Перайсьці да зьместу

Мёры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мёры
лац. Miory
Агульны выгляд места
Агульны выгляд места
Герб Мёраў Сьцяг Мёраў
Першыя згадкі: 1514
Горад з: 1972
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Мёрскі
Плошча: 9,64 км² [1]
Вышыня: 146 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 7935 чал.[2]
шчыльнасьць: 823,13 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2152
Паштовы індэкс: 211930
СААТА: 2233501000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°37′0″ пн. ш. 27°37′0″ у. д. / 55.61667° пн. ш. 27.61667° у. д. / 55.61667; 27.61667Каардынаты: 55°37′0″ пн. ш. 27°37′0″ у. д. / 55.61667° пн. ш. 27.61667° у. д. / 55.61667; 27.61667
Мёры на мапе Беларусі ±
Мёры
Мёры
Мёры
Мёры
Мёры
Мёры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://miory.vitebsk-region.gov.by/

Мёры — места ў Беларусі, на беразе Мёрскага возера. Адміністрацыйны цэнтар Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7935 чалавек[2]. Знаходзяцца за 190 км ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Друя — Варапаева. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Дзісной, Дрысай, Браславам, Шаркоўшчынай.

Мёры — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны).

Традыцыйная гістарычная назва места — Мёры. Старабеларускае напісаньне Меры (Мёры) ужывалася ў большасьці гістарычных дакумэнтаў, а яго правільнае вымаўленьне адлюстроўвала лацінкавая форма Mіоrу[3].

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму: Р. Аўчыньнікава тлумачыць яго ад фінска-вугорскага гідранімічнага фарманту jarvi (возера), тым часам Вадзім Жучкевіч мяркуе, што тапонім мае патранімічнае паходжаньне ад прозьвішча Маер, Меер, Маераў[4]. Некаторыя навукоўцы зьвязваюць назву паселішча з племям Мерай або з князямі Мірскімі. Асобна вылучаецца балтыйская вэрсія паходжаньня тапоніму, якая грунтуецца на сугуччы назвы Мёраў у старажытнай форме Мярэя[a] з ракой Мярэяй у басэйне Дняпра[5]. Апошняя мае балтыйскае паходжаньне[6] з адпаведнікамі ў Сьвянцянскім раёне Летувы, якія пазначаюць 'ваду', 'затоку'[5].

Апроч гэтага, існуе некалькі народных паданьняў. Першае зь іх тлумачыць тапонім вялікім «морам», ад якога памёрла ўсё насельніцтва мясьціны (Мёры — ад словаў «мерці, памерці»). Іншая легенда зьвязвае назву паселішча з канавай Мерыцай, якая пазначала мяжу паміж двума ваяўнічымі княствамі. Апроч гэтага існуе згадка пра тое, што людзі жылі тут доўгі час грамадою, якая называлася «мір», — адкуль нібыта пайшла назва Міры. Таксама існуе паданьне пра князя Меру і ягоную жонку Мерыцу[7].

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай расейскія ўлады прынялі дыфтонг іо (Mіory) за дзьве асобныя літары і гэтым самым перакруцілі спрадвечнае гучаньне і напісаньне тапоніму — (рас. Міоры)[8]. Савецкія ўлады зрабілі з расейскага напісаньня Миоры беларускую трансьлітарацыю і ўтварылі недарэчную штучную форму Міёры[3], якая была афіцыйнай да выхаду нарматыўнага даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь».

Касьцёл, 1910 г.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовых ўпамін пра Мёры (Мярэю) як маёнтак у Браслаўскім павеце датуецца 1514 годам[9] (паводле іншых зьвестак — 1548 годам[10]).

У попісе войска Вялікага Княства Літоўскага пад 1567 годам упамінаецца маёнтак Меры (назва існавала да XIX ст.), які належаў Р. Мірскаму. Пад 1612 годам у тэстамэнце Януша Пуцяты, маршалка Браслаўскага павету, значацца Міры. У 1621 годзе ўладальніца маёнтку Н. Мірская заснавала тут царкву[11]. У 1633 годзе паселішча належала А. Рыле, якая ў 1640 годзе прадала яго браслаўскаму судзьдзю С. Мірскаму. 3 1644 году тут існаваў манастыр, які ў 1690 годзе М. Мірскі перадаў грэка-каталікам. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) паселішча спустошылі маскоўскія захопнікі. Паводле тэстамэнту (1680) Сімяона Полацкага, той ахвяраваў на карысьць манастыра частку грошай. У 1691 годзе ў Мёрах збудавалі драўляны касьцёл (дзеяў да 1862 году).

У XVIII ст. існавала 5 маёнткаў з назвай Меры, якія належалі Мірскім, Перасьвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зяновічам, Пуцятам[12].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Складка на касьцёл, 1905—1906 гг.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мёры апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе атрымалі статус мястэчка[9] і сталі цэнтрам воласьці Дзісенскага павету Менскай губэрні (з 1842 году ў Віленскай губэрні). Жыхары Мёраў бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864). У 1866 годзе з мэтаю маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню, у якой працавалі настаўнікамі выхадцы з цэнтральнай Расеі. На 1886 год у Мёрах працавалі валасная ўправа, 3 карчмы; штогод праходзілі 2 кірмашы. На 1903 год існавалі жыдоўская вучэльня і царкоўна-прыходзкая школа. У 1907 годзе ў мястэчку збудавалі касьцёл.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Мёры занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мёры абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мёры апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва[9]. На 1927 год тут працавалі 2 млыны, аптэка, 5 крамаў, запалкавая фабрыка. У 1930 годзе празь мястэчка прайшла чыгунка Варапаева — Друя.

У 1939 годзе Мёры ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году ў Маладэчанскай, з 1960 году ў Віцебскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

7 жніўня 1957 году Мёры атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, 7 жніўня 1972 году — статус места. У 2003 годзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё набярэжнай працягласьцю 500 м, якая стала візытоўкай места. У 2006 годзе ў Мёры правялі прыродны газ.

  • XIX стагодзьдзе: 1885 год — 96 чал. (50 муж. і 46 жан.)[13]; 1886 год — 110 чал.; 1897 год — 145 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1903 год — 135 чал.; 1927 год — 422 чал.; 1959 год — 1,9 тыс. чал.; 1970 год — 5,7 тыс. чал.; 1991 год — 9,1 тыс. чал.; 1998 год — 9,3 тыс. чал.[14]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 8,9 тыс. чал.; 2009 год — 8188 чал.[15] (перапіс); 2010 год — 8,1 тыс. чал.; 2016 год — 8052 чал.[16]; 2017 год — 8001 чал.[17]; 2018 год — 7935 чал.[2]

У Мёрах працуюць 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў, дом дзіцячай творчасьці.

Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі, раённы гістарычна-этнаграфічны музэй. З 2001 году ў Мёрах праводзіцца абласны тур рэспубліканскага фэсту нацыянальных культураў «Нас зьяднала зямля Беларусі».

У месьце выдаецца раённая газэта «Мёрскія навіны» (да 2002 году — «Сцяг працы»).

Забудова Мёраў пераважна 1-павярховая, будуюцца і 2—5-павярхоўкі. Першы генэральны плян забудовы паселішча склалі ў 1971 годзе, другі — у 1980 годзе. У месьце ўтварылася набярэжная. Прамысловая зона разьмяшчаецца ў паўночна-заходняй і ўсходняй частках.

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Вялікая і Рынкавая вуліцы[18].

Прадпрыемствы харчовай, камбікормавай, першаснай апрацоўкі лёну прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Мёраў
  • ААТ «Мёрскі мясакамбінат»
  • ААТ «Мёрскі камбікормавы завод»
  • ААТ «Мёрскі льнозавод»
  • філія «Мёрскі хлебазавод» РУП «Віцебскхлебпрам»

Празь Мёры праходзяць аўтамабільныя дарогі Р14 (Полацак — Браслаў) і Р18 (граніца Расеі — Шаркоўшчына — Казяны).

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзее Мёрскі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[19].

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Кляштар канонікаў рэгулярных латэранскіх (XVII ст.)
  • Марына Весялуха (нар. 1987) — беларускі літаратурны крытык, паэтка, перакладніца
  • Вітольд Ермалёнак (нар. 1954) — беларускі гісторык, краязнаўца; выдавец краязнаўчай газэты «Мёрская даўніна»
  1. ^ Мёры ўпамінаюцца як маёнтак Мярэя (Мерея) пад 1514 годам
  1. ^ «Об изменении административно-территориального устройства Миорского района Витебской области». Решение Витебского областного Совета депутатов от 20 июня 2019 г. № 108 (рас.)
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ а б Вячорка В., Карней І. Гарады з «памылкамі» ў назвах: Міёры ці Мёры?, Радыё Свабода, 27 жніўня 2019 г.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 234.
  5. ^ а б Віршула Малей. У Паставах выдалі кніжку «Літоўскія назвы ў тапаніміцы нашага рэгіёну», Свайкста, 22 лютага 2019 г.
  6. ^ Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962. С. 195.
  7. ^ О городе, Миорский информационный портал
  8. ^ Бераснёў П., Лемцюгова В. «Як вы яхту назавяце — так яна і паплыве», або Сур’ёзная размова пра асаблівасці беларускай анамастыкі(недаступная спасылка) // Звязда, 25 верасьня 2012 г.
  9. ^ а б в Ермалёнак В. Міёры // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 131.
  10. ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 311.
  11. ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 311—312.
  12. ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 312.
  13. ^ Krzywicki J. Miory // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 484485.
  14. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С. 334.
  15. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 37.
  19. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007. С. 342.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]