stream sediments of the Arno river catchment (northern Tuscany, Italy)». doi:10.2343/geochemj.39.531.
  16. ^ «World map of Köppen—Geiger Climate Classification».
  17. ^ Borchi, Emilio; Macii, Renzo (2011). «La neve a Firenze (1874—2010)». Florence: Pagnini. — ISBN 978-88-8251-382-5.
  18. ^ Chinese immigrants to Italy build no ordinary Chinatown. Chicago Tribune
  19. ^ Statistiche demografiche ISTAT. Demo.istat.it.
  20. ^ а б Kagan, Donald (2013). «The Western Heritage». Pearson. — С. 296. — ISBN 978-0-205-39392-3.
  21. ^ а б Kleiner, Fred (2013). «Art Through the Ages». Boston: Clark Baxtor. — С. 417, 421. — ISBN 978-0-495-91542-3.
  22. ^ «Art in Florence». Learner.org.
  23. ^ «Renaissance Artists». Think Quest.
  24. ^ Uffizi Gallery Florence and Uffizi Museum». Virtual Uffizi.
  25. ^ «Palace of Bargello (Bargello’s Palace), Florence Italy». Italy Guides.
  26. ^ «Inner court of Pitti Palace (Palazzo Pitti), Florence Italy». Italy Guides.
  27. ^ «La Sindrome di Stendhal (book)». Auxologia.
  28. ^ «Why Was Florence Considered Important For Culture And Arts?». Study Mode.
  29. ^ «The Duomo of Florence». Tripleman.
  30. ^ «Brunelleschi’s Dome».
  31. ^ «Florence, Tuscany Region, Italy — The Duomo, Statue of David, Piazza Dell Signoria». Travel Online.
  32. ^ «Florence Art Gallery: Art Galleries and Museums in Florence Area, Italy». World-Guides.
  33. ^ «Become a friend of Palazzo Strozzi». Fondazione Palazzo Strozzi
  34. ^ а б «Literature in Florence, Florentine Writers and Poets». Florence Holidays.
  35. ^ а б в г д «Petrarch and Boccaccio, Florentine Writers and Poet: Petrarch and Boccaccio». Florence Holidays.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]