Перайсьці да зьместу

Ветка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ветка
лац. Vietka
Краязнаўчы музэй
Краязнаўчы музэй
Герб Веткі Сьцяг Веткі
Першыя згадкі: 1685
Горад з: 1935
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Веткаўскі
Плошча:
  • 8,913245 км²[1]
Вышыня: 125 м н. у. м.
Насельніцтва: 8505 чал. (2018)[2]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2330
Паштовы індэкс: 247131
СААТА: 3208501000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°33′33″ пн. ш. 31°10′51″ у. д. / 52.55917° пн. ш. 31.18083° у. д. / 52.55917; 31.18083Каардынаты: 52°33′33″ пн. ш. 31°10′51″ у. д. / 52.55917° пн. ш. 31.18083° у. д. / 52.55917; 31.18083
Ветка на мапе Беларусі ±
Ветка
Ветка
Ветка
Ветка
Ветка
Ветка
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ве́тка — места ў Беларусі, на рацэ Сажы. Адміністрацыйны цэнтар Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8505 чалавек[2]. Знаходзіцца за 22 км на паўночны захад ад места Гомля і чыгуначнай станцыі Гомель-Пасажырскі (лінія Жлобін — Церахоўка). Аўтамабільныя дарогі на Гомель, Добруш, Чачэрск; рачная прыстань.

Ветка — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), колішні цэнтар расейскіх старавераў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Тапонім Ветка ўтварыўся, відаць, ад імя невялікай выспы на рацэ Сажы. Назву зьвязваюць з асновай вець, якую можна супаставіць зь беларускім словам паветка[3].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выяўленыя археолягамі селішча 3-й чвэрці 1-га тысячагодзьдзя н. э. (на могілках), паселішча позьняга сярэднявечча (3 км на поўнач ад Веткі, ува ўрочышчы Цялячым) і селішча (2 км на паўночны захад ад ад сучаснага места, на першай надабалонаванй тэрасе ракі Сажа, ува ўрочышчы Селішчы) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці. Першы пісьмовы ўпамін пра Ветку датуецца 1685 годам[4] (паводле іншых зьвестак, у 1682 годзе[5]), калі тут, на землях Халецкіх, зьявілася слабада. Яе жыхарамі былі стараверы з Маскоўскай дзяржавы, якія ратаваліся ад інквізыцыі, учыненай Маскоўскім патрыярхатам. Перасяленцы атрымалі грамату караля і вялікага князя, якая гарантавала ім рэлігійную незалежнасьць і падатковыя палёгкі.

У 1695 годзе ў Ветцы асьвяцілі першую на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага стараверскую царкву Покрыва Багародзіцы, пачалі будавацца стараверскія манастыры. У канцы XVII — XVIII стагодзьдзях сфармаваліся мясцовыя асаблівасьці іканапісу і афармленьня рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа разьбярства. У гэты час Ветка стала буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам[4]. У 1733 годзе тут разьмясьцілася рэзыдэнцыя япіскапа Эпіфанія, што спрыяла яе аўтарытэту сярод расейскіх старавераў.

У 1735 годзе карныя расейскія войскі перайшлі граніцу Вялікага Княства Літоўскага і зруйнавалі Ветку разам з навакольнымі слабодамі, каля 14 тысячаў чалавек прымусова вывезьлі ў Сыбір[4]. У 1758 годзе аднавілі сваю дзейнасьць Пакроўская царква і стараверскі манастыр. У 1764 годзе расейскія карныя войскі зноў зьнішчылі Ветку і 15 навакольных слабодаў (вывезьлі ў Сыбір да 20 тыс. старавераў), у выніку гэтага «другога выгнаньня» паселішча назаўсёды страціла сваё значэньне як цэнтар расколу[4], аднак захавала ў стараверстве гістарычны і культурны аўтарытэт. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя Ветка ператварылася ў гандлёва-прамысловае мястэчка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Шляхецкая сядзіба

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Ветка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, з 1784 году ў Беліцкім павеце Магілёўскай губэрні (з 1852 году ў Гомельскім павеце). У 1834—1840 гадох тут збудавалі Спаскую царкву. Асноўная частка зямель знаходзілася ў валоданьні адстаўнога генэрал-маёра В. Шлейфэра, пазьней — Станевічаў. Да 1840 году ў Ветцы працавала суконная фабрыка купца Алазарава. У 1860 годзе з прыстані адыйшло 36 суднаў з рознымі таварамі і 69 лясных плытоў. Было разгружана 47 суднаў. 3 поўдня прыбывалі збожжа, соль і іншыя тавары, а ў Хэрсонскі порт кіраваліся розныя пароды драўніны, канаты, якары. Актыўна дзеялі прыстань і пераправа цераз Сож. На местачковай вэрфі, заснаванай у 1840 годзе, будавалі рачныя караблі (бярлінцы). Штогод праводзіліся 2 кірмашы (Сырны і Спасаўскі). У Ветцы праводзіўся продаж Крымскай солі, якая дастаўлялася Дняпром і Сажом і давала вялікія прыбыткі. 3 1853 году працавалі 2 майстэрні апрацоўкі скуры. Узоры апрацаванай тут скуры экспанаваліся ў Магілёўскім губэрнскім музэі. У 1864—1874 гадох працавалі 3 крупарушкі, у 1870—1880 гадох — 6 невялікіх канатных прадпрыемстваў. 11 траўня 1865 году пажар зьнішчыў 98 двароў.

У 1868 годзе ў Ветцы адкрылася расейская жаночая народная вучэльня, у 1874 годзе — мужчынская народная вучэльня. На 1880 год у мястэчку было 994 драўляных і 11 мураваных будынкаў, 4 мураваныя і 120 драўляных крамаў, 6 ветракоў, канатны і скураны заводы; заможныя купцы мелі ўласныя параходы. На 1885 год — 11 мураваных і 994 драўляныя будынкі. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 1169 жылых будынкаў, царква, капліца, стараверскі і юдэйскія малітоўныя дамы, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, прыёмны пакой, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, 2 прыстані, хлебазапасны магазын, 8 млыноў, 12 кузьняў, 2 цагельныя і 6 канатных заводаў, 3 гарбарныя майстэрні, 5 крупарушак, 245 крамаў, у тым ліку кнігарня, бібліятэка, 5 корчмаў. Побач быў аднайменны фальварак з цагельняй. 3 1908 году дзеяла пазыкова-ашчадная каса. На 1909 год — 15 мураваных і 1752 драўляныя (зь іх 980 жылых) будынкаў, 2327 дзесяціны зямлі, школа, вінная крама, млын, хлебазапасны магазын, мэдычны прыёмны пакой, праваслаўная і стараверская цэрквы, юдэйскі малітоўны дом. У 1910 годзе адкрылася лякарня на 15 ложкаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ветку занялі войскі Нямецкай імпэрыі[6].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ветка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Ветку вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну. 20 траўня 1931 году пачала выходзіць раённая газэта. У гэты час у мястэчку працавалі вінзавод, торфараспрацоўчая і трыкатажная арцелі, цагельня, абутковая, кравецкая, шавецкая, канатная, дрэваапрацоўчая майстэрні, машынна-трактарная станцыя (з 1934 году), крухмала-патачны завод, маслазавод, нафтавы млын. У 1931 годзе ў Ветцы заснавалі ткацкую арцель, у 1938 годзе — панчошна-трыкатажную фабрыку. 15 ліпеня 1935 году паселішча атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну з 18 жніўня 1941 да 28 верасьня 1943 году Ветка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1978 годзе ў Ветцы заснавалі музэй народнай творчасьці, які адкрыўся для наведвальнікаў у лістападзе 1987 году. Да верасьня 2009 году ў Ветцы працавала ААТ «Веткаўская ткацкая фабрыка», потым яго далучылі да ААТ «Рэчыцкі тэкстыль» у якасьці вытворчага цэху[7]. Да лютага 2012 году ў месьце працавала КУП «Веткаўскі малочны завод», далучанае пазьней да Рагачоўскага малчнакансэрвавага камбінату[8].

Рэльеф раўнінна-ўзгоркавы, на ўсходняй ускраіне рака Сож (прыток ракі Дняпра), на поўначы мяжуе зь лесам.

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджаньня тут праводзілася дэзактывацыя, частку жыхароў перасялілі ў чыстыя месцы.

  • XVIII стагодзьдзе: 1764 год — 20 тыс. чал.[9]
  • XIX стагодзьдзе: 1826 год — 2057 чал.; 1860 год — 4180 чал., у тым ліку 579 праваслаўных, 1953 стараверы, 1633 юдэяў[10]; 1874 год — 7,2 тыс. чал.; 1880 год — 5982 чал., у тым ліку 1310 праваслаўных, 12 каталікоў, 2111 старавераў, 2548 юдэяў.[10]; 1897 год — 7134 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 10 340 чал.; 1926 год — 5,9 тыс. чал.[11]; 1939 год — 6 тыс. чал.; 1968 год — 6,2 тыс. чал.[12]; 1991 год — 9,6 тыс. чал.; 1995 год — 6,3 тыс. чал.[13]; 1999 год — 7,7 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 7,8 тыс. чал.[14]; 2006 год — 8,1 тыс. чал.; 2008 год — 8,1 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 8,2 тыс. чал.; 2009 год — 7927 чал.[15] (перапіс); 2016 год — 8340 чал.[16]; 2017 год — 8394 чал.[17]; 2018 год — 8505 чал.[2]

У Ветцы працуюць 2 сярэдняя і музычная школы, 4 дашкольныя ўстановы.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.

Дзеюць дом культуры, 4 бібліятэкі, клюб.

Паводле генэральнага пляну Веткі, распрацаванага ў 1974 годзе, цэнтар места забудоўваецца 2—5-павярховымі дамамі. Пераважае 1-павярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, адметная багатым разьбяным ўпрыгожваньнем фасадаў. Уздоўж Сажа ўтварылася паркавая зона.

Плян складаецца з 4 паралельных паміж сабой вуліцаў мэрыдыянальнай арыентацыі, уздоўж ракі Сажа і яе абалоны, злучаных завулкамі. Другую частку забудовы складаюць 5 вуліцаў шыротнай арыентацыі, злучаных завулкамі. На ўсход ад цэнтральнага пляцу месьцяцца кароткія мэрыдыянальныя вуліцы. Грамадзкі цэнтар — пляц, дзе разьмяшчаюцца адміністрацыйныя і гандлёвыя будынкі.

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Леніна вуліца Спаская вуліца
Першамайская вуліца Манастырская вуліца
Пралетарская вуліца Сярэдняя вуліца[18]

Прадпрыемствы лёгкай, харчовай прамысловасьці, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Веткі
  • РУП «Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка»[19];
  • ААТ «Веткаўскі аграсэрвіс»;
  • КЖУП «Веткаўскае»;
  • вытворчы цэх ААТ «Рэчыцкі тэкстыль»
  • Філія ААТ «Рагачаўскі МКК» па прыёмцы і першаснай перапрацоўцы малака

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзее Веткаўскі музэй народнай творчасьці, дзе захоўваюцца ўнікальныя старадрукі XVI—XVIII стагодзьдзяў, рукапісы пачатку XVI — пачатку XX стагодзьдзяў, абразы XVII — пачатку XX стагодзьдзяў, узоры разьбы па дрэве, шыцьцё золатам, пэрлінамі, мастацкае ткацтва, народныя строі і інш.

Ветка — цэнтар мастацкага рамяства (разьбярства па дрэве)[20].

  • Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Покрыва Багародзіцы (XVII ст.; стараверская)
  • Царква і манастыр Багародзіцы (XVII ст.; стараверскія)

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • У 1772 годзе ў Ветцы 15 тыдняў хаваўся Емяльян Пугачоў[4], кіраўнік сялянскага паўстаньня 1773—1775 гадоў у Расеі; тут яму далі імя цар Пётар III
  • У гістарычным мястэчку (цяпер вёска) Моталі Янаўскага раёну існуе завулак Веткаўскі, названы ў гонар места Веткі
  1. ^ http://gp.by/upload/iblock/288/288bf6000e00fa406ab4c1fa567b7499.pdf
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 50.
  4. ^ а б в г д Асіпкова М. Ветка // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 405.
  5. ^ Лявонцьева С. Ветка // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 254.
  6. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  7. ^ Информация об открытом акционерном обществе «Речицкий текстиль» (рас.). Государственный комитет по имуществу Республики Беларусь. Архіўная копія ад 25 кастрычніка 2011 г.
  8. ^ О предприятии (рас.). ОАО Рогачевский молочноконсервный комбинат. Архіўная копія ад 19 лютага 2015 г.
  9. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  10. ^ а б Krzywicki J. Wietka // Słownik geograficzny... T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 428.
  11. ^ Лявонцьева С. Ветка // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 255.
  12. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  13. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 121.
  14. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
  15. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Гомельщина. — Минск, 2010.
  19. ^ БИЗНЕС-КАТАЛОГ. Белорусский государственный концерн по производству и реализации товаров легкой промышленности (10 сакавіка 2015). Архіўная копія ад 12 верасьня 2015 г.
  20. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]