Перайсьці да зьместу

Партэнон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Храм
Партэнон
Παρθενών
Партэнон
Партэнон
Краіна Грэцыя
Атэны Афіны[d][1]
Каардынаты 37°58′17″ пн. ш. 23°43′36″ у. д. / 37.97139° пн. ш. 23.72667° у. д. / 37.97139; 23.72667Каардынаты: 37°58′17″ пн. ш. 23°43′36″ у. д. / 37.97139° пн. ш. 23.72667° у. д. / 37.97139; 23.72667
Канфэсія старажытнагрэцкая міталёгія
Архітэктурны стыль Клясычны стыль
Аўтар праекту Іктын[d][2], Калікрат[2] і Фідыяс[d][2]
Будаўнік Фідый, Іктын, Калікрат
Дата заснаваньня V стагодзьдзе да н. э.[3]
Будаваньне 447 г. да н. э.—432 г. да н. э.
Рэліквіі і сьвятыні статуя Атэны Партэнас
Статус храм
Партэнон на мапе Грэцыі
Партэнон
Партэнон
Партэнон
Партэнон на Вікісховішчы

Партэно́н (па-старажытнагрэцку: Παρθενών) — адзін з найстаражытнейшых помнікаў Эляды, які дажыў да нашых дзён, прысьвечаны багіні Атэне, якую насельніцтва Атэнаў лічыла сваёй заступніцай. Партэнон — галоўны храм Акропалю, лічыцца вяршыняй разьвіцьця дарычнага ордэру, а шматлікія скульптуры — адным з найвялікшых дасягненьняў грэцкага мастацтва. Партэнон зьяўляецца сымбалем антычнай культуры і прыгажосьці агулам.

Плян Партэнону

Будаўніцтва Партэнону было распачатае ў Атэнах — галоўным горадзе Старажытнай Грэцыі ў 447 г. да н. э., скончанае ў 438 г. да н. э., але зьнешнія работы працягваліся да 431 г. да н. э. На месцы збудаваньня калісьці стаяў іншы храм, зруйнаваны падчас вайны з пэрсамі ў 480 г. да н. э.

Пэрыкл, які прыйшоў да ўлады ў Атэнах, вырашыў упрыгожыць горад грандыёзнымі пабудовамі, дзеля чаго запрасіў выславёнага архітэктара Фідыя, які пераважна займаўся скульптурамі. Працаваць над храмам яму дапамагалі архітэктары Іктын і Калікрат.

У пачатаку 2 стагодзьдзя да н. э. адзін з прадстаўнікоў дынастыі Аталідаў усталяваў у Партэноне помнік у гонар свайго продка, а ў 31 годзе да н. э. гэты манумэнт быў перайменаваны ў гонар Актавіяна Аўгуста.

Некаторы час у Партэноне разьмяшчаліся дзяржаўны скарб і архіў, потым ў VI ст. н. э. ён быў ператвораны ў хрысьціянскую царкву, прысьвечаную Дзеве Марыі, а ў раньніх 1460-х гадах — у мячэт, калі да храма быў дададзены мінарэт. Партэнон падвяргаўся нападам шматлікіх заваёўнікаў, прыкладам, туркаў і вэнэцыянцаў.

У 1687 годзе Акропаль апынуўся пад аблогай італьянскага генэрала Франчэска Маразыні і быў абстраляны па яго загадзе. Падчас абстрэлу была разбураная значная частка ўнутраных элемэнтаў храму і зьнесены дах.

У пачатку XIX стагодзьдзя Томас Элджын атрымаў дазвол з боку Асманскай імпэрыі на вываз скульптураў, таму значная частка з тых, што засталіся некранутымі, была зьвезеная ў Брытанскі Музэй у Лёндане, частка апынулася ў парыскім Люўры й Капэнгагэне. Зараз вядуцца бязвыніковыя перамовы пра вяртаньне гэтых каштоўнасьцяў у Грэцыю.

З 1975 году ўлады Грэцыі распачалі праграму па рэканструкцыі Партэнона. Пазьней гэты праект падтрымаў Эўрапейскі Зьвяз.

Першараднай праблемай Партэнона зьяўляецца развіцьцё і пашырэньне Атэнаў. Кіслотныя дажджы і выхлапныя газы выклікаюць карозію. Шматлікія скульптуры былі пашкоджаныя пад уплывам навакольнага асяродзьдзя і гэты працэс працягваецца. У сувязі зь нікчэмным станам Партэнона ўрад Грэцыі распачаў праграму па выратаваньні й захаваньні храма, але будучыня ўнікальнай пабудовы й па сёньняшні дзень застаецца нявызначанай.

Копія Атэны Партэнас
Рэстаўрацыя Партэнона

Партэнон пабудаваны з мармуру і ўяўляе сабой дарыйскі пэрыптэр.

Прыклад мэтопы з паўднёвага боку Партэнона

Фрыз фасада храма раней быў упрыгожаны мэтопамі з выявамі бітваў кэнтаўраў, амазонкаў і гігантаў, а франтоны — вялічэзнымі скульптурнымі групамі, пераважна ў выглядзе алімпійскіх багоў і багіняў, якія амаль не захаваліся да нашых дзён. Таксама калісьці храм меў фрыз з выявай урачыстага шэсьця ў гонар Вялікіх Панафінэяў, сьвята-ушанаваньня багіні Атэны, якая зьмяшчала высечаныя фігуры 365 людзей і 226 жывёлаў. Кожная фігура была ўнікальнай.

Партэнон пабудаваны з выкарыстаньнем дарычнага ордэру. 46 велічных калёнаў, якія атачаюць храм разьмешчаныя на неаднолькавай адлегласьці. Гэты прыём быў выкарыстаны, каб узмацніць адчуваньне дынамікі калянады. У храме месьціўся асобы пакой, у якім дзяўчыны ткалі сьвятую адзежу — пэплас — у якасьці падарунка Атэне. Сьпярша Партэнонам называлі толькі гэты пакой, але зь цягам часу назва перайшла да ўсяго храма.

У храме знаходзілася 12-мэтровая статуя Атэны Партэнас, аўтарам якой быў Фідый. Статую пакрывалі найтанчэйшыя залатыя плястынкі. Мяркуюць, што яна была зьнішчаная падчас чарговага пажару ў Партэноне ў V-м ст. н. э., таму статуя вядомая толькі дзякуючы апісаньням (Паўсанія й Плінія Старэйшага), выявам на вазах, манэтах і ўпрыгожваньнях, а таксама дзякуючы копіям і зьвесткам пра яе ў Канстантынопалі ў X ст. н. э.

  • Паўнамаштабная копія Партэнона ў Нэшвіле.
  • Копія Партэнону ў парку Tobu World Square ў маштабе 1:25.
  • Beard, Mary. The Parthenon. Harvard University: 2003. ISBN 0-674-01085-X.
  • Cosmopoulos, Michael (editor). The Parthenon and its Sculptures. Cambridge University: 2004. ISBN 0-521-83673-5.
  • Holtzman, Bernard (2003) (in French). L’Acropole d’Athènes : Monuments, Cultes et Histoire du sanctuaire d’Athèna Polias. Paris: Picard. ISBN 2-7084-0687-6.
  • Papachatzis, Nikolaos D. Pausaniou Ellados Periegesis- Attika Athens, 1974.
  • Tournikio, Panayotis. Parthenon. Abrams: 1996. ISBN 0-8109-6314-0.
  • Traulos, Ioannis N. I Poleodomike ekselikses ton Athinon Athens, 1960 ISBN 960-7254-01-5
  • Woodford, Susan. The Parthenon. Cambridge University: 1981. ISBN 0-521-22629-5.
  • King, Dorothy «The Elgin Marbles» Hutchinson / Random House, January 2006. ISBN 0-09-180013-7
  • Queyrel, François Le Parthénon, Un monument dans l’Histoire. Bartillat, 2008. ISBN 978-2-84100-435-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]